Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Валеры БУЙВАЛ

ЖОРЖ ДЭ ЛА ТУР.
СВЯТАЯ ІРЫНА АПЯКУЕЦЦА СВЯТЫМ СЕБАСЦЬЯНАМ

«Карціна «Святая Ірына апякуецца святым Себасцьянам» ужо ў XVII стагоддзі разглядалася як шэдэўр Жоржа дэ Ла Тура. Але ў ХІХ стагоддзі ягоная карціна «Нованароджаны» з Нанта стала эмблемай французскага рэалізму. Што можа азначаць свядомы рэалізм Жоржа дэ Ла Тура на вяршыне ягонай творчасці як не велічную спробу шукання тоеснасці чалавека ў свеце? Набліжалася нараджэнне сучаснай Еўропы», — так напісаў пра месца твораў мастака ў гісторыі румынскі даследчык Віктор Жэронім Стойкіцэ1.

Мастак, якога цяпер назвалі б наватарам, нарадзіўся і пражыў усё жыццё ў правінцыі. Нават тады, калі ягонае імя стала вядома ў Парыжы, а ягоныя творы куплялі па высокіх коштах герцагі і сам кароль (у 1639 г. дэ Ла Тур атрымаў тытул «каралеўскага жывапісца»), ён не пакінуў родную Латарынгію. Навукоўцы могуць толькі меркаваць пра ягоныя магчымыя падарожжы ў Нідэрланды і Італію. Надоўга забыты пасля смерці, мастак быў вернуты ў пантэон еўрапейскага жывапісу толькі напрыканцы ХІХ стагоддзя. Большасць з ягоных твораў была выстаўлена ў музеях, але лічыліся прадуктам творчасці іншых мастакоў (адна з прычын у тым, што дэ Ла Тур вельмі рэдка падпісваў свае карціны). Думаем, што мастак не надта пакрыўдзіўся б на гэта, бо ягоныя карціны ў свой час прыпісвалі пэндзлю вялікіх майстроў: Вэласкеса, Сурбарана, Вэрмэера ван Дэлфта. Дзякуючы плённай працы выдатных еўрапейскіх мастацтвазнаўцаў былі ідэнтыфікаваныя дзесяткі твораў дэ Ла Тура. У 1972 годзе ў Парыжы з трыумфам прайшла вялікая выстава, на якой цалкам раскрыўся шматгранны талент мастака.

Жорж дэ Ла Тур нарадзіўся ў 1593 годзе ў мястэчку Вік-сюр-Сэй у сям’і мясцовага пекара. У 1605–1610 гг. юнак вучыўся жывапісу (імёны ягоных настаўнікаў невядомыя), у 1617 годзе ажаніўся з шляхцянкаю з горада Люнэвіля, куды ў хуткім часе пераехаў са сваёй сям’ёй. Папулярнасць і высокія ганарары дазволілі мастаку купіць маёнтак і жыць заможна, займаючыся жывапісам, але ягонае існаванне не было зусім бясхмарным. У 1626 годзе гарадская бедната ўварвалася ў ягоны маёнтак, разграміла гумно і экспрапрыіравала збожжа. Трыццацігадовая вайна (1618–1648) таксама пакінула глыбокі след у ягоным жыцці і творчасці: Латарынгія сталася арэнай лютых баёў і была разрабаваная бандамі наёмных жаўнераў. Памёр мастак разам са сваёй жонкай падчас эпідэміі чумы ў 1652 годзе.

Творчая спадчына дэ Ла Тура выразна падзеленая на два асноўныя жанры: карціны на тэмы сучаснага штодзённага жыцця і палотны на хрысціянскую тэму. Але гэты падзел чыста фармальны, бо глыбокі рэалізм уласцівы ўсім творам мастака. Хвалюючая жыццёвасць з’яўляецца неад’емнай рысай ягоных рэлігійных карцін. Мастак актуалізуе падзеі далёкай мінуўшчыны, стварае вобразы, якія краналі ягоных сучаснікаў, былі блізкімі і зразумелымі ім. У гэтым заключана галоўная сіла яго творчасці. Для яго хрысціянская Гісторыя — не дагматычны комплекс і не проста сімвал. Мастак заклікае гледача да суперажывання і ачышчэння праз пакаянне. Хрысціянства для яго — заўсёды жывая, паўнакроўная матэрыя. Праца над гэтымі палотнамі, безумоўна, успрымалася мастаком як пастырскае служэнне творцы, які ў яркіх рэальных вобразах даносіць да людзей ідэалы Веры.

Вядома, што над вобразам святога Себасцьяна дэ Ла Тур працаваў некалькі разоў. Хаця святому Себасцьяну прысвячалі свае творы многія мастакі на працягу ўсёй гісторыі мастацтва, папулярнасць гэтай тэмы ў сярэдзіне XVII стагоддзя была надзвычайнай. Трыццацігадовая вайна была адной з найвялікшых катастрофаў у Еўропе. Яна пачалася як канфлікт паміж каталіцкімі і пратэстанцкімі краінамі, але ператварылася ў бясконцую серыю рабункаў, забойстваў і гвалтаў, дзе ніхто ўжо не прыкрываўся палітычнай або канфесійнай мэтазгоднасцю. Святы рыцар, абаронца хрысціянаў, святы Себасцьян у свядомасці стомленых вайной людзей стаўся ідэалам і апірышчам у эпоху, калі свае і чужыя арміі бязлітасна знішчалі і руйнавалі ўсё на сваім шляху на працягу дзесяцігоддзяў.

Святы Себасцьян здзейсніў свой подзвіг у Рыме падчас ганенняў на хрысціянаў у 288 годзе. Ён займаў высокую вайсковую пасаду, служыў начальнікам прэтарыянскай гвардыі самога рымскага імператара Дыяклецыяна. Блізкі ўжо быў канец паганскага Рыма — у 313 годзе будзе прыняты знакаміты Міланскі эдыкт, які легалізуе хрысціянства. Нягледзячы на рэпрэсіі, многія афіцэры і жаўнеры легіёнаў прымаюць Хрыстовую веру. Калі прыслужнікі тыраніі арыштавалі і засудзілі на смерць двух хрысціянаў, сяброў Себасцьяна — афіцэраў Марка і Марцэліна, камандзір выступіў у іх абарону і смела засведчыў, што ён таксама хрысціянін. За гэта імператар загадаў пакараць Себасцьяна смерцю: яго расстралялі з лукаў. Але цудоўным чынам ён выжыў — уначы яго выратавалі літасцівыя хрысціянкі. Пасля выздараўлення Себасцьян з’явіўся перад Дыяклецыянам, тлумачыў яму сэнс новай рэлігіі і заклікаў спыніць рэпрэсіі. За гэта яго кінулі на пакутніцкую смерць пад капыты коней...

Берлінская карціна дэ Ла Тура выканана ў духу караваджызму. Французскі мастак захапіўся стылем вядомага італьянскага мастака, які быў на дваццаць гадоў старэйшым за яго. Ад Караваджо ў яго творах увасобілася захапленне рэзкім кантрастам цемры і святла, які стварае выразны драматычны настрой. Яшчэ доўга мастакі розных нацыянальных школаў развіваліся ў гэтым рэчышчы, але Жорж дэ Ла Тур зусім не эпігон — ягоныя творчыя прыёмы вельмі індывідуальныя.

На карціне «Святая Ірына апякуецца святым Себасцьянам» мастак паказаў той момант, калі на месца пакарання з’явіліся жанчыны-хрысціянкі, якія прыйшлі туды за рымлянкай Ірынай (яна таксама будзе абвешчана Касцёлам святой). Паранены Себасцьян ляжыць на зямлі, ягоная фігура запаўняе ўвесь ніжні край кампазіцыі. Цела святога заліта прыглушаным святлом, толькі ў нагах пакутніка ярка блішчыць афіцэрскі шлем прэтарыянца. Страла прабіла маладую плоць. Здаецца, што мёртвае цела патанае ў прыцемках, але над ім укленчвае маладая Ірына, якая далікатна бярэ святога за руку, намацвае пульс. Пра цудоўны паратунак яшчэ не ведаюць яе паплечніцы. Ад ніжняга краю палатна па дыяганалі ўзмацняецца экспрэсія пачуццяў і перажыванняў — тры жанчыны за плячыма святой Ірыны ў адчаі. Адна з іх нахіляецца і разгублена разводзіць рукі — цені пластычна вылепліваюць яе прыгожы твар. За яе цёмнай фігурай ярка гучыць, адбіваючы святло паходні, яшчэ адна жаночая фігура: хрысціянка закрыла твар і аплаквае Себасцьяна. Чацвёртая жаночая фігура зусім ахутана цемрай. На чорнай заслоне ночы ледзь чытаюцца малітоўна складзеныя далоні і палоска заслоненага вэлюмам твару.

«Рэжысёрам» гэтай драмы з’яўляецца асляпляльнае полымя паходні ў руцэ святой Ірыны. Полымя ў шэрагу карцін дэ Ла Тура стварае выразныя кампазіцыйныя і каларыстычныя эфекты, але ў берлінскім палатне яно, на наш погляд, ёсць сімвалам чыстай і непахіснай веры пасярод змроку паганскага варварства. Паходня ў слабой руцэ святой Ірыны ўзнімаецца, як калона. Яна магутней за прыладу смерці – аблытаны вяроўкамі слуп, да якога быў прывязаны святы пакутнік.

Каларыстычная гама карціны надзвычай лаканічная. Чырвоная сукенка святой Ірыны і чырвонае покрыва на галаве жанчыны ў чорным і зіхатлівым святле спяваюць пра крывавую ахвяру. Мастак працуе ў лакальных колерах, і колерныя масы спрачаюцца толькі з ценямі, якія вылепліваюць жывапісныя аб’емы.

Нямецкі мастацтвазнаўца Гайнц Куінгер з захапленнем напісаў пра майстэрства французскага жывапісца: «Манументальнасць, лаканізм і яснасць формаў, замкнёнасць сілуэтаў, статычнасць пабудовы, пластычнасць, прыгажосць дэталяў, строгая агульная кампазіцыя, сканцэнтраванасць выразу і ўрачыстая ўзнёсласць характарызуюць творы Жоржа дэ Ла Тура»2.

Даследчыкі называюць гэтую берлінскую карціну мастакоўскім пасланнем дэ Ла Тура ў гонар Вестфальскага міру, якім завяршылася вялікая еўрапейская вайна. Але гуманістычны сэнс шэдэўра актуальны для кожнага пакалення людзей. У гэтым несмяротнасць сапраўднага мастацтва.
 

Жорж дэ Ла Тур.
Святая Ірына апякуецца святым Себасцьянам.
Каля 1649-1650 гг. 167х130 см.
Берлін, Карцінная галерэя.

 


  1. Victor Jeronim Stoichiюг. Georges de La Tour. Bukarest, 1980. S. 12.
  2. Heinz Quinger. Georges de La Tour. Dresden, 1983. S. 3.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY