Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

Аркадзь ШПУНТ

КАБ ЗАСТАЦЦА НЕВЯДОМЫМ...

Роздум рэстаўратара ў працэсе расчысткі
скляпенняў касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску

Шляхце мінскага ваяводства, якая ў 1694 годзе
сабрала па 10 грошаў «з дыму» на пабудову касцёла

 
«Тое, што нарадзілася з цела, ёсць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсць духам. (...) Дух вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе».
Ян 3, 6–8.

«Пад эстэтычнай ідэяй я разумею тую падачу ўяўлення, якая дае падставу думаць, прычым, аднак, ніякая пэўная думка, гэта значыць ніякае паняцце, не можа быць адэкватнае яму, такім чынам, ніякае слова не ў стане цалкам дасягнуць яго і зрабіць яго зразумелым».
І. Кант.

«Рэстаўраваць можна толькі матэрыяльную структуру твора мастацтва».
Л. А. Лялекаў.

 
Сонечны промень бліснуў, праламляючыся ў шкле высокага акна, трапіў пад скляпенне касцёла і ператварыўся ў пазалочанае аздабленне інтэр’ера, нагадаўшы, што сапраўднае ўбранне касцёла — багатае і пышнае — знікла бясследна.

Насценны роспіс знішчыць прасцей за ўсё разам са сценамі, але можна і зафарбаваць; што для касцёла добра — у спартыўнай зале непрыдатнае і недарэчнае. І зафарбавалі...

Гук, з якім сталь інструмента датыкаецца да фарбаванага слоя фрэскі, выкананай у тэхніцы секко, нагадвае радкі з верша Барыса Пастэрнака: «Был полон лес мерцаньем кропотливым, как под щипцами у часовщика»... Выдаленне наслаення: запісаў, пропісяў, паверхневых забруджванняў, малярных фарбаў... Павольная праца, павольныя думкі...

Жывапісу паўкіламетра квадратных.

У промнях сонца мільярды пылінак: фарбаваны слой выдаленага запісу, ператвораны скальпелем у найтанчэйшы пыл, — пігмент, распалы клей жывёльнага паходжання... што яшчэ асядае ў маіх лёгкіх?..

У літаральным сэнсе дыхаю пылам мінулых стагоддзяў.

На рэальным скляпенні мінскага касцёла ХVІІІ ст. раскрываецца скляпенне святыні на гары Морыя, дзе адбывалася выгнанне бязбожнікаў, гандляроў і мянялаў... Адбываецца яно і сённня, намаляванае над нашымі галовамі... Канчаткова пакуль не раскрытае з-пад наслаенняў, але фігура Езуса Назараніна ў чырвоным хітоне, блакітным гімаціі — бачная ўжо і рука, якая ўладна і грозна ўзняла над натоўпам бізун з вяровак: «... не рабіце дому Айца Майго домам гандлю» (Ян 1, 15).

Рэстаўратар адважна паглыбляецца ў першапачатковую зблытанасць усіх слаёў з упартым жаданнем прывесці іх да парадаку і адзінства. Пераадолець хаос і распад, выявіць цьмяны вобраз — такая яго задача.

Калі «рукадзелле» знешне здаецца ідыятызмам (падумаць толькі, 500 метраў сцяны паслойна расчышчаны кончыкам скальпеля з-пад 8 слаёў запісаў і расфарбовак!), каб убачыць разумны сэнс такой працы, трэба ставіцца да яго як да найважнейшага духоўнага акта, з якога возьме пачатак мноства паняццяў.

Філасофія мая простая, але яна дапамагае напоўніць сэнсам «рукадзелле»: мастак аперыруе тым, што складае матэрыяльную структуру твора. З таго моманту, калі ў яго свядомасці з’явяцца невыразныя абрысы будучага твора, пачынаецца мэтанакіраваны адбор матэрыялаў, з дапамогаю якіх ён мае намер рэалізаваць сваю задуму.

Пачынаецца стварэнне матэрыяльнай структуры.

У адабраных пігментах, у сувязным рэчыве, якое вызначае тэхніку выканання твора, у аснове, на якой распластаецца тонкім слоем фарба, — ва ўсім выбраным для працы, выбраным і таму ўжо адухоўленым, рассеяны будучы вобраз, які жыве пакуль у задуме і ў душы майстра. Вобраз будзе ўвасабляцца ў вібрацыях, выкліканых ударамі пэндзля аб паверхню асновы, у іскрыстых святланосных крышталях, якія ўзнікаюць у працэсе карбанізацыі, у ходзе рэакцыі вапнавай тынкоўкі з вуглякіслым газам паветра, у каларыстычным і кампазіцыйным ладзе.

Мастацкі вобраз, набываючы бачныя абрысы, увасобіцца ў матэрыяльную структуру.

Вобраз узнікне з небыцця для самастойнага жыцця ў часе і ў людзях.

Адбудзецца штосьці, што ператворыць фізіку ў метафізіку, прымусіць не думаць ні пра фарбы, ні пра пэндзлі, ні нават пра самога мастака. Узнікне адухоўлены вобраз... І вось ён жыве. І жыве ўжо па-за палатном, сцяною або дошкаю, на якіх напісаны.

Творы мастацтва жывуць значна даўжэй за людзей і таму здаюцца вечнымі...

Але губляюць сувязное рэчыва пігменты, лакавае пакрыццё стварае аптычныя якасці, дошку псуе жучок-тачыльшчык, палатно старэе, вапна адстае ад сцяны... Усё распадаецца на свае складовыя элементы.

Метафізіка гасне, і ўсё больш выразнай становіцца фізіка.

І вось пра жывапіс мы ўжо гаворым як пра фарбаваны слой, заўважаем яго таўшчыню, крохкасць, безабароннасць і здольнасць знікнуць, рассыпацца ў прах... З твора знікае мастацкасць. Усё менш эстэтычнага, усё больш гістарычнага.

Надышоў час рэстаўрацыі. Ну і, безумоўна, тэорый...

Тэорыя тэорыяй, а рэстаўратар узбройваецца канкрэтнымі інструментамі, пазычанымі ў хірургаў, прыладамі, якія дазваляюць бачыць нябачнае, рэчывамі для ўмацавання грунта і фарбаванага слоя і, нівелюючы страты, імкнецца выявіць «цэласнасць твора, закладзеную ў яго матэрыяльную форму». Паводле свайго разумення і свайго ўмення...

Рэстаўратар вяртае з хаосу некалі ўпарадкаванае мастаком і, прыводзячы ў парадак фізіку, вяртае метафізіку — вобраз і дух. Калі рэстаўрацыя будзе ўдалаю. Калі не надта, атрымаем адрэстаўраваную матэрыяльную структуру і ўсяго толькі — мумію. Але рэстаўраваць можна толькі матэрыяльную структуру.

І рэстаўруем...

 
Чаго дабіваемся, калі прыводзім у парадак, напрыклад, скрыпку ХVІІІ стагоддзя? Корпуса характэрнай авальнай формы з выемкамі па баках? Ці ўсё ж пявучага тэмбру, багатага на гукі і дынамічныя адценні? Палётнасці гуку, яго сакавітасці і інтэнсіўнасці? Ці разнастайнасці тэмбравых адценняў, шырокага подыху і іншага, што «дае прычыну мысліць без пэўнай думкі»? І ўвогуле, што такое гук, які лунае асобна ад скрыпкі, з’яўляецца ў выніку трэння смычком па струнах? Рэстаўруем музыку?

Атрымліваецца, што працуем з драўлянаю каробкаю, хоць і характэрнай авальнай формы, а рэстаўруем музыку, якая «вее там, дзе хоча, і голас яе чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе».

Катэгарычнасць, якая дапускае магчымасць матэрыяльнага і мастацкага падзелу ў творы мастацтва, спачатку выклікала абурэнне, але і дала штуршок ходу думак, якія блукаюць ува мне з дня ў дзень падчас напружанай, здаецца, бясконцай працы.

Матэрыяльнае і мастацкае ў творы нельга падзяліць, але рэстаўраваць, напэўна, сапраўды можна толькі матэрыяльнае. Меркаваць пра рэстаўрацыю будуць менавіта па тым, што адбылося ў выніку з мастацкім, гэта значыць з тым, што «нарадзілася з Духа».

«Дух як асаблівая сутнасць узнікае, як правіла, пры дзейсным імкненні не толькі адчуць гэты свет у барацьбе ці гульні з ім, але і пазнаць яго і толькі з палымянага жадання звесці хаос, у якім жывём, у адзінства космасу. З дзікага буянства свету вылучаецца вобраз, з дзікага шуму зямлі — гук, з першапачатковай заблытанасці ўсіх рэчаў — паняцце... Хаос падпарадкоўваецца форме, але форма хоча, каб яе ўспрымаў не толькі той, хто яе стварыў, але і хто-небудзь іншы: карціна з вялікай зацікаўленасцю прапануе сябе гледачу; спявак з асалодаю спявае для слухачоў. Цягу да формы нельга аддзяліць ад цягі да слова. Праз далучанасць да свету чалавек уваходзіць у далучанасць да духу. Свет зводзіцца да адзінства, упарадкоўваецца, становіцца выразным у слове паміж людзьмі і толькі тады — светам паміж людзьмі. І зноў дух становіцца чыстай магчымасцю: з дапамогаю жэста і мовы чалавек пераадольвае супраціўленне сяброў хаосу і стварае супольнасць».

Гэта цытата з любімага мною Марціна Бубера калі ўжо і мае нейкае дачыненне да рэстаўрацыі, то хутчэй да яе выніку. Аднак, калі займаешся гэтак званай «тэхнічнай рэстаўрацыяй», г. зн. умацаваннем і ўпарадкаваннем матэрыяльнай структуры твора мастацтва, найперш трэба думаць пра тое, што калісьці твор прыйшоў у свет у выніку творчай працы і пайшоў з часам, пакінуўшы «матэрыяльную структуру», пра тое, што рэстаўрацыяй неабходна вярнуць менавіта матэрыяльную структуру, пераадольваючы супраціўленне «сяброў хаосу» і энтрапію...

Гэта замест тэорыі. Замест, таму што ёсць нейкія прынцыпы, нейкія супярэчнасці, гавораць нават пра «дакладную рэстаўрацыю з дапамогаю камп’ютэра здавалася б назаўсёды страчаных архітэктурных пабудоваў і фрэсак». Але агульнай тэорыі ўсё ж такі няма, як не было яе гадоў дзесяць назад.

Усе маюць рацыю. Гаворка пакуль вядзецца агулам. Але з сумам пераконваешся ў тым, што ў вырашэнні практычнай сваёй задачы адказу не атрымаеш. Пры жаданні, каб абгрунтаваць дзеянні і апраўдаць іх вынік, з мноства тэорый можна выбраць найбольш прымальную. А ў дакументацыі ўсё будзе і навукова, і рэстаўрацыйна...

Напэўна, справа ў тым, што агульнай тэорыі і быць не можа. Як немагчымы рэцэпт стварэння неўміручых твораў мастацтва — унікальных твораў індывідуальнага тварэння.

Вядома, і падыход да рэстаўрацыі унікальнага помніка павінен быць унікальным, адзіным у сваім родзе, прыдатным толькі для дадзенага аб’екта. Безумоўна, ён можа і павінен уключаць суму ведаў, «назапашаных чалавецтвам» у справе рэстаўрацыі. Але якім бы верным ні быў падыход, рыштаванні прыбяруць, а сумненні застануцца. Злёгку іх можна суняць, выкарыстоўваючы толькі ў наступнай працы набыты вопыт і набытыя сумненні. Ведаю з вопыту...

Менш, чым за сто гадоў тройчы змяняўся характар маляўнічага ўбрання касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі... потым яшчэ цэлае стагоддзе яго абнаўлялі, запісвалі, а потым зачынілі, здавалася, назаўсёды: перагрунтоўвалі і забельвалі, і пайшло-паехала... фарбавалі, перафарбоўвалі...

Не ўяўляючы мастацкай каштоўнасці, малярныя слаі ўсё ж з’яўляюцца рэальным фактам рэальнай гісторыі: фарбавалі, ператвараючы касцёл у склад тэатральных дэкарацый, перафарбоўвалі, разбіваючы прастору на асобныя пакоі, душавыя, туалеты, спортзалы, прыстасоўваючы пад патрэбы Дома фізкультуры... І пустыя слаі гэтых фарбаванняў сваёй сляпою пустатою шматзначна сказалі б пра гады атэістычнай вайны. На памяць пра тую гісторыю на раскрытых роспісах застануцца «маячкі» — паслойныя сляды неаднаразовых рамонтаў.

Урэшце прыйшоў час, калі слаі не напластоўваюцца, а выдаляюцца. Надышоў час раскрываць і вывучаць працэсы стварэння слаёў у іх гістарычнай паслядоўнасці. Вызвалены жывапіс вяртаецца з небыцця і забыцця. Старажытны, але для ўсіх тых нашых сучаснікаў нябачаны, новы...

Інстынктыўнае імкненне чалавека да натуральнага і аўтэнтычнага ў век поспехаў пластычнай хірургіі, геннай інжынерыі, мадыфікаванай каўбасы... Перацягнулі-перацыравалі «старушку» — стала як новенькая. Першая думка пры поглядзе на прыгажуню: а што ў ёй свайго, «аўтарскага»... усюды падвох, падман, падробка таннага пад дарагое...

«Камп’ютэрная тэхніка дазваляе ўсё з большай праўдападобнасцю і дакладнасцю наблізіць любую копію да арыгінала». Гэта гавораць рэстаўратары, і не толькі гавораць, але і гатовыя скарыстаць з дасягненняў навукі-тэхнікі, і гэта палохае.

У помнік архітэктуры чалавек уваходзіць падрыхтаваны навакольным жыццём і тэлевізарам і сумняваецца: ці сапраўднае, ці аўтэнтычна-старажытнае бачыць, ці гэта наватвор?

Пра першапачатковы выгляд інтэр’ера не трэба нават марыць і не трэба да яго імкнуцца — гэта незваротнае мінулае, але далейшае гістарычнае не менш важнае — гэта жыццё помніка ў часе і час у жыцці помніка.

Калі логіка рэстаўратара чытаецца на сцяне і ўспрымаецца людзьмі, калі людзі разумеюць імкненне рэстаўратара паказаць паслядоўнасць пераўтварэння вобразу святыні і ахвотна крочаць відавочным шляхам, спасцігаючы святыню як «машыну часу», — помнік жыве. Ён поўніцца малітвамі ад першай кансэкрацыйнай службы да штодзённай ранішняй Імшы.

І «дом Мой назавецца домам малітвы» (Мк 11, 17), як мае быць.

Усе метамарфозы аздаблення, змяняючы характар інтэр’ера ў часе, паўстаюць перад вачыма, як на жыційных іконах, дзе на плоскасці адначасова і паслядоўна разгортваецца аповесць пра цудоўнае жыццё. «Парадак разгортвання манументальнага жывапісу дэкарацыі адпавядае законам тэатральнай сцэнаграфіі — кожнаму прыпынку ў перажыванні адпавядае пэўны выяўленчы рад. Сувязь унутры гэтага рада ажыццяўляе сам прысутны як па сэнсе, так і рытмічна» (В. Бажэнава).

Рэстаўратар, вырашаючы праблему гісторыка-эстэтычнага, раскрываючы жывапісныя слаі і ўпарадкоўваючы іх, не павінен ствараць перашкодаў у ажыццяўленні гэтай сувязі. Ён павінен арганічна, не парушаючы эстэтычнага сэнсу твора, уключыць у дэкарацыю змены ў часе, якія матэрыялізаваліся б у раскрытых фрагментах наслаенняў.

Час, рух у стагоддзях, становіцца элементам дэкора інтэр’ера.

Стварэнне гарманічнай цэласнасці, аперуючы трыма разначасавымі фарбаванымі слаямі так, каб «трэція скрыпкі не заглушалі першую», — мэта працы.

Вынік — эклектызм, уяўнае прымірэнне стыляў, каларытаў, «прымірэнне», як казалі даўней, стратаў і інш. — своеасаблівы калаж, нарэзка фарбавых слаёў, балансіроўка гістарычнага і эстэтычнага.

Можна было б і адмовіцца ад рэканструкцый, калі гэта не было б патрэбна ўсяму ансамблю...

А нехта скажа, што ансамблю зусім нічога не трэба... і тэорыю адпаведную падбярэ...

Жывапіс разнародных стылёвых сістэмаў, разначасавых гістарычных слаёў павінен існаваць у архітэктурнай прасторы ў гарманічнай цэласнасці. Гэта з галіны заклінанняў, пажаданняў, тэорый. Але колькі не кажы халва, халва — у роце салодка не стане.

Дзе мера гэтага балансу? Як звесці ў адно чысты стыль і патугі саматужных маляроў? І што важнейшае для Беларусі: правінцыйнае імітаванне еўрапейскага стылю ХVІІІ стагоддзя ці аўтэнтычнае мастацтва мясцовых жывапісцаў? Як быць?

Маліся і працуй!

Не адзінства стылю — задача рэстаўрацыі, але захаванне.

Гармонію шукай, не размываючы-нівелюючы межы наслаенняў і стыляў, а наадварот, падкрэсліваючы, адкрываючы, завастраючы прыём і логіку яго пабудовы.

Наўмыснае выяўленне часавых слаёў (не ператвараючы інтэр’ер святыні ў даведнік па рэстаўрацыі ці археалогіі), кампазіцыйнае іх аб’яднанне, упарадкаванне хаосу стратаў, лагічна разумная арганізацыя фрагментаў раскрытага жывапісу на прасторы сценаў і скляпенняў — напэўна створаць гармонію.

Лагічная апрацоўка, арганізацыя раскрытага роспісу і фрагментаў наслаенняў, мяркую, ператвораць касцёл у своеасаблівы заказнік веры, думкі і натхнення, востраў намоленай стагоддзямі прасторы ў штодзённай мітусні.

Выкананы шмат стагоддзяў назад жывапіс зноў паўстане перад светам, адновіцца ледзьве не перарваная сувязь часоў.

Гэта з’яўленне народу. Так да гэтага і трэба ставіцца.

Як да цуда.

Раскрыецца кантынуум, зерне аддзеліцца ад пустазелля, выдаляцца слаі, прасмярдзелыя потам і агрэсіяй спортзала, з’явяцца тыя, што ўвабралі ў сябе кадзіла і малітву, горыч дыму папялішчаў нашай гісторыі, вызваліцца энергія, заключаная ў вобразах старажытных роспісаў, і запоўніць прастору святыні, як напаўняюць яе гукі аргана.

«Не нам, Пане, не нам, але імені Твайму дай славу» — раскрылася напісанае за мінулым часам над прэзбітэрыем касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Мінску...

Рэстаўратар застанецца невядомым, калі не знішчыць... Калі сапсуе — яму забяспечана памяць на ўсе часы... Няхай Бог засцеражэ ад гэтага.

Гл. таксама:
:: IНТЭР’ЕР АРХIКАТЭДРАЛЬНАГА КАСЦЁЛА IМЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫI У МIНСКУ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY