Касцёлы заўсёды былі збіральнікамі і захавальнікамі мастацкіх скарбаў. Нават у небагатым вясковым касцёле або сціплай каплічцы, акрамя разьбы і жывапісу (нярэдка — работы мясцовых майстроў-самавукаў), можна было ўбачыць і вышываныя ручнікі, і тканыя ходнікі, і каваныя падсвечнікі, і самаробную мэблю. А вокны, абразы, паліцы часам аздабляліся ажурнымі фіранкамі або сурвэткамі, выразанымі з паперы. У народзе такія папяровыя ўзоры называюць выцінанкамі — ад слова «выцінаць», што значыць па-майстэрску выразаць нейкі далікатны адмысловы ўзор.
|
Г. Зайко. Галубкі. |
Калісьці папулярнае як у беларусаў, так і многіх іншых народаў, затым амаль забытае, а сёння адроджанае фактычна з небыцця, мастацтва выцінанкі мае даўнюю гісторыю, звязаную з вынаходствам паперы ў старажытным Кітаі. У познім Сярэднявеччы выцінанка трапляе праз Блізкі Усход у Еўропу і ў ХVІІІ–ХІХ стагоддзях пашыраецца амаль на ўсёй яе тэрыторыі, у тым ліку і на Беларусі — спачатку ў шляхецкім, гарадскім, пазней — у сялянскім асяродку.
|
Людміла Валковіч-Борыс.
Клецкі касцёл дамініканцаў. |
Пашырэнне выцінанкі ў традыцыйным народным побыце было абумоўлена двума асноўнымі фактарамі: адноснай даступнасцю паперы і зменамі ў характары інтэр’ера традыцыйнага жылля беларусаў. Ужо ў канцы ХІХ стагоддзя курныя хаты саступаюць месца «чыстым», што выклікае неабходнасць у іх аздабленні. Масавая прамысловая вытворчасць паперы зрабіла яе адносна таннай і даступнай, і народныя майстры не маглі не ацаніць па-свойму цікавы, лёгкі ў апрацоўцы матэрыял. Карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздобілі сцены, бэлькі, вокны, паліцы для посуду і абразоў, выконваючы тую ж дэкаратыўную ролю, што і ручнікі, посцілкі, маляваныя куфры, аплікацыя саломкай. Аднак нетрываласць матэрыялу і лёгкасць выканання выцінанак абумовілі і адпаведныя адносіны да іх: папяровыя карункі не зберагалі, як, напрыклад, узорыстыя ручнікі, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Перад святамі, звычайна да Вялікадня, калі мылі, чысцілі, бялілі жыллё, старыя, пажоўклыя, заседжаныя мухамі выцінанкі без жалю выкідвалі, таму марна шукаць іх у зборах беларускіх музеяў.
|
Людміла Валковіч-Борыс.
Касцёл аўгустынцаў у Міхалішках. |
На шчасце, успаміны пра выцінанку захавала народная памяць. Старэйшае пакаленне яшчэ памятае, як у бедныя пасляваенныя гады любы кавалак паперы, асабліва тонкай белай, у руках гаспадыні ператвараўся ў фіранку на акно, вугольнік на палічку ці ажурную акаймоўку абразоў. «У добрай гаспадыні нават каля печы былі выразаныя фіранкі» — успаміналі старажылы ў некаторых вёсках Наваградчыны.
У каталіцкім асяроддзі, якое пераважае не захадзе Беларусі, папулярным было аздабленне абразоў каляровымі выцінанкамі. З белай паперы выразалі вузкія палоскі з ажурнымі краямі, на іх мацавалі асобна выразаныя каляровыя накладкі ў выглядзе геаметрычных ці стылізаваных раслінных матываў, часам — аб’ёмныя дэкаратыўныя кветкі. Каляровую паперу ці бліскучую фольгу падкладвалі таксама пад ажурна выразаны белы ўзор. Такімі палоскамі акаймоўвалі абразы, а палічкі пад імі — ажурнымі вугольнікамі, нярэдка з сілуэтам крыжа, каплічкі і інш. У Гродзенскім раёне палічкі пад абразы ўпрыгожвалі падзорам з фігуркамі галубоў, папарна злучаных дзюбкамі. Прататыпамі іх былі, відаць, саламяныя і драўляныя галубкі — даўняе ўпрыгажэнне покуці, сімвал Святога Духа.
|
Вячаслаў Дубінка. Храмы. |
Тэхналогія вырабу выцінанак засноўваецца на асаблівасцях матэрыялу: аркуш тонкай паперы можна скласці ў некалькі столак і выразаць нажніцамі ці нажом узор, паўтораны столькі разоў, колькі столак мае аркуш (такога своеасаблівага прыёму тыражавання аднаго ўзору немагчыма дасягнуць у працы з іншымі матэрыяламі). А скласці аркуш можна па-рознаму. Калі веерам, 4, 8, 16 разоў — атрымаецца выцягнуты трохкутнік, які і наразаюць па краях адвольнымі матывамі. Разгорнеш — атрымаецца ажурная круглая ці шматвугольная сурвэтка на мэблю або ўсім вядомая «сняжынка» на вокны пад Новы год. Складзеш аркуш гармонікам — атрымаецца фіранка на акно, падзор на паліцу, акаймоўка абраза, люстэрка і інш.
|
Станіслаў Муліца. Свята. |
Калі не лічыць аздаблення папяровымі «сняжынкамі» навагодніх інтэр’ераў, у сваім традыцыйным выглядзе выцінанка ўжо ў пасляваеннае дзесяцігоддзе практычна знікла з побыту, саступіўшы месца іншым сродкам дэкору. Творчасць асобных энтузіястаў тады цікавіла пераважна музейшчыкаў і арганізатараў выставак. Час ад часу браўся за нажніцы пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Ружанах Міхась Варанецкі, які выразаў традыцыйныя сурвэткі і карцінкі-пано геаметрычнага і расліннага характару (на жаль, ён ужо памёр). З 70-х гадоў набылі вядомасць творы Вячаслава Дубінкі — доўгія ажурныя пано-ручнікі, дэкаратыўныя кампазіцыі з Дрэвам жыцця і нават ілюстрацыі да дзіцячых кніжак. Творча спалучыўшы мясцовыя традыцыі, набыткі суседніх народаў з уласнымі пошукамі, ён надаў традыцыйным папяровым узорам статус сапраўдных твораў мастацтва, але шырокага рэзанансу ў грамадстве гэты арыгінальны від мастацкай творчасці доўгі час не атрымліваў.
|
Станіслаў Муліца. Запуст. |
Карэнным чынам змянілася сітуацыя з пачатку 90-х гадоў на хвалі росту цікавасці да забытых старонак культурнай спадчыны. Выцінанка становіцца адным з найбольш папулярных відаў сучаснай народнай творчасці. За нажніцы ўзяліся ў дзіцячых садках і школах, гуртках і студыях, дамах рамёстваў і вышэйшых навучальных установах. Сёння толькі Беларускі саюз майстроў народнай творчасці аб’ядноўвае каля 30 майстроў выцінанкі, сярод якіх — Вячаслаў Дубінка, Наталля Сухая, Ніна Сакалова-Кубай, Вольга Бабурына (Мінск), Алеся Талерчык, Людміла Казачонак (Віцебск), Юрый Малышэўскі (Ружаны), Святлана Вяль (Брэст), Вольга Маслава, Лізавета Чарвонцава (Маладзечна) і інш. З поспехам прайшло некалькі святаў-конкурсаў у галіне гэтага папулярнага віду сучаснай мастацкай творчасці, рэгулярна наладжваюцца выстаўкі, агляды, семінары, майстар-класы.
|
Вячаслаў Дубінка. Гродзенскі фарны касцёл. |
Дарэчы, у час падобных акцый майстры выцінанкі збіраюць вакол сябе гледачоў, бадай, больш, чым майстры ў галіне іншых відаў мастацкай творчасці. Асаблівым поспехам карыстаюцца майстар-класы Вячаслава Дубінкі, які ніколі, нават у далёкай дарозе, не расстаецца з паперай і нажніцамі. Склаўшы папалам аркушык паперы, віртуозным рухам нажніцаў майстар без ніякіх папярэдніх эскізаў ці замалёвак за лічаныя хвіліны стварае адмысловую кампазіцыю з Дрэвам жыцця, гарластымі пеўнямі, пышнахвостымі паўлінамі. Абрысы мякка абмаляваныя, нібыта вылепленыя з нейкага пластычнага матэрыялу. У творах Вольгі Харлінскай з Валожынскага раёна яны, наадварот, да непазнавальнасці геаметрызаваныя, нібы ў разьбе па дрэве. Дробнаўзорыстасць, ювелірная распрацаванасць вызначае выцінанкі Людмілы Казачонак, казачная фантастычнасць — Алесі Талерчык, умоўная знакавасць — Наталлі Сухой.
|
Вячаслаў Дубінка. Нясвіжскі касцёл. |
Пры ўсёй гэтай разнастайнасці творчых почыркаў сучасная выцінанка ярка дэманструе агульную адметнасць: яна прыкметна змяніла свой характар. Традыцыйныя фіранкі ды сурвэткі выразаюцца галоўным чынам як навучальныя ці конкурсныя работы. У большасці ж выпадкаў сучасная выцінанка — ярка выяўленая мастацкая творчасць пераважна станковага характару. Як аказалася, мастацтву паперы і нажніцаў падуладная любая тэматыка. Ювелірна распрацаваныя, нярэдка досыць складаныя кампазіцыі на фальклорныя, бытавыя, літаратурныя і нават касмічныя тэмы, з фігурамі людзей, жывёлаў, птушак уражваюць глыбінёю зместу, яснасцю мастацкай мовы, яркай дэкаратыўнасцю пры фактычнай манахромнасці малюнка. Аформленыя пад шкло, у зграбных рамках, такія творы глядзяцца надзіва сучасна і могуць аздобіць самы вытанчаны інтэр’ер. Прыгожа і непаўторна глядзяцца аздобленыя выцінанкай віншавальныя паштоўкі, запрашальныя білеты і інш.
Адраджэнне выцінанкі па часе супала з «рэабілітацыяй» духоўнасці, таму не дзіва, што многія майстры ў адпаведнасці з уласным разуменнем і майстэрствам звяртаюцца да гэтай тэматыкі. Іх не пужае яе складанасць, да таго ж, як аказалася, з дапамогай паперы і нажніцаў можна вырашаць любую мастацкую задуму, у тым ліку і з глыбокім філасофскім ці духоўным зместам. Такая, напрыклад, серыя работ «2000 год хрысціянства», выкананая ў кананічнай стылістыцы Таццянай Лабуновай з Віцебска.
Тэма духоўнасці праходзіць праз усю творчасць Станіслава Муліцы з Гродна. Яго выцінанкі вызначае характэрны творчы почырк: сваёй крыху наіўнай стылістыкай яны нагадваюць народны лубок, а трактоўка вобразаў выклікае асацыяцыі з колішнімі драўлянымі «сялянскімі багамі» з прыдарожных крыжоў і каплічак. Майстар не ставіць задачы «акадэмічнай» адпрацаванасці і вытанчанасці, затое яго работы вызначаюцца своеасаблівай душэўнасцю і цеплынёй.
Прыцягальная тэматыка для майстроў выцінанкі — архітэктурная спадчына, асноўную і найбольш адметную частку якой складаюць храмавыя будынкі. Выразныя, стромкія формы касцёлаў з іх пераважна сіметрычнай кампазіцыяй і лаканічнымі геаметрызаванымі формамі найлепш адпавядаюць тэхналагічным асаблівасцям і мастацкай спецыфіцы выцінанкі. Звяртаюцца да гэтай тэмы ўжо згаданыя Вячаслаў Дубінка, Таццяна Лабунова, Станіслаў Муліца. Нярэдкая яна ў творчасці маладзечанскіх майстрых Людмілы Валковіч-Борыс, Аксаны Ралавец, Наталлі Чарвонцавай — выхаванцы дзіцячай мастацкай школы і музычнага вучылішча імя К. Агінскага з яго аддзяленнем дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выдатна дасведчаныя ў галіне малюнка, кампазіцыі, стылізацыі, яны тонка адчуваюць хараство «застылай музыкі» і магчымасці яго ўвасаблення ў мастацтве паперы і нажніцаў.
Як відаць, гэтае арыгінальнае, адроджанае з небыцця мастацтва літаральна на вачах набывае шырокую папулярнасць і ў бліжэйшай перспектыве, мабыць, зойме ў нашай культуры такое ж годнае месца, як і яшчэ адзін нацыянальны мастацкі феномен — саломапляценне.