Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА

У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Хвала Езусу Хрысту.
Амэн.

Пачатак у №3(41) 2007

Частка XVI
Як святы Францішак атрымаў параду ад святой К’яры і ад святога брата Сільвестра, што, прапаведуючы, ён павінен здзейсніць навяртанне многіх людзей; і як ён стварыў трэці ордэн, прапаведаваў птушкам і супакоіў ластавак.

Сціплы служка Хрыста святы Францішак у хуткім часе пасля свайго навяртання, ужо паяднаўшы вакол сябе многіх паплечнікаў і прыняўшы іх у ордэн, пачаў думаць вялікую думу і моцна стаў сумнявацца ў тым, што ён павінен рабіць далей: ці толькі маліцца, ці калі-нікалі і прапаведаваць; і пажадаў наконт гэтага даведацца пра волю Божую. А паколькі сціпласць святога Францішка не дазваляла яму абапірацца толькі на сябе і свае малітвы, то вырашыў ён шукаць волю Божую ў малітвах іншых.

Аднойчы ён паклікаў брата Масея і сказаў яму так: «Ідзі да сястры К’яры і перадай ёй, каб яна з якой-небудзь самай пабожнай паплечніцай папрасіла Бога, каб Ён пажадаў паказаць, як было б лепей: каб я стаў прапаведаваць або толькі маліцца. А потым ідзі да брата Сільвестра і скажы яму тое самае». А гэта быў у свеце той самы месэр Сільвестр, што бачыў, як выходзіў з роту святога Францішка залаты крыж вышынёю ажно да неба і шырынёю ажно да краёў свету; і быў той брат Сільвестр вядомы такою сваёю пабожнасцю і сваёю святасцю, што атрымліваў усё, аб чым прасіў у Бога, і часта з Богам размаўляў, таму святы Францішак меў да яго вялікую пашану.

Пайшоў брат Масей і згодна з загадам святога Францішка перадаў даручэнне спачатку святой К’яры, а пасля брату Сільвестру, а той, як толькі даведаўся пра яго, адразу пачаў маліцца і падчас малітвы атрымаў Божы адказ і, вярнуўшыся да брата Масея, сказаў так: «Вось што гаворыць Бог і што трэба перадаць брату Францішку: Бог паклікаў яго на гэтую службу не толькі дзеля яго самога, але і для таго, каб ён сабраў ураджай душаў і многія праз яго ўратаваліся». Атрымаўшы такі адказ, брат Масей вярнуўся да святой К’яры, каб даведацца, што яна пачула ад Бога. А яна сказала, што і яна, і іншыя паплечніцы атрымалі ад Бога такі ж самы адказ, што і брат Сільвестр.

З гэтымі навінамі вярнуўся брат Масей да святога Францішка, і святы Францішак сустрэў яго вялікай ласкаю, памыў яму ногі і накрыў стол для вячэры. А пасля вячэры паклікаў святы Францішак брата Масея ў лес і там укленчыў перад ім, зняў капшук, скрыжаваў рукі і спытаўся ў яго: «Што мне загадаў рабіць Пан мой Езус Хрыстус?» Адказаў брат Масей, што і брату Сільвестру, і святой К’яры, і сёстрам Хрыстус адказаў і адкрыў тое ж самае: «Яго воля ў тым, каб ты пайшоў па свеце прапаведаваць, бо Ён абраў цябе не дзеля цябе самога, а найперш дзеля здароўя іншых». Тады святы Францішак, пачуўшы гэтыя словы і даведаўшыся праз іх аб волі Божай, узняўся з вялікім імпэтам і сказаў: «Пойдзем у імя Бога». І ўзяў за паплечнікаў брата Масея і брата Ангела, святых людзей.

І, рухаючыся з душэўным імпэтам і не разбіраючы ні дарогі, ні сцяжыны, прыйшлі яны да замка, які называўся Канарыё. Святы Францішак пачаў прапаведаваць, найперш загадаўшы ластаўкам, што спявалі, каб захоўвалі цішыню, пакуль ён будзе прапаведаваць. І ластаўкі паслухаліся яго, а ён прапаведаваў з такім захапленнем, што ўсе мужчыны і жанчыны з таго замка з-за пабожнасці хацелі пайсці за ім услед і пакінуць замак, але святы Францішак ім гэтага не дазволіў, гаворачы: «Не спяшайцеся і не сыходзьце, а я загадаю, што трэба рабіць дзеля здароўя вашых душаў». І тады вырашыў ён стварыць трэці ордэн дзеля агульнага ўсіх здароўя. І, пакінуўшы іх у вялікім суцяшэнні і падрыхтаванымі да пакаяння, пайшоў адтуль і прыйшоў у месца паміж Канарыё і Беваньё.

І, рухаючыся далей з тым жа імпэтам, узняў ён вочы і ўбачыў дрэвы паабапал дарогі, на якіх сядзела безліч птушак; святы Францішак вельмі гэтаму здзівіўся і сказаў паплечнікам: «Чакайце мяне тут на дарозе, а я пайду прапаведаваць сёстрам маім птушкам». І пайшоў па полі і пачаў прапаведаваць птушкам, што былі на зямлі, і адразу ж тыя, што сядзелі на дрэвах, прыляцелі да яго і ўсе разам стаялі нерухома, пакуль святы Францішак не скончыў прапаведаваць, а пасля таксама не ўзляталі аж да таго моманту, пакуль ён не даў ім сваё благаслаўленне. І, як распавядаў потым брат Масей брату Якаву з Масы, нават калі святы Францішак хадзіў паміж імі, дакранаючыся да іх вопраткаю, ні адна з іх не зварухнулася.

Сутнасць прамовы святога Францішка была ў наступным: «Сёстры мае птушкі, моцна вы абавязаныя вашаму стварыцелю Богу, а таму заўсёды і ўсюды павінны ўсхваляць Яго; за тое, што Ён даў вам двайную і нават трайную вопратку; яшчэ за тое, што захаваў Ён вашае семя ў Ноевым каўчэгу дзеля таго, каб свет не пазбавіўся вашага роду; яшчэ вы Яму абавязаныя за паветраную прастору, што Ён аддаў вам. Акрамя таго, вы не сееце і не малоціце, а сам Бог вас пасе і дае вам рэкі і крыніцы для вашага пітва, дае вам горы і даліны, каб вы маглі там хавацца, і высокія дрэвы, каб маглі вы там віць гнёзды. І, не зважаючы на тое, што вы не ўмееце ні прасці, ні шыць, Бог апранае вас і вашых дзетак. І значыць, моцна любіць вас Стварыцель, раз дае вам столькі дабротаў. А таму асцерагайцеся, сястрыцы мае, граху няўдзячнасці і заўсёды імкніцеся хваліць Пана».

Пакуль святы Францішак прамаўляў ім гэтыя словы, усе птушкі, як адна, пачалі раскрываць дзюбкі, выцягваць шыі, распростваць крылы і паважліва схіляць галовы да самай зямлі, рухамі сваімі і спевамі паказваючы, што словы айца святога давалі ім найвялікшую асалоду. А святы Францішак радаваўся разам з імі, сам адчуваў асалоду і вельмі дзівіўся такой колькасці птушак, іх прыгажосці і разнастайнасці, а таксама іх увазе і даверлівасці, і за гэта ён пабожліва хваліў Стварыцеля.

Нарэшце завяршыў святы Францішак казанне і асяніў іх знакам крыжа і дазволіў ляцець; і тады ўсе тыя птушкі з цудоўнымі спевамі падняліся чарадою ў паветра, а пасля, згодна са знакам крыжа, што зрабіў святы Францішак, падзяліліся на чатыры часткі, адна частка паляцела на ўсход, другая на захад, трэцяя на поўдзень, а чацвёртая — на поўнач, і кожная з іх чароўна спявала, і гэта значыла наступнае: як святы Францішак, сцяганосец Крыжа Хрыстовага, што прамаўляў перад імі казанне і асяніў іх знакам Крыжа, згодна з якім яны падзяліліся, спяваючы, на чатыры часткі свету, так і казанне Крыжа Хрыстовага, адноўленае праз святога Францішка і праз братоў яго, павінна было разляцецца па ўсім свеце; а самі браты, нібыта птушкі, не маючы ніводнай уласнай рэчы ў гэтым свеце, толькі Божаму Провіду павінны былі даручыць сваё жыццё.

Слава Хрысту. Амэн.

 
Частка ХVІІ
Як адзін маладзенькі брат, пакуль святы Францішак маліўся ўночы, убачыў, што Хрыстус і Дзева Марыя і многія іншыя святыя размаўлялі з ім

Адзін вельмі чысты і цнатлівы юнак быў прыняты ў ордэн яшчэ пры жыцці святога Францішка і знаходзіўся ў маленькім кляштары, дзе браты з-за нястачы спалі на дзяружках. Аднойчы прыйшоў святы Францішак у згаданы кляштар і вечарам пасля пасілку пайшоў спаць, каб устаць і памаліцца ўночы, як ён звычайна рабіў, калі іншыя браты спалі. Згаданы юнак вырашыў цішком паназіраць за ім, каб спасцігнуць яго святасць і асабліва, каб даведацца, што ён робіць, калі падымаецца ўночы. А дзеля таго, каб не паддацца сну, юнак лёг спаць каля святога Францішка і прывязаў сваю вяроўку да вяроўкі святога Францішка, каб пачуць, калі той прачнецца, а святы Францішак тым часам нічога не заўважыў. Але ўночы, калі ўсе браты толькі-толькі пазасыналі, святы Францішак падняўся і ўбачыў, што яго вяроўка прывязаная, і ціхенька яе адвязаў, каб юнак не пачуў, і пайшоў сабе святы Францішак у лес каля кляштара, зайшоў у невялікую келлю і ўкленчыў для малітвы.

Прайшоў некаторы час, юнак прачнуўся і, пабачыўшы, што вяроўка адвязаная, а святы Францішак ужо пайшоў, падняўся і пачаў яго шукаць; а калі пабачыў адчыненыя дзверы, праз якія выходзілі ў лес, то падумаў, што святы Францішак прайшоў праз іх, і рушыў у лес. А калі падышоў да месца, дзе маліўся святы Францішак, то пачуў гучную размову і, наблізіўшыся, каб лепей убачыць і разабраць тое, што ён чуў, убачыў дзівоснае святло вакол святога Францішка, і ў гэтым святле пабачыў Хрыста, Дзеву Марыю і Яна Хрысціцеля, Яна Евангеліста і безліч анёлаў, якія размаўлялі са святым Францішкам. У той момант, калі юнак убачыў і пачуў усё гэта, то зваліўся быццам мёртвы на зямлю.

Пасля, здзейсніўшы цуд такога святога з’яўлення, святы Францішак вяртаўся ў кляштар і спатыкнуўся аб згаданага юнака, які ляжаў на дарозе быццам мёртвы, і, пашкадаваўшы, падняў яго на рукі і прынёс на ложак, як робіць добры пастух са сваёю авечкаю.

А потым, даведаўшыся ад юнака, што той пабачыў згаданае з’яўленне, загадаў юнаку, каб нікому пра гэта не расказваў, пакуль святы Францішак будзе жывы. І юнак, узгадаваны пасля ў вялікай ласцы Божай і пабожнасці святога Францішка, стаў важным чалавекам у ордэне і толькі пасля смерці святога Францішка распавёў братам пра згаданае з’яўленне.

Слава Хрысту. Амэн.

 
Частка ХVІІІ
Пра цудоўны Капітул, што склікаў святы Францішак у Святой Марыі Анёлаў, куды прыйшлі больш за пяць тысяч братоў

Верны служка Хрыста святы Францішак аднойчы сабраў у Святой Марыі Анёлаў агульны Капітул, які паяднаў больш за пяць тысяч братоў, і прыйшоў туды святы Дамінік, кіраўнік і заснавальнік Ордэну Братоў Прапаведнікаў, што ў той час якраз ішоў з Балоньі ў Рым, і, пачуўшы пра скліканне Капітула, які святы Францішак наладзіў у даліне Святой Марыі Анёлаў, пайшоў туды з сямю братамі свайго ордэну.

Быў яшчэ на згаданым Капітуле адзін кардынал, які вельмі паважаў святога Францішка, бо той напрарочыў, што кардынал стане Папам; так і адбылося. Гэты кардынал прыехаў спецыяльна з Перуджы, дзе знаходзіўся двор, у Асізі, і кожны дзень прыходзіў да святога Францішка і яго братоў і часам служыў Імшу, а часам гаварыў казанне братам у Капітуле.

І адчуваў згаданы кардынал найвялікшую радасць і пабожнасць, калі прыходзіў наведаць тую святую калегію і бачыў у даліне вакол Святой Марыі Анёлаў, як купкамі сядзелі браты, дзе шэсцьдзесят, дзе семдзесят, а дзе дзвесце, а дзе трыста разам, усе занятыя толькі тым, што разважалі пра Бога, у маленні, слязах і пратыкаванні міласці; і сядзелі яны ў такой цішыні і сціпласці, што не чулася адтуль ніякага шуму і ніякага шамацення, і, дзівячыся, што такая вялікая колькасць людзей паводзіла сябе так паслухмяна, са слязьмі і з вялікай павагаю казаў: «Гэта сапраўды поле і армія рыцараў Бога».

Не было сярод гэтага мноста люду нікога, хто б распавядаў гісторыі ці жарты, але паўсюдна, дзе збіраліся ў гурт браты, славілі Яго ці спраўлялі Імшу, ці каяліся ў грахах сваіх і сваіх дабрадзеяў, ці разважалі пра здароўе душы. І былі ў тым лагеры паветкі з плетняў і з рагожы, якімі адрозніваліся браты з розных правінцый, і таму называўся той Капітул Капітулам плетняў ці рагожак. Іх ложкам была голая зямля, і толькі ў некаторых было крыху саломы, а замест падушак былі камяні ці дрэвы.

З гэтай прычыны была да іх такая пашана ад усіх, хто іх бачыў ці чуў, і такой вялікай была слава аб іх святасці, што з папскага двара, які на той час быў у Перуджы, ды з іншых земляў Спалецкай даліны прыходзіла шмат герцагаў, баронаў, рыцараў і іншых высакародных людзей, а яшчэ шмат простых людзей і кардыналаў, і біскупаў, і абатаў з клерыкамі, каб паглядзець на такую святую, вялікую і пакорлівую кангрэгацыю, бо свет яшчэ ніколі не бачыў, каб столькі святых людзей сабралася разам. А найперш прыходзілі, каб пабачыць галаву і найсвяцейшага айца ўсіх гэтых святых людзей, які скраў у свету такую цудоўную спажыву і сабраў такую прыгожую і пабожную паству, каб пайсці па слядах сапраўднага пастыра Езуса Хрыста.

І вось, калі сабраўся, такім чынам, увесь агульны Капітул, святы айцец усіх і галоўны міністр святы Францішак у імпэце душэўным прапанаваў ім паслухаць слова Божае і прапаведаваў ім на поўны голас тое, што Святы Дух загадваў яму гаварыць, і ў якасці тэмы прамовы прапанаваў наступнае: «Дзеці мае, вялікія рэчы мы паабяцалі, але яшчэ большымі ёсць рэчы, што Бог нам паабяцаў; мы бачым тое, што мы паабяцалі, але, безумоўна, чакаем абяцанага нам. Кароткімі ёсць радасці свету, а пакаранне за іх вечнае. Малымі ёсць пакуты гэтага жыцця, а слава іншага жыцця — бясконцая». І пасля гэтых словаў з найпабожнейшымі малітвамі суцяшаў братоў і заклікаў іх да паслушэнства і шанавання святой Маці Царквы, да літасці паміж братамі, да малітвы за ўвесь Божы люд, да цярпення ў супярэчнасцях свету і стрыманасці ў раскошы, да падтрымання сціпласці і анёльскага ўстрымання, да міру і згоды з Богам, з людзьмі і з уласным сумленнем, да любові і захавання найсвяцейшай беднасці. І тут ён сказаў: «Я загадваю вам сілаю святога паслушэнства, усім вам, што сабраліся тут, каб ніхто з вас не меў клопату ці турботы, што паесці або папіць, ці аб якой іншай цялеснай патрэбе, а думалі толькі пра малітву і ўслаўленне Бога; а ўвесь клопат пра вашае цела пакіньце Яму, бо Ён мае асаблівы клопат пра вас». І ўсе, як адзін, успрынялі гэты загад з вясёлым сэрцам і радасным тварам, а па заканчэнні казання святога Францішка ўсе кінуліся ў малітву.

Тады святы Дамінік, які прысутнічаў пры ўсіх гэтых рэчах, моцна здзівіўся загаду святога Францішка і, палічыўшы яго нясціплым, не мог думаць ні пра што іншае, як пра тое, якім чынам столькі людзей маглі трываць без аніякіх намаганняў і клопату аб патрэбах, неабходных целу. Але галоўны пастыр Хрыстус благаслаўлёны, жадаючы паказаць, як Ён клапоцціца пра сваю паству і мае асаблівую любоў да нябогаў сваіх, адразу ж натхніў людзей з Перуджы, Спалета, Фаліньё, Спела, Асізі і з другіх навакольных земляў, каб прынеслі яны святой кангрэгацыі піць і есці. І адразу прыйшлі людзі з названых земляў з асламі, коньмі, вазкамі, поўнымі хлеба і віна, бабоў і сыру ды іншай смачнай ежы, у якой нябогі Хрыстовыя мелі патрэбу. Акрамя таго, неслі яны сурвэты і збанкі, і шклянкі ды іншы посуд, які мог спатрэбіцца такой вялікай колькасці людзей. І благаслаўлёным лічыў сябе той, хто змог найбольш рэчаў прынесці ці з большай пашанаю падаць ежу; настолькі, што нават рыцары і бароны, і мноства іншых людзей, якія прыйшлі туды паглядзець, з вялікаю пакораю і пабожнасцю перш за ўсё братам падавалі.

Тады і святы Дамінік, пабачыўшы такія справы і даведаўшыся насамрэч, што Божы Провід кіраваў імі нібы сваёю прыладаю, пакорліва прызнаў, што памылкова абвінаваціў святога Францішка ў нясціплым загадзе, і, укленчыўшы перад ім, выклаў сваю віну і дадаў: «Сапраўды, Бог мае асаблівы клопат пра гэтых святых нябогаў, а я гэтага не ведаў; цяпер і надалей абяцаю прытрымлівацца святой евангельскай беднасці; і праклінаю ад імя Бога ўсіх братоў з майго ордэну, якія ў гэтым ордэне пажадаюць мець уласнасць». Такім чынам, святы Дамінік шмат навучыўся ад веры найсвяцейшага Францішка, ад паслушэнства і беднасці такога вялікага і ўпарадкаванага сходу, ад клопату Божага Провіду і раскошы ўсялякага дабра.

У тым самым Капітуле было сказана святому Францішку, што многія браты насілі на целе кальчугі і жалезныя кольцы; таму многія хварэлі і некаторыя паміралі, а некаторым яны перашкаджалі маліцца. Таму святы Францішак, як клапатлівы бацька, загадаў дзеля святога паслушэнства, каб тыя, хто насіў кальчугу або жалезнае кальцо, знялі яго і паклалі перад сабою. Што і было зроблена. І пакладзена было пяцьсот жалезных кальчугаў, а яшчэ больш кольцаў для рук і жывата, так што ўтварылі яны вялікі пагорак, і святы Францішак загадаў іх усе там і пакінуць.

Пасля завяршэння Капітула святы Францішак умацаваў іх у дабрыні і, навучыўшы, як яны павінны жыць без граху ў гэтым дзікім свеце, з Божага і са свайго благаслаўлення адпусціў іх па сваіх правінцыях, усіх суцешаных духоўнай радасцю.

Слава Хрысту. Амэн.

Працяг >>
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY