![](../img/pic-w.gif) |
Яблык
Без плёну адыходзіў гэты дзень,
Звычайны дзень – без лініі, нататкі,
Без жалю, без сустрэчы… Быццам цень,
Ён знікнуць меў у памяці без згадкі.
Навокал я няўцямна пазіраў,
Снаваў не думкі нітку – смутак, стому,
У часе ды й без часу я трываў,
Ці то дадому крочыў, ці то з дому…
Асенні сад, без фарбы, без лістка,
З вакна трамвая – быццам на карціне…
Тугу парушыла Стваральніка рука:
У паднябеснай і пустой святыні –
Чырвонай плямкаю адзін на цэлы сад
У шэрані бясколернай галечы,
Ператрываўшы сумны лістапад,
Маленькі яблык супрацьстаў пустэчы…
Калі сыходзіў дзень без пачуцця,
Пустой імклівай хваляй сплыць імкнуўся,
Апошні плод, той яблыні дзіця,
Самотнасцю збавеннай усміхнуўся.
|
Водблескі цішы
Старая сажалка і поўня над сялом,
То ціха скрозь, то жабы закумкочуць…
Сусвет сусвету пазірае ў вочы,
Жыццё жыццю выводзіць свой псалом.
Спачатку ў цішы – хору заміранне,
А потым з цішы вырастае хор.
Замест сяла цяпер – сусветаў двух прастор,
Іх двуадзінства: ціша й стракатанне.
Я помню тую ноч усёй душой:
Чысцюткі светач цішы гаманкой,
Маўклівай яснасці ды строкату яднанне.
А час бязлітасна ўзмахне крылом,
Ды цемраю ахутае маўчанне
І сажалку, і поўню над сялом.
|
Дым
Блукае полем ціхадумны дым:
Сыры бульбянік надвячоркам тлее;
Асенні дзень, самотны пілігрым,
Малочна-сінім воблакам марнее.
Ты не кажы, што ўсё, як дым, сплыло:
Сыходзіць дзень, а дым – яшчэ над полем…
Ці дым, ці глебы даўкае цяпло
Салодка-горкім разліецца болем.
Ты не кажы, што дым – смяротны знак,
Што ён – нішто, мяжа ўсяму жывому:
Калі б не дым, ці ж Адысей вось так
Зноў у Ітаку кінуўся б, дадому?
І вось убачыў я сябе малым:
Стаю, тулюся ціхенька пры маме…
І, быццам на выяве, бачу дым,
Найсаладзейшы дым паміж дымамі.
Стаю ў тым дні ці, мо, іду за ім,
Ды не ў нішто – у той салодка-горкі
Няшпаркі час, у ціхаплынны дым,
Калі бульбянік паляць надвячоркам.
|
Струнка восені
І гукі, й фарбы скошаны –
вунь срэбра дзе-нідзе:
Тугая струнка восені
мелодыю вядзе…
Вядзе яна pianissimo
мелодыі павеў,
Шукаючы карысць саму,
гармонію і спеў.
І покуль дзень не скончыўся,
крайсонцам з-за пляча
Падсерабрыць ёй хочацца
шчэ сола скрыпача…
Нячутна ноч падкралася –
больш срэбра не гучыць.
І песні абарвалася
танюсенькая ніць.
|
Асіна
З асіны падае дрыготкі ліст,
Трымціць, аж покуль падае, шапоча…
За свайго Сына адпусці ёй, Ойча,
За крыж, з асіны зроблены калісь.
Вось так журботна б’юцца, шамацяць
Сугучным шоргатам усе лісточкі,
Пазней з марозам раннім сярод ночкі
Дашчэнту лістападам абляцяць.
Ляцяць зіме насустрач, у завеі,
Асіны трапяткія згадкі-феі,
Яе ж бяспамятны агорне сон…
І толькі ўвесну, як зайграюць сокі,
Пацягне зноўку трэмала высокім
Двухтысячагадовы абертон.
|
Пераклала з украінскай мовы
Жанна Некрашэвіч-Кароткая
|
![](../img/pic-w.gif) |