Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

ДА 750-ГОДДЗЯ СМЕРЦІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА (ЯЦКА)

Жыццё cвятога Гіяцынта
ў паэтычнай інтэрпрэтацыі Мікалая Гусоўскага

Першая старонка выдання Мікалая Гусоўскага з выяваю герба Адрованжаў-Шыдлавецкіх.
Паэма Мікалая Гусоўскага «Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта» пабачыла свет у кракаўскай друкарні Гіераніма Віетора ў 1525 годзе. За год да гэтага, з 26 сакавіка 1523 года да 6 верасня 1524 года, у кракаўскім дамініканскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы адбываўся працэс кананізацыі вядомага манаха-прапаведніка XIII стагоддзя Гіяцынта з польскага роду Адрованжаў. Аднак не толькі гэтыя ўрачыстыя падзеі падштурхнулі паэта да напісання яго твора. Даследчыкі справядліва адзначаюць, што найбольш важнай задачай духоўнага жыцця ў тагачаснай Еўропе была задача ўмацавання веры, абароны хрысціянства як ад знешніх, так і ад унутраных ворагаў. «І адным з самых эфектыўных сродкаў умацавання веры, лічыць Мікалай Гусоўскі, павінен зрабіцца зварот да аўтарытэту заснавальнікаў апостальскага Хрыстовага Касцёла»1.

Выданне паэмы Мікалая Гусоўскага пра святога Гіяцынта прысвечана кракаўскаму ваяводу і маршалку, а таксама найвышэйшаму кароннаму канцлеру Хрыстафору Шыдлавецкаму, які, таксама як святы Гіяцынт, паходзіў з роду Адрованжаў. У празаічным прысвячэнні аўтар звяртае ўвагу на выключна важнае значэнне падзвіжніцкай дзейнасці прапаведніка-дамініканца. «На наступны год пасля смерці святога Гіяцынта, — падкрэслівае паэт, — татары, скарыстаўшыся з нашага неспакою, захапілі Сандамір разам з крэпасцю і спустошылі шматлікія рэгіёны Польшчы, чынячы жорсткія разбурэнні. У гэты надзвычай неспрыяльны час вера была настолькі моцнай, святая літургія настолькі шчырай, што тады на дзіва ставала святых мужоў, святых жанчын і святых паннаў, якія тварылі шматлікія цуды2. Але толькі вучэнне святога Гіяцынта, якое пашырылася на ўсе часткі каралеўства, надавала трываласці»3.

Ілюстрацыі з кнігі Мікалая Гусоўскага
«Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта».
Крыніцы, якімі мог карыстацца Мікалай Гусоўскі, найбольш падрабязна прааналізаваў польскі вучоны Ян Пельчар, які ў 1894 годзе падрыхтаваў поўнае перавыданне твораў Мікалая Гусоўскага. Так, яшчэ ў XIV стагоддзі манах-дамініканін Станіслаў з Кракава апісаў жыццё святога. На падставе гэтага апісання паўстала гісторыя жыцця Гіяцынта, уключаная ў кнігу «Пра найславуцейшых мужоў ордэна братоў-прапаведнікаў» Альберта Леандра з Балоньі, надрукаваную ў 1517 годзе. Ян Пельчар выказаў меркаванне, што аўтар павінен быў карыстацца таксама помнікамі ўсходнеславянскага летапісання, бо падрабязных звестак пра знаходжанне Гіяцынта на Русі не было ў папярэдніх біёграфаў. Гэтую думку падтрымаў і беларускі даследчык Якаў Парэцкі. Менавіта ён у 1974 годзе ўпершыню апублікаваў паэму пра святога Гіяцынта ў перакладзе на рускую мову ў навуковым зборніку «Беларуская літаратура і літаратуразнаўства».

Кампазіцыйна паэма падзяляецца на дзве часткі. Першыя чатырыста радкоў прысвечаны непасрэдна апісанню жыцця святога. Другая частка паэмы носіць палемічна завостраны характар і прысвечана абароне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, крытыцы вучэння Лютэра, апалогіі эстэтычнага аспекту ў набажэнстве і абгрунтаванню неабходнасці культу святых. Віктар Дарашкевіч справядліва адзначаў, што арыгінальная канцэпцыя Мікалая Гусоўскага ў яго паэме пра святога Гіяцынта «грунтуецца на сцвярджэнні адзінства лепшых прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі і рэнесансавых элементаў»4. Гэты твор не абмежаваны вузкаканфесійнай праблематыкай, не закранае складаных дагматычных праблемаў. Паэма на дзіва блізкая да штодзённага духоўнага жыцця свецкага чалавека. Аўтар акцэнтуецца перадусім на маральным аспекце хрысціянскага вучэння. Вобраз прапаведніка Гіяцынта вяртае чытача да ўяўлення пра высокую духоўную чысціню, якая была ідэалам святасці з апостальскіх часоў. Варта пагадзіцца з Ірынай Шкурдзюк у тым, што «шляхі і дзяянні прапаведніка святога Гіяцынта асацыіруюцца з евангельскім шляхам Хрыста»5. Нават апісанні шматлікіх цудаў, учыненых місіянерам, супастаўляюцца з адпаведнымі евангельскімі фрагментамі цудатварэнняў Сына Божага.

Спасылка на паэму Мікалая Гусоўскага пра святога Гіяцынта ў кнізе Абрагама Бзоўскага «Польскі цудатворца, або пра жыццё і цуды св. Гіяцынта» (Венецыя, 1606).
Вобраз святога Гіяцынта ў паэтычным выкананні Мікалая Гусоўскага атрымаўся надзвычай лёгкім і празрыстым. Чытачу хочацца дакрануцца да яго, як да палотнаў Рафаэля або Мікеланджэла. Але ў гэтай прастаце — вялікая сіла, вялікі плён паэтычнага таленту нашага суайчынніка. Падобна да таго, як Збаўца пераўтварыў у Кане Галілейскай простую ваду ў віно, так пад пяром Мікалая з Гусава звыклая класічная лаціна расквітнела прыгажосцю мастацкага слова, духоўна ўзнёслага і натхнёнага. Менавіта з агульнага кантэксту твора вынікаюць словы, сказаныя паэтам у прысвячэнні Хрыстафору Шыдлавецкаму: «Не так часу свайму, як усім нашчадкам надаў моцы святы Гіяцынт».

Мікалай Гусоўскі імкнуўся ўвасобіць у сваім творы адну вельмі важную ідэю. Фармуляванне гэтай ідэі выключна як крытыкі лютэранства было б вульгарным спрошчваннем мастацкай задумы паэта. З агіяграфічнага эпасу «Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта» вынікае, што на ўсіх этапах свайго вялікага шляху святы прапаведнік у першую чаргу дбаў пра арганізацыю хрысціянскай супольнасці. Менавіта Касцёл — Ecclesia — не толькі як святыня, але найперш як духоўнае паяднанне вернікаў набывае выключнае значэнне і для польскага прапаведніка-дамініканіна, і для беларускага паэта-гуманіста. Успомнім, дарэчы, што само слова «ecclesia» першапачаткова мела значэнне народнага сходу. Вось чаму добры святар — той, які дбае найбольш пра сваю парафію. Гэтай ідэяй насычана ўся агіяграфічная частка паэмы.

Асаблівым чынам Мікалай Гусоўскі акцэнтуе эстэтычны аспект хрысціянскага культу. Касцёльныя аздобы, адзенне святара, іконы, залаты посуд, харавыя спевы неабходныя, на думку аўтара, на пачатковым этапе далучэння чалавека (прынамсі дзіцяці) да хрысціянскіх каштоўнасцяў. Прыгажосць не толькі ратуе свет людскі, але і пракладае шлях да свету Боскага. Дастаткова аргументавана, па-рэнесансаваму доказна паэт тлумачыць, што гожасць святыні і велічная прывабнасць святара ўзвышаюць чалавека, умацоўваюць у яго душы «нават кволыя парасткі веры».

Літаграфія
Уладзіміра Басалыгі.
Многія творы, фрагменты і матывы ў творчасці Мікалая Гусоўскага ўскосна сведчаць пра тое, што сам ён быў духоўнай асобай. Толькі гэтым можна растлумачыць, чаму так блізка да словаў паэта XVI стагоддзя стаяць словы найвялікшага духоўнага пастыра нашага часу Яна Паўла ІІ. «Хрыстус — так, Касцёл — не!» — заяўляюць некаторыя сучаснікі, — пісаў Святы Айцец у кнізе «Памяць і самасвядомасць». У гэтай праграме, нягледзячы на заяву пратэсту, здаецца, праяўляецца нейкая адкрытасць на Хрыста, якую асвета выключала. Аднак гэта ілюзорная адкрытасць. Бо Хрыстус, калі Яго сапраўды прымаюць, заўсёды фармуе Касцёл, які з’яўляецца Яго містычным Целам. Няма Хрыста без уцелаўлення, няма Хрыста без Касцёла»6. Вяртаючыся да паэмы пра святога Гіяцынта, адзначу, што аўтар шчыра пагаджаецца з ідэяй неабходнасці пабудовы святыні ў кожнай асобнай душы (ідэя, якую акцэнтавалі пратэстанты), аднак глыбока перакананы ў тым, што без святыняў на зямлі абысціся нельга: гэта — «прыстанкі, дзе кожны можа збаўлення шукаць».

У фінальным звароце да караля Жыгімонта паэт стварае велічную выяву зямнога сусвету як Касцёла ўсіх натуральных з’яваў і істотаў. Касцёл створаны найперш для таго, каб чалавек атрымліваў эстэтычную асалоду, але пазней, на этапе духоўнага сталення, падкрэслівае аўтар, цуд Боскага Стварэння мусіць быць асэнсаваны, усвядомлены звычайным чалавекам. Дапамагчы ў гэтым можа тое, што мае зямное паходжанне, але ў сваёй выключнасці становіцца звышнатуральным, цудоўным.

Гэтак і Хрыстус калісь вабіў цудамі род чалавечы,
Быццам бы целу спрыяў, а душу фармаваў адначасна.

Геніяльна проста растлумачыў вялікі беларускі паэт маральную каштоўнасць святасці: яна ўзвышае чалавека, цешыць яго душу, уздымае яе да ўнутранага лікавання, свята. Хіба выпадкова ў нашай мове словы «святасць» і «свята» этымалагічна роднасныя? Святасць — гэта Божы дар, якім надзелены не кожны чалавек. Святасць і ёсць найвышэйшае хараство. Так ласкавая маці звяртае ўвагу дзіцяці на прыгажосць летніх кветак, якія можна аднесці Найсвяцейшай Панне і такім чынам крыху далучыцца да гэтай Святасці. Так чалавечы шлях да Неба прастуюць яго святыя.

Гл. таксама:
:: БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ ::
:: ПРА ЖЫЦЦЁ І ПОДЗВІГІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА ::

 


  1. Цисык А. З., Шкурдюк И. А. Пламенное слово в защиту веры отцов в поэме Н. Гусовского «De vita et gestis Divi Hyacinthi» // Класична спадщина i сучасне художне мислення: Збірник наукових праць до 60-річчя М. І. Борецького. Дрогобич-Черкаси, 2001. С. 92.
  2. Ян Пельчар, каментуючы гэтыя словы паэта, адзначае, што менавіта на той час прыпадае зямны шлях шматлікіх святых. З роду Адрованжаў амаль у адзін і той жа перыяд жылі Івон, Гіяцынт, Чэслаў, Прандота, Браніслаў; з каралеўскіх сем’яў — Саламея, Кінга, Іялента, Канстанцыя.
  3. [Hussovianus Nicolaus] De vita et gestis Divi Hyacinthi, opusculum Nicolai Hussoviani. Cracoviae: In aedibus Hieronymi Vietoris, 1525. — [Р. 4].
  4. Дорошкевич В. И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI века. Мн., 1979. С. 147–148.
  5. Шкурдзюк І. А. Тэма падзвіжніцтва і служэння хрысціянству ў паэме Міколы Гусоўскага «De vita et gestis Divi Hyacinthі» // Studia philologica / Сборник научных статей. Выпуск 4. Под общ. ред. Г. И. Шевченко. Мн., 2001. С. 118.
  6. Ян Павел ІІ. Памяць і самасвядомасць / Пераклад з польск. мовы К. Лялько. Мн., 2006. С. 127.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY