Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Міхась ТЫЧЫНА

«ЧАЛАВЕК, У ЯКОГА ЁСЦЬ
СВОЙ СВЕТ...»

Дзіўная рэч — юбілеі. Юбіляра і без таго ліхаманіць, дык яшчэ і сябры-літаратары, добрыя знаёмыя, сваякі і блізкія напамінаюць пра дату. Але справа не ў датах, а ў асаблівым адчуванні сябе ў часе, якое ў такія дні абвастраецца.

Ала Сямёнава (Альбіна — згодзен з Янам Скрыганом — таксама гучыць), як малодшая сястра ў вялікай сям’і літаратараў, крыху спазнілася, каб лічыць сябе паўнацэннай прадстаўніцай пакалення шасцідзесятнікаў, якія магутнай кагортай выйшлі на прасторы беларускай гісторыі. Мне падабаецца танкаўскае: «Мы вернемся вясной // І ў поле выйдзем грамадой. // ...З сяўнёю, поўнаю зярнят, // Нас выйдзе шмат, як цёмны бор, // На скібы чорныя разор...».

Выйшлі. Уразілі свет так, што мы дасюль жывём ідэаламі гэтага пакалення, выконваем яго праграму. Чытаем і перачытваем іх творы, адкрываем для сябе «новага Быкава», «новага Барадуліна», «знаёма-незнаёмага Разанава». З часам пачынаем заўважаць іх малодшых калегаў. А галоўнае — разумець, што без іх сапраўды «народ няпоўны». У беларускай жа сітуацыі — кожны талент на ўліку. Як у біблейскай кнізе «Лікі», кожны прадстаўнік 12 яўрэйскіх каленаў згаданы пайменна. Тым больш, калі гэта «чалавек, у якога ёсць свой свет...».

Гэтае выказванне належыць Міхасю Стральцову і прынцыпова ўдакладняе славутае чорнаўскае: «Чалавек — гэта цэлы свет» і хэмінгуэеўскае: «Чалавек — гэта цэлы кантынент». Яно не прэтэндуе на ўсеабдымнасць, уласцівую сусветнай класіцы, яно павернута да асобнага чалавека, больш інтымнае і, можна сказаць, лепш адпавядае «чалавечай сітуацыі». Рух наперад навідавоку. Адбываецца тое, што ў наш час называюць зменай культурнай парадыгмы. І Стральцоў, які стаў героем бліскучага эсэ Сямёнавай «Бэзавы попел», як шмат у чым яшчэ, апярэджваў свой час. Пагодзімся і з аўтарам: «Так, свой свет у мяне быў. І я бараніла яго. І ведала — там я сама сабе: не каралева, не, — але істота цалкам незалежная. Ні ад абставін, ні ад людзей, ні ад чыіх учынкаў. Ні ад Удачы, ні ад Поспеху. Ні ад няўдач. І Скрухі. Міхась адчуваў гэта».

Сусвет як Сусвет, але кантынентальны маштаб светаадчування — вось ён, калі мець на ўвазе жыццяпіс Алы Сямёнавай: Камчатка, Чукотка, Хабараўскі край, Беларусь — Вілейка, Наваградак, Мінск. Не лічачы вандроўных маршрутаў, якія выбірала ўжо цалкам самастойна: блізкае і далёкае замежжа. Асабліва блізкая яе душы Прыбалтыка. І, вядома, Беларусь. Біяграфія іншая, чым у большасці яе пагодкаў, «філалагічнага пакалення», а гэта ўплывае і на лёс, на светагляд і жыццёвую пазіцыю, пэўную адстароненасць і сузіральнасць, пакутлівыя пошукі сябе як літаратара. Гэты свет увасоблены ў жывыя вобразы людзей, сярод якіх гадавалася, на каго арыентавалася як на ўзор паводзінаў: чытач элегічна-настальгічнай прозы Алы Сямёнавай у гэтым можа сам пераканацца.

Той, хто не без падставаў залічвае сябе ў кагорту Аматараў Красы, з юнацкіх гадоў працуе ў творчым асяродку людзей, якія з’яўляюцца «соллю зямлі», жыве ў бурнай плыні, лепш сказаць, паводцы падзей, якая ўздымае на паверхню мноства імёнаў сусветных знакамітасцяў, вадаспадам ідэй і інавацый абрынаецца на ўсіх, хто чулы сэрцам і душой, не можа не спакусіцца на пісанне.

Акрамя мноства пералікаў імёнаў, у асяродку якіх жыло пакаленне другой паловы ХХ стагоддзя і якое на памяці многіх, у літаратурнай крытыцы і эсэістыцы Сямёнавай заўсёды прысутнічаюць імёны беларускіх паэтаў, празаікаў, драматургаў, выдаўцоў, тэатралаў, мастакоў, музыкаў, наогул людзей, якія так ці інакш, прама ці ўскосна прычыніліся да культуры і літаратуры. Пра тое, што ўбачаны яны неабыякавым, а часта і захопленым, уражаным позіркам, сведчаць, напрыклад, наступныя іскрамётныя партрэты і характарыстыкі:

«Ажно дзе-небудзь аполудні ў пакоі віхурна з’яўляўся Рыгор Барадулін — толькі што ці то з Ушачаў, ці то з Багамскіх астравоў. Увесь у рыфмах, яркі, шчодры, і незбыт добры, і незбыт з’едлівы адначасова... Праходзіла праз пакоі Алена Васілевіч — сама жаноцкасць, у элеганцкім паліто і рамантычным капелюшы... У вэлюме сваіх апавяданняў, сваёй трылогіі... Узнікаў канцэнтравана-інтравертны Алесь Разанаў, нібыта толькі што скончыўшы дыялог ці то з Сакратам, ці то з Хайдэгерам... Шпарка крочыла з ахапкам кветак Вера Палтаран — і валошкавым цветам цвілі яе вочы... Сыходзіў з нейкай урачыстай явы ў шалёна выразнай форме каўтаранга Васіль Хомчанка. Схіляла над рукапісам класічны профіль Галя Шаранговіч — ці то багіня, сышоўшая з нябёс, ці то патрыцыянка з выявы стараветнага майстра. У палоне вандроўнай рамантыкі 60-х шукала сапраўднасць свайго «я» яе іменнічка Галя Нужкова. Вялі інтэлектуальныя размовы малодшыя рэдактаркі... Уводзілі ў ашалом душы паэтаў красуні-машыністкі...».

Захапленне, паводле Альберта Швейцара, «благоговение перед жизнью», заўсёды ідзе наперадзе ў Алы Сямёнавай, а затым прыходзіць час роздуму над вяршынямі і бяздоннямі чалавечага духу, сэнсам грандыёзнай драмы быцця і міжвольнай сцішанасцю перад гратэскнасцю небыцця, і загадкі, загадкі, загадкі... Так «расла душа» — у сустрэчах з людзьмі, у гутарках з блізкадумцамі, у ліставанні-ратаванні з Міхасём Стральцовым, без якога мы і паловы не ведалі б з таго, што перажыў і пра што думаў наш — узроўню Максіма Багдановіча — нацыянальны геній, у чытанні яркіх і разумных кніг. Слова «чытанне» ці не самае частае ў крытычных і празаічных творах пісьменніцы. Вось сутнасць жыццёвай драмы: «Расчыненая Кніга Быцця. І чалавечае «я» сціскаецца ад гэтых позіркаў, ад чужой знешняй сілы, бунтуе супраць ахвяравання, супраць парушэння існых сувязей. І супраць мітуслівага нібыта клопату тых, хто побач, хто перашкаджае існаванню на ўзроўні вышэйшых сутнасцяў. І Чалавек, Творца бяжыць ад усяго, і недзе знікаюць, раструшчваюцца думкі, праекты, ідэі».

Не мною сказана, Вялікая Літаратура патрабуе Вялікага Чытача, а Вялікі Чытач нараджаецца ва ўзаемасувязі з Вялікай Літаратурай. Літаратурны крытык — найперш прафесійны чытач. Яго прафесіяналізм гартуецца ў часе «актыўнага чытання», калі нараджаюцца новыя сэнсы, спасцігаюцца новыя ідэі.

Чытаць Алу Сямёнаву — паўтараю яе словы — трэба абавязкова з пяром у руцэ: вельмі многа з’яўляецца новых думак. Пра свет і пра сябе. Прынамсі, аўтар гэтых радкоў, чытаючы надрукаванае Алай Сямёнавай, заўсёды звяртаецца да першакрыніцаў, пра якія яна піша, каб праверыць і пераправерыць самога сябе: як гэта я прапусціў тое, што заўважыла наша юбілярка?!

Гл. таксама:
:: СВЯТЛО ЗАГАДКІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY