Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Брат Пятрусь РУДКОЎСКІ OP

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ

Сумленне займае амаль цэнтральнае месца ў хрысціянскай этыцы. Зрэшты, не толькі ў хрысціянскай, бо цяжка ўявіць такую этычную сістэму, якая б не выносіла на «п’едэстал» тое, што прынята называць «вернасцю сумленню», або «жыццём паводле сумлення». Паводле каталіцкай праграмы катэхізацыі, ужо першакамунійныя дзеці (7–10 гадоў) павінны здабываць веды пра сумленне і вучыцца яго «слухаць» у сувязі з адбываннем першай споведзі. Зрэшты, аніякая споведзь не была б магчымай без кантакту са сваім сумленнем, паколькі першай умовай споведзі ёсць — як кожны католік ведае — «рахунак сумлення».

Пра сумленне трэба сказаць яшчэ больш: без яго не было б магчымым развіццё культуры і цывілізацыі, бо ўсякі плод культуры паўстае дзякуючы якомусь «унутранаму штуршку», а гэта азначае нішто іншае, як «голас сумлення». Так, не было б ані тэорыі гравітацыі, ані фрэскаў Мікеланджэла, ані «Бібліі» Скарыны, калі б хтось не адчуў гэтага «штуршка» і не пачаў дзейнічаць у адпаведнасці з ім. І «Біблія» Скарыны, і Мірскі замак, і творы Васіля Быкава, і часопіс «Наша вера» — усё гэта артэфакты культуры і адначасова плады паслухмянасці ўнутранаму голасу, то бок, сумленню.

Але тут хтосьці мог бы ўказаць на іншага тыпу артэфакты: канцэнтрацыйныя лагеры, ваенная прамысловасць, крыжовыя паходы, інквізіцыя... і паставіць пытанне — ці гэта ўсё таксама плады сумлення? Калі рухавіком чалавечай культуры з’яўляецца сумленне, то чаму столькі цёмных плямаў на гэтай культуры? Можа, нешта не так з гэтай культурай? А можа, нешта не так з сумленнем?...

Перш чым зарысуецца якісь адказ на пастаўленыя тут пытанні, нам трэба будзе разгледзець тры праблемы: 1) праблема суадносінаў сумлення і аўтарытэту; 2) роля рэлігійнай паслухмянасці ў фармаванні сумлення; 3) суадносіны паміж агульнапрынятымі маральнымі нормамі і індывідуальным сумленнем.

У гэтым нумары мы зоймемся першай праблемаю, у сувязі з чым будуць прадстаўлены меркаванні філосафа Тадэвуша Бартася, тэолага кс. Генрыха Вітчыка і псіхолага кс. Яцака Прусака. Гэтыя меркаванні мы супаставім з эксперыментальнымі даследаваннямі псіхолага Стэнлі Мілграма і паспрабуем інтэрпрэтаваць іх пры дапамозе псіхалагічна-этычнай канцэпцыі Эрыха Фрома.

У першай частцы артыкула мы закранем праблему паслухмянасці, але падрабязна яе разгледзім у частцы другой, запланаванай на наступны нумар часопіса. Зыходзіць будзем перадусім з энцыклікі Яна Паўла ІІ Veritatis splendor.

У трэцяй жа частцы, якая будзе апублікавана ў наступным годзе, чытачам будзе прапанавана рэфлексія над лёсамі Сакрата, Ёва і Езуса з Назарэта, якая дапаможа раскрыць праблему суадносінаў паміж маральнымі нормамі і індывідуальным сумленнем. Пасля гэтага будуць прадстаўлены пэўныя агульныя высновы пра функцыянаванне чалавечага сумлення.

 

Частка першая.
Сумленне і аўтарытэт — што важней?

1. Дыскусія паміж тэолагам, філосафам і псіхолагам
Некалькі гадоў таму ў некаторых каталіцкіх і свецкіх выданнях у Польшчы кіпела дыскусія, справакаваная артыкулам дамініканца1 Тадэвуша Бартася «Калі сумленне загадам пярэчыць»2. У выпадку, калі сумленне разыходзіцца з афіцыйным вучэннем Касцёла, першынство мае сумленне — вось гэтая тэза і сталася асноўнай прычынай зацятых палемік. Галоўным палемістам Бартася быў люблінскі тэолаг-бібліст ксёндз Генрых Вітчык, які ў шэрагу сваіх артыкулаў3 настойліва падкрэсліваў, што чалавечае сумленне мае агульны характар, таму вучэнне касцёльнага Магістэрыума («голасу касцёльнай супольнасці») павінна мець вырашальнае значэнне ў выпадку якогась этычнага канфлікту. У пэўны момант у дыскусію ўвязаўся езуіт Яцак Прусак4 , які звярнуў увагу на тое, што многія хрысціянскія маралісты пачуццё вінаватасці і сораму чыняць амаль цэнтральнымі праблемамі ў жыцці хрысціяніна, у сувязі з чым блакуюць маральнае даспяванне хрысціянаў.

Тадэвуш Бартась імкнуўся абгрунтаваць сваю тэзу пры дапамозе вучэння св. Тамаша Аквінскага, аднаго з класікаў каталіцкай думкі, дамініканца, які жыў у ХІІІ стагоддзі. Аквінат у адной са сваіх Questio disputata («Спрэчныя праблемы») ставіць пытанне: хто вырашае што дадзенае дзеянне ёсць добрае ці злое? І фармулюе тры магчымыя адказы: 1) вырашае сам чалавек; 2) вырашае хтосьці (або штосьці) па-за чалавекам; 3) вырашае сам чалавек, але ў нейкай повязі з тым, што па-за ім. Тамаш Аквінскі схіляецца — застаючыся верным арыстоцелеўскаму прынцыпу «праўда — пасярэдзіне» — да трэцяга адказу. Услед за Тамашам схіляецца да гэтага адказу і доктар Бартась, але інтэрпрэтуе гэта наступным чынам: «Пазіцыя святога Тамаша асаблівым чынам спалучае аўтэнтычную маральную самастойнасць чалавека з яго адначасовай натуральнаю залежнасцю ад праўды, ад таго, што распазнана ім як добрае або злое». Заўважма, што пад шыльдаю «пазіцыі св. Тамаша» Тадэвуш Бартась выказвае ўласную пазіцыю, якая адрозніваецца ад Тамашавай: у той час як Аквінат выразна акцэнтуе «повязь з тым, што па-за чалавекам», Бартась гаворыць усяго толькі пра «залежнасць ад таго, што распазнана ім (дадзеным чалавекам) як добрае або злое». Такім чынам, «тое, што па-за чалавекам», Бартасем de facto элімінавана, у сувязі з чым яго далейшая характарыстыка сумлення выглядае наступным чынам: «Сумленне — гэта нешта асабістае і індывідуальнае. Яно — неперадавальнае [nieudzielne]: ніхто нікога не можа выручыць у мысленні пра дабро і зло. Літаральна ніхто! Ані самы вялікі аўтарытэт на зямлі, ані аўтарытэты ніжэйшага рангу, ані анёлы, ані нават Пан Бог, бо не для таго Ён стварыў нас, каб за нас пасля прымаць рашэнні. Кожны дарослы чалавек сам павінен вырашаць, што добрае і што злое». Такая пастаноўка праблемы не мае амаль нічога супольнага з Тамашам.

Пазіцыю Тадэвуша Бартася ў цэлым падтрымлівае ксёндз Яцак Прусак, але падкрэслівае пры гэтым неабходнасць фармавання сумлення і прызнае недастатковасць індывідуальнага розуму ў распазнаванні дабра і зла: «Наіўна было б сцвярджаць, што кожны чалавек сам можа справіцца з жыццёвым выбарам і здабыць «спакой сумлення» паводле свайго ўпадабання. Кожная асоба на шляху да асабовага развіцця і эмацыянальнай спеласці нейкім чынам павінна аднесціся да пытання аўтарытэту, улады і адказнасці, а адносна гэтых пытанняў Касцёл ясна сфармуляваў сваё вучэнне». Адносна ж ролі аўтарытэту (у прыватнасці, аўтарытэту Магістэрыума Касцёла) кс. Прусак падзяляе занепакоенасць Тадэвуша Бартася тым, што гэты аўтарытэт празмерна акцэнтуецца ў хрысціянскім выхаванні, і асабліва на спавядальнай практыцы: «У мяне часта такое ўражанне, — піша Прусак, — што каталіцкае фармаванне сумлення заканчваецца баязлівым пытаннем пра тое, „наколькі мне, ойча, яшчэ дазволена не адчуваць сябе вінаватым“. Матывацыяй тут з’яўляецца не свабода і адказнасць, а страх. Не давер, а баязлівасць. „Раздрапванне сумлення“ становіцца субстытутам яго фармавання».

«Чалавек не адзін!» — гэтым воклічам прафесар Вітчык распачынае сваю палеміку з Бартасем і Прусакам. Насуперак Бартасю, Вітчык падкрэслівае агульны характар сумлення, які можна прачытаць нават у этымалогіі лацінскага слова conscientia, дзе «con-» значыць «разам з», а «scire» — «знаць, ведаць». Чалавек, звяртаючыся да сумлення, звяртаецца да пэўнага трансцэндэнтнага Голасу, які гучыць у сэрцы асобнага чалавека. Насуперак Прусаку, Вітчык сцвярджае, што галоўную ролю ў фармаванні сумлення адыгрывае паслухмянасць Праўдзе, якая гучыць у супольнасці Касцёла, а не рознага роду псіхалагічныя ці псіхатэрапеўтычныя трэнінгі.

«У артыкулах дамініканца і езуіта адсутнічае прыналежнасць сумлення хрысціяніна да такога істотнага крытэрыя распазнавання дабра і зла, якім з’яўляецца Праўда, аб’яўленая ў Евангеллі, у асобе Хрыста, у Богу-Любові» — піша кс. Вітчык і крыху пазней спасылаецца на вядомага пратэстанцкага філосафа Поля Рыкёра, які сцвярджаў, што «Боскі Закон (хоць можа мець імператыўную ці нават ападыктычную форму) не выклікае ў веруючага чалавека супраціву, паколькі з’яўляецца Словам Бога, які любіць чалавека, і ў якасці Любячага абавязвае яго любіць Сябе». Наконт праблемы «знешняга прымусу», якая, на думку Бартася і Прусака, усцяж прысутнічае ў выхаванні і душпастырскай практыцы Касцёла, ксёндз Вітчык кажа наступнае: «Божыя Законы і загады Хрыста явяцца чалавеку як знешні прымус альбо як загады, дыктаваныя аўтарытэтам толькі тады, калі не пазнаюцца ў кантэксце досведу любові Бога і Хрыста».

Палемічны голас ксяндза прафесара Вітчыка мае вялікае значэнне для дыскусіі аб сумленні. Сапраўды, рэдукцыя крытэрыя дабра і зла ў індывідуальным сумленні, якую можна заўважыць у Бартася, альбо празмерная псіхалагізацыя праблемы фармавання сумлення, уласцівая кс. Прусаку, — гэта досыць непамысныя, аднабаковыя погляды на сумленне. Напамін Вітчыка пра тое, што «чалавек не адзін» у маральным выбары, у распазнаванні дабра і зла, і што для хрысціяніна ключавую ролю ў гэтым выбары і гэтым распазнаванні адыгрывае прысутнасць Любячага Бога, не толькі вяртае дыскусію ў больш тэалагічнае рэчышча, але і абапірае яе на больш рэалістычную антрапалогію. Чалавек ёсць істотай несамадастатковай як у плане біялагічнага самазахавання, так і ў плане духоўнага развіцця. Чалавеку ўласцівае de-center, раз-сяроджанне і выйсце ў акце любові да іншага чалавека, а таксама sur-center, засяроджанне-на-тым-што-пераўзыходзіць, як тое слушна заўважыў Тэяр дэ Шардэн. Такім чынам, здольнасць распазнавання дабра і зла мае дынамічны характар: яна ўвесь час развіваецца дзякуючы добразычлівай камунікацыі з іншымі людзьмі і кантакту з «тым-што-пераўзыходзіць», гэта значыць тым трансцэндэнтным Голасам, пра які гаворыць ксёндз Вітчык.

Тым не менш, кс. Вітчык так і не даў яснага адказу на пытанне суадносінаў сумлення і аўтарытэту. Яго адказ губляецца ў метафарах і вобразных зваротах, якія можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Часам нават узнікае ўражанне, што ўвогуле для Вітчыка не існуе праблемы сумленне — аўтарытэт, бо ўсё вырашае «кантэкст досведу любові Бога і Хрыста». Маўляў, палюбі Бога і ўсё табе стане ясна. Такую пазіцыю я б назваў этычным рамантызмам.

Этычны рамантызм вельмі моцна прыжыўся ў душпастырскай і педагагічнай дзейнасці каталіцкіх ксяндзоў і выхавацеляў. Словазлучэнне «любоў Бога» сталася свайго роду «палачкай-выручалачкай» у дыскусіях на розныя этычныя ці багаслоўскія тэмы, гэтаксама як даўней такой «выручалачкай» была фраза «слухайся Касцёла!» «Адкрыйся на любоў, спазнай любоў, адчуй любоўны пагляд, шукай любові, дазволь знайсці сябе Адвечнай Любові, пераймай Міласэрную Любоў...» — такімі фразамі перапоўнены сёння пропаведзі і духоўныя канферэнцыі, толькі мала хто заўважае, што ў выніку гэтага неўтаймаванага множання «любоўнай фразеалогіі» баналізуецца паняцце любові і часам нічога, апроч алергіі, яно не выклікае.

Этычны рамантызм можа быць спосабам уцёкаў ад рэальных праблемаў. Возьмем для прыкладу праблему кантрацэпцыі, якая, дарэчы, некалькі разоў усплывала падчас дыскусіі паміж Бартасем, Вітчыкам і Прусакам. Як сведчаць статыстыкі, значная частка (у некаторых краінах — большасць) католікаў не пагаджаецца з афіцыйным вучэннем Каталіцкага Касцёла адносна неабартыўнай кантрацэпцыі (што выкарыстанне, напрыклад, прэзерватываў — грэх). Такую сітуацыю можна растлумачыць наступным чынам: або гэтыя католікі не слухаюць свайго сумлення, або іх сумленне «хворае», або... афіцыйнае вучэнне Касцёла адносна кантрацэпцыі памылковае. Калі мы адкінем трэцюю альтэрнатыву, застанецца альтэрнатыва: або сумленне «хворае», або сумленне здаровае, але чалавек яго не чуе. У абодвух выпадках паўстае пытанне: а паводле якіх крытэрыяў можна ў гэтай сітуацыі вызначыць «хворасць» сумлення або ўстанавіць факт яго «няслухання»?

Пытанне пра крытэрыі маральнае праўды раней ці пазней прыводзіць да іншага пытання, а менавіта: наколькі безагаворачна абавязвае верніка аўтарытэт Магістэрыума? Ці могуць існаваць сітуацыі, калі здаровае сумленне пярэчыць «загадам»? Альбо яшчэ інакш: ці згоднасць з афіцыйным вучэннем Касцёла ёсць адзіным крытэрыем «здароўя» сумлення? На гэтыя пытанні не даюць яснага адказу ані кс. праф. Вітчык, ані аўтарытэтны мараліст кс. праф. Анджэй Шостак, ані нават энцыкліка Veritatis splendor, хоць яны (гэтыя пытанні) для многіх католікаў з’яўляюцца сапраўднымі экзістэнцыяльнымі праблемамі.

Пасля Другога Ватыканскага Сабору, які наўпрост ці ўскосна прызнаў слушнасць пазіцыі такіх багасловаў, як Іў Кангар ці Онры дэ Любак, чые погляды доўгія гады лічыліся несумяшчальнымі з вучэннем касцёльнага Магістэрыума, а тым больш пасля таго, як Папа Ян Павел ІІ перапрасіў «за грахі Касцёла», каталіцкія маралісты вымушаны былі перагледзець некаторыя фармулёўкі адносна «беспамылковасці» касцёльнага Магістэрыума. Многія ўсвядомілі праблемнасць катэгорыі «беспамылковасці» і неабходнасць пошуку якогась «мета-крытэрыя», дзякуючы якому можна было б ацэньваць як этычныя перакананні асобнага чалавека, так і маральнае вучэнне Магістэрыума Касцёла.

Думаю, што ксёндз Вітчык таксама ўсведамляе гэтую праблему, аднак жа не адважваецца сказаць (а можа, не адважваецца нават падумаць), што касцёльны Магістэрыум не з’яўляецца абсалютным крытэрыем ісціны. Прадуктам гэтай «нерашучасці» і з’яўляецца этычны рамантызм, г.зн. расплывісты ў семантычным плане і неакрэслены ў эпістэмалагічным плане дыскурс, дзе аналіз этычных праблемаў падмяняецца квазі-паэтычнымі разважаннямі наконт «Божай любові» як панацэі на любыя маральныя дылемы. «Глянь на ўсё гэта ў кантэксце любові Бога і Хрыста і зразумееш, чаму нельга ніколі прымяняць кантрацэпцыю» — вось такі адказ можна было б сфармуляваць на базе таго, што кажа ксёндз Вітчык. Як быццам бы й няма спасылкі на «беспамылковасць Магістэрыума», аднак жа між радкоў прачытваецца наступнае: «Дзейнічай так, як вучаць касцёльныя іерархі, нават калі ты не разумееш гэтага навучання», ну а далейшая выснова з гэтага напрошваецца сама па сабе: «Калі ты не разумееш касцёльнага навучання, значыць, тваё сумленне — хворае»...

У кантэксце сказанага вышэй можна прызнаць прынамсі частковую рацыю ксяндза Яцака Прусака, які гаворыць пра небяспеку блакавання псіхічнага і духоўнага развіцця празмерным (і неапраўданым) акцэнтаваннем аўтарытэту Магістэрыума. Патрабаванне заўсёды дзейнічаць насуперак уласнаму перакананню ў выпадках маральнага канфлікту з навучаннем Касцёла можа мець два наступствы, аднолькава небяспечныя. Першае наступства — гэта хабітульная залежнасць ад вонкавага аўтарытэту ў маральным выбарам. Гэта выпадак, калі чалавек шукае гатовых інструкцый адносна маральнага жыцця ў прадстаўнікоў Касцёла і адчувае сябе істотай «вечна вінаватай» з-за таго, што недастаткова дакладна выконвае гэтыя інструкцыі. У выніку фармуецца несамастойная ў маральным плане і затарможаная ў сваім духоўным развіцці асоба. Другое магчымае наступства — гэта татальны бунт супраць Магістэрыума Касцёла, нежаданне ўвогуле слухаць іерархаў і ўласная рэлятывісцкая пазіцыя: у кожнага — свая праўда. Тут будзе дарэчы працытаваць Цімаці Рэдкліфа, вядомага дамініканскага багаслова-бібліста, які ў 1992–2001 гадах быў вярхоўным магістрам ордэну прапаведнікаў, на якога спасылаецца таксама Яцак Прусак: «Кожная заява Касцёла, якая аспрэчвае нейкі пэўны стыль жыцця, успрымаецца як атака і як такая лічыцца непрымальнай. Нам трэба зразумець, чаму так дзеецца. У касцёльных колах часта можна пачуць, што гэта выклікана тым, што ў людзей знікла адчуванне граху. Але мне падаецца якраз наадварот, што наша грамадства мучае амаль нязноснае пачуццё віны».

Айцец Рэдкліф вельмі трапна заўважыў, што паміж «нязносным пачуццём віны» і татальным бунтам супраць Магістэрыума Касцёла існуе ўзаемазалежнасць: другое можа быць проста функцыяй першага. Гэтая канстатацыя дапамагае нам усвядоміць сутнасць праблемы суадносінаў сумлення і аўтарытэту і зразумець, што празмернае акцэнтаванне аўтарытэту Магістэрыума можа прывесці да атрафіі індывідуальнага сумлення і ўсякіх звязаных з гэтым непажаданых наступстваў. Што гэта за наступствы, у чым небяспека «сляпой паслухмянасці» і якой можа быць сіла знешняга аўтарытэту, нам дапамогуць зразумець біхэвіяральныя даследаванні Стэнлі Мілграма5.

2. Эксперымент Мілграма
Ход эксперыменту быў наступны. Яго ўдзельнікам паведамілі, што мэтай даследніцкага мерапрыемства, у якім яны выступаюць у якасці добраахвотнікаў, ёсць вывучэнне памяці і працэсу навучання, а дакладней — уплыву пакарання на навучальны працэс. Такім чынам, адзін з удзельнікаў выступаў у якасці настаўніка, а другі — вучня. Вучня заводзілі ў пэўны пакой, садзілі на нешта падобнае да электрычнага крэсла, прывязвалі рукі, каб прадухіліць раптоўныя некантраляваныя рухі, а да запясця прымацоўвалі электрод. Вучню зачытвалася пэўная колькасць слоўных параў, і ён мусіў кожны раз назваць другое слова, калі называлася першае з асобнай пары. У выпадку памылкі настаўнік павінен быў караць вучня электратокам з узрастаючым напружаннем.

Сапраўдным аб’ектам эксперыменту быў не вучань, а менавіта настаўнік. Вучнем быў адмыслова падабраны акцёр, які мусіў інсцэніраваць свае эмоцыі ў адпаведнасці з порцыямі «электратоку». На самай справе ніякага шоку ён не атрымліваў, бо ўсё гэтае абсталяванне з нібыта электрычным крэслам, электродамі і кнопкамі, якія знаходзіліся ў распараджэнні настаўніка, было фікцыяй, пра што ўдзельнікі эксперыменту не здагадваліся. Сапраўднай мэтай эксперыменту было высветліць, да якой ступені людзі могуць падпарадкоўвацца аўтарытэту (у якасці якога выступаў прафесар-эксперыментатар) у спрычыненні болю іншаму чалавеку.

У большасці выпадкаў настаўнікі без ваганняў прымянялі «электрашок» да таго моманту, калі вучань падаваў першыя сігналы дыскамфорту. Гэта — паводле папярэдняй дамоўленасці — адбывалася пры «электратоку» ў 75 вольтаў. Пасля 120 вольтаў вучань пачынаў гучна скардзіцца, пасля 150 ён пачынаў патрабаваць — усё больш і больш эмацыйна і настойліва — каб эксперымент спынілі, пасля 285 вольтаў ён выдаваў толькі перадсмяротныя енкі і стогны, а потым змаўкаў цалкам.

Услед за Мілграмам прывяду некалькі прыкладаў паводзін настаўнікаў. Адной з удзельніц эксперыменту была прывабная і адукаваная жанчына ва ўзросце 31 года. Пасля некалькіх гучных скаргаў вучня яна звярнулася да прафесара з пытаннем: «Працягваць?» І адразу ж, пачуўшы станоўчы адказ, прадоўжыла экперымент. Дайшоўшы да 210 вольтаў, яна зноў звярнулася да прафесара і заявіла: «Прабачце, але мне здаецца, што далей эксперыментаваць не варта». Прафесар адказаў: «Эксперымент патрабуе таго, каб вучань засвоіў усе пары слоў паспяхова». Жанчына: «Прабачце, але ў яго нейкія непаладкі з сэрцам, ён жа сказаў вам гэта толькі што». Прафесар: «Шок можа быць для яго балючы, але ён не нясе небяспекі». Жанчына: «Так, але прабачце... Мне здаецца, калі мы будзем працягваць, то гэты шок можа стаць небяспечным. Вы спытайце яго, ці ён хоча, каб мы працягвалі. Бо ён жа тут па сваёй уласнай волі». «Гэта вельмі істотна, каб вы працягвалі эксперымент», — адказвае прафесар. Жанчына: «Я б хацела, каб вы спыталі ў яго. Мы прыйшлі сюды добраахвотна. Калі ён хоча працягваць эксперымент, я буду працягваць. Ён сказаў вам, што ў яго праблемы з сэрцам. Прабачце, але я не хачу быць адказнай за тое, што можа здарыцца з ім». Пасля яшчэ некалькіх рэплікаў жанчына катэгарычна адмаўляецца працягваць эксперымент і ён заканчваецца.

А вось паводзіны 50-гадовага беспрацоўнага, простага і на выгляд добрага чалавека. Дайшоўшы да 180 вольтаў, ён паварочваецца да прафесара і пачынае эмацыйна тлумачыць: «Я не магу гэтага знесці, я не хачу забіць чалавека. Няўжо вы не чуеце, як яго ліхаманіць?» «Як я ўжо сказаў вам, шок можа быць балючы, але...» «Але ж яго ліхаманіць! Я не магу гэтага знесці! Што будзе з ім?» Прафесар безэмацыйна адказвае: «Эксперымент патрабуе таго, каб вы працягвалі, настаўнік». Мужчына спрабуе тлумачыць, што не хоча браць на сябе адказнасць за «вучня», але, стрэўшыся з настойлівасцю эксперыментатара і запэўненнем, што менавіта эксперыментатар нясе адказнасць за вучня, падпарадкоўваецца: «Ну, добра», — кажа мужчына і зачытвае чарговыя пары словаў. «Калі ласка, ваш адказ... Не, няправільна. Сто дзевяноста пяць вольтаў... Такім чынам, яшчэ раз: танчыць...» Вучань у гэты час роспачна крычыць: «Выпусціце мяне адсюль! З маім сэрцам праблемы... сур’ёзныя праблемы!» Настаўнік глядзіць на эксперыментатара. Той спакойна гаворыць: «Працягвайце, калі ласка». У гэты час вучань-акцёр працягвае эмацыйна і настойліва прасіць выпусціць яго, бо з ягоным сэрцам сапраўды нешта не ў парадку. Пачынаецца зноў серыя рэплік, у якіх настаўнік спрабуе пераканаць эксперыментатара спыніць тэст, але эксперыментатар спакойна паўтарае, што вельмі важна давесці тэст да канца і што электрашок, хоць і балючы для вучня, але шкоды яму не прынясе. Настаўнік зноў паддаецца эксперыментатару і працягвае тэст, даводзячы напружанне электратоку да 315 вольтаў. «Такім чынам, трыста пятнаццаць вольтаў. Правільны адказ — чарніла», — кажа настаўнік. Вучань ужо выдае адно толькі гукі: «О-о-ой, а-а-а!» Настаўнік даводзіць напружанасць току да 375 вольтаў і тады, устаўшы з месца, чарговы раз звяртаецца да прафесара: «Думаю, што нешта благое сталася з тым мужчынам, што ў крэсле. Калі ласка, праверце, ці ўсё ў парадку з ім». Эксперыментатар (з тым самым непарушным спакоем): «Не праймайцеся. Калі ласка, працягвайце, настаўнік». Мужчына ўздыхае, але сядае на месца і бярэцца працягваць тэст. Паступова ён даводзіць напружанасць электратоку да максімуму — 450 вольтаў. Эксперыментатар загадвае яму і надалей выкарыстоўваць гэтае напружанне току за кожны няправільны адказ. «Але ж ён ужо зусім не рэагуе!» — тлумачыць настаўнік. «Калі ласка, працягвайце», — кажа эксперыментатар. Ізноў пасля кароткай дыскусіі настаўнік працягвае тэст да той пары, пакуль прафесар урэшце яго не спыняе: «Прабачце, настаўнік, мы мусім спыніць эксперымент».

Разглядзім цяпер некаторыя біхэвіяральныя асаблівасці 39-гадовага сацыяльнага работніка. Дайшоўшы да 300 вольтаў, ён афіцыйным голасам паведамляе вучню: «Спадар Уоліс, ваша маўчанне будзе расцэнена як няправільны адказ». Вось вытрымкі з занатовак эксперыментатара адносна далейшых паводзінаў гэтага настаўніка: «Яго рафінаваны аўтарытарны спосаб маўлення пачынае цяпер спалучацца з прыступамі некантраляванага смеху. Ён увесь час пацірае рукой твар, каб схаваць свой смех... Яго твар скрывіўся ў спробе стрымаць смех, закрывае рукамі твар... Ужо ніяк не можа стрымаць смех...»

У іншага ўдзельніка эксперыменту, 37-гадовага зваршчыка, роля настаўніка выклікала пачуццё гонару і важнасці справы, якую ён робіць. Характэрнай рысай яго паводзінаў падчас эксперыменту была вялікая ўдзячнасць эксперыментатару за дапамогу ў асвойванні правілаў тэсту (бо для яго гэта аказалася няпростай справай), а таксама амаль сервільная гатоўнасць выконваць усё, што ад яго патрабуецца. Пасля напружання току да 150 вольтаў настаўнік нават падышоў да вучня, каб праверыць, ці сапраўды да яго запясця дакранаецца электрод. У адрозненне ад пераважнай большасці іншых удзельнікаў эксперыменту, гэтага «настаўніка» характарызуе поўная абыякавасць да асобы вучня, ён амаль не зважае на яго як на чалавечую істоту. А вось да эксперыментатара ён звяртаецца ў ветлівай, аж да сервільнасці, форме. «Сцэна выглядае вельмі брутальнай і дэпрэсіўнай. Яго непрыступны і безэмацыйны твар выяўляе поўную абыякавасць да таго, што дзеецца з вучнем, калі яго падвяргаюць электрашо- ку», — чытаем у занатоўках эксперыментатара. Дайшоўшы да 450 вольтаў, настаўнік паварочваецца да эксперыментатара і пытае: «Што цяпер, прафесар?» Яго тон выказвае поўную гатоўнасць да супрацоўніцтва ў правядзенні эксперыменту, як быццам акцэнтуючы адрозненне паміж ім і вучнем, які ў пэўны момант заўпарціўся і не захацеў супрацоўнічаць з эксперыментатарам. Адзінае, што непакоіла настаўніка, гэта тое, што з-за няўдачлівага вучня эксперымент можа праваліцца альбо пройдзе не так, як таго хацеў прафесар.

Вынікі эксперыменту зрабілі вялікае ўражанне як на Стэнлі Мілграма, так і на ўсіх псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў. Яшчэ тады, калі праект эксперыменту абмяркоўваўся ў вузкім коле псіхолагаў, калегі Мілграма прагназавалі, што большасць людзей не асмеліцца пераступіць у прымяненні электратоку ў 150 вольтаў, калі вучань пачне патрабаваць спынення эксперыменту. Прагназавалася, што толькі нязначная, маргінальная частка ўдзельнікаў, пераступіць 300 вольтаў. Гэтыя прагнозы аказаліся цалкам памылковымі. Падчас першага эксперыменту (а ён праводзіўся на розных кантынентах у розных краінах) з 40 удзельнікаў ажно 25 слухаліся эксперыментатара да самага канца, даводзячы напружанне электратоку да 450 вольтаў. Такога тыпу эксперыменты праводзіліся ў Прынстане, Мюнхене, Рыме, Паўднёвай Афрыцы і Аўстраліі, і ўсе яны паказалі, што даволі высокі адсотак людзей схільны падпарадкоўвацца знешняму аўтарытэту, нават калі гэта выклікае канфлікт з уласным сумленнем.

3. Аўтарытарнае сумленне як паказнік маральнай няспеласці
Эксперымент Мілграма мае вялікае значэнне для паліталагічных і культуралагічных даследаванняў, у прыватнасці, для даследавання такіх з’яваў, як аўтырытарызм або таталітарызм. Эксперымент паказвае, наколькі сугестыўнай можа быць сіла аўтарытэту і як эфектыўна можна гэтаю сілаю злоўжываць. Аўтарытарызм як грамадска-палітычны лад абавязаны сваім існаваннем перадусім несамастойным у маральным плане індывідам, якія трапілі пад уздзеянне якогась харызматычнага папуліста-дэмагога. Атрафія сумлення спалучаецца зазвычай з гіпертрафіяй патрэбы ў моцным аўтарытэце, у якасці якога і можа выступаць дадзены папуліст-дэмагог, у якім лакалізуюцца маральныя каштоўнасці. Паводле мудрага выказвання кубінскай пісьменніцы-дысідэнткі Зоэ Вальдэс: «У кожным з нас жыве маленькі Кастра», што сугучна з выказваннем Алены Брава: «Клетка — не звонку». Прадмет (аб’ект?) зняволення — «клетка» — знаходзіцца ўнутры чалавека ў тым месцы, у якім разбураная альбо проста не сфармаваная маральная тканка.

Але яшчэ большае значэнне гэты эксперымент мае для каталіцкае этыкі, у сістэме (або сістэмах), у якой усцяж культывуецца прынцып паслухмянасці як найбольш значны для маральнага й духоўнага жыцця. Падчас духоўных канферэнцыяў можна неаднойчы пачуць легенду пра манахаў, якія ў імя паслухмянасці гатовы былі садзіць дрэвы карэннямі ўверх, бо так было загадана настаяцелем. І што ж вы думаеце — кажуць нам — гэтыя дрэвы зацвілі, вось якая сіла святой паслухмянасці!

У мяне асабіста манахі з гэтай легенды аніякага захаплення не выклікаюць, а хутчэй наадварот — яны выклікаюць занепакаенне. Думаю, што тыя, хто спальваў Яна Гуса або Казіміра Лышчынскага (пакутніцкая смерць абодвух была санкцыянавана высокімі касцёльнымі іерархамі) таксама дзейнічалі ў імя «святой паслухмянасці» і былі выхаваны на такога тыпу легендах. Толькі вось такая паслухмянасць і такія легенды адлюстроўваюць хутчэй ваенны дух Рымскай імперыі, чым дух Хрыстовага Евангелля.

Гіпертрафія патрэбы ў аўтарытэце, спалучаная з атрафіяй сумлення, можа прывесці да самых жахлівых наступстваў. Лакалізацыя маральнай праўды выключна ў вонкавым аўтарытэце замаруджвае або і цалкам блакуе маральнае і духоўнае развіццё чалавека. У гэткім выпадку чалавек адчувае сорам альбо гонар у залежнасці ад таго, ці аўтарытэт задаволены або незадаволены ягонымі дзеяннямі. Карл Юнг гаворыць тут пра «псіхічную інфляцыю», а Эрых Фром — пра «аўтарытарнае сумленне».

Аўтарытарнае сумленне Фром акрэслівае як «голас інтэрналізаванага аўтарытэту — гэта можа быць аўтарытэт бацькоў або аўтарытэт дзяржавы. Аўтарытарнае «сумленне» — гэта хутчэй страх перад аўтарытэтам, чым рэпрэзентацыя сапраўднага сумлення дадзенай асобы, крыніцы натуральных каштоўнасных ацэнак»6 . На думку Фрома, у аснове аўтарытарнага сумлення7 ляжыць інстынктыўная патрэба захапляцца кімсьці, мець ідэал, а таксама імкненне да дасканаласці. Усё гэта экзістэнцыяльна важныя «інстынкты», аднак жа па меры маральнага і духоўнага развіцця ўнутры чалавека павінна фармавацца іерархія каштоўнасцяў, якая і вызначае яго маральнае жыццё. Гэтая іерархія ніколі не фармуецца без удзелу іншых суб’ектаў. Бацькі, асяроддзе, дзяржава, Касцёл/Царква, рознага роду аўтарытэты — усё гэта мае вялікае значэнне для ўсталявання іерархіі каштоўнасцяў. Але нават у маральна развітага чалавека гэтая іерархія не ўвасабляе ўсёй паўнаты маральнае праўды, у сувязі з чым заўжды неабходна супастаўляць свой «унутраны голас», то бок, сумленне, з галасамі іншых людзей. Аднак жа, на жаль, вельмі часта бывае так, што чалавек дасягае фізічнай даросласці без сфармаванай іерархіі каштоўнасці, з атрафіраваным сумленнем, у сувязі з чым маральная дасканаласць пачынае праектавацца на якісьці вонкавы аўтарытэт, прадуктам чаго і з’яўляецца аўтарытарнае сумленне. Такім чынам, аўтарытарнае сумленне — гэта комплекс безрэфлексіўных этычных ацэнак, паўсталых у выніку ірацыянальнай праекцыі маральнай дасканаласці на знешні аўтарытэт. Асоба з такім комплексам аказваецца зазвычай «глухой» на рацыянальную аргументацыю ў выпадку, калі гэта аргументацыя хаця б ускосна ставіць пад сумнеў маральную ці інтэлектуальную выключнасць ідэалізаванага аўтарытэту. «Узаемадзеянне інтэрналізацыі (знешняга аўтарытэту) і праекцыі спараджае непарушнае перакананне ў тым, што аўтарытэт сапраўды з’яўляецца ідэалам, перакананне, якое застаецца глухім [immune] да любых эмпірычных відавочнасцяў», — піша Фром.

Чалавечае сумленне, хоць і патрабуе ўзаемадзеяння з іншымі носьбітамі маральных ідэалаў, — рознага роду «знешнімі аўтарытэтамі» — але ўсё ж павінна фармавацца ў кірунку рэфлексіўнасці, гэта значыць, здольнасці крытычнага супастаўлення «іншых галасоў» з «унутраным голасам». Першым сімптомам такой рэфлексіўнасці ёсць пытанне дзіцяці накшталт: «Тата, а чаму ты не купіў мне машынку, хоць казаў, што купіш?» У душы дзіцяці пачынае фармавацца дыферэнцыяцыя выпадкаў, калі «тата гаворыць праўду» альбо «тата стрымлівае абяцанне», і выпадкаў, калі «тата гаворыць няпраўду» або «тата не стрымлівае абяцання». Добры тата можа ў такім выпадку папрасіць прабачэння і тым самым даць сігнал дзіцяці, што прынцып праўдамоўя абавязвае незалежна ад таго, ці тата (=аўтарытэт) у сваіх паводзінах рэалізуе яго, ці з-за сваёй слабасці парушае яго. Дзякуючы такім прыёмам фармуецца незалежнасць маральных прынцыпаў ад знешняга аўтарытэту, якая мае ключавое значэнне для фармавання чалавечага сумлення. Дрэнны тата стукне кулаком аб стол і забароніць дзіцяці ставіць пад сумнеў ягоны маральны аўтарытэт. У гэтым выпадку замест сумлення фармуецца ірацыянальны страх перад аўтарытэтам. Пройдзе час, і гэты чалавек, хутчэй за ўсё, перастане верыць бацьку, аднак пачне шукаць іншага тыпу «бацьку», іншы аўтарытэт, які быў бы ўвасабленнем маральнай дасканаласці. Аднак узаемадзеянне з гэтым аўтарытэтам па-ранейшаму будзе вызначацца страхам, бояззю зрабіць нешта насуперак аўтарытэту.

* * *
Такім чынам, відавочна, што ключавую ролю ў маральным жыцці адыгрывае наяўнасць унутры чалавека іерархіі каштоўнасцяў, а таксама рэфлексіўнасць, здольнасць супастаўляць галасы іншых суб’ектаў маралі з голасам свайго сумлення. Мы закранулі таксама даволі неўралагічную тэму ролі аўтарытэту Касцёла ў кантэксце магчымага канфлікту індывідуальнага сумлення з гэтым аўтарытэтам і вырашылі, што прынцып рэфлексіўнасці дзейнічае таксама ў дачыненні да касцёльнага Магістэрыума. Нельга культываваць і прапагандаваць прынцып «сляпой паслухмянасці», чалавек заўжды павінен супастаўляць маральныя імператывы з голасам свайго сумлення. Адкінуўшы прынцып «сляпой паслухмянасці», нам трэба ўзяцца за пераасэнсаванне ідэі паслухмянасці, якая мае біблійнае паходжанне, у сувязі з чым яна павінна трактавацца з належнай пашанаю. Зоймемся гэтым у наступнай частцы дыскурсу пра сумленне, улічваючы ўсё тое, што было сказана ў гэтай частцы і звяртаючы асаблівую ўвагу на тое, што гаворыцца ў энцыкліцы Яна Паўла ІІ Veritatis splendor, якая прысвечана этычным праблемам сучаснасці і закранае ў сувязі з гэтым тэму сумлення, аўтарытэту і ролі Боскага Аб’яўлення ў маральным жыцці чалавека і грамадства.

Працяг >>

 


  1. У 2007 годзе Тадэвуш Бартась пакінуў ордэн і пачаў весці свецкае жыццё.
  2. Tadeusz Bartoś OP. Gdy sumienie nakazom przeczy // „Gazeta Wyborcza», 15–16 października 2003. Пазней была серыя палемічных артыкулаў: O sumieniu człowieka wolnego // „Gazeta Wyborcza», 20–21 grudnia 2003; Rozdarte serce chrześcijanina // „Tygodnik Powszechny» 15 lutego 2004, а таксама дыскусійныя выступленні падчас адмыслова арганізаваных дыспутаў паміж Тадэвушам Бартасем і кс. Генрыхам Вітчыкам.
  3. Henryk Witczyk. Sumienie i Gіos // „Gazeta Wyborcza», 13–14 grudnia 2003; Wstyd to zdrowie // „Tygodnik Powszechny», 18 stycznia 2004.
  4. Jacek Prusak SI. Rozdrapywanie sumienia // „Tygodnik Powszechny», 14 grudnia 2003; Czas inkwizytorуw // „Tygodnik Powszechny», 8 lutego 2004.
  5. Вынікі эксперыменту былі апублікаваны ўпершыню ў 1963 г. у часопісе «Journal of Abnormal and Social Psychology» пад назвай «Behavioral Study of Obedience».
  6. Erich Fromm. Man For Himself. An Inquiry into the Psychology of Ethics. — New York: Rinehart and Co, 1947.
  7. Слова «сумленне» тут трэба было б узяць у двукоссе, але паколькі выраз «аўтарытарнае сумленне» мы ўжываем тут як тэхнічны тэрмін, то і двукоссе мы апусцім.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY