|
|
№
3(45)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АСНОЎНЫЯ ЭЛЕМЕНТЫ ВУЧЭННЯ ДАГМАТЫЧНАЙ КАНСТЫТУЦЫІ ІІ ВАТЫКАНСКАГА САБОРУ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ DEI VERBUM Год Божага слова
Ad Fontes
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
Роздум
Постаці
Постаці
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Пераклады
Паэзія
Юбілеі
Юбілеі
Мастацтва
|
(да 100-х угодкаў назарэтанскага дому ў Гродне)
Першапачатковую адукацыю дзеці Хшаноўскіх атрымоўвалі дома, дзе асаблівая ўвага надавалася вывучэнню моваў, для чаго запрашаліся настаўнікі з Парыжа і Лондана. Мастацкі адораная Марыя Хшаноўская ў 1874–1878 гг. навучалася ў варшаўскім Класе малюнка, які пасля закрыцця ў 1866 г. Школы мастацтваў у Варшаве стаў адзінай мастацкай вучэльняй Польскага Каралеўства на 40 гадоў. Яе настаўнікам быў славуты Войцех Герсан. Таленавіты педагог, выпускнік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, В. Герсан выхаваў некалькі пакаленняў польскіх мастакоў, якім ён перадаваў усё, што засвоіў у славутай Акадэміі, і перш за ўсё дасканалае валоданне малюнкам. Менавіта ў Класе малюнка Марыя Хшаноўская пазнаёмілася і пасябравала з Ганнай Білінскай, вядомай польскай мастачкай, яскравай прадстаўніцай «Mіodej Polski», якая ў сваіх дзённіках цёпла ўзгадвае Маруху, як яна называла Марыю.
У 1878 г. Марыя Хшаноўская выйшла замуж за Паўла Гажыча, які меў родавы маёнтак Тапаляны недалёка ад Сегянёўшчыны. Пасля шлюбу і пераезду ў Тапаляны мастачка ў 1879 г. удзельнічала ў стварэнні альбома працаў польскіх мастакоў, выкананага ў падарунак для Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, вядомага польскага пісьменніка і грамадскага дзеяча, які паходзіў з Пружаншчыны і быў суседам Гажычаў. У Класе малюнка вучаніцы Герсана атрымоўвалі толькі першасную мастацкую адукацыю, а далей найбольш здольныя ехалі ў Еўропу. У Польшчы, як і ў Расіі, акадэмічную мастацкую адукацыю жанчыны маглі атрымоўваць толькі з 1904 года ў Акадэміі мастацтваў у Варшаве і з 1920 года — у Акадэміі мастацтваў у Кракаве. Сярод еўрапейскіх акадэміяў самымі папулярнымі сярод жанчын на той час былі Каралеўская акадэмія мастацтваў у Мюнхене, прыватная Акадэмія Жуліян у Парыжы і акадэміі ў Вене і Дрэздэне. Марыя Гажыч належала да першага пакалення прафесійных мастачак Польшчы канца ХІХ ст. З гэтага ж пакалення выйшлі такія мастачкі, як М. Бутаўт-Анджэйковіч (нараджэнка Гродзеншчыны), Г. Білінска, В. Базнанска і іншыя. Гэта былі асобы, адораныя вялікім талентам, нязвыклай працаздольнасцю і мэтанакіраванасцю, і ўсе яны прайшлі няпросты жыццёвы і творчы шлях.
У Парыжы мастачка прадала дзве карціны — «Тыпы з-пад Бугу», — якія прадстаўлялі жанчын у беларускіх строях (пра іх мы можам меркаваць па малюнках з яе альбома). Матэрыялы з архіва сясцёр назарэтанак у Варшаве і, найперш, успаміны сясцёр, якія асабіста ведалі маці Паўлу і яе вучаніц, сведчаць, што пасля вучобы ў Парыжы яна накіравалася на далейшую вучобу ў Мюнхен і там выстаўляла свае творы. Паводле звестак перыядычнага друку, мы можам казаць пра актыўную выставачную працу М. Гажыч, якая з 1880 г. прымала ўдзел у шэрагу выставаў у варшаўскай «Захэнце», салоне Крывульта, а таксама выстаўлялася ў Кракаве і Львове. У 1893 г. Марыя Гажыч выстаўляе свае творы ў Вільні і з імі знаёмяцца мастакі Вільні, Віленшчыны і Гродзеншчыны, вучні віленскай Школы рысунку, шырокія колы аматараў мастацтва. Пераважна 1893–1894 гг. датуюцца акварэльныя эцюды разнастайных кветкавых матываў, у якіх мастачка адлюстравала ружы, півоні, настурцыі, званочкі, квецень яблыні, лілеі, валошкі, духмяны гарошак, букецікі палявых кветак, а таксама грыбы, галінкі дрэваў, каштаны. Усё гэта выпісана з неверагодным замілаваннем, увагай да простых матываў, лёгкасцю і паветранасцю. Хутчэй за ўсё, гэтыя эцюды былі створаны ў Тапалянах.
Прысутнасць святла як жывога элемента кампазіцыі ў творах Марыі Гажыч з гэтага часу адзначалі ўсе крытыкі — «жывое святло стала адметным элементам яе стылю. З пачатку 90-х гг. Гажыч працуе над серыяй карцін на тэматыку палявання. Першая з серыі — «Паляванне на глушцоў» — была адзначаная ўзнагародай сярод карцін польскіх мастакоў, высланых у Чыкага, дзе ў 1893 г. адбылася вялікая міжнародная мастацкая выстава, у якой прынялі ўдзел 39 польскіх мастакоў. У альбоме з малюнкамі М. Гажыч кастрычнікам 1894 г. датуюцца замалёўкі палявання на качак з выявамі паляўнічага рыштунку, саміх паляўнічых на лодках і качак. Мабыць, на падставе гэтых замалёвак быў напісаны цыкл карцін, у які ўвайшлі «Палескае восеньскае паляванне на качак. Выезд», «Палескае паляванне на качак. Сад», «Палескае паляванне на качак. Адпачынак». Гэты цыкл быў выстаўлены ў «Захэнце» ў 1895 годзе. Да сюжэта палявання мастачка звярнулася яшчэ і ў 1899 годзе, ствараючы карціну «З палявання на дзіка».
Да сюжэта дзіцячай шчырай малітвы Марыі Гажыч звярнулася пры стварэнні карціны «Матулі вечны супакой», якая была выстаўлена ў «Захэнце» ў 1900 годзе (замалёўка кампазіцыі змешчана ў адным з альбомаў мастачкі). Укленчыўшы на ложку перад выявай крыжа, дзяўчынка малітоўна склала рукі. Хуткі, лаканічны, на адным уздыху зроблены малюнак, таленавіта скампаваны сюжэт ствараюць шчымлівае і вельмі шчырае пачуццё бязраднасці і апошняй надзеі. Менавіта ў 1900 г. памёр муж Марыі Гажыч. Карціна была эмацыянальна перажытая мастачкай, адпавядала стану яе душы, яе ўнутранай пакуце. Увесь час хваробы мастачка жыла ў Тапалянах (з восені 1896 г. да 1900 г.) У гэты час яна малявала пераважна тое, што бачыла штодня: дрэвы, цяністыя прысады, партрэцікі вясковых дзяцей і тыпы беларускіх сялян. Зрэдку яна выязджала ў недалёкія Манькавічы (рэзыдэнцыя Радзівілаў), Бабічы, Давыд-Гарадок і ў Нясвіж.
Першы — гэта партрэт свецкай дамы ў капелюшы. Яе пастава, погляд і выразная тэхніка малюнка перадаюць упэўненасць гераіні партрэта, яе веру ў свае здольнасці і магчымасці. Другі аўтапартрэт быў выкананы на Вігілію 1897 года — у час, калі цяжка хварэў муж. Настрой твора зусім іншы, як і іншым быў душэўны стан мастачкі – неспакой, бязраднасць і нават страх перад нечым яшчэ не перажытым, невядомым, балючым, але неадступным. Не хлусіць і аловак мастачкі — нервовая лінія, бездапаможна паднятая і выцягнутая рука... Праз год пасля смерці мужа сястра Марыі, Яніна, запрасіла яе ў Кракаў, каб дапамагчы ёй выйсці з цяжкага эмацыйнага стану. Менавіта падчас Імшы ў кракаўскім касцёле, у момант выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, Марыя Гажыч, якая да гэтага жыла без веры, цудоўным чынам паверыла ў волю Бога і з таго дня цалкам аддалася гэтай веры. Тады яна была ўжо сталай 41-гадовай жанчынай. Марыя Гажыч пакідае сваё свецкае жыццё і ўсё, што было звязана з ім, акрамя мастацтва, якое з гэтага часу яна прысвячае не толькі людзям, але, найперш, Богу. Яна прыняла рашэнне пайсці ў закон.
Пасля закрыцця шэрагу каталіцкіх кляштараў і рэзкага пагаршэння іх матэрыяльнага статусу ў сувязі з паразай студзеньскага паўстання і выплатай кантрыбуцыі старажытны, заснаваны яшчэ ў 1642 г. брыгіцкі кляштар патрабаваў значнага рамонту. Да таго ж у 1885 г. у ім здарыўся пажар, які не толькі пашкодзіў будынкі, але і знішчыў старажытную бібліятэку. Каб уратаваць кляштар ад закрыцця, у 1908 г., калі ў ім засталіся толькі дзве сястры, арцыбіскуп Роп і дамогся запрашэння сясцёр назарэтанак для іх дагляду. Такім чынам, назарэтанкі апынуліся ў Гродне, а маці Паўла стала іх першай старэйшай сястрой. На аднаўленне і рамонт кляштара яна ахвяравала ўвесь свой пасаг, а таксама грошы, атрыманыя ад продажу Тапалянаў. У гродзенскі кляштар, як апавядае легенда, яна прывезла з Тапалянаў маладую бярозку, якая і сёння атуляе кавалак кляштарнага саду.
Акрамя наладжвання рэлігійнага жыцця ў кляштары, маці Паўла распачала актыўную грамадскую дзейнасць. Яна, не пытаючы дазволу ўладаў, арганізавала моладзевы хор, гурток для бедных дзяцей, а праз некалькі гадоў адчыніла інтэрнат для вучаніц расійскіх школ. У касцёле збіраліся розныя каталіцкія суполкі, арганізоўвалася школьнае навучанне моладзі. Падчас Першай сусветнай вайны маці Паўла адчыніла 2 класы гімназіі. Наколькі дазваляў яе духоўны сан, яна ўключылася ў дзейнасць тайных асяродкаў польскай моладзі. Выхаванкі гродзенскага Назарэта, пераапранутыя ў вясковае адзенне, былі сувязнымі падчас вайсковых акцый і пераносілі зброю. Маці Паўла не спынілася нават перад тым, каб схаваць зброю і скрынкі з порахам у кляштары, што пагражала ёй шыбеніцай. Сярод гродзенцаў маці Паўла карысталася вялікай пашанай: яе празвалі «Гродзенскай Маці». У Гродне яна працягвала займацца жывапісам, але змяніла яго тэматыку – цяпер яе цікавіў выключна сакральны жывапіс. На сённяшні дзень у гродзенскім кляштары захоўваюцца 7 абразоў, намаляваных сястрой Паўлай. Неверагодная здольнасць да матэрыялізацыі святла, якую адзначалі ў яе свецкім жывапісе, адпавядае старажытнай традыцыі сакральнага жывапісу, дзе ў абразах пануе святло, а не цені. Жывое святло мастачкі стала важкім элементам адухоўленасці яе абразоў. «Святы Клімэнт» — апякун Гродна, быў напісаны маці Паўлай для алтара гродзенскага касцёла. Маці Паўла намалявала яго як военачальніка рымскага легіёну — у зброі, з пакутніцкай пальмай. Абраз, выкананы ў блакітна-шэрых тонах у рэалістычнай манеры, быў цэнтрам кампазіцыі алтара, унізе якога знаходзіўся рэлікварый святога, які і сёння захоўваецца ў бэрнардынскім касцёле ў Гродне. Абраз вылучаецца актыўнай жывапіснай манерай. Яркія колеры легіянерскага адзення, падкрэсленая металёвая фактура залатога шлема і нагруднага панцыра, святлоценявая мадэліроўка валявога твару і халодна-празрысты фон ствараюць атмасферу значнасці і ўрачыстасці вобраза апекуна Гродна ў адным з найважнейшых алтароў касцёла. Па-евангельску лаканічная кампазіцыя абраза «Святы Юзаф-цясляр» перадае вобраз святога за звыклай працай цесляра ў абстаноўцы простай майстэрні. Цэнтр кампазіцыі займае постаць св. Юзафа ў сіняй хламідзе, паверх якой апрануты карычневы плашч-пелерына. Увесь пакой выкананы ў таямнічым карычнева-залацістым каларыце, таму постаць святога вылучаецца сінім колерам адзення. Асноўны колеравы рытм кампазіцыі — белы, як колер сівых валасоў і барады, які прыцягвае позірк да засяроджанага на працы спакойнага твару і белай лілеі святога справа ўнізе. Спакой, раўнавага і годнасць — асноўныя пачуцці, якія выклікае гэта кампазіцыя, напоўненая спакойнымі акордамі святла. Абраз «Святая Тэкля» вельмі характэрны для ўсяго жывапісу Марыі Гажыч, бо ён таксама напоўнены святлом, што ўспрымаецца як самастойная матэрыя, якая, з аднаго боку, з’яўляецца ўвасабленнем Боскага, а з другога – надае постаці святой чысціню і падкрэслівае недатыкальнасць у сюжэце са змеямі. (У альбоме з накідамі М. Гажыч захавалася замалёўка гэтай кампазіцыі). Маці Паўла напісала ў Гродна шэраг абразоў: «Хор анёлаў», «Езус — добры Пастыр», «Святы Пётр», «Веліч Марыі» і інш., якія захоўваюцца ў кляштары, і займалася рэстаўрацыяй старых абразоў з касцёлаў Гродна і ваколіцаў. Назарэтанкі ўзгадваюць нязвыклую харызматычнасць маці Паўлы, якая змагла спалучаць манаскае жыццё з актыўнай грамадскай і педагагічнай дзейнасцю. У Гродне маці Паўла прабыла да 1919 года, пасля чаго яе выклікалі працаваць спачатку ў Люблін, а потым у Альбана. У 1932 годзе маці Паўла, ужо вельмі хворая, вярнулася ў Гродна і правяла там апошнія гады свайго жыцця. Яна памерла 13 верасня 1935 года і была пахаваная на парафіяльных каталіцкіх могілках у Гродне. ...У Гродне маці Паўла пакінула адрамантаваны кляштар, сясцёр назарэтанак, пасаджаную ёю ў кляштарным садзе тапалянскую бярозу, напісаныя тут абразы, добрую і ўдзячную памяць гараджанаў.
|
|
|