|
|
№
3(45)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АСНОЎНЫЯ ЭЛЕМЕНТЫ ВУЧЭННЯ ДАГМАТЫЧНАЙ КАНСТЫТУЦЫІ ІІ ВАТЫКАНСКАГА САБОРУ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ DEI VERBUM Год Божага слова
Ad Fontes
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
Роздум
Постаці
Постаці
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Пераклады
Паэзія
Юбілеі
Юбілеі
Мастацтва
|
Хрысціянскія матывы ў творчасці Наталлі Арсенневай
Далучанасць да высокіх хрысціянскіх ідэалаў, узнёслае ўслаўленне святыняў, прасветлены малітоўны настрой — гэта характэрная асаблівасць паэзіі Наталлі Арсенневай, знакамітай беларускай паэткі ХХ стагоддзя, аўтаркі духоўнага гімна-малітвы «Магутны Божа». Ужо ў першым перыядзе яе творчасці (20–30-я гады, калі ствараліся вершы, што ўвайшлі ў кнігі «Пад сінім небам» і «Жоўтая восень») выразна прасочваецца скіраванасць да вечных каштоўнасцяў, імкненне да красы і гармоніі высокага сіняга неба. Сама назва першай кнігі і зачынны верш «Пад сінім небам» азначаюць стан душы паэткі пад покрывам нябеснага боскага святла. Гэта своеасаблівы паэтычны вектар, куды скіраваны погляд Наталлі Арсенневай, менавіта ў гэтым вектары спраўджваецца вялікі цуд — незямное жыццё-свята, супрацьпастаўленае шэраму зямному існаванню:
Найвялікшым дарам Неба ўсяму жывому ўспрымала паэтка зямную красу, красу прыроды, таму ў яе паэзіі гучыць шчырая малітоўная ўдзячнасць Творцу за гэты сапраўдны зямны рай, за шчасце, асалоду, што дае гэтая краса. Згадаем фінал верша «Улетку»: «Нясуцца да нябёс малітвай дзякаваньня // Вышэй, вышэй, вышэй...» (2, с. 26). У нью-ёркскім выданні гэты верш, як і многія іншыя, перапрацаваны, зменены. Так, матыў удзячнасці заменены малітоўнай просьбай: «Імкнуць у вышыню за ўсіх, за ўсё, за сяньня // маліць, маліць, маліць...» (1, с. 31). Відавочна, аўтарку не задавальняла слова «дзякаваньне», тым болей з націскам на трэцім складзе, што вымушаўся рыфмоўкай. Прырода бачыцца паэтцы праўдзівым храмам, месцам малітвы і супакаення душы, дзе між вечнай дасканалай красы адбываецца таямніца споведзі, у якой адыходзяць смутак і роспач, крыўда і адчай. Асабліва вабіць лес, дзе гонкія сосны, нібы калоны храма:
Там, у тым светлым хораме-лесе, пануе сапраўды незямны супакой і да спакутаванай душы з’яўляецца сам Збаўца, які прамаўляе вечныя ісціны пра ўсёдараванне і ўлівае ў душу жыццядайнасць веры, жывіцу гармоніі. Голас Бога, велічны і ўзвышаны, чутны ў шолаху лісця, у кожнай кволай былінцы. Яго слова ўказвае на асабісты прыклад, на сваю вялікую ахвяру і дараванне:
У апошнім радку па-свойму паўтараюцца словы Евангелля: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (пар. Лк 23, 24). Улюбёнай парой для Наталлі Арсенневай былі змярканне і ноч з іх відавочнымі зменамі, з гульнёй колераў і адценняў, думак і настрояў, з неразгаданымі таямніцамі. «Вячэрні змрок, ноч для яе — гэта чаc роздуму аб вечных болях, аб вечных муках, час таямнічых ценяў, душэўнай тугі, але галоўнае — час ісціны, гранічнай праўды перад сабою, калі пазнаеш тайну жыцця і Бога» (9, с. 46). Пазнанне Бога як пазнанне вялікай таямніцы гучыць лейтматывам у вершы «Шэпты ночы», у прасторы якога пануе надзвычайная сцішанасць, бо «з душою душа гавора». Вынікам духоўных пошукаў становіцца ўзыходжанне на новы шлях, што азначае новае ўспрыняцце, бачанне, разуменне сэнсу жыцця. Гэта рацыянальная аснова, роздумная канва твора, а яго лірычнае дзеянне скіравана ў эмацыйную прастору, якая поўніцца мройнымі пачуццямі, недасказанасцю. Верш завяршаецца тым жа пытаннем, якім і пачынаецца: «Што сумна шэпчуць мне тыя ночы?» Кальцавая кампазіцыя тут не толькі элемент формы, але і зместу: знайсці адказы, да канца пазнаць таямніцу жыцця немагчыма. Пошукі нязведанага, імкненне разглядаць таямніцы нязменна прыводзяць да высокага нябеснага святла, праз судакрананне з прыгожым, вечным адбываецца эстэтызацыя душы і адкідаюцца як недасканалыя, непатрэбныя, нявартыя зямныя ўцехі:
Два вершы Наталлі Арсенневай з аднолькавай назвай «Вячорны абразок» успрыняты літаратуразнаўцай Лолай Званаровай як прысвячэнні іконе: «Зялёны, жоўты сімвалізуюць комплекс фарбаў, асабліва папулярных сярод усходнеславянскіх іканапісцаў. Невыпадкова сярод вершаў Наталлі Арсенневай сустракаем два вершы „Вячэрні абразок“, прысвечаных іконе» (5, с. 108–109). З гэтым можна згадзіцца, калі ўлічыць, што абразок — гэта мініяцюрная ікона, маленькі абраз. Але відавочна, што паэтка мела на ўвазе хутчэй жанр, празаічную і паэтычную мініяцюру, вядомую ад нашаніўскай пары (згадаем знакамітыя «Абразкі» Змітрака Бядулі). Што да колеравай палітры, то толькі ў першым вершы паэтка выкарыстоўвае адценне жоўтага («і чыстым золатам заліта // ціхіх палёў далечыня» (1, с. 29). А ў другім нават прадмет традыцыйна жоўтага, залатога колеру зафарбаваны інакш: «Зіркае месяц круглатвары, // зялёна-сіні» (1, с. 72). І ўсё ж расейская даследчыца ў пэўным сэнсе мае рацыю: ад вершаў сыходзіць той незвычайны, сцішана-роздумны, настрой, які найбольш спрыяе малітве перад абразом. Паэтычная антытэза нябеснага і зямнога выразна прагучала ў вершы «На матыў хаўтурнага маршу», высока ацэненага крытыкамі яшчэ ў 20-я гады. Па выхадзе першай кнігі паэткі савецкі крытык Мікола Байкоў пісаў: «Па глыбокай натхнёнасці жывога пачуцця смутку бязмежнага, па музычнасці і бездакорнасці рытміцы гэты верш магчыма было б назваць найлепшым вершам Арсенневай і разам з тым адным з найлепшых у беларускай паэзіі» (4, с. 92). Меладычнасць, узнёслая малітоўнасць робяць гэты твор праўдзівай песняй, светлым развітаннем з жыццём. Тут адлюстравана не столькі імкненне ў край ценяў і нябыту, колькі імкненне да нябеснай гармоніі:
Твор уражвае, тым больш, што напісаны ён быў у 1921 годзе, калі аўтарка мела ўсяго васемнаццаць гадоў. На першым этапе творчасці Наталлі Арсенневай біблейскія матывы не прагучалі ў яе паэзіі непасрэдна, яны як бы знаходзяцца ўнутры паэтычнага твора, у самім элегічна-малітоўным настроі гераіні-верніцы, якая замест словаў «гаварыць», «пісаць», «думаць», «марыць» часта выкарыстоўвае «маліцца», «маліць», шчыра звяртаючыся да Бога, як, напрыклад, у вершы «Пытанне»:
Колеравая палітра вершаў таксама непасрэдна звязана з хрысціянскімі матывамі. Так, колер Хрыста — белы — часта адлюстроўвае малітоўны настрой: «У белай рызе рабіны стаяць», «высокі белы хорам». Па-новаму загучалі хрысціянскія матывы ў творчасці Наталлі Арсенневай часоў вайны. Яе паэзія быццам набрыняла крывавымі падзеямі, аднак яна ўвабрала ў сябе не толькі страшныя рэаліі, але і надзею на паўстанне Беларусі з попелу, з руінаў. Першы верш новай творчай пары «Палеглым» крытыкі слушна называюць рэквіемам па загубленых маладых жыццях. Малітоўны настрой у ім ствараецца праз успрыняцце прыроды як храма, а метафарай служаць вобразныя рэаліі царкоўнага жыцця: званы, абразы, свечкі, крыжы. Верш «Палеглым» успрымаецца як развітальная Імша ў прыродзе ў той час, калі кволае святло восеньскага дня саступае месца вечнай цемры:
Матыў супрацьстаяння жыцця і смерці на зруйнаванай вайной зямлі прагучаў у многіх вершах Наталлі Арсенневай. Так, у вершы «Асенняя дарога» смерць паўстае ў вобразе крыважэрнай міфалагічнай істоты, што мае багатае жніва, дзе каласы — людскія жыцці: «Разбадзялася сьмерць, // люба ёй зрэзваць калосьсе, // ляскаць клыччом, // вылупляць ямы вачэй без павек» (1, с. 86). Магутная сіла жыцця, здольная перамагчы смерць, вера ў чалавека — носьбіта жыцця, які сілай свайго духу, ахвярнасцю, веліччу ідэяў пераадольвае гібенне — гэты аптымістычны матыў завяршае верш:
У апошніх радках матыў уваскрасення жыцця пераплятаецца з матывам ўваскрасення Хрыстовага, які праз сваю ахвяру даў свету надзею на перамогу над смерцю, загінуў за чалавецтва, смерцю знішчыўшы смерць. Няпросты лёс мастака ў часы ваеннай навалы, ягоная высакародная і вельмі адказная місія тварыць насуперак усяму параўноўваецца паэткай з крыжовымі пакутамі, калі слова ператвараецца ў цвік, якім прабіваецца душа, вярэдзяцца раны:
Вяршыняй духоўнай паэзіі Наталлі Арсенневай ваеннага часу ды і наогул усёй яе творчасці з’яўляецца знакамітая малітва «Магутны Божа», якая ўспрымаецца многімі людзьмі як духоўны гімн Беларусі. Вядома, што гэты верш пісаўся па замове, але гэта якраз той шчаслівы выпадак у мастацтве, калі вялікі талент пераплаўляе напісанае па неабходнасці ў сапраўдны шэдэўр. Даследчык творчасці беларускай эміграцыі Арнольд Макмілін адзначае, што «гэтая ўзнёслая малітва са спецыфічнымі культурнымі спасылкамі (напрыклад, земляробчымі) больш нагадвае нацыянальны гімн, чым царкоўны спеў, і не ёсць тыповым вершам на выпадак...» (6, с. 121). Духоўным гімнам твор робіць і ўзнёслы малітоўны настрой, і шчыры, палымяны зварот да Бога, і ўкладзены ў змест вялікі клопат пра лёс Бацькаўшчыны. Гэта кранальная малітва, «якая ўзвышае і аб’ядноўвае нашы душы ў адзіным узнёслым парыве — чалавечай просьбе да Бога даць „ціхой і ветлай“ Беларусі шчасце на зямлі» (9, с. 85). Вялікае свята Хрыстовага Уваскрасення паэтка адлюстравала ў вершы «Велікодным ранкам», зачынны матыў якога — усеахопная радасць, што шырокай хваляй запаўняе свет прыроды і чалавечыя душы. Упершыню ў творчасць Наталлі Арсенневай уваходзіць запачаткаваны яшчэ нашаніўцамі матыў, звязаны з надзеяй на Адраджэнне Краю (Хрыстос уваскрос — уваскрэсне Беларусь!), які пазней, у эміграцыі, стане адным з галоўным сярод біблейскіх матываў. У глыбока патрыятычным вершы «О, родны край!» паэтка асэнсоўвае жыццё як найвялікшую кнігу — Біблію, знаёмства з якой і ёсць самая галоўная жыццёвая плынь, рухомая, няспынная, незваротная:
Відавочна, знаны даследчык творчасці беларускіх эмігрантаў Мікола Мішчанчук не зусім мае рацыю, калі сцвярджае, што пасля вайны, «прайшоўшы праз расчараванне, перажыўшы трагедыю адрыву ад краю і страты веры ў адраджэнне нацыі, паэтка настроілася на хвалю адычную, знайшла дарогу ў Храм, да Бога» (8, с. 25). Наталля Арсеннева заўсёды, з першых крокаў і ў жыцці, і ў паэзіі ішла гэтай дарогай. Іншая справа, што вершаў выразна хрысціянскай і адначасова нацыянальна-адраджэнскай тэматыкі ў яе ранняй лірыцы не было, бо паэтка ў тым часе заставалася «над схваткай», у імкненні да чыстай красы і гармоніі высокага неба:
У эмігранцкі перыяд творчасці Наталля Арсеннева вельмі часта звярталася да біблейскіх матываў, асабліва, калі асэнсоўвала лёс Бацькаўшчыны, яе сыноў, яе мінулае і будучыню. У вершы-звароце «Беларусі» перапрацаваны біблейскі матыў пакарання каменем: паэтка пытаецца, ці маюць права тыя, хто дайшоў да вяршыняў веры, для каго Беларусь — сімвал веры, кідаць камень у тых, хто «верыць і ня верыць», хто не здраднік, але і веры вялікай не мае. «Іх лёс няласкавы, іх шлях імглісты й шэры. // Ці нам каменьне ў сэрцы іх шпурляць?» Гэты ж матыў гучыць і ў вершы «Сыны й маці», дзе пачуццё сяброўства прыносіцца ў ахвяру дзеля «лусты тлустае» і сябрам кідаюцца «пад ногі камяні». Ужо ў прысвячэнні да гэтага верша гучыць біблейскі матыў блуднага сына, перанесены паэткай на беларускую глебу, на знакамітую старонку нашай гісторыі: «У Слуцкія ўгодкі нашым блудным сынам прысьвячаецца» (1, с. 238). Верш «Ён дайшоў» таксама гучыць як інтэрпрэтацыя матыву вяртання блуднага сына, але гэтае вяртанне выклікана не голадам і холадам, а горкім хлебам чужыны, хай сабе і белым, непераадольнай настальгіяй. Шлях на Радзіму пакутны і доўгі. Слушна заўважае даследчыца Лола Званарова, што ў абліччы безыменнага вандроўніка «праглядваюцца рысы гнанага Хрыста» (5, с. 107). Адзінокі, лішні, выгнаны з роднага краю, ён сапраўды церпіць пакуты Крыжовага шляху:
У гэтым вобразе ўвасоблены некалькі іпастасяў: Хрыстос, блудны сын, вечны вандроўнік, выгнаннік-беларус. Трагедыя асобы ў вершы спалучаецца, падсвечваецца, павялічваецца трагедыяй Краю, зруйнаванага чужынцамі. Так і чаканы прытулак, родны дом, што ўспрымаецца ў мроях жаданым раем, паўстае змрочнай карцінай разбурэння — абрываецца надзея на вяртанне як збавенне ад пакутаў на чужыне: У фінале верша вобраз безыменнага вандроўніка ізноў узвышаецца да вобраза Хрыста, які ў чарговы раз завяршае свой зямны шлях, непрызнаны, непрыняты:
Духоўная слепата, не зжытая на гэтай зямлі, дзе людзі не здольныя пазнаць і прыняць Сына Божага, і ёсць вытокам руйнавання душы. І гэтая ісціна старая як свет, і гэтак жа непахісныя ў сваёй духоўнай слепаце людзі, якія не ведаюць, што твораць... Музычны акампанемент — покліч званоў — суправаджае рух лірычнага дзеяння ў вершы «Снежань». Малітоўны матыў тут падсвечваецца колеравай гамай, у якой пануе непарушная белая чысціня: белы снег, белы вецер і «нехта белы» — Магутны Бог, перад абліччам якога роўныя ўсе, калі не ў зямным жыцці, то абавязкова там, дзе ўсіх нас чакае вечны спачын. Місія Хрыста выратавальная, Ён імкнецца вырваць чалавечыя душы ад злога, пякельнага, згубнага. Покліч Неба, покліч званоў гучыць у поўнай цішыні, гучыць выразна, настойліва, запаўняе ўсю прастору:
Хрыстос жыве ў кожным, выяўляе сябе ў моманты найвышэйшага напружання, у хвіліны трагедыі. Ён прымае на сябе людскія пакуты. Так адбываецца ў вершы «Акцыя», дзе ўзнаўляюцца трагічныя падзеі знішчэння яўрэяў у гады вайны. Нельга згадзіцца з развагамі Алеся Марціновіча пра гэты твор, калі ён як адкрыццё (пытальнік і клічнік у канцы сказа) гаворыць наступнае: «Гэты верш „вельмі ж ужо пераклікаецца з яе „Малітвай“?!» (7, с. 149). Далей крытык прыводзіць доказы, якія якраз і адлюстроўваюць адрозненне паміж творамі, а не іх падабенства. Вершы аб’ядноўвае толькі вобраз Хрыста, а ва ўсім астатнім ( і па жанравых асаблівасцях і па форме: узнёслая малітва-гімн, палымяны зварот у адным вершы і аповед пра акцыю-знішчэнне, прапушчаны праз душу паэткі, у другім) творы цалкам адрозніваюцца. У фінале верша «Акцыя» Хрыстос з’яўляецца, каб прыняць на сябе пакуты знішчаных людзей. З’яўляецца ў вачах — люстэрку душы — расстралянага яўрэйскага хлопчыка Ёселя:
У Нямеччыне ў першыя пасляваенныя гады беларуская эміграцыя імкнулася наладзіць сваё нацыянальнае жыццё, найперш стварыць умовы для падрыхтоўкі юных беларусаў да будучага жыцця, даць ім належную адукацыю. Так паўстала Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, у якой актыўна працавала і Наталля Арсеннева. Яе вершы, прысвечаныя беларускім гімназістам, гучаць як палымяныя заклікі верыць у паўстанне вольнага роднага Краю. Гэта глыбока патрыятычныя вершы, што выхоўвалі пачуццё любові і адказнасці за лёс Беларусі, вучылі служыць ідэалам яе Адраджэння і на чужыне, а здраду Радзіме паэтка разумела як учынак найганебнага ва ўсе часы злачынцы — Юды. Біблейскі матыў асуджэння здрады прагучаў у вершы-звароце «Моладзі»:
Наталля Арсеннева не змагла завяршыць сваю творчую задуму — паэму «Зьнічы», аднак яе фрагменты ўспрымаюцца як даволі цэласны мастацкі арганізм. У творы адлюстравана трагедыя Беларусі — Прадвечнага Зніча. Лёс краіны заўсёды раздзялялі яе дзеці, якія гарэлі ў пажарах, нібы знічы. Напластаванне эпітэтаў, паўторы ўзмацняюць эмацыянальна-экспрэсіўнае багацце паэтычнага выказвання: «Паланеў у неба шырока, нязгасна // велічны, // крывавы, // зыркі, зыркі // зьніч» (1, с. 190–191). Гэты крывавы зніч, што ўзнімаецца да нябесных вышыняў, знаходзіць там водгук, спачуванне, суцяшэнне. Яскрава намаляваны і вобраз крыжа, што паўстае як абаронца, а галоўнай выратавальнай сілай выступае «Хтось Найвышні», Магутны Бог:
У зборніку Наталлі Арсенневай «На ростанях», які не пабачыў свет асобным выданнем, і сапраўды «дамінуе думка пра ўваскрашэнне жыцця, веры. Вяртаецца на грэшную зямлю Хрыстос, і побач з ім аказваецца Беларусь. Беларусь і Бог — яны побач, яны крочаць скалечанымі і зруйнаванымі прасторамі» (8, с. 25–26). З біблейскіх вобразаў у паэзіі Н. Арсенневай уведзены і вобраз Тамаша Нявернага (верш «Мой скарб»). У вершы «Прошча» таксама паўстае гэты вобраз, дзе ён сімвалізуе тых, хто страціў веру, страціў нашу найвялікшую святыню — Вострую Браму. Але магутная Пагоня, нібы вецер, няспынна ймкне да Вільні — «стаконна, стамечна, стамільна». Наватворы Наталлі Арсенневай тут вельмі выразныя, яны літаральна стакроць павялічваюць эмацыйны напал паэтычнага радка. Нашы хрысціянскія святыні-храмы часта згадваюцца паэткай. Так, у нізцы «Прывіды» ў вершы «Готык» паўстае вобраз касцёла святой Ганны, што высіцца ў яе роднай Вільні. Паэтычныя радкі Н. Арсенневай нагадваюць тут узвышаныя звароты акафісту:
У вершы «25 Сакавік» нібы ўзнаўляецца абрад святога Прычасця: «Ахвяраю крыві, // а Слова стане Целам...» (1, с. 210). Біблейскі матыў стварэння чалавека выкарыстаны Н. Арсенневай дзеля асэнсавання працы паэта, мастака. Наканаванне таленту ў тым, каб узгадоўваць у целе чалавека душу, «агонь распальваць боскі // у целе з гліны і пяску» (1, с. 225), тварыць свой запавет... У жанрава-разнастайных творах (а гэта малітоўныя споведзі, біблейскія прытчы, урачыстыя малітвы) адлюстраваны шчырыя пачуцці паэткі, верніцы, хрысціянкі, патрыёткі. У многіх вершах, прысвечаных палеглым за Беларусь, пачуццё яе гонару за подзвігі змагароў пераплятаецца з матывам вечнай памяці як духоўнай даніны ад нашчадкаў («Над паўстанцкай магілай»). Рамантычная традыцыя ўвасаблення вобразу Айчыны ў вобразе жанчыны перададзена паэткай у вершы «Вы пайшлі паміраць», дзе вобраз Маці выразна пазначаны святасцю. Гэта ўжо не проста жанчына-маці, а вялікая Маці Збаўцы, бо і яе сыны сталі збаўцамі сваёй Радзімы, загінулі, укрыжаваныя, кінутыя на мукі дзеля святой справы:
Сімвалам урачыстага свята Вербнай нядзелі, якая адначасова распачынае Вялікі тыдзень, як вядома, з’яўляецца галінка вярбы. Гэты вобраз уваскрашае ў памяці паэткі-эмігранткі недасяжныя далечы, «дзе вецер сіней», дзе пануе мілая сябрына вясновых лозаў. Яны, жывыя, набрынялыя сокамі вясны, падрыхтаваныя да таго, каб паўстаць ахвярай, аддаць сваё цела, як Езус Хрыстус, каб смерцю сваёй аднавіць надзею на вечнае жыццё:
Блісне раптам між паэтычных радкоў мроя-згадка пра Чысты чацвер, калі ачышчаюцца душы і целы, каб належна сустрэць наступныя вялікія Дні пакуты і радасці. І, згадка з мінулага, з вясковага жыцця беларусаў, — кросны таксама зіхацяць «і ўтокам і асновай», ствараючы настрой урачыстасці і чысціні («Увесну»). Самыя яркія ўзоры хрысціянскай і глыбока патрыятычнай паэзіі звязаны ў Наталлі Арсенневай з вялікім святам Божага Уваскрасення. Такіх вершаў у яе многа: «Уваскрэсьні», «Дай, Добры Кон», «Свята Уваскрасеньня», «Ён граць ня сьціхне», «Радасьць», «І была там вясна...». Літаральна ў кожным з гэтых твораў жыве глыбокая вера ва ўваскрэсенне Беларусі, бо ўваскрос Хрыстос:
Вылучаецца між гэтых твораў верш «Каласы», дзе паэтка ўзнаўляе падзеі, апісаныя ў заключных раздзелах «Евангелля». У вершаваных радках дакладна, трапна і вельмі лаканічна адлюстраваны апошнія тры дні зямнога існавання Хрыста, пакуты страшнага катавання, вытрываныя Збаўцам: «Хрыстовы плечы // бізуну не дадзена крывавіць ды йрваць» (1, с. 284). З адданнем Яго на смерць праз цемру і няверу людскіх душаў пачынаецца новы час. Гэта новы страшны дзень, разбуджаны трайнымі спевамі пеўня, гэта дзень невідучых і неразумных, які сотнямі дзікіх галасоў патрабуе літасці для разбойніка і Ягонага ўкрыжавання: «Так устаў новы дзень, захлынаўся: // „Вараву!“» (1, с. 284). Псіхалагічна тонка перададзены паводзіны Пілата, які не мае сілаў, данесці дзікаму натоўпу праўду, каб адхіліць праліццё нявіннай крыві:
Укрыжаванне — кульмінацыя пакутаў. Тут у Наталлі Арсенневай самыя значныя вобразы крыжа і каменя. Камень — сімвал маўчання — душыць, не дае праз крык вырвацца з грудзей нясцерпнаму болю. Здаецца, трыванне гэтае бясконцае. Ратуе смерць. Прытулак зняможанаму целу дае камень, што часова становіцца Ягонай магілай. Паэтка не згадвае біблейскага Язэпа з Арымафеі, які хавае Хрыста, бо гэта людскі страх за здзейсненае хавае Святло за каменнай мяжою. Таму і надыходзіць часіна цемры. У «Евангеллі» цемра паўстае перад смерцю Хрыста на крыжы: «Калі надышла шостая гадзіна, цемра ахапіла ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны» (пар. Мк 15, 33). У вершы ж падзеі разгортваюцца згодна з наступнай логікай: страх, што ляжыць каменем на душах, хавае Цела-Святло, таму следам надыходзіць змрок:
Але новы дзень, сімвал ўсёпераможнага Святла, абавязкова прыходзіць пасля цемры, расцвітае вясновай радасцю, зыркімі краскамі: «Ён расьцвіў // весьні, водырны, чысты, // серабрыстай лялеяй у пырсках расы» (1, с. 284). Уваскрасенне Хрыста — гэта перадумова ўваскрасення жыцця, пачатак новага Дня:
Вось тут і паўстае вобраз каласоў, што даў назву ўсяму вершу. Паэтка падводзіць да высновы: усе вялікія пакуты былі вытрываны дзеля людзей, каб вярнуць ім надзею, каб аддаць сваё Цела, што стане хлебам для людскіх душаў. Матыў благаслаўлення «ў кажнай дарозе»-жыцці завяршае верш... Наталля Арсеннева заўсёды жыла тым, што адбывалася на яе Бацькаўшчыне. Адгукнулася яна і на нашу вялікую бяду — Чарнобыль. Верш з гэткай назвай — адзін з яе апошніх паэтычных твораў. Ён заканчваецца прачулай малітвай, зваротам да Бога, просьбай адвёсці пакуты ад нашай будучыні — дзяцей:
Паслядоўнае адстойванне хрысціянскіх ідэалаў было характэрнае для Наталлі Арсенневай на працягу ўсёй яе творчасці: «Хрыстос пачуваўся ў сабе самой» (8, с. 27). Падкрэслім яшчэ раз: Хрыстос «пачуваўся» ў яе душы заўсёды, ад самых першых твораў да апошніх.
|
|
|