|
Мая Святая Зямля
Яе ведаў, спрадвечную, з кніг,
Поўных цудаў дзівосных і дзеяў,
Дзе іскрылася казка ці міф,
Што Гасподзь дабрадатна пасеяў.
Я быў тут — адначасна і там,
І далёка нібыта, а блізка.
Паднябесны прасветлены храм,
Чалавецтва святая калыска.
З таго часу — жаданне дапяць
Жыватворных мясцін на планеце.
Ды нікому не дадзена знаць,
Як шляхі нашы лягуць па свеце.
Усё роўна душою імкнуў,
У малітве прасіў падсвядома.
Браму светлую ключ адамкнуў —
Я нарэшце вярнуўся дадому.
Гэтых тысяч гадоў не сплыло —
Спрычыніўся да справаў Хрыстовых.
Тут лунала любові крыло
Запаветам чаканым і новым.
Я хаджу праайчынай сваёй,
Дзе бруіць хрысціянства крыніца.
Незнаёма-знаёмай зямлёй
Аніяк не магу наталіцца.
|
Камяні і хлеб
Як зрабіцца камяням хлябамі? —
Сэнсу не даўмеешся наўпрост.
За даламі вобраз, за гарамі —
Да Святой Зямлі ладуй свой мост.
Краявід паўстане тут дарэчы,
Аб якім спакуснік гаварыў:
Як хлябы духмяныя, што з печы,
Камянюкі-боханы ў гары.
Уляпіла іх у схіл прырода,
У траву, сярод някідкіх дрэў.
Цуд явіць выдатная нагода,
Хто бязмежнасць паказаць хацеў.
Наямося гэтымі хлябамі,
І не трэба пот свой праліваць.
Рай зямны пабратаецца з намі,
Чалавеку проста дабрадаць.
Ды не варта блытацца ў аблудзе —
Чуйна слухай Госпада свайго.
Не адзіным хлебам жыцьмець будзем,
Але ўсякім словам ад Яго.
|
Цуд у Кане Галілейскай
Першы цуд — аніяк не чаканы, —
Тут вада зараз стане віном.
Ты сягоння на свята абраны
За спрадвечным вясельным сталом.
Узгадаеш сябе маладога
І любоўю асвечаны шлюб.
Дай нам, Госпадзе, шчасця зямнога,
Каб вянец да вянца клаўся ў зруб.
Каралеўна твая маладая
Гэта шчасце табе прынясе.
Карагодзіць сябрына людская —
На вяселле пакліканы ўсе.
Тут і Ён пабываў непрыкметна,
З чалавекамі радасць дзяліў.
Не сканчаўся напой запаветны
Для вясельнікаў проста наўздзіў.
Асвячу я віно ў светлым храме,
Дзе каменны стаіць ваданос.
Повязь горняя тчэцца між намі,
Стануць яваю водбліскі кроз.
Не адпрэчыць дадому вяртанне
Гэткі стан, ён ужо да канца.
Вып’ем сёння з табой за каханне,
Быццам толькі вось-вось з-пад вянца.
|
Светлы след
Галілейскае мора, лавітва
Чалавечых разгубленых душ.
Вечаровай парою малітва —
Дабрадатнасці стан не паруш.
Лёгкакрылы спакой, як адхланне,
Што дае спаконвечнасць вады.
Таямніц захаваць пакліканне
Ёй было праз вякі і гады.
Убірай водар любасці, дыхай,
Слухай чуйна святы запавет.
Раптам матушка мовіла ціха:
Тут часінай відаць светлы след.
Дзе ішоў па вадзе як пасуху
Ён да вучняў сваіх напрасткі...
Узрушэнне засмяглага духу,
Добрай весткі настрой трапяткі.
Цудадзейна адкрыліся вочы —
Я пабачыў сцяжынку святла,
Што істужкай у прыцемках ночы
Па прыціхлай вадзе пралягла.
Вось ён, след!
Так у цуд я паверыў,
Ткала повязь нябачная ніць.
Горніх цнот адчыніліся дзверы —
Дзеля гэтага варта і жыць.
|
|
|