|
|
№
3(45)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АСНОЎНЫЯ ЭЛЕМЕНТЫ ВУЧЭННЯ ДАГМАТЫЧНАЙ КАНСТЫТУЦЫІ ІІ ВАТЫКАНСКАГА САБОРУ ПРА БОЖАЕ АБ’ЯЎЛЕННЕ DEI VERBUM Год Божага слова
Ad Fontes
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
Роздум
Постаці
Постаці
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Пераклады
Паэзія
Юбілеі
Юбілеі
Мастацтва
|
«Гісторыя Сьвятая...» Вінцэнта Гадлеўскага
Летась у нашым часопісе быў апублікаваны артыкул «Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі: філасофскае абгрунтаванне беларускай ідэі» (2007, № 1. С. 21–23). Гутарка вялася пра ксяндза-рыцара, тэарэтыка і арганізатара руху за нацыянальнае вызваленне Беларусі, аднаго з пачынальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а напярэдадні Другой сусветнай вайны — заснавальніка Беларускага нацыянальнага фронту, аўтара стратэгіі і тактыкі адраджэння беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах вайны і пасляваеннай геапалітыкі. У тым артыкуле было толькі кароткае філасофска-тэалагічнае вызначэнне асноўнай ідэі ксяндза Гадлеўскага, аўтара рэлігійна-асветніцкай кнігі «Гісторыя Сьвятая, або Біблейная Новага Закону» (Вільня, 1932). Ксёндз Гадлеўскі заставаўся хрысціянскім настаўнікам аж да трагічнага завяршэння свайго зямнога быцця ў акупаванай Беларусі ў 1942 годзе. Яго папулярная «Гісторыя Сьвятая...» на роднай мове беларусаў прапаноўвалася як падручнік своеасаблівага хрысціянскага Адкрыцця для народа, беларускіх школ і гімназіяў.
У наступным 1926 годзе яго абвінавацілі ў знявазе польскай улады. Але і на гэты раз суд прызнаў паліцэйскія абвінавачванні неабгрунтаванымі. Праз год кс. Гадлеўскаму прышпілілі «здраду стану» і прапаганду «рэвалюцыйнай дактрыны» (заахвочваў моладзь спяваць беларускі гімн «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі»). Якраз тады пачаліся судовыя нападкі на Рабоча-сялянскую грамаду, Таварыства беларускай школы, іншыя масавыя беларускія арганізацыі. Варшаўскі суд прысудзіў В. Гадлеўскаму два гады астрогу ў Варшаве. Вось якраз у гэтым астрозе кс. Гадлеўскі напісаў першы на беларускай мове падручнік «Гісторыя Сьвятая, або Біблейная Старога Закону», які пазней апублікаваў у створаным стараннямі ксяндза Адама Станкевіча «Беларускім каталіцкім выдавецтве» (Вільня, 1930 г.). Біёграф гэтага рыцара Беларусі памыліўся, калі ўспамінаў без спасылкі на першакрыніцы: «У Макатоўскім вастрозе кс. В. Гадлеўскі не змарнаваў часу, але напісаў „Гісторыю Новага Закону“ для беларускай школы, якую пасля выдаў у Вільні (1930), а таксама працаваў над перакладам Новага Тэстамэнту». «Гісторыю Новага Закону» кс. В. Гадлеўскі выдаў у тым жа выдавецтве праз два гады (1932), а свой пераклад Новага Запавету апублікаваў у 1939 годзе. Год напісання «Гісторыі Сьвятой...» засведчылі яе цэнзар і тэалагічны рэдактар. Цэнзарам быў доктар філасофіі і тэолаг Ідэльфонс Бобіч (1890–1944), вядомы ў гісторыі беларускай літаратуры як празаік і публіцыст пад псеўданімам Пётра Просты. Ён пакінуў у кнізе запіс: «Nihil contrafidem et bonus mores». 9.Х.1927. («Няма нічога супраць веры i добрай маралі»). Тэалагічны рэдактар — вядомы віленскі арцыбіскуп Ялбжыкоўскі — запісаў: «Approbamus Romualdus, Archiepiscopus Yilnensis. Yilnae. 14.IV.1928». № 1471. LS.
Беларускі асветнік i першадрукар, выдавец i каментатар першай друкаванай Бібліі на роднай мове беларусаў Ф. Скарына вельмі дакладна сказаў аб вонкавай, эпічнай прастаце біблейскіх тэкстаў, a разам з гэтым — яе таемнай i бязмернай глыбіні: «Написаны суть воистину сие Книги внутрь духовне ее разумеющим o тайнах превеликих Божиих <...> Написаны теж и зовнутрь, понеже не только докторовь, a люди вченые в них разумеють, но всякий человек простый и посполитый, чтучи их или слухаючи, можеть поразумети, что ест потребно к душному спасению его. <...> И тако младенцем и людем простым есть наука, учителом же и людем мудрым подивление. Яко река дивная мелка — по ней же агнеть брести можеть, a глубока — слон убо плавати мусить»5. В. Гадлеўскі ў сваёй «Гісторыі Сьвятой...» кіраваўся найважнейшым прынцыпам каталіцкай экзегетыкі — адзінствам веры i ведаў, рэлігіі i навукі, пацверджаным y наш час энцыклікай Папы Рымскага Яна Паўла II «Fides et ratio» (14 верасня 1998 г.)6 . У каментары да боскага тварэння Сусвету за «шэсць дзён» ён звярнуў увагу на сімвалічнае, зямное ўпадабненне гэтага аповеду. Бо час i прастора — субстанцыянальныя характарыстыкі матэрыі створанага Сусвету, y нашым выпадку — зямныя вымярэнні. Бог жа ёсць абсалютнае быццё, Ён — над часам i над прасторай. Пра гэтую таямніцу экзегет зазначыў: «Магчыма, што гэты былі вялікія працягі часу, y якіх адбывалася тварэньне, a магчыма такжа, што гэтыя 6 дзён былі як бы шасьцю адслонамі — з’явамі, праз якія Бог павучаў Адама, як быў створаны сьвет» (с. 2). У тлумачэнні першай гістарычнай драмы — забойства Каінам Абеля па зайздрасці — В. Гадлеўскі звярнуў увагу на яе сімвалічнае значэнне: «Абель быў першым падабенствам, або фігурай Пана Езуса. Як Абель быў забіты сваім братам нявінна, таксама i Пан Езус быў укрыжаваны бяз ніякай віны праз нягодных людзей» (с. 10). Да гэтага тлумачэння можна дадаць: першае братазабойства — гэта яшчэ нейкі першавобраз (архетып) няспынных братазабойчых войнаў, якімі запоўнена ўся гісторыя. Грахоўнасць гэтая сведчыць пра эсхаталагічную перспектыву гісторыі — духоўнае абнаўленне, пераадоленне граху i зла праз пакуту i смерць.
У кароткім тлумачэнні сімвалічнага сэнсу сюжэта «Ахвяраванне Ізаака»* В. Гадлеўскі адзначыў: «...Ізаак быў падабенствам Пана Езуса. Як Ізаак нёс дровы на сваю ахвяру, таксама Пана Езус нёс крыж на гару Кальварыю, дзе памёр, ахвяраваўшыся за ўсіх людзей» (с. 25). Такім жа сімвалам пакуты i цярпення Сына Божага, на думку В. Гадлеўскага, быў вобраз шматпакутнага Ёва, які, праўда, атрымаў узнагароду ў зямным жыцці (с. 41). Трэцюю частку старазапаветнай гісторыі В. Гадлеўскі назваў «Майсей» — паводле імя галоўнага героя і, як сведчыць паданне, аўтара «Пяцікніжжа». У кароткім каментары да кнігі «Зыходу» ён пазнаёміў вучняў з цудам манны нябеснай, якою ратаваліся людзі ад галоднай смерці ў пустыні. Пры гэтым ён раскрывае натуральную субстанцыю гэтай падзеі як сімволіку ў хрысціянскім абрадзе. «На пустыні Сінайскай i цяпер растуць дрэвы, якія выпускаюць з сябе сок, падобны да нашай жывіцы. Гэты сок застывае, падае на зямлю i мае смак i выгляд крупінак, якія там называюцца манна. <...> Манна была падабенствам сьв. Еўхарыстыі (Найсьв. Сакрамэнту)». У каментары да 10-ці запаведзяў (прыказанняў), дадзеных Майсею на гары Сінай, беларускі тэолаг адзначыў: «Гэткага кодэксу права ня меў ніводзін тагачасны народ, нават слаўны бабілонскі кодэкс Гамурапіуша [Хамурапі], які жыў y адным часе з Абрагамам, ня можа раўняцца з кодэксам, дадзеным на гары Сынай. Па трох тысячаў гадоў 10 Божых прыказанняў ёсьць падставай людскога права, сапраўднага поступу i культуры» (с. 55). Ацэньваючы старазапаветныя законы i прыказанні, беларускі хрысціянскі гісторык адзначыў ix значэнне для сучаснай хрысціянскай цывілізацыі: «Гэта роўнасць усіх грамадзян перад правам i перад Богам — Еговай. Няма ў ix паганскага падзелу на касты, няма грамадскай няроўнасці, якая панавала тады ў Егіпце або ў Бабілоне. <...> Майсей даў свайму народу рэлігійнае права, але ня даў яму палітычнага статуту, палітычнай канстытуцыі. Галоўнаю думкай, якую хацеў укараніць Майсей y народзе, — гэта была вера ў аднаго Бога (монатэізм), Яго валадарства (тэакратыя) i апека Яго над выбраным народам...» (с. 69–70). У адпаведнасці з каталіцкай i даўняй яўрэйскай традыцыяй В. Гадлеўскі абазначае часткі Бібліі ад гістарычных кніг да апошняй кнігі Старога Закону эпохай прарокаў. Ён паслядоўна рэалізаваў абазначаную ў прадмове методыку: менш звяртаў увагу на даўнюю гісторыю яўрэйскага народу, напоўненую вялікімі войнамі i ўнутранымі канфліктамі, затое акцэнтаваўся на гісторыі рэлігіі i маральнай праблематыцы Бібліі. Сваю «Гісторыю Сьвятую...» В. Гадлеўскі прапанаваў вучням i простым католікам-беларусам, абышоў праўдзівыя, але занадта драматычныя i трагічныя падзеі свецкай гісторыі, каб не выклікаць псіхалагічнага стрэсу ў душах сваіх чытачоў — добрых, але тэалагічна i філасофска непадрыхтаваных да гэтай гістарычнай трагедыі. У такіх выпадках ён услед за Ф. Скарынам часта карыстаўся сімвалічным тлумачэннем трагічнай гісторыі. Паводле яго каментараў, як Езус Навін прывёў свой народ y Зямлю абяцаную, так Езус Хрыстус увёў людзей y неба. «Абяцаная зямля ёсьць падабенства неба. Як зямлю абяцаную трэба было здабываць з вялікім трудом, таксама i да неба можна ўвайсці толькі пасьля цяжкага змаганьня з злом на гэтым сьвеце» (с. 75). Тлумачэнне старазапаветнай біблейскай гісторыі беларускім экзегетам кс. В. Гадлеўскім і сёння не страціла сваёй навуковай i тэалагічнай каштоўнасці. У раздзелах пра эпоху суддзяў ён адказвае на пытанне, чаму даўнія ізраэліты часта схіляліся да язычніцкіх абрадаў? Перадусім, гэта быў сялянскі народ, пераважна пастухоўскі, моцна ўкаранёны ў канкрэтыку эмпірычнага быцця. Таму ў сваёй большасці ён не мог зразумець духоўнай сутнасці праўдзівага Бога, для простых людзей аказалася больш натуральным язычніцкае пакланенне рукатворнаму «балвану», якога яны бачылі i да якога маглі дакрануцца. Апрача таго, яны жылі сярод шматлікіх язычніцкіх народаў Ханаана, часткова заваяванага або свабоднага ад Ізраэля. Гэтыя народы з цягам часу ўступалі ў сваяцкія сувязі з ізраэлітамі i моцна ўплывалі на ix y эпоху суддзяў, a пазней — y эпоху чатырох царстваў, калі ізраэліты нярэдка траплялі пад уладу ханаанскіх аўтэхтонаў — карэннага насельніцтва Абяцанай зямлі. Праўда, былі таксама благаслаўлёныя сваяцтвы ізраэлітаў з суседзямі, адлюстраваныя ў кнізе «Рут». Гераіня гэтага сюжэта — маабіцянка, якая пасля смерці сваіх мужа i свёкра — ізраэлітаў Маабіцкай краіны — вярнулася да ізраэлітаў, узяла шлюб з гаспадаром поля Ваозам i стала прабабкаю цара i прарока Давіда, з роду якога выйшаў Езус Хрыстус. Паводле каментараў В. Гадлеўскага, гэты сюжэт «ясна паказвае, што Месыяш прышоў ня толькі для ізраэлітаў, але i для ўсіх народаў» (с. 84). У каментарах да царства Давіда В. Гадлеўскі раскрыў прарочы 21-ы псальм пра смерць на крыжы i ўваскрэсенне Езуса Хрыста: «Божа мой, Божа! Чаму Ты Мяне пакінуў? <...> Прабілі рукі Мае i ногі Мае, палічылі ўсе косьці Мае. Падзялілі паміж сабою адзеньне, a над сукняй Маёй кідалі лёс» (с. 93–94). Апошнія раздзелы сваёй «Гісторыі Сьвятой, або Біблейнай Старога Закону» В. Гадлеўскі прысвяціў вялікім прарокам, якія выйшлі з народу пасля распаду каралеўства Давіда i Саламона на асобныя, варожыя паміж сабою дзяржавы Ізраэля i Юдэі. Тут акцэнты перанесены на месіянскія i эсхаталагічныя прароцтвы, якія падрыхтавалі прыход Збаўцы ўсіх народаў Езуса Хрыста. Аб ізраэльскіх прароках (сталіцай Ізраэльскага царства была Самарыя, адпаўшая ад праўдзівай веры ў саюзе з язычніцкімі суседзямі) Гальяшу (Іллі), Елісею, Ёну асветнік распавядае ў эпічнай манеры. Яны змагаліся за адраджэнне старазапаветнага монатэзму, выкрывалі язычніцкую ўладу сваіх каралёў. Месіянскія ідэі ў ix прароцтвах яшчэ не выявіліся ў адэкватнай i ўзнёслай форме. У жыццяпісе ізраэльскіх прарокаў кс. В. Гадлеўскі раскрыў сімволіку трохдзённага прабывання прарока Ёны ў жываце вялікай рыбы, спаслаўся на адпаведнае прароцтва Езуса Хрыста: «Як Ёна быў праз тры дні i тры ночы ў нутры вялікай рыбы, так будзе Сын чалавечы тры дні i тры ночы ў нутры зямлі» (Мц 12, 40). Гэты раздзел заканчваецца апісаннем захопу Ізраэльскага царства асірыйскім каралём Саламансарам y 722 г. да н. э. i рассеяннем ізраэлітаў, засяленнем Самарыі язычнікамі, якія змяшаліся з рэшткамі патомкаў Ізраэля. 3 прарокаў Юдэі праславіўся вялікі Ісая. За 700 гадоў да нараджэння нябеснага Збаўцы ён сведчыў: «Вось, Дзева ва ўлоньні мець будзе i народзіць Сына, i дадуць Яму імя Емануэль [што значыць: з намі Бог] (119)». В. Гадлеўскі прыводзіць таксама дакладнае прароцтва пра ахвяру Месіі: «Ён зранены за нягоднасьць нашую, сьцёрты за грахі нашыя, ранамі Яго мы аздароўлены. Усе мы, як авечкі, паблудзілі. <...> A Бог узлажыў на Яго грахі ўсіх нас. Ён ахвяраваны, бо сам жадаў i не адчыніў вуснаў сваіх...» Другі вялікі прарок Ерамія прадбачыў вавілонскі палон юдэйскага народу ў 596 г. да н. э. i яго адраджэнне ў будучыні. Ён застаўся з пакінутымі ў краіне беднымі земляробамі i пастухамі і прарочыў дараванне Новага Закону. Проста i дасціпна распавядае беларускі экзегет пра прароцтвы i цуды прарока Даніэля, які ў Вавілонскім каралеўстве разгадваў лёсавызначальныя падзеі i апісаў y маляўнічых вобразах усеагульнае ўваскрэсенне ў царстве Месіі. Гісторыю прарокаў кс. В. Гадлеўскі закончыў вяртаннем юдэйскага народу з вавілонскага палону (536 г. да н. э.), адбудовай ерузалемскай святыні, жыццяпісам апошніх прарокаў Захарыі i Малахіі, акцэнтаваўшы ўвагу на іх прадбачанні прыходу ў свет хрысціянскага Месіі. Прарок Захарыя звяртаўся да народу: «Радуйся вельмі, дачка Сіёнская, дачка Ерузалімская! Вось, Валадар твой прыдзе да цябе справядлівы; i Збаўца Ён убогі, i будзе сядзець на маладым асле, a валадарства Яго па канец зямлі». Гэты прарок прадбачыў таксама цану прадажы Юдам Іскарыётам свайго Настаўніка: «I адважылі за Мяне 30 срэбных» (с. 136). Прарок Малахія прадбачыў з’яўленне Хрыстовага Папярэдніка Яна Хрысціцеля («Вось я пасылаю анёла Майго, i ён прыгатовіць дарогу перада Мною...»). Апошнія прарокі Старога Закону выканалі сваё заданне i замоўклі аж да з’яўлення першага хрысціянскага прарока Яна Хрысціцеля. Апошнія раздзелы сваёй «Гісторыі Сьвятой...» кс. В. Гадлеўскі прысвяціў эліністычнаму культурнаму ўплыву на Ізраэль i Юдэю пад уладаю спачатку Македонскага царства, a пасля Рымскай імперыі. Кніга завяршаецца характарыстыкай Адвэнту i адпаведных каталіцкіх абрадаў, якія развіваюць y Хрыстовай веры позняе старазапаветнае месіянства — чаканне прыходу Месіі — Езуса Хрыста — Божага Сына i Выратавальніка ўсіх народаў праз хрысціянства. Асоба беларускага рыцара i каталіцкага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, асветніка, палітычнага дзеяча i выдатнага тэолага, пакутніка за беларускае духоўнае i нацыянальнае адраджэнне ў Другой сусветнай вайне — унікальная ў айчыннай гісторыі XX стагоддзя. У кіраўніцтве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ён заняў радыкальную пазіцыю: y 1936 годзе выступіў ініцыятарам стварэння Беларускага нацыянальнага фронту, a ў гады вайны да сваёй пакутніцкай смерці заставаўся духоўным натхняльнікам стварэння беларускай арміі для абароны дзяржаўнай незалежнасці беларускай нацыі. У яго быў канфлікт з польскай уладай i віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім з-за беларусізацыі Касцёла ў 1925–1927 гг. У Варшаўскім астрозе (1927–1929) ён напісаў сваю беларускую гісторыю Старога Закону, ухваленую тым жа віленскім арцыбіскупам Рамуальдам. Пазней ён апублікаваў «Гісторыю Сьвятую, або Біблейную Новага Закону» (1932), ухваленую Ялбжыкоўском, тады ўжо віленскім Мітрапалітам. Урэшце, y 1939 годзе лідэр Беларускага нацыянальнага фронту выдаў лацініцай для беларусаў-католікаў «Чатыры Эванэліі i Апостальскія Дзеі», ухваленыя ўсё тым жа арцыбіскупам i віленскім Мітрапалітам Ялбжыкоўскім. Гэты арцыбіскуп перасцерагаў беларускіх ксяндзоў ад удзелу ў кіраўніцтве палітычных партыяў, але ўхваляў беларускае хрысціянскае асветніцтва ў адпаведнасці са стратэгіяй Рымскага Касцёла прапаведаваць добрую вестку хрысціянства ўсім народам на ix роднай мове. «Гісторыя Сьвятая...» В. Гадлеўскага і сёння можа паслужыць добрым падручнікам для школаў i семінарыяў, як і яго пераклад на беларускую мову Новага Запавету, выдадзены з прадмовамі да кожнай кніжкі i з адпаведнымі каментарамі. Усе гэтыя кнігі ілюстраваныя як аўтарскія выданні. Так у Заходняй Беларусі адраджалася традыцыя Францішка Скарыны.
|
|
|