|
|
№
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Пераклады
Паэзія
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі
Пераклады
На кніжнай паліцы
Практыкум
Мастацтва
|
Пачатак у №2(40)/2007
Разьдзел XVI
Аб патрэбе цярпець нястачы жыцьця 1. Тое, чаго чалавек у сабе ці ў іншых паправіць ня здолее, няхай цярпліва зносіць, аж пакуль Бог таго не пераменіць. Думай, што мо’ гэтак лепш дзеля спробы тваёй цярплівасьці, без якое зусім малыя нашыя заслугі. Трэба аднак пры такіх перашкодах маліць Бога, каб памог Ён табе лёгка вытрываць іх. 2. Калі хто, напамінаны раз або другі не спраўляецца, — не сварыся з ім і ўсё паручы Богу, няхай будзе хвала і воля Яго ў ва ўсіх слугах Ягоных. Бог ведае, як зло на дабро абярнуць. Вучыся цярпліва зносіць заганы іншых ды ўсялякія іх нядужасьці, таму што і ты шмат іх маеш, якія трэба зносіць іншым. Калі ты не патрапіш такім быць, якім хацеў бы, дык якім чынам здоляеш іншага бачыць паводле тваёй думкі? Хацелі б надта іншых бачыць дасканалымі, а сваіх нястачаў не спраўляем. 3. Хацелі б мы, каб іншых строга напаміналі, а каб нас напаміналі — ня хочам. Не ў спадобу нам шырокая самаволя іншых, а ня хочам, каб нам адмовілі таго, да чаго імкнёмся. Хочам, каб іншыя спаўнялі законы, а самі іх спаўняць ня хочам. Згэтуль відаць, што мала калі аднолькавай меркай мерым самых сябе і людзей іншых. Каб усе былі дасканальнымі, дык што ж мелі б мы цярпець ад іх дзеля любові Бога?! 4. Але цяпер аднак так жадае Бог, каб вучыліся мы: адзін другому несьці цяжар (Гал 6, 2), бо нікога няма без заганы, бяз грэху, нікога няма, каму самога сябе было б даволі, нікога няма так мудрага, каб у ва ўсім даў сабе рады, дык трэба, каб узаемна мы адны адных цешылі, зносілі, памагалі, вучылі ды напаміналі. Як вялікую хто мае цноту, найлепш можна гэта бачыць у праціўнасьцях. Аказія ня робіць чалавека слабым, а толькі паказывае, які ён сапраўды. Разьдзел XVII
Аб законным жыцьці 1. Часта трэба вучыцца перамагаць сябе самога, калі хочаш жыць згодна і ціхамірна з людзьмі. Не малая гэта справа жыць у кляштары, або ў духоўнай грамадзе і, не наракаючы, верна да сьмерці стрываць. Багаслаўлёны, хто там добра жыў і шчасьліва скончыў. Калі хочаш вытрываць, як трэба і ўдасканаліцца, глядзі на сябе быццам на згнаньніка, што вандруе па зямлі гэтай. Калі хочаш жыць законным жыцьцём, дык зрачыся свайго розуму для Хрыста. 2. Вопратка законная ды пастрыжэньне мала варты, бо толькі перамена абычаю і поўнае замораньне сваіх благіх нахілаў робяць сапраўднага законьніка. Калі хто шукаў бы нечага іншага, чымся толькі Бога ды збаўленьня душы сваей, ня знойдзе нічога апрыч мукаў ды цярпеньняў. Ня здужае такжа стрываць доўга ў супакоі той, хто ня будзе глядзець на сябе маўляў на апошняга ды ўсім падлеглага. 3. Прышоў ты служыць, а не панаваць; клікнулі цябе, каб ты цярпеў, а не гультаяваў і пустасловіў. Тут прабуюць людзей, быццам золата ў вагні. Тут ніхто ня стрывае, калі не захоча дзеля Бога спакарыцца ўсенькім сваім сэрцам. Разьдзел XVIII
Аб прыкладах сьвятых айцоў 1. Глядзі ўважна на жывыя прыклады сьвятых айцоў, з якіх зіхацела сапраўдная дасканаласьць і рэлігія, дык убачыш, як малым і бадай нічым ёсьць усё тое, што мы робім. Ох, што ж гэта за жыцьцё наша, калі яго прыраўняць з іхнім?! Сьвятыя і прыяцелі Хрыста служылі Яму ў голадзе і холадзе ды нагаце, у працы ды трудох, у чуйнасьці ды пастох, у малітвах ды праследаваньнях многіх. 2. О, якія вялікія ды цяжкія мукі цярпелі сьвятыя Апосталы, мучанікі, вызнаўцы, дзевы і ўсе іншыя, якія хацелі ісьці сьледам Хрыста! Бо ў нянавісьці мелі душы свае на гэтым сьвеце, каб мець іх у вечным жыцьці (Ян 12, 25). О, якое вострае ды поўнае самазрачэньня было жыцьцё айцоў сьвятых у пустыні! Якія доўгія ды цяжкія пакусы стрывалі! Як часта зьдзекваўся вораг над імі! Як чыстыя ды гарачыя малітвы слалі яны Богу! Як трывалі ў суровых пастох! З якою вялікаю палкасьцю ды ахвотаю працавалі над сваім удасканаленьнем! Якія мужныя бітвы яны вялі, каб сьцёрці заганы свае! З якою чыстаю ды шчыраю думкаю імкнуліся да Бога! Удзень працавалі, уночы маліліся доўга, хаця і працуючы ня кідалі маліцца думкаю ды сэрцам. 3. Увесь свой час яны добра выкарыстоўвалі, а кожная часіна, пасьвячана Богу, здавалася ім кароткаю. І дзеля вялікае асалоды, якую мелі ў разважаньні Бога, не памяталі на патрэбы цела. Кідалі яны ўсё: і багацьце, і гонары, і знатнасьці, і прыяцеляў, і радню; нічога ад сьвету яны не хацелі і толькі самае патрэбнае бралі ад яго, шкадуючы, што ў неабходных патрэбах і целу служыць мусілі. Дык бедныя былі яны што да ўсяго зямнога, але багатыры вялікія ласкаю і цнотамі. Звонку нічога ня мелі, затое ў душы былі поўны ласкі і пацехі Божай. 4. Чужымі былі сьвету, але Богу былі прыяцелямі найбліжэйшымі і зажылымі. Самых сябе яны ўважалі за нішто, і сьвет пагарджаў імі, але перад вачыма Бога былі яны дарагімі і мілымі. Жылі яны ў вялікай пакоры ды прастадушнай паслухмянасьці, трывалі ў любові ды цярплівасьці і таму штодня дасканаліліся ды асягалі вялікую ласку ў Бога. Айцы тыя даны для прыкладу ўсім законьнікам і больш заклікаць нас павінны да належнае дасканаласьці, чымся вялікі лік зімных душой цягнуць нас меў бы да нядбайнасьці і развязнасьці. 5. О, якая вялікая была жарлівасьць усіх законнікаў пры закладзінах іхняе сьвятое ўстановы! О, якая пабожнасьць у малітвах, якая была прагнасьць цноты, як цьвіў парадак, сколькі было пашаны і паслухмянасьці пастановам старэйшых! Сьляды, пакінуты ім, сьведчаць, што былі яны людзьмі сапраўды сьвятымі і дасканальнымі, каторыя ваюючы так адважна, сьвет перамаглі. А сёньня глядзяць, быццам на нешта вялікае, калі хто не пераступіць пастановы, калі хто цярпліва трывае ў ярме, што ўзяў на сябе. 6. О, нядбайнасьць і зімната наша, што так хутка адхіляемся ад папярэдняе жарлівасьці, што так цяжка і няміла нам жывецца, гледзячы на нядбайнасьць гэну ды зімнату! Няхай жа ў табе ніколі ня дрэме жаданьне поступу ў цнотах, бачучы гэтулькі прыкладаў пабожных людзей! Разьдзел ХІХ
Аб цьвічэньнях добрага законьніка 1. Жыцьцё добрага законьніка зіхацець павінна ўсенькімі цнотамі, каб быў такім у душы, якім здаецца людзям споверху. Ды й шмат лепшым павінен быць у душы, чымся выглядае, бо ж сьведкаю нашым Бог, якому, дзе б мы ні апынуліся, павінны найвышэйшую аддаваць чэсць і, як анёлы, хадзіць у чыстаце перад воблікам Ягоным. Кожны дзень трэба нам нанова рабіць свае пастановы і да жарлівасьці сябе заклікаць так, як быццам сёньня першы дзень нашага навароту, і казаць: Памажы мне, Пане і Божа, вытрываць пры добрай пастанове і ў сьвятой службе Тваёй і дай, каб я сёньня добра пачаў, бо ж марнасьць усё, што дагэтуль я зрабіў. 2. Залежным ад цьвёрдасьці пастановы нашае будзе наш поступ; і шмат трэба старацца таму, хто хоча ісьці шляхам дабра. Калі той, хто мае цьвёрдыя пастановы, часта прыстае, дык што ж з тым, хто мала калі ды слаба пастанаўляе? Розна здараецца, што кідаем мы пастановы нашыя, а самае нязначнае апушчэньне цьвічэньня заўсёды пакідае нейкі сьлед. Справядлівыя людзі больш спадзяюцца на ласку Бога, чымся на ўласны розум і ў ва ўсім, што пачынаюць, у Яго толькі вераць. Бо ж чалавек думае, а Бог загадвае, бо не ў чалавека шлях ягоны (Прып 16, 9; Ер 10, 23). 3. Калі дзеля пабожнасьці або дзеля карысьці братоў сваіх ня зробіш таго ці іншага звычайнага цьвічэньня — лёгка ўсё гэта паправіш. Калі аднак дзеля зімнасці душы ці нядбаласьці кінеш цвічэньне — значная гэта ўжо правіннасьць і шмат будзе шкоднаю. Стараймася, сколькі можам, бо і так яшчэ ўсяго ня здолеем. Заўсёды аднак трэба пастанавіць нешта пэўнае і то проціў таго, што перашкаджае нам у поступе душы нашай. Аднолькава трэба нам разглядаць і разьмярковываць як справы ўнутраныя, так і вонкавыя, бо адны і другія важныя для нашае дасканальнасьці. 4. Калі заўсёды табе немагчыма разважаць, дык хоць ад пары да пары, але найменш раз у дзень: раніцаю або ўвечары. Раніцай пастанаўляй, а ўвечары прагледзь сваё жыцьцё: які ты сёньня быў у слове і ў чыне, бо можа імі часта абражаў ты Бога і бліжняга. Узбройся ты, быццам рыцар, насупроць нягоднасьці д’ябла; стрымлівай сябе ў ежы, тады ўсялякую цялесную склоннасьць пераможаш. Ніколі ня будзь зусім бязьдзейным: чытай, або разважай, або рабі нешта карыснае супольнасьці, грамадзянству. Ручнымі аднак работамі займацца трэба памяркоўна, бо ня ўсім яны аднолькава карысны. 5. Што не датычыць супольных абавязкаў, таго ня трэба паказваць, бо лепш у патаемнасьці працаваць над самым сабой. Глядзі аднак, каб дзеля сваіх асобных цьвічэньняў ты не пакідаў супольных, але, зрабіўшы ўсё і верна, што было трэба і што было наказана, калі яшчэ астаюцца хвіліны часу, бярыся за сябе самога, паводле жаданьня тваёй пабожнасьці. Ня ўсім падыходзіць аднолькава тое самае цьвічэньне — аднаму адно, іншаму другое больш карысна. Таксама трэба падчас датасавацца з цьвічэньнямі і да часу: бо адным у сьвята, іншым у буднія дні больш нам да ўспадобы. Іншыя патрэбныя падчас спакусаў, іншыя падчас супакою і адпачынку. Іншыя мы любім думкі, калі сумуем, і іншыя, калі вяселімся ў Богу. 6. Пры вялікіх сьвятах трэба паўтараць добрыя цьвічэньні і больш гарача прасіць помачы сьвятых. Трэба нам ад сьвята да сьвята рабіць пастановы, быццам у працягу гэтага часу мелі мы памерці і апынуцца ў вечнасьці. Дзеля гэтага падчас сьвята трэба нам добра падгатавацца пабажней жыць і лепш глядзець усіх пастановаў, быццам мы тыя, што хутка маюць атрымаць заплату ад Бога за працу сваю. 7. А калі б часіна нашая яшчэ ня прышла, дык думайма, што мы яшчэ дрэнна прыгатаваныя і нягодныя той славы, якая пакажацца нам у прызначаным часе, і стараймася лепш прыгатавацца да развітаньня з гэтым сьветам. Багаслаўлены слуга — кажа Евангеліст Лука, — якога, калі Пан прыдзе, знойдзе чуйнага. Сапраўды кажу вам, што над усім сваім дабром яго паставіць (Лк 12, 43). Разьдзел ХХ
Аб любасьці адзіноты і маўчаньня 1. Шукай адпаведнага часу дзеля разважаньня над сабою і аб дабрадзействах Бога часта думай. Пакінь цікаўнае. Тое лепш чытай, што наводзіць жаль за грахі, чымся тое, што захоплівае розум. Калі будзеш уцякаць ад беспатрэбных гутарак, ня будзеш хадзіць на бяседы і слухаць усялякіх чутак і навінкаў, нойдзеш даволі адпаведнага часу на пабожныя разважаньні. Найвялікшыя сьвятыя ўцякалі, у меру магчымасьці, ад зносінаў з людзьмі, бо лепш хацелі Богу служыць у адзіноце. 2. Казаў нехта: Колькі разоў быў я між людзьмі, заўсёды меншым чалавекам варочаўся (Сэнэка, Epist. VII, 3). Часта гэта самае бачым і з сабою, калі шмат гаворым. Лягчэй зусім маўчаць, чымся не перадаць у словах. Лягчэй у хаце сядзець, чымся ў людзях дастатачна сьцерагчы сябе. Дык хто хоча пачаць жыць унутрана і духова, трэба, каб адышоў з Езусам ад натоўпу людскога. Той толькі ў бясьпецы між людзьмі, хто ахвотна хаваецца ад іх. Той толькі бясьпечны ў гутарцы, хто ахвотна маўчыць. Той толькі бясьпечна будзе старшыняваць, хто ахвотны быць падуладным. Той толькі бясьпечны ў загадываньні, хто добра навучыўся быць паслушным. 3. Той толькі бясьпечна вяселіцца, хто чуе ў сабе чыстае сумленьне. Бо на’т бясьпека сьвятых заўсёды была поўная баязьні Бога. Нягледзячы на свае вялікія цноты і ласку, дужа яны былі чуйнымі ды ў пакоры жылі. Бясьпека благіх пачынаецца з пыхі ды самаўпэўнасьці, а ў канцы даводзіць іх да разачараваньня ў самых сабе. Пакуль жывеш на зямлі, датуль не спадзейся на бясьпеку, хаця б бачылі ў табе добрага законьніка ці пабожнага пустыньніка. 4. Часта трапляецца, што тыя, на якіх глядзяць быццам на лепшых, лёгка пападалі ў вялікія небясьпекі з прычыны лішняй самаўпэўнасьці. Дзеля гэтага шмат карысьней тым, што заўсёды маюць спакусы ды часта зь імі змагаюцца, каб ня былі занадта пэўнымі ды не пачалі пышніцца, каб ня так лёгка схілялі сваё вуха на вонкавыя пацехі. О, якое чыстае сумленьне меў бы той, хто б ня шукаў мінаючых радасьцяў і ніколі не клапаціўся б аб сьвеце! О, якім вялікім супакоем і цішынёю карыстаўся б той, хто кінуў бы ўсе марныя турботы, а думаў толькі аб Богу і збаўленьню ды ўсю сваю надзею ў Богу меў бы! 5. Ніхто варт ня будзе нябеснае пацехі, калі пільна не пачне каяцца за грахі. Калі хочаш, каб сэрца тваё трывала ў жалю за грахі — ідзі ў свой пакоік, адгані ад сябе гоман свету, паводле таго, як напісана: На ложах вашых кайцеся (Пс 4, 5). У пакоі гэным знойдзеш тое, што часта згубіш на сьвеце. Пакоік твой, калі ў ім заўсёды адзінокі прабываеш, мілым табе становіцца, але калі часта яго пакідаеш — брыдне табе. Калі ў пачатку твайго навароту заўсёды ў ім будзеш жыць і глядзець яго — зробіцца ён табе мілым прыяцелем і найбольш удзячнай пацехай. 6. У маўчаньні ды цішыне дасканаліцца пабожная душа і вучыцца разумець таямніцы Сьвятога Пісаньня. Там яна знойдзе крыніцы сьлёзаў, якімі кожную ноч абмываецца, каб магла прысьці настолькі бліжэй да свайго Тварца, насколькі далей яна адыходзіць ад сьвятовага гоману. Дык той, хто зрачэцца прыяцеляў і знаёмстваў, блізкім будзе Богу і сьвятым Яго Анёлам. Лепш чалавеку быць нязняным і старацца аб душу сваю, чымся цуды рабіць, а забывацца аб душы сваей. Пахвальна законьніку, калі ён рэдка выходзіць з дому, калі хаваецца і ня хоча, каб яго нехта бачыў. 7. Пашто хочаш бачыць тое, што нягожа мець табе? А сьвет мінае і жаданьне ягонае (1 Ян, 12. 17). Пажаданьні цела хінуць мяне туды і сюды. Калі аднак гэтая хвіліна мінае — што ж астаецца? Цяжар у сумленьні ды расьцярушанасьць думкі! Часта вясёлы выходзіш, а сумны варочаешся; вясёлая гульня ўвечары прывядзе чорны настрой нараніцы. Гэткім чынам усякая цялесная радасьць заўсёды з вясельлем уваходзіць, у канцы аднак грызе і забівае. Што ўбачыш дзесьці, чаго тутка няма? Вось неба і зямля і ўсе часьціны, з іх зроблена ўсё, што ёсьць: 8. Што ўбачыш дзесьці, каб тое магло доўга пратрываць пад сонцам? Спадзяешся ты накарміць некалі сэрца сваё, але дарэмна, ніколі гэтага не дапнеш. Калі б ты і пабачыў усенькі сьвет, дык што ж гэта было бы? марная здань ды толькі! Падымі вочы да Бога ў вышыню (Пс 122, 1), маліся за грахі свае ды нядбайласьць. Кінь марнасьці людзям марным, а сам ты імкніся да таго, што загадаў табе Бог. Зачыні за сабою дзьверы свае (Мц 6, 6) і кліч да сябе Езуса, улюблёнага свайго. Аставайся з ім у пакоі тваім, бо ж нідзе ня знойдзеш такога супакою. Калі б ты ня выходзіў нідзе, ды ня слухаў ніякіх пагалосак, лепш стрымаў бы ў добрым супакоі. Але, калі часам слухаеш людзкіх пагалосак, — адчуваеш затое неспакой твайго сэрца. Разьдзел ХХІ
Аб жалі сэрца 1. Калі хочаш паступаць у дабры — трывай у баязьні Божай ды не давай сабе волі; трымай добра пачуцьцёвасьць сваю ды ня кідайся ў радасьць недарэчную. Кайся шчырым сэрцам за грахі, дык і пабожнасьць знайдзеш. Жаль спарыць шмат дабра, якое губіць расьцярушанасьць сэрца. Дзіўна, як можа часам поўна весяліцца ў гэтым жыцьці чалавек, які сваё згнаньне і так многія небясьпекі для душы сваёй чуе і разважае! 2. Дзеля лёгкасці сэрца нашага і нядбайласьці на свае заганы мы часта ня чуем болі душы нашае, а на’т сьмяёмся, калі сапраўды плакаць трэба. Няма ані сапраўднае свабоды, ані добрае радасьці, як толькі ў баязьні Бога ды ў супакойным сумленьні. Шчасьлівы, хто зможа адкінуць усе перашкоды, што робяць яго мала разважным ды патрапіць сабраць усе свае думкі над жалем сьвятым. Шчаслівы, хто адпіхне ад сябе ўсё тое, што можа спляміць ягонае сумленьне ды абцяжыць яго. Змагайся мужна: прывычка перамагаецца прывычкаю. Калі ты пакінеш у супакоі людзей, дык і яны дадуць рабіць табе тваё. 3. Ня лезь у чужыя справы, асабліва ж не мяшайся у справы старэйшых. Заўсёды глядзі прадусім на самога сябе і напамінай самога сябе раней, чымся каго-колечы з найбольш дарагіх табе. Калі ня любяць цябе людзі, ня сумуй, але сумуй з таго, што ты ня так жывеш і не глядзіш сябе, як гэта трэба слузе Божаму і добраму законьніку. Часта карысьней і бесьпячней, каб чалавек ня шмат меў пацехаў у гэтым жыцьці, асабліва ж пацехаў, што датычаць цела. Калі аднак ня маем пацехі Божае, ці чуем яе рэдка, мы самыя вінаваты: бо мала думаем аб жалі, бо не цалкам адкідаем усё пустое, вонкавае. 4. Прызнайся, што ты не пацехі Боскае годны, а хутчэй вялікае турботы. Калі чалавек сапраўды каецца за грахі — тады цяжкі і горкі ўвесь сьвет яму. Добры чалавек заўсёды знайдзе даволі прычын, каб плакаць ды шкадавацца. Бо ці на сябе гляне, ці падумае аб сваім блізкім — бачыць, што ніхто ня жыве бяз турботаў. І чым больш сябе разважае, тым глыбейшы ягоны жаль. Прадметам гэнага болю ды жалю ўнутранага будуць грахі ды заганы нашыя, у якія мы так запалі, што мала калі патрапім разважаць нябесныя рэчы. 5. Калі б ты больш памятаў на сьмерць сваю, чымся на даўгавечнасьць свайго жыцьця, тады без сумніву хутчэй ты паправіўся б. Калі б у сэрцы добра ты размяркаваў будучыя кары ў пекле ці ў чыстцы, дык напэўна ахватней працаваў бы і цярпеў бы ды ня так палохаўся б цьвёрдага жыцьця. Таму аднак, што думкі гэныя не трапляюць у сэрца наша ды любім, што нам прыемна, мы астаёмся халоднымі ды надта лянівымі. 6. Часта з убогасьці духа паўстае нараканьне беднага цела нашага. Маліся пакорна да Бога, каб даў Ён духа жалю табе і кажы з прарокам: Накармі мяне, Пане, хлебам плачу ды напаі мяне сьлёзаў меркай (Пс 79, 6). Разьдзел ХХІІ
Думкі над людзкой мізэрнасьцяй 1. Няшчасным будзеш, дзе б ты ня быў і куды б ты ня ськіраваўся, калі не навернешся да Бога. Чаго ж ты бядуеш, што ня ўсё ідзе табе так, як ты хацеў бы ды думаў бы? Ці ж ёсьць хто такі, каму ўсё было б паводле яго волі? Ані мне, ані табе, ані каму іншаму з людзей на зямлі. Ніхто ня ёсьць бяз турботаў ды клопатаў на гэтым сьвеце, хаця б ён быў каралём ці папам. Каму ж тутака найлепш? Таму, бязумоўна, хто шмат здолее цярпець для Бога. 2. Кажуць слабыя і недалужныя: гляньце, як добра жыве гэны чалавек! Які ён багаты, які вялікі, які магутны ды слаўны! Але глянь на скарбы нябесныя і ўбачыш, што ўсё гэтае дачаснае адна марнасьць, усё яно надта няпэўнае, а нат’ можа быць нам цяжарам, бо ніколі не валодаем ім бяз клопату і страху. Шчасьце чалавека ня ў тым, каб мець шмат усялякае дачаснае маёмасьці — хопіць яму, калі мае ў меру. Сапраўдная нядоля — жыцьцё на зямлі. Чым больш хацеў бы чалавек жыць духовым жыцьцём, тым гарчэйшым робіцца яму дачаснае жыцьцё, бо тым лепш ён чуе ды ясней бачыць марнасьць людзкой благоты. Есьці, піць, быць чуйным, спаць, адпачываць, працаваць ды падпарадкавацца іншым патрэбам натуры — сапраўды вялікая марнасьць ды цяжар пабожнаму чалавеку, які так ахвотна хацеў бы быць вольным ад путаў цела і ўсялякага грэху. 3. Надта ж цяжка чалавеку пабожнаму з усімі гэнымі патрэбамі цела ў дачасным сьвеце! Таму гэтак горача моліцца прарок, калі хоча быць вольным ад іх, кажучы: О, Пане! Вызваль мяне ад патрэбаў маіх! (Пс 24, 17). Бяда тым, што ня бачаць сваёй марнасьці! А яшчэ вялікшая бяда тым, што любяць гэтае мізэрнае і марнае жыцьцё. Бо некаторыя так любяць гэтае жыцьцё, што хоць ледзь зарабляюць на яго працай, ці жабруючы, аднак жа, калі б тут заўсёды маглі жыць, аб валадарстве нябесным зусім ня дбалі б. 4. О, шалёныя ды няверныя сэрцы, каторыя так загразлі ў зямным, што нічога ня хочуць ведаць апрыч таго, што датычыць цела! Але гэтыя няшчасныя пад канец жыцьця цяжка адчуюць, якую бязглуздасьць ды марнату яны любілі. А сьвятыя Божыя ды ўсе прыяцелі Хрыста ня імкнуцца да таго, што было ў спадобу іхняму целу, або да таго, што было слаўным у тую пару на зямлі, але ўсенькую надзеяй ды думкаю летуцелі аб вечным дабры. Сэрца іх безупынна імкнулася да рэчаў бязмерных і нявідомых і сьцераглося, каб любоў відомых рэчаў да зямлі іх не цягнула. 5. Не пакідай, браце, надзеі на поступ у духовым жыцьці, — яшчэ маеш час на гэта. Чаму ты аднак адкладаеш на заўтра здзяйсьненьне сваёй думкі? Уставай хутчэй і зараз пачынай, кажучы: цяпер пара працы, цяпер пара барацьбы, цяпер хвіліна паправіцца. Калі табе дрэнна ды цяжка — вось гэта і будзе пара, каб мець заслугу. Бо ж трэба табе прайсьці праз агонь і ваду, пакуль трапіш у месца ахалоды (Пс 65, 12). Калі сам сябе не пераможаш, — не зваюеш сваіх заганаў. Пакуль жывём у гэтым слабым целе, ня здолеем стрываць бяз грэху ды жыць бяз турбот і болі. Хацелі б мы жыць у супакою бяз ніякай бяды, дзякуючы аднак таму, што згубілі мы праз грэх нявіннасьць — з ёю згубілі мы і сапраўднае шчасьце. І таму трэба быць цярплівым і чакаць ад Бога міласэрнасьці, пакуль міне нягоднасьць гэтая (Пс 56, 2), пакуль жыцьцё не паглыне сьмерці (2 Кар 5, 4). 6. О, якая ж вялікая нядужасьць людзкая, што заўсёды склонная да благога! Сёньня спавядаешся з грахоў сваіх, а заўтра ўзноў робіш тое, з чаго спавядаўся. Цяпер пастанаўляеш сьцерагчыся благога, а за гадзіну гэтак, як быццам нічога не пастанаўляў. Дык сапраўды трэба нам спакарыцца і ніколі нічога вялікага ня думаць аб сабе, бо ж такія мы нядужыя ды нясталыя! Хутка можна, дзякуючы нядбайласьці, змарнаваць тое, што было зроблена праз вялікую працу ды ласку Боскую. 7. Што будзе з намі ў канцы жыцьця нашага, калі мы так рана стынем? Дрэнна з намі, калі мы хочам адпачынку, як быццам ужо быў супакой і бясьпечнасьць, а тым часам няма ў нас ані сьледу сапраўднае сьвятасьці. Надта добра было б, калі б мы, як тыя, што горача пачынаюць працу над сабой, нанова прывучаліся да жыцьця прыкладнага; была б тады надзея на будучае палепшаньне ды на вялікшы поступ духовы.
|
|
|