Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

«Святы апостал Павел». 1732 г. З касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі в. Трабы, Іўеўскі р-н. Музей старажытнабеларускай культуры.
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

АПОСТАЛ НАРОДАЎ

«Цуды, ім здзейсненыя, Цэрквы, ім заснаваныя, прамовы, ім сказаныя, пасланні, ім напісаныя, вялікі, незвычайны плён яго апостальскіх падарожжаў, цудоўныя аб’яўленні, якіх ён спадобіўся ад Бога, кайданы і пакуты, якія ён выцерпеў за Хрыста, і ўрэшце сапраўднае сведчанне сваёй веры мучаніцкай смерцю — усё гэта дае яму бясспрэчнае права на высокае званне першавярхоўнага апостала. Яго 14 пасланняў — крыніца сапраўднага вучэння Хрыста». (Біблейская энцыклапедыя)

 
Апостал Павел (Саўл) паходзіў з Тарса, голоўнага горада Кілікіі (паўднёва-ўсходняя вобласць Малой Азіі). Ён не ўваходзіў у лік Дванаццаці апосталаў і ў юнацтве ўдзельнічаў у пераследзе хрысціянаў. Перажытая па дарозе ў Дамаск містычная сустрэча з уваскрослым Хрыстом паспрыяла яго навяртанню і стала пачаткам вялікай місіі «Апостала народаў». Павел абвяшчаў Добрую Навіну на тэрыторыі Малой Азіі і Балканскага паўвострава, дзе ім былі заснаваныя шматлікія хрысціянскія супольнасці. Пасланні Паўла супольнасцям і асобным людзям сталі першымі святымі тэкстамі хрысціянаў.

Святы апостал Павел. XVIIІ ст. Касцёл у в. Осава
Столінскага р-на.
Заходнееўрапейскае мастацтва аблюбавала дванаццаць сюжэтаў з жыцця апостала Паўла і яго смерць. На карцінах эпохі Барока Павел паўстае ў выглядзе старца з ускудлачанымі валасамі і пышнаю барадою. Дынамічнаму стылю пасавала «Навяртанне апостала Паўла» : у цэнтры — упаўшы конь, побач ляжыць на зямлі Павел. Вакол — вялікі эскорт рымскіх коннікаў. У знакамітай біблейскай серыі Густава Дарэ пешы Павел упаў ніцма, ратуючыся ад яркага святла зверху. На трох гравюрах паказаны пропаведзі Паўла: у сінагозе ў Тэсалоніках; у Эфесе, дзе ўражаныя словамі Паўла чарадзеі кідаюць у вогнішча свае кнігі; у Ерузалеме, дзе воіны абараняюць апостала ад расправы раз’юшанага натоўпу на прыступках храма. Сучаснік Густава Дарэ Юліус Шнор фон Карольсфельд паказаў юнака Паўла ў гравюрах «Забойства Стэфана», «Навяртанне Саўла», «Барнаба і Павел у Лістры», дзе апостал пераконвае людзей не прыносіць ахвяраў Зеўсу; пропаведзь Паўла ў афінскім Арэапагу; развітанне Паўла з эфесцамі; прыбыццё Паўла ў Рым.

Святы апостал Павел. XVIIІ ст. Касцёл у в. Суботнікі
Іўеўскага р-на.
Такое сюжэтнае багацце не знайшло адлюстравання ў беларускім сакральным мастацтве, хоць апосталы Пётр і Павел вельмі шануюцца ў Беларусі і звычайна адлюстраваныя сумесна. Абразы з іх выявамі па колькасці, напэўна, ідуць адразу пасля абразоў Хрыста і Маці Божай, займаючы самыя пачэсныя месцы ў храмах. Ужо ў сярэдзіне ХІІ ст. апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца на краях сяміфігурнага «Дэісіса» ў «келлі св. Еўфрасінні» ў полацкім Спаса-Праабражэнскім саборы. Пазней гэты ансамбль абразоў перарастае ў асноўны (апостальскі) рад іканастаса, у якім на чале 12 апосталаў, адразу за Маці Божай і Янам Хрысціцелем, стаяць Пётр і Павел. На жаль, у сярэдзіне XVIII ст. у імкненні зрабіць інтэр’ер уніяцкай царквы падобным да касцёльнага многія іканастасы былі разабраныя і да нашага часу дайшлі іх фрагменты (не раней за XVII ст.). Такі фрагмент з выявамі трох апосталаў паходзіць са зруйнаванай у 1960-я гады царквы ў вёсцы Шчэбрын, якая належала берасцейскім епіскапам. Апостал Павел паказаны ў блакітным хітоне і вохрыстым плашчы, перакінутым праз плячо, стаіць на шырока пастаўленых босых нагах. Левая рука трымае разгорнутую кнігу з залатым абрэзам. Апостал абапіраецца на вялізны меч. Выразны хударлявы твар з запамінальнымі рысамі: лысы чэрап, агромністыя вочы паўпрыкрытыя цяжкімі павекамі, абвіслыя вусы, кароткая густая кучаравая барада, падзеленая на шырокія пасмы, зліваецца з такімі ж валасамі на патыліцы.

Святы апостал Павел. XVII ст. Касцёл у в. Міхалішкі Астравецкага р-на.
Перабольшана манументальная постаць апостала на абразе апошняй чвэрці XVII ст. з невядомага іканастаса Магілёўшчыны, які экспанаваўся яшчэ на 1-й выставе старажытнага беларускага мастацтва ў Мінску (1918 г.). Неадпаведна малая галава, шырокі лоб і вузкая барада, вялізныя круглыя вочы — рысы, якія нагадваюць формы твараў старажытных свяціцеляў. Фігура амаль цалкам захутана ў цёмна-памаранчовы плашч, з-пад якога ніз сіняга хітона выглядае накшталт калошаў. Вялізны меч, абаперты на зямлю, тут ужо фігуруе не як апазнавальны атрыбут, але як падкрэслены сімвал.

Пышныя сівыя вусы і барада набліжаюць вобраз апостала Паўла з іканастаса Пакроўскай царквы ў Андронаве да магнацкага партрэта, да таго ж радок гузічкаў і пас ператвараюць антычны хітон апостала ў кунтуш. Варта адзначыць, што тут мастак намаляваў Паўлу вельмі пышныя валасы, толькі крыху прарэдзіўшы іх спераду над маршчыністым ілбом. Кніга губляецца ў ценю, затое меч выразна высвечаны на пярэднім плане.

Святы апостал Павел. XVIIІ ст. Касцёл у в. Новы Двор Лідскага р-на.
Зусім рэалістычныя партрэтныя паясныя выявы ўтвараюць апостальскі рад у святыні са старажытнай вёскі Бездзеж. У 1409 г. вялікі князь Вітаўт заснаваў у Новых Троках касцёл і даў яму маёнтак Бездзеж. У 1825 г. Гедройц саступіў маёнтак Віленскаму універсітэту з умовай, што той возьме пад сваю апеку мясцовую школу. Магчыма, у той час невядомы мастак з Вільні намаляваў апосталаў для бездзежскай могілкавай царквы.

З касцёла Нараджэння Багародзіцы ў Трабах В. В. Церашчатава прывезла ў 1978 г. у Музей старажытнабеларускай культуры абраз 1732 г. на палатне, наклееным на дошкавы шчыт з характэрным для беларускага абраза абрамленнем, традыцыйнага іканапісу і з залатым німбам з граф’ею*. Высокая пакаленная фігура святога тут досыць субтыльная, барокавую манументальнасць вобразу надае цяжкая тканіна гімація, перакінутага праз адведзеную ўбок левую руку. Жывапіс твару таксама адзначаны іканапіснымі прыёмамі: буйныя рысы, вялікія, шырока расплюшчаныя вочы, колеравая мадэліроўка аб’ёму. Правая рука абапіраецца, як на посах, на меч з арнаментаваным лязом. Хітон бледна-ружовы, чырвоны плашч з вохрыстым адваротам нагадвае пра мучаніцкую смерць апостала. Фон абраза цёмна-шэры з высвятленым левым верхнім вуглом. Гэта своеасаблівы твор віленскага беларускага мастацтва.

Святы Пётр, Езус у славе, святы Павел. Скульптурная кампазіцыя над амбонай. 1710-я гг. Катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Пінск.
Фігурныя шчыты — бакавыя крылы алтара з Косава — прадстаўляюць выявы Пятра і Паўла як скульптуры, якія стаяць у паўцыркульных нішах з конхамі-ракавінамі. Апушчаная левая рука прытрымлівае меч і кнігу пад пахаю, правая ва ўказальным жэсце ўзнята ўгору. Спрошчаная пластыка фігураў і паліхромія нагадваюць беларускую разьбяную скульптуру. Падобная іканаграфія ў выявах апосталаў на тытуле Новага Запавету (1652 г.) Куцеінскай друкарні, у рамцы тытульнага ліста віленскага «Евангелля» 1644 г., на тытуле знакамітага «Разарыума і Афіцыума Дзевы Марыі» (гравёр Аляксандр Тарасевіч). У выдатным куцеінскім старадруку «Трэфалагіён» (1647 г.) апостал Павел паставіў меч проста перад сабою, як на сярэднявечных скульптурных рыцарскіх надмагіллях эпохі готыкі.

Апостал Павел у некаторых святочных іканапісных сюжэтах звычайна прадстаўлены разам з апосталам Пятром. Яны стаяць на пярэднім плане абраза 2-й паловы XVII ст. (з Крычава) «Успенне Багародзіцы» абапал ложа Марыі. На абразе «Пакроў» 1751 г. (з Маладзечна) Павел з Пятром знаходзяцца ў нябёсах праваруч ад Маці Божай разам з Арханёламі і прарокамі.

Святы апостал Павел. XIX ст. Касцёл у в. Белагруда
Лідскага р-на.
Пачынаючы з 1-й паловы XVII ст., апосталы Пётр і Павел належаць да самых папулярных персанажаў алтарнай скульптуры эпохі Барока. Як бы па-за межамі асноўнай іконаграфічнай праграмы будслаўскага алтара (разьбяр Пётр Грамель, 1649 г.) яны з’яўляюцца ў яго завяршэнні. Апостал Павел з Пружанаў стылёва блізкі да невядомага апостала з Шэрашава і Яўхіма са Здзітава: такая ж простая пластыка велічнай фігуры і буйныя складкі драпіровак, нязграбныя сялянскія рукі і выразная, па-майстэрску выкананая галава з хвалістымі пасмамі валасоў і пышнай барадой. Вайна 1654–1667 гг. перарвала імклівае развіццё беларускай манументальна-дэкаратыўнай скульптуры; адзіны вядомы «Апостал Павел» 2-й паловы XVII ст. знаходзіцца ў скульптурным ансамблі міхалішскага касцёла. Скульптуры сталага барока імкнуцца ўразіць гледача значнымі памерамі, экспрэсіяй, эфектнымі драпіроўкамі, размалёўкай з мноствам пазалоты і серабрэння. Прыкладам могуць служыць скульптуры Пятра і Паўла ў галоўным алтары пінскай катэдры (1710-я гг.); можна адзначыць як іх своеасаблівасць тое, што Павел стаіць злева. Яны ж, ужо размешчаныя традыцыйна, сядзяць абапал Хрыста на спінцы амбоны ў тым жа касцёле. Найбольш дасканалай пластыкай вызначаецца скульптура Паўла работы майстра з Рэшаля Яна Шмідта ў галоўным алтары гродзенскай базылікі (1736 г.). У 2-й палове XVIII ст. у касцёлах і уніяцкіх цэрквах з’яўляецца ўсё больш выяваў апостала, выразаных народнымі майстрамі, у якіх недахоп навыкаў прафесійнай школы кампенсуецца кранальным наіўным рэалізмам вобразаў (Нягневічы, Мсцібава, Прошкава і шмат іншых месцаў).

 


    * Граф’я — контурны паглыблены малюнак на ляўкасе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY