|
|
№
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Пераклады
Паэзія
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі
Пераклады
На кніжнай паліцы
Практыкум
Мастацтва
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў. Найперш трэба памятаць, што слаўны наш святы Францішак ва ўсіх дзеяннях жыцця свайго аглядаўся на Хрыста благаславёнага: паколькі Хрыстус перад тым як пачаў казаць Евангелле абраў дванаццаць Апосталаў, каб адмовіліся яны ад усіх рэчаў мірскіх ды пайшлі за ім у беднасці ды іншых цнотах, то і святы Францішак на пачатку заснавання свайго ордэна абраў дванаццаць паплечнікаў, паслядоўнікаў высакароднай беднасці. І як з Апосталаў Хрыста адзін, выпрабаваны Богам, нарэшце ўдушыўся, так адзін з дванаццаці паплечнікаў святога Францішка, які меў імя брат Ян дэла Капэла, адступіўшыся, таксама ўдушыўся. І гэта для абраных ёсць вялікі прыклад і навука пакоры і страху Божага, каб ведалі яны: ніхто не можа быць пэўным, што застанецца ў Божай ласцы да самага скону. І як тыя святыя Апосталы, што ва ўсім свеце слаўныя былі сваёю святасцю і поўныя Духам Святым, так і гэтыя найсвяцейшыя паплечнікі святога Францішка былі людзьмі такой моцнай святасці, што з часоў Апосталаў і да нашых дзён свет не бачыў такіх цудоўных і святых людзей. Адзін з іх нават узняты быў на трэцяе Неба, быццам святы Павел, і быў гэта брат Эгідзій; другому, а менавіта брату Філіпу Лонгу, анёл дакрануўся да вуснаў палаючым вуголлем, быццам да прарока Ісаі; трэці, а менавіта брат Сільвестр, размаўляў з Богам як сябар з сябрам, так, як гэта рабіў Майсей. Яшчэ адзін паплечнік дзякуючы вытанчанасці розуму свайго ўздымаўся проста да святла Божых Ведаў, як арол Яна Евангеліста, і гэта быў сціплы брат Бернард, які найглыбейшым чынам тлумачыў Святое Пісанне; а яшчэ адзін з іх быў асвячоны Богам і кананізаваны на Небе ў сваім зямным жыцці, і быў гэта высакародны брат Руфін з Асізі. Кожны з іх, такім чынам, быў пазначаны асаблівымі прыкметамі святасці. Першым паплечнікам святога Францішка стаў брат Бернард з Асізі, які перажыў навяртанне наступным чынам. Святы Францішак насіў яшчэ свецкія строі, хоць ад свету пачаў ужо адыходзіць, а людзі зневажалі яго і здзекваліся з-за яго пакаяння, і многія лічылі яго дурнем, і як з вар’ята кпілі што свае, што чужыя, і кідалі ў яго каменне і бруд, а ён цярпліва кожны здзек трываў, быццам глуханямы. Бернард з Асізі, адзін з самых высакародных, багатых і мудрых людзей у горадзе, пачаў больш уважліва ставіцца да такіх якасцяў святога Францішка, як моцная пагарда да свету, вялікае цярпенне да несправядлівасцяў, і да таго, як, не зважаючы на тое, што амаль два гады яго так зневажалі і ненавідзелі ўсе і кожны, ён заўжды здаваўся цярплівым і спакойным. Стаў Бернард думаць і разважаць сам сабе: «Не можа таго быць, каб гэты Францішак не меў вялікай ад Бога ласкі». І вось аднойчы вечарам ён запрасіў Францішка да сябе павячэраць і заначаваць; і святы Францішак пагадзіўся і павячэраў з ім, і заначаваў у яго. Тады брат Бернард вырашыў паназіраць за яго святасцю, пасля чаго загадаў паслаць яму ложак у сваім пакоі, там, дзе заўсёды начаваў і дзе ўсю ноч гарэла лампадка. І святы Францішак, каб схаваць сваю святасць, як толькі зайшоў у пакой, лёг на ложак і зрабіў выгляд, што спіць; а пан Бернард гэтаксама ў хуткім часе прылёг і пачаў моцна храпець, так, быццам бы ён заснуў глыбокім сном. Тады святы Францішак, думаючы, што пан Бернард сапраўды спіць, сышоў з ложка і ўкленчыў у маленні, вочы і рукі да неба ўзнімаючы, і з вялікай багалюбасцю натхнёна казаў: «О, Божа мой! Божа мой!». Такім чынам прамаўляючы і моцна плачучы, ён прастаяў да самай раніцы. А гаварыў так святы Францішак, сузіраючы і захапляючыся выключна Божай Веліччу, якая надзяліла яго шкадаваннем да свету, што гінуў, і шукала сродку для свайго нябогі святога Францішка, каб захаваў ён душэўнае здароўе сабе ды іншым. І вось святы Францішак, прасветлены духам прадказання і прадбачання велічных рэчаў, што Бог хацеў зрабіць з яго дапамогаю і з дапамогаю яго ордэну, і, ведаючы сваю недасканаласць і малыя цноты, заклікаў і прасіў Бога, каб міласцю сваёю і ўсёмагутнасцю, без якіх кволы чалавек не можа анічога, падказаў і дапамог, і здзесніў тое, чаго сам ён не здолее. Пан Бернард, назіраючы ў святле лампадкі багалюбныя дзеянні святога Францішка і слухаючы ўважліва словы, што той казаў, крануты быў і натхнёны Духам Святым змяніць сваё жыццё. Пасля таго як надышла раніца, паклікаў ён святога Францішка і так яму сказаў: «Брат Францішак, я гатовы ў сэрцы сваім пакінуць свет і пайсці за табою ва ўсіх справах, што ты загадаеш». Пачуўшы гэта, святы Францішак узрадаваўся душою і сказаў так: «Пан Бернард, тое, пра што вы кажаце, ёсць справаю вялікаю і цяжкаю, а таму неабходна спытаць парады Пана нашага Езуса Хрыста і прасіць Яго, каб пажадаў Ён выказаць нам сваю волю і навучыць нас, якім чынам яе выканаць. А пакуль пойдзем у палац біскупа, дзе ёсць добры пробашч, і папросім яго адслужыць Імшу і будзем маліцца аж да Трэцяй вігіліі, просячы Бога, каб у трох разгортваннях малітоўніка паказаў нам той шлях, які і будзе намі абраны». Пан Бернард адказаў, што гэта вельмі яму да спадобы, пасля чаго падняліся яны і пайшлі ў палац біскупа. А пасля таго, як праслухалі яны Імшу і памаліліся аж да Трэцяй вігіліі, ксёндз па просьбе святога Францішка ўзяў малітоўнік і, перахрысціўшыся, адкрыў яго ў імя Пана нашага Езуса Хрыста тры разы: першы раз выпаў на тыя словы, што сказаў Хрыстус у Евангеллі юнаку, які пытаўся пра шлях удасканалення: «Калі ты хочаш стаць дасканалым, ідзі і прадай усё, што маеш, і дай бедным, а потым прыходзь і ідзі за Мной». Другі раз выпалі ім словы, якія Хрыстус сказаў Апосталам, калі выпраўляў іх маліцца: «Не бярыце з сабой нічога, ні кія, ні торбы, ні абутку, ні грошай»; жадаючы такім чынам навучыць іх, што ўсе свае надзеі на пражыццё яны павінны ўскладаць на Бога, каб мець адзіным сваім намерам казанне святога Евангелля. Трэці раз яны адкрылі малітоўнік на тых словах, што Хрыстус сказаў: «Хто хоча пайсці за Мною, хай забудзецца сябе самога, возьме крыж свой і ідзе за Мной». Тады сказаў святы Францішак Бернарду: «Вось парада Хрыста: ідзі і зрабі дакладна так, як Хрыстус сказаў; і хай будзе блаславёны Пан наш Езус Хрыстус, які зрабіў нам гонар і паказаў свой шлях евангельскі». Пачуўшы гэта, пайшоў Бернард і прадаў тое, што меў (а быў ён вельмі багаты), і з вялікаю радасцю аддаў усе рэчы бедным, удовам, сіротам, пілігрымам, кляштарам і лякарням; і ў кожнай справе яму святы Францішак старанна і верна дапамагаў. І ўбачыў адзін чалавек па імені месэр Сільвестр, што святы Францішак даваў бедным многа грошай ды іншых заклікаў даваць, і ад сквапнасці злосны сказаў святому Францішку: «Ты са мною не расплаціўся за тыя камяні, што купіў у мяне для адбудовы касцёлаў; і цяпер, раз у цябе ёсць грошы, заплаці мне». Тады святы Францішак, дзівячыся з яго сквапнасці і, як сапраўдны паслядоўнік Евангелля, не жадаючы з ім сварыцца, апусціў свае рукі ў прыпол брата Бернарда і ўжо поўныя грошай апусціў іх у прыпол Сільвестра, гаворачы, што калі ён яшчэ больш захоча, то яму яшчэ дадуць. Задаволены гэтым, Сільвестр вярнуўся дадому. А вечарам узгадаў ён у думках тое, што зрабіў днём, і зноў ахапіла яго сквапнасць, і згадаў ён палымянасць брата Бернарда і святасць святога Францішка. Наступную ж ноч і яшчэ дзве ночы пасылаў яму Бог такую візію: з роту святога Францішка выходзіць залаты крыж, вяршыняй сваёй кранае неба, а ўпоперак прасціраецца ад усходу да захаду. З-за гэтай візіі Сільвестр аддаў Богу ўсё, што меў, і зрабіўся братам меншым, і быў у ордэне ў такой святасці і міласці, што размаўляў з Богам, як сябар з сябрам размаўляе, гэта неаднаразова бачыў святы Францішак, і мы далей пабачым. Гэтаксама і брат Бернард атрымаў столькі міласці ад Бога, што неаднаразова ён перажываў захапленне ў кантэмпляцыі Бога; і святы Францішак гаварыў, што ён варты ўсякай пашаны і што менавіта ён заснаваў гэты ордэн; паколькі быў першым, хто адышоў ад свету, не пакінуўшы сабе нічога, а ўсё аддаў беднякам Хрыстовым і распачаў евангельскую беднасць, аддаючы сябе як ёсць у абдымкі распяцця. І будзе ён за гэта намі блаславёны на векі вечныя. Амэн. Пабожны служка Укрыжаванага святы Францішак з-за горычы пакаяння і бясконцага плачу зрабіўся амаль што сляпым і дрэнна бачыў святло. Аднойчы разам з іншымі пакінуў ён той кляштар, дзе быў, і пайшоў у той кляштар, дзе быў брат Бернард, каб пагаварыць з ім пра боскія рэчы; а калі прыйшоў, то даведаўся, што брат Бернард, натхнёны і злучаны з Богам, маліўся ў лесе. Тады святы Францішак пайшоў у лес і паклікаў яго: «Хадзі, — сказаў ён, — і пагавары з гэтым сляпым». А брат Бернард не адказаў яму нічога, таму што быў чалавекам моцнай кантэмпляцыі і розум яго цалкам засяродзіўся на Богу. І меў ён выключную ласку размаўляць з Богам, не зважаючы на тое, што святы Францішак тым часам некалькі разоў звяртаўся да яго, жадаючы пагаварыць з ім. Так з невялікім перапынкам паклікаў яго святы Францішак другі і трэці раз; і ні разу брат Бернард яго не пачуў, не адказаў яму і не падышоў да яго. З-за гэтага пайшоў святы Францішак расчараваны, здзіўлены і засмучоны ў глыбіні душы, што брат Бернард, якога ён тры разы паклікаў, да яго не падышоў. З гэтаю думкаю пайшоў прэч святы Францішак і, крыху супакоіўшыся, сказаў свайму таварышу: «Пачакай мяне тут»; а сам пайшоў у самотнае месца і пачаў маліцца, просячы Бога адкрыць яму, чаму ж брат Бернард да яго не азваўся. І пакуль ён так стаяў, пачуўся голас Божы, які сказаў: «О, няшчасны чалавечак, пра што ты хвалюешся? Хіба ж павінен чалавек пакідаць Бога дзеля чалавечай істоты? Брат Бернард, калі ты яго клікаў, быў злучаны са Мною, а таму не мог ні прыйсці да цябе, ні адказаць табе. Таму ты не здзіўляйся, што ён не змог пагаварыць з табою, бо быў ён не ў сабе і слоў тваіх зусім не чуў». Атрымаўшы такі адказ ад Бога, святы Францішак адразу ж хуценька вярнуўся да брата Бернарда, каб пакорна прасіць прабачэння з-за думкі, што ў дачыненні да яго з’явілася. Брат Бернард, як убачыў, што святы Францішак рухаецца ў яго бок, пайшоў яму насустрач і ўкленчыў перад ім; тады святы Францішак падняў яго і пераказаў яму пакорліва думку сваю і клопат, які ў ім тая думка выклікала, і як на гэта Бог адгукнуўся. А скончыў так: «Загадваю табе дзеля святога паслушэнства зрабіць тое, што я загадаю». Баючыся, каб святы Францішак не загадаў яму што-небудзь празмернае, як рабіў звычайна, той па шчырасці захацеў пазбегнуць гэтага паслушэнства, а таму сказаў так: «Я гатовы выканаць ваш загад, калі вы паабяцаеце, што выканаеце тое, што я вам загадаю». І пасля таго як святы Францішак яму гэта абяцаў, мовіў брат Бернард: «Кажыце, ойча, што вы хочаце, каб я зрабіў». Тады сказаў святы Францішак: «Загадваю табе дзеля святога паслушэнства пакараць маю прадузятасць і гарачнасць сэрца майго. Зараз я ўпаду на зямлю ніцма, а ты адну нагу пастаў мне на шыю, а другую на вусны і пераступі тры разы з адной нагі на другую, выказваючы мне сорам і ганьбу; і кажы мне так: «Ляжы, неадукаваны сын П’етра Бернардонэ. Раз ахоплівае цябе такая ганарыстасць, то ці не ёсць ты маладушнаю істотаю?» Паслухаў гэта брат Бернард і, не зважаючы на тое, што вельмі цяжка было яму такое рабіць, а яшчэ дзеля святога паслушэнства, як мага мякчэй выканаў тое, што загадаў яму святы Францішак. А пасля таго як ён гэта зрабіў, сказаў яму святы Францішак: «Цяпер загадвай, што я павінен зрабіць, бо паабяцаў я табе паслушэнства». Мовіў брат Бернард: «Загадваю табе святым паслушэнствам, каб кожны раз, калі мы разам, ты мяне ганіў і бязлітасна выпраўляў мае заганы». Святы Францішак вельмі здзівіўся, бо брат Бернард быў такой святасці і меў такую вялікую пабожнасць, што ніводная з яго якасцяў не заслугоўвала вымовы. Аднак з таго моманту і надалей святы Францішак пазбягаў дзеля паслушэнства бавіць з ім шмат часу, каб не сказаць ніякага слова вымовы ў дачыненні да таго, каго ён ведаў у вялікай святасці; і нават калі меў ахвоту пабачыць яго або паслухаць яго гаворку пра Бога, то хутчэй развітваўся з ім і ад яго адыходзіў. І было пабожнасцю вялікай бачыць, з якою ласкаю, пашанаю і пакораю святы айцец Францішак звяртаўся і гаварыў з братам Бернардам, сынам сваім першанароджаным у Хрысце. Хвала і слава Хрысту. Амэн. На пачатку заснавання ордэна, калі мала было яшчэ братоў і не мелі яны пакуль кляштараў, святы Францішак па сваёй пабожнасці пайшоў у храм святога Якуба ў Галісію і павёў з сабою братоў, сярод якіх быў брат Бернард. І вось, ідучы разам па дарозе, убачылі яны на зямлі хворага нябогу, пра якога святы Францішак, шкадаванне маючы, сказаў брату Бернарду: «Сын мой, я хачу, каб ты застаўся тут дапамагаць гэтаму хвораму». Брат Бернард пакорліва ўстаў на калені, схіліў галаву, атрымаў паслушэнства ад святога айца і застаўся ў тым месцы, а святы Францішак з астатнімі паплечнікамі рушыў у Сант’яга. Калі яны туды прыйшлі і правялі ноч у маленні ў касцёле святога Якуба, то адкрыў Бог святому Францішку, што павінен ён быў шмат кляштараў заснаваць па свеце, бо яго ордэн будзе пашырацца і павялічыцца да вялікай колькасці манахаў. Пасля гэтага адкрыцця пачаў святы Францішак у той мясцовасці засноўваць кляштары. А вяртаючыся тою самаю дарогаю ў даліну Спалета, святы Францішак сустрэў брата Бернарда і хворага, з якім той застаўся, і хворы быў зусім здаровы; з-за гэтага святы Францішак дазволіў брату Бернарду на наступны год пайсці ў Сант’яга. Вось вярнуўся святы Францішак у даліну Спалета; і пасяліліся ў аддаленым кляштары ён, брат Масей, брат Ілля і некаторыя іншыя; усе яны імкнуліся не надакучваць і не перашкаджаць малітве святога Францішка, і так яны паводзілі сябе з-за вялікай пашаны, а яшчэ таму, што ведалі — Бог адкрывае яму вялікія справы падчас малітвы. Аднойчы здарылася так, што калі святы Францішак маліўся ў лесе, падышоў да дзвярэй кляштара прыгожы юнак у дарожным строі і так моцна, так доўга і нецярпліва стукаўся, што манахі здзівіліся такому нязвыкламу чыну стукаць. Пайшоў брат Масей адчыняць дзверы і сказаў юнаку: «Адкуль ты, сын мой, здаецца, ты ніколі тут не быў, і чаму так нязвыкла стукаешся?». Адказаў юнак: «А як трэба стукаць?». Мовіў брат Масей: «Стукні з перапынкамі тры разы адзін за адным, потым пачакай крыху, каб манах скончыў чытаць «Ойча наш» і прыйшоў да цябе; а калі ён не прыйдзе, стукні яшчэ раз». Адказаў юнак: «Я вельмі спяшаюся, і таму стукаў так моцна; трэба мне прайсці доўгі шлях, а сюды я прыйшоў, каб пагаварыць з братам Францішкам. Але цяпер ён у лесе ў кантэмпляцыі, і я не хачу яму перашкаджаць; пайдзі пакліч мне брата Іллю, я хачу задаць яму адно пытанне, бо ведаю, што ён вельмі мудры». Пайшоў брат Масей і сказаў брату Іллі пайсці да гэтага юнака. А брат Ілля раззлаваўся і не захацеў пайсці; і брат Масей не ведаў, ні што рабіць, ні што адказаць; бо калі ён скажа «брат Ілля не можа прыйсці», то салжэ, а калі раскажа, як той раззлаваўся і не хацеў ісці, то дасць дрэнны прыклад. І паколькі брат Масей не спяшаўся ісці, то юнак пастукаў зноў, як і раней, і ў хуткім часе падышоў брат Масей да дзвярэй і сказаў юнаку: «Ты не засвоіў правіла, як трэба стукацца». Адказаў юнак: «Брат Ілля не хоча ісці да мяне; пайдзі і скажы брату Францішку, што я прыйшоў пагаварыць з ім, а паколькі я не хачу перашкаджаць яго малітве, хай прышле да мяне брата Іллю». Тады брат Масей пайшоў да святога Францішка, які маліўся ў лесе з узнятым да неба тварам, і перадаў яму слова ў слова пасланне юнака і адказ брата Іллі. А юнак гэты быў Анёл Божы ў абліччы чалавечым. Тады святы Францішак, не мяняючы паставы і не апускаючы твару, сказаў брату Масею: «Ідзі і скажы брату Іллі, каб дзеля паслушэнства неадкладна пайшоў да гэтага юнака». Як пачуў брат Ілля наказ святога Францішка, падышоў да дзвярэй вельмі раззлаваны, з усёй моцы і з вялікім шумам адчыніў дзверы і сказаў юнаку: «Чаго ты хочаш?». Адказаў яму юнак: «Сцеражыся, брат, быць такім злосным, якім цяпер здаешся, бо злосць перашкаджае душы і не дазваляе адрозніваць ісціннае». Сказаў брат Ілля: «Скажы мне, што ты ад мяне хочаш». Адказаў юнак: «Я ў цябе пытаю, ці паслядоўнікам святога Евангелля дазволена есці тое, што ім прапаноўваюць, згодна з тым, што сказаў Хрыстус сваім вучням. І яшчэ я ў цябе пытаю, ці якому-небудзь чалавеку дазволена прапаноўваць ім што-небудзь неадпаведнае евангельскай волі?». Адказаў высакамерна Ілля: «Я гэта добра ведаю, але я не хачу табе адказваць, ідзі сваёю дарогаю». Вымавіў юнак: «Я лепей за цябе магу адказаць на гэтае пытанне». Тады раззлаваны брат Ілля зачыніў злосна дзверы і пайшоў прэч. А потым пачаў разважаць над зададзеным пытаннем і ў сабе самім сумнявацца; і не змог адказаць. Паколькі быў ён вікарыем ордэна, то загадаў і зрабіў законам у дадатак да Евангелля і Рэгулы святога Францішка, каб ніхто з братоў ордэна не еў мяса, бо гэтае пытанне было відавочна супраць яго скіравана. Таму, не ведаючы, што думаць пра сябе самога і згадваючы сціпласць юнака і сказанае ім, што змог бы ён адказаць на пытанне лепш за брата Іллю, вярнуўся да дзвярэй і адчыніў іх, каб спытацца ў юнака пра памянёнае пытанне, але той ужо пайшоў, бо з-за высакамернасці сваёй брат Ілля не заслужыў размовы з Анёлам. Пасля таго як гэта адбылося, святы Францішак, якому ўсе з’явы Бог адкрываў, вярнуўся з лесу і моцна стаў сварыцца з братам Іллёй, кажучы: «Дрэнна робіце, высакамерны брат Ілля, калі выганяеце святых Анёлаў, якія прыходзяць, каб навучыць нас! Кажу табе: я вельмі баюся, каб твая высакамернасць не прывяла да таго, што апынешся ты па-за ордэнам». І так яно пасля і адбылося, як святы Францішак прадказаў, бо памёр Ілля па-за ордэнам. У той самы дзень і тую самую гадзіну, як Анёл пайшоў прэч, з’явіўся ён у тым самым выглядзе перад братам Бернардам, што вяртаўся з Сант’яга па беразе вялікай ракі, і павітаўся з ім на яго мове, гаворачы: «Хай Бог пашле табе мір, о добры браце». Падзівіўся брат Бернард прыгажосці юнака і гаворцы на сваёй мове, а таксама яго прывітанню і радаснаму твару, і спытаў: «Адкуль ідзеш ты, добра юнача?». Адказаў Анёл: «Я іду з таго месца, дзе жыве святы Францішак, а хадзіў я туды, каб пагаварыць з ім, і не змог, бо быў ён у лесе, дзе сузіраў боскія рэчы, і я не захацеў яму перашкаджаць. А ў кляштары тым жывуць брат Масей, брат Эгідзій і брат Ілля; брат Масей навучыў мяне стукацца ў дзверы, так, як гэта робяць браты. А брат Ілля, які, аднак, адмовіўся адказаць на маё пытанне, пасля пашкадаваў пра гэта і захацеў пачуць мяне і пабачыць, і не змог». Пасля тых слоў сказаў Анёл брату Бернарду: «Чаму б табе не пайсці на другі бераг?». Адказаў брат Бернард: «Я баюся той глыбокай вады, што бачу перад сабою». Сказаў Анёл: «Пайшлі разам: не сумнявайся». І ўзяў яго за руку і ў імгненне вока перавёў яго на другі бок. Тады брат Бернард зразумеў, што перад ім Анёл Божы, і з вялікаю пашанаю і радасцю крыкнуў: «О Анёл, блаславёны Богам, скажы мне, як імя тваё?». Адказаў Анёл Божы: «Нашто пытаешся ты імя маё, якое ёсць цудоўнае?» Сказаў гэта Анёл і знік, і застаўся брат Бернард такі задаволены, што ўвесь астатні шлях прайшоў з радасцю, згадваючы дзень і гадзіну, у якую Анёл перад ім з’явіўся. Калі ж прыйшоў ён у кляштар, дзе быў святы Францішак з памянёнымі сябрамі, то дакладна ўсё ім пераказаў. І ўпэўніліся яны, што той самы Анёл, у той самы дзень і ў тую ж самую гадзіну, паўстаў перад ім і перад братамі. І падзякавалі яны Богу. Амэн. Паколькі святога Францішка і яго таварышаў Бог паклікаў і абраў несці людзям сэрцам і малітвамі, а таксама абвяшчаць словамі крыж Хрыстовы, яны здаваліся і былі людзьмі ўкрыжаванымі ва ўсім, што датычылася вопраткі і суворага жыцця, а таксама іх дзеянняў ды ўчынкаў; аднак жадалі яны хутчэй цярпець ганьбу і сорам з-за любові да Хрыста, чым мірскую славу ці шанаванне ды хвалу пустую; больш за тое — радаваліся, калі іх крыўдзілі, а калі іх хвалілі, то пачыналі сумаваць. І так хадзілі яны па свеце як пілігрымы ці чужаземцы, і не насілі з сабою нічога, апрача Хрыста ўкрыжаванага; і былі яны сапраўднымі парасткамі сапраўднай вінаграднай лазы, інакш кажучы, Хрыста, а таму нараджалі вялікія і добрыя плады ў душах, якія ратавалі дзеля Бога. Здарылася на пачатку ордэна, што святы Францішак паслаў брата Бернарда ў Балонью дзеля таго, каб там, згодна з ласкаю Божаю, яму дадзенаю, узрасціў ён плады для Бога; і брат Бернард, перахрысціўшыся ў імя святога паслушэнства, выправіўся ў дарогу і прыйшоў у Балонью. Убачылі яго ў старой зношаной вопратцы дзеці і пачалі здзеквацца з яго, і зневажаць, быццам вар’ята якога, а брат Бернард трываў усё гэта цярпліва і радасна дзеля любові да Бога. Наадварот, каб як мага больш яго памучылі, клапатліва прысеў на гарадской плошчы, і пакуль ён там сядзеў, абступіла яго шмат дзядзей і дарослых, і адзін цягнуў яму каптур назад, а другі наперад, нехта кідаў пяском, а нехта каменнем, нехта штурхаў яго ў адзін бок, а нехта ў другі, а брат Бернард усё трываў з вялікім цярпеннем і з радасным тварам, не засмучаўся і не злаваўся. І на наступны дзень вярнуўся на тое самае месца, каб зноў тое самае трываць. Але паколькі цярпенне ёсць выпрабаваннем дабрадзейнасці і шляхам да дасканаласці, то мудры доктар права, які бачыў і ўважаў такое пастаянства і дабрадзейнасць брата Бернарда, што трываў столькі дзён здзекі і несправядлівасць, сказаў сам сабе: «Немагчыма, каб гэты чалавек не быў святым». І, падышоўшы да яго, спытаў: «Хто ты такі і чаго сюды прыйшоў?». А брат Бернард замест адказу прыклаў руку да грудзей і выцягнуў статут святога Францішка і даў таму пачытаць. Пасля таго як доктар прачытаў статут і пабачыў высокую ступень яго дасканаласці, ён звярнуўся з вялікім здзіўленнем і прыхільнасцю да сваіх сяброў і сказаў: «Сапраўды, гэта ёсць найвышэйшая форма ордэна, якую я калі-небудзь бачыў; а ён са сваімі паплечнікамі самыя святыя людзі на зямлі. І моцна грашыць той, хто ставіцца да яго з несправядлівасцю, бо заслугоўвае ён найлепшага шанавання, бо гэта самы вялікі сябар Бога». І сказаў ён брату Бернарду: «Калі вы пажадаеце заснаваць кляштар, дзе змаглі б увесь час служыць Богу, я дзеля ўратавання душы маёй ахвотна б вам дапамог». Адказаў брат Бернард: «Сіньёр, я думаю, што на гэта натхніў вас Пан наш Езус Хрыстус, а таму вашую прапанову я ахвотна прымаю ў гонар Хрыста». Тады згаданы суддзя з вялікай радасцю і ласкаю прывёў брата Бернарда ў свой дом, а потым даў яму абяцаны кляштар, абставіў яго і ўпарадкаваў за свае грошы і з таго часу стаў бацькам і абаронцам брата Бернарда і яго паплечнікаў. І людзі пачалі вельмі шанаваць брата Бернарда з-за яго святой размовы, настолькі, што блаславёным лічыўся той, хто змог да яго дакрануцца ці пабачыць. Але брат Бернард, як сапраўдны пакорлівы вучань Хрыста і пакорлівага Францішка, баючыся, каб пашаны свету не перашкодзілі яго душэўнаму здароўю і спакою, сышоў адтуль і вярнуўся да святога Францішка, і так яму сказаў: «Айцец, кляштар у горадзе Балоньі заснаваны; пашлі туды братоў, якія б там жылі і ўтрымлівалі яго, таму што я там болей не патрэбны, больш за тое: з прычыны таго празмернага гонару, што я там атрымаў, баюся страціць больш, чым здабыў». Тады святы Францішак, паслухаўшы пра ўсё, што для ордэна Бог зрабіў праз брата Бернарда, падзякаваў Богу, які такім чынам пачаў пашыраць колькасць нябогаў — вучняў крыжа; і тады выправіў сваіх паплечнікаў у Балонью і Ламбардыю, і заснавалі яны там шмат кляштараў у розных месцах. Слава і хвала добраму Езусу. Амэн.
Гл. таксама:
|
|
|