|
|
№
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Пераклады
Паэзія
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі
Пераклады
На кніжнай паліцы
Практыкум
Мастацтва
|
Як пісаць пра святога Францішка? Сучасны аўтар можа апісаць жыццё святога Францішка адным з трох спосабаў. Ад аўтара залежыць, які спосаб ён выбірае. Аднак трэці, які выкарыстаны ў гэтай працы, у пэўным сэнсе самы складаны з усіх. Прынамсі, ён быў бы самым складаным, калі б астатнія два не былі немагчымыя. Па-першае, аўтар можа разглядаць гэтага вялікага і незвычайнага чалавека як постаць у свецкай гісторыі і як носьбіта сацыяльных каштоўнасцяў. Ён можа апісаць гэтага святога як аднаго з самых шчырых у свеце дэмакратаў і, магчыма, ён сапраўды ім быў. Аўтар можа сказаць (хаця гэта мала што значыць), што святы Францішак апярэдзіў сваю эпоху. Можна напісаць (і гэта ў нейкім сэнсе праўда), што святы Францішак прадбачыў усё, што з’яўляецца найбольш ліберальным і прываблівым у сучасным свеце: любоў да прыроды, любоў да жывёлаў, пачуццё спагады да бліжняга, адчуванне духоўнай небяспекі матэрыяльнага дабрабыту і багацця. Усе тыя рэчы, якіх ніхто не разумеў да Уордсварта1, былі знаёмыя святому Францішку. Усе тыя рэчы, пра якія першы напіша Талстой, ведаў святы Францішак. Ён можа быць пададзены не толькі як народны герой, але і як герой гуманізму. Яго параўноўваюць з ранішняй зоркай Рэнесансу. І ў параўнанні з усім гэтым яго аскетычная тэалогія можа быць праігнараваная ці адкінутая. Яго рэлігійныя погляды могуць быць разгледжаны як забабоны, ад якіх нават геній не змог цалкам вызваліцца; але будзе несправядліва асуджаць святога Францішка за яго самавырачэнне ці дакараць за яго цнатлівасць. Праўда, што нават з такой непрадузятай пазіцыі яго постаць усё адно будзе гераічнай. Шмат чаго можна яшчэ сказаць пра чалавека, які спрабаваў спыніць Крыжовыя паходы праз размовы з сарацынамі і які заступаўся перад Імператарам за птушак. Аўтар можа апісаць моц натхнення Францішка, якое адчуваецца ў творах Джотта2, паэзіі Дантэ, у містэрыях — продках сучаснай драмы, і яшчэ шмат у якіх рэчах, што маюць вялікую каштоўнасць у сучаснай культуры. Ён можа паспрабаваць зрабіць гэта, як рабілі іншыя, амаль не падымаючы рэлігійнага пытання. Іншымі словамі, ён можа паспрабаваць распавесці гісторыю святога, не згадваючы пра Бога, але гэта усё адно што пісаць пра жыццё Нансэна3, не згадваючы пра Паўночны Полюс.
Па-трэцяе, аўтар можа паспрабаваць зрабіць тое, што зрабіў я ў гэтай працы, аднак, як я ўжо згадваў, гэты шлях таксама мае свае цяжкасці. Аўтар можа паставіць сябе на месца звычайнага сучаснага цікаўнага чалавека, і, сапраўды, аўтар гэтай кнігі з большага і цяпер, і раней быў у такім становішчы. Ён можа пачаць з пазіцыі чалавека, які захапляецца святым Францішкам, але адносна толькі тых рэчаў, якія гэты чалавек знаходзіць вартымі захаплення. Іншымі словамі, ён прызнае, што чытач сама меней такі ж адукаваны, як Рэнан4 ці Мэццю Арнольд5, але ў святле гэтай асветы ён можа пастарацца асвятліць тое, што Рэнан і Мэццю Арнольд пакінулі ў цемры. Ён можа пастарацца скарыстацца тым, што зразумела, каб патлумачыць незразумелае. Ён можа сказаць сучаснаму чытачу: «Вось гістарычны дзяяч, які, бясспрэчна, з’яўляецца прывабным для многіх з нас сваім вясёлым настроем, сваім рамантычным уяўленнем, сваёй духоўнай ласкай, але які мае адметныя рысы, якіх мы не разумеем ці нават баімся. Але ўсё адно гэтыя рысы з’яўляюцца рысамі аднаго чалавека, а не асобных шасці чалавек. Тое, што здаецца несумяшчальным вам, неабавязкова здавалася несумяшчальным яму. Давайце паглядзім, ці зможам мы зразумець з дапамогай нашага разумення тыя рэчы, якія здаюцца нам цемрай з-за іх унутранай змрочнасці і іранічнага кантрасту». Я не прэтэндую на тое, каб дасягнуць псіхалагічнай завершанасці такой прыблізнай і сціслай замалёўкай. Але я маю на ўвазе, што гэта адзіная супярэчлівая ўмова, якую я магу прыняць, калі я маю справу са спагадлівым чытачом. Я не прымаю іншага пагаднення, апроч гэтага. Матэрыяліст можа не хвалявацца наконт таго, узгадняліся гэтыя разыходжанні ці не. Католік можа нават не ўбачыць ніякіх разыходжанняў, якія трэба ўзгадняць. Але я маю на мэце звярнуцца да звычайнага простага чалавека, спагадлівага, але адначасова і скептычнага, і мне хіба што толькі застаецца спадзявацца, што, падыходзячы да гісторыі гэтага славутага святога праз тыя факты, якія сапраўды з’яўляюцца вельмі вобразнымі і агульнавядомымі, я магу спадзявацца, што чытач зразумее трохі болей, чым ён зразумеў бы, калі б яму прапанавалі паслядоўнае завершанае апісанне святога. Такі падыход дае магчымасць часткова зразумець, чаму паэт, які дзякаваў Богу за сонца, праслаўляючы яго, часта хаваўся ў цёмных пячорах, чаму святы, які быў такім лагодным да свайго Брата Ваўка і адначасова такім рэзкім да свайго Брата Асла (такую мянушку святы даў свайму ўласнаму целу), ці чаму трубадур, які сказаў, што каханне запаліла ў ягоным сэрцы агонь, трымаўся асобна ад жанчын, чаму спявак, які радаваўся моцы і весялосці агню, наўмысна качаўся ў снезе, чаму тая самая песня, у якой з усёй палкасцю паганцаў спяваецца «Праслаўляйце Бога за нашу Сястру — Маці Зямлю, якая дае нам садавіну і траву і яркія кветкі», заканчваецца словамі «Праслаўляйце Бога за нашу Сястру — смерць цела». Рэнан і Мэццю Арнольд не справіліся з гэтай задачай. Яны ішлі за святым Францішкам, усхваляючы яго да тае пары, пакуль іх не спыніла ўласная прадузятасць, упартая прадузятасць скептыкаў. У той момант, калі Францішак пачынаў рабіць нешта, што было незразумелым для іх ці штосьці, што ім не падабалася, яны нават не спрабавалі зразумець, яны проста адварочваліся і «больш не ішлі з ім». Ніводзін чалавек не зможа прасунуцца наперад па дарозе гістарычных даследаванняў такім чынам. Гэтыя скептыкі на самай справе могуць проста кінуць усё ў роспачы, пакінуць найбольш простую і шчырую з усіх гістарычных постацяў як шэраг супярэчнасцяў. Арнольд спасылаецца на аскетызм Альвэрна наспех, быццам гэтая гара была неаспрэчнай плямай на прыгажосці гісторыі ці, можа, вартым жалю заняпадам і банальнасцю напрыканцы гісторыі. Гэта значыць папросту быць цалкам сляпым да сутнасці гісторыі. Пісаць пра Гару Альвэрна як пра звыклае знясіленне Францішка тое ж самае, што пісаць пра Галготу як пра знясіленне Хрыста. Гэтыя горы ёсць горы, чым бы іншым яны не з’яўляліся, і будзе недарэчнасцю казаць, што ў параўнанні з нечым іншым яны падобныя да лагчынаў. Відавочна, што яны з’яўляюцца кульмінацыямі і ў жыцці Хрыста, і ў жыцці святога Францішка. Разглядаць стыгматы, як нешта падобнае да скандалу, дакранацца далікатна, але ўсё адно прычыняючы боль, усё роўна што разглядаць пяць ранаў Езуса Хрыста як пяць хібаў Яго постаці. Вам можа не падабацца ідэя аскетызму, але гэтаксама вам можа не падабацца ідэя пакутніцтва. З гэтай прычыны вы можаце адчуваць шчырую і натуральную непрыхільнасць да ўсёй канцэпцыі ахвяры, якую сімвалізуе крыж. Але, калі гэта разумная непрыхільнасць, у вас застанецца здольнасць убачыць сутнасць гэтай гісторыі, гісторыі пакутніка і проста манаха. Вы не зможаце чытаць Евангелле і разглядаць Распяцце як антыкульмінацыю ці як няшчасны выпадак у жыцці Езуса Хрыста. Відавочна, гэта вастрыё гісторыі, як вастрыё мяча — мяча, які прабіў сэрца Маці Хрыста. І вы не зможаце чытаць гісторыю чалавека, якога падаюць як Люстэрка Хрыста, без разумення апошняга перыяду яго жыцця як Чалавека Смутку, ахутанага воблакам таямніцы, калі ён у адзіноце атрымаў свае невылечныя раны, якія ратуюць свет. Я пакіну гісторыі ўраўнаважыць весялосць і суровасць. Але, калі я ўжо згадаў Мэццю Арнольда і Рэнана, а таксама астатніх рацыяналістычных прыхільнікаў святога Францішка, я дам параду чатачам. Гэтыя вядомыя і слаўныя аўтары разглядалі рэчы накшталт стыгматаў як камень спатыкнення, бо для іх рэлігія ёсць філасофія. Гэта безасабовая рэч, і толькі чалавечая жарсць можа надаць ёй зямную паралель. Чалавек не кінецца на снег, ведаючы, што адбудзецца тое, што наканавана. Чалавек не будзе жыць без ежы ў імя чагосьці, акрамя яго самога, што спрыяе справядлівасці. Ён будзе рабіць падобныя рэчы з-за трохі іншых прычынаў. Ён будзе рабіць штосьці падобнае, калі ён закаханы. Першае, што неабходна зразумець у гісторыі святога Францішка, гэта тое, з чаго пачынаецца ягоная гісторыя, калі ён сказаў з самага пачатку, што ён быў трубадурам, але трубадурам новага і больш высакароднага кахання. Святы Францішак не толькі ўжыў простую метафару, але сам зразумеў сябе нашмат лепш, чым яго разумеюць навукоўцы. Ён быў, да апошніх агоніяў аскетызму, Трубадурам. Ён быў чалавекам, які любіў. Ён любіў Бога, і ён па-сапраўднаму любіў людзей. Магчыма, гэта больш рэдкае пакліканне. Здольнасць любіць людзей мае мала агульнага з паняццем філантропіі. Сапраўды, педантызм гэтага грэцкага слова нясе ў сабе нешта накшталт сатыры. Можна сказаць, што філантроп можа любіць антрапоідаў. Але святы Францішак любіў не чалавецтва, а людзей, не хрысціянства, а Хрыста. Калі хочаце, вы можаце запярэчыць, што ён быў вар’ятам, які любіў уяўнага чалавека. Але ўяўнага чалавека, а не ўяўную ідэю. І для сучаснага чытача ключ да разумення аскетызму і ўсяго астатняга можна знайсці ў гісторыях закаханых. Калі распавесці гісторыю святога Францішка як гісторыю аднаго з Трубадураў, які вырабляў неверагодныя рэчы ў імя сваёй ледзі, усе сучасныя недарэчнасці знікнуць. У такой гісторыі не будзе супярэчнасцяў паміж паэтам, які збірае кветкі ў промнях сонца і які ўначы мёрзне на снезе, паміж яго ўслаўленнем зямной прыгажосці, а таксама прыгажосці чалавечага цела і адмаўленнем ад ежы, паміж яго ўслаўленнем золата і пурпуру і анучамі, якія ён апранае, паміж імкненнем да шчаслівага жыцця і да гераічнай смерці. Усе гэтыя загадкі лёгка будуць разгаданыя ў прастаце высакароднага кахання. Але ў выпадку святога Францішка гэтае каханне было настолькі высакародным, што дзевяць чалавек з дзесяці нават не ведаюць, што яно існуе. Пазней мы ўбачым, што гэтая паралель з зямным каханнем мае непасрэднае дачыненне да жыцця святога Францішка, напрыклад, да яго адносінаў з бацькам, з сябрамі і іх сем’ямі. Я адзначаю гэта тут як уступны момант, таму што, хаця гэта вельмі далёка ад таго, каб быць канчатковай праўдай гісторыі, гэта найлепшы падыход да яе. Чытач можа нават не ўбачыць сэнсу гісторыі, якая можа падавацца яму дзікай, да тае пары, пакуль ён не зразумее, што для вялікіх святых рэлігія падобная не да тэорыі, але да кахання. І адзіная мэта гэтай уступнай часткі — патлумачыць задачы гэтай кнігі, якая звяртаецца да той часткі сучаснага свету, што знаходзіць у святым Францішку пэўную супярэчнасць, але якая адначасова можа захапляцца ім, ледзь прымаючы яго, ці якая можа любіць святога амаль без ягонай святасці. І, каб выканаць гэтую задачу, мушу прызнацца, што я сам на працягу пэўнага часу знаходзіўся ў розных стадыях гэтага стану. Мноства рэчаў, якія цяпер я часткова разумею, здаваліся мне цалкам незразумелымі, мноства рэчаў, якія цяпер для мяне святыя, раней здаваліся мне цалкам забабоннымі, мноства рэчаў, якія здаюцца мне яснымі і асветніцкімі цяпер, калі я гляджу на іх знутры, я раней назваў бы цёмнымі і варварскімі звонку, калі вельмі даўно ў дні майго дзяцінства маё ўяўленне ўпершыню захапіла хараство святога Францішка Асізскага. Тады я жыў у Аркадзіі, але нават там я сустрэў чалавека ў карычневым габіце, які любіў лясы больш, чым Пан. Абраз святога Францішка ў карычневым адзенні стаіць на каміне ў пакоі, дзе я пішу, і толькі гэтая постаць сярод астатніх розных вобразаў ніколі падчас маёй пілігрымкі не здавалася мне чужой. Існуе нейкая нябачная гармонія паміж камінам і агнём і маім першым разуменнем ягоных словаў пра Брата Агня. Яго вобраз моцна зліўся з успамінамі майго дзяцінства. Нават тыя фантазійныя цені, якія адкідвае агонь, — цені ягоных улюбёных жывёлаў і птушак, гратэскавыя, але напоўненыя Божай любоўю, — нагадваюць тэатр ценяў у дзіцячым пакоі. Ягоны Брат Воўк і Брат Баран успрымаліся тады амаль як Брацец Ліс і Брацец Трус Дзядзечкі Рэмуса. Пазней мне пашчасціла зразумець шмат іншых цудоўных рысаў гэтага чалавека, але я ніколі не страціў майго першага дзіцячага ўражання пра яго. Яго постаць нібы стаіць на мосце, які звязвае маё дзяцінства з маім навяртаннем; рамантыка ягонай рэлігіі прасякла нават рацыяналізм неадназначнай Віктарыянскай эпохі. Так здарылася і са мной, і таму я магу правесці іншых далей па гэтай дарозе, але толькі трошкі, наперад. Я добра ведаю цяпер, што гэта дарога, над якой баяцца лётаць нават анёлы, але, нягледзячы на тое, што я ўпэўнены ў правале, я не напалоханы, бо ён любіў неразумных.
Гл. таксама:
Пераклад з англійскай мовы
Надзеі Кандрусевіч.
|
|
|