Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(45)/2008
Галерэя
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЛУКА
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва

АПОСТАЛ НАРОДАЎ
Роздум

РЭЗАНАТАР
Постаці

ДАР НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
Постаці

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ЯНА МАЛІЛАСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія
Юбілеі

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
Юбілеі
Мастацтва

АЖУРНЫЯ ФАНТАЗІІ

Іаланта ВАЛУЕВІЧ

У IМ ЖЫЛА ДУША АНЁЛА

Няма ў парадку рэлігійным на свеце чалавека
большае годнасці за вернага свайму прызову ксяндза.
Казімір Сваяк

Клюшчанская парафія была самай перадавой, самай развітай і эканамічна, і духоўна. Не апошнюю, а можа, нават і галоўную ролю ў культурным і духоўным развіцці гэтай парафіі адыгралі святары. Клюшчанскі касцёл на працягу стагоддзяў як магнітам прыцягваў да сябе такіх таленавітых, яркіх асобаў, як ксяндзы Я. Галіч, Р. Юхніс, Бародзіч, Стаповіч, Л. Іванчык, А. Вайцяхоўскі.

У мясцовых людзей адразу ж святлеюць твары, прыязнай радасцю ўспыхваюць вочы, калі яны чуюць імя светлай памяці вялебнага ксяндза Адама Вайцяхоўскага. Гэта імя вядомае і дорагае, бадай, кожнаму у клюшчанскай парафіі. Адным пашчасціла жыць у той самы час, іншыя ведаюць пра яго з успамінаў бацькоў і дзядоў. Ксёндз Вайцяхоўскі — сапраўды знакавая фігура, і не толькі для клюшчанскай парафіі.

Кс. Адам нарадзіўся ў 1902 годзе ў Вільні, непадалёк ад Кальварыі, што, магчыма, і ўплывала на яго выбар жыццёвага шляху. Там жа закончыў духоўную семінарыю. Першым месцам працы быў вікарыят у Свіры, потым у Адуцішкісе (Літва), а затым у Клюшчанах. У мінулым 2007 годзе споўнілася 70 гадоў з таго часу як ён прыняў клюшчанскую парафію. Вось як успамінае пра гэта яго сучасніца Кацярына Трыбоцкая:

«У 1937 годзе на змену ксяндзу Іванчыку прыслалі кс. Вайцяхоўскага. Не былі мы ад гэтага ў захапленні, бо надта былі прывязаны і любілі ксяндза Іванчыка. Але. . . Калі выйшаў на сваю першую Імшу са светлай, прыязнай усмешкай, прывітаў кожную вёску, кожны засценак і усіх, хто там жыў, нашы сэрцы адтаялі».

На сцяне каля алтара ксёндз павесіў гадзіннік, які адбіваў кожную чвэрць:

Zegar bije, czas ucieka,
Śmierć nadchodzi,
Wieczność czeka...
Кожную нядзелю, у кожнае свята з апошнім ударам гадзінніка новы святар пунктуальна выходзіў на Імшу. За працу ўзяўся з вялікай энергіяй і запалам. Сваёй дабрынёй і чалавекалюбствам здолеў прыцягнуць да касцёльнага жыцця ўсю парафію. Усё тое добрае, што было створана пры кс. Іванчыку, ён не адпрэчыў, але прадоўжыў, уносячы свае наватарскія ідэі. Як успамінаюць былыя парафіяне, ён вельмі любіў людзей: і старым, і малым — усім удзяляў належную ўвагу. Першая нядзеля кожнага месяца была прысвечана дзецям. «Krucjaty Eucharystyczne» — «Рыцары і Рыцаркі ў Езусе» — такое дзіцячае аб’яднанне працавала пры касцёльным доме «Огніско», дзе малыя парафіяне ўдасканальвалі сваё духоўнае жыццё.

Працягваў працаваць і створаны кс. Іванчыкам «Гурток польскай моладзі». Гэта была завочная земляробчая школа» для жадаючых, іншыя ж удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Сярод «артыстаў» ксёндз адабраў 12 таленавітых хлопцаў, якіх арганіст Вінцэнты Тэрмён, што працаваў у клюшчанскім касцёле, абвучаў музыцы. Ксёндз Вайцяхоўскі закупіў 12 духавых інструментаў, каб стварыць духавы аркестр пры касцёле, які суправаджаў усе фэсты і вялікія святы, ды іграў так, што ў людзей ад захаплення наварочваліся слёзы. А яшчэ парафіяне хадзілі з аркестрам у пілігрымку ў Вільню на Кальварыю і да Вострай брамы. Аркестр нават там зрабіў уражанне — на наступны год усе ўжо пазнавалі нашых пілігрымаў, кажучы: «О, прыйшлі пілігрымы з Клюшчанаў!»

Ксёндз Адам Вайцяхоўскі быў высокаадукаваным, эрудзіраваным чалавекам і меў вялікі аўтарытэт сярод парафіянаў. Не буду сцвярджаць дакладна, але гаварылі, што ён ведаў 12 моваў!

На пачатку ХХ ст. многія людзі з нашай мясцовасці выязджалі на заробкі ў Амерыку, Францыю. Бывала, што прыходзілі нейкія афіцыйныя паперы, то прачытаць ці напісаць адказ на французскай ці англійскай мове людзі ішлі да Вайцяхоўскага. У ваенны час, калі было трэба, ён перакладаў з нямецкай мовы. Бог падараваў яму шмат талентаў, і ўсе іх ён скарыстоўваў на карысць людзям.

Наш ксёндз быў вядомы не толькі ў клюшчанскай парафіі, але і далёка за яе межамі як лекар травамі. Баляслаў Валуевіч расказваў, што была ў яго тоўстая кніга «Фітатэрапія» на латыні. Ён сам збіраў розныя зёлкі, а таксама прыцягнуў да гэтай справы парафіянаў — вучыў іх правілам збору, сушкі і захоўвання. Памятаю, як мая мама расказвала, што ёй было даручана збіраць цыкорый. Яна назубок памятала, калі збіраць, дзе лепш сушыць і чым карысная гэта расліна. У плябаніі быў адведзены спецыяльны пакой для захоўвання лекаў. Ксёндз прывозіў таксама насенне раслінаў, якія раней былі невядомыя нашым людзям, такіх, як, напрыклад, агурковая трава Borago і інш. Ён добра разумеў, што лечаць не толькі зёлкі, але найперш вера і слова. Яму верылі безагаворачна і ...вылечваліся. Вось прыклады.

Дзяўчынка Марыя з вёскі Пілімы захварэла на нейкую невядомую хваробу скуры, і ўжо амаль уся скура злезла з яе, не толькі падымацца не магла, але нават плакаць — толькі бязгучна рот адкрывала. Ніхто ўжо не верыў, што яна жыць будзе. А калі прывезлі да яе кс. Адама, ён адразу ж бадзёра сказаў: «Як гэта не будзе жыць? Мусіць жыць і будзе жыць!» Даў патрэбныя лекі, расказаў, як іх ужываць, і гэтая дзяўчынка, жывая і здаровая, па сённяшні дзень жыве ў Вільні і ў кожнай малітве ўспамінае свайго збаўцу.

А вось як успамінае ксяндза-дабрадзея Г. Семашкевіч, якая таксама цяпер жыве ў Лентварысе: «Памятаю, як захварэлі мае цёці — Лёня і Геня. Была звычайная вірусная грыпа з ускладненнямі, і цёця Геня, 18-гадовая прыгажуня, памерла, а мясцовая фельшарка Кулісянка аб’явіла: «Тыф!» Даведалася ўся акруга, і калі хто і прыходзіў наведаць хворую, то ў хату не заходзілі, астаўлялі пад ганкам ці пад плотам хто цукру, хто крупцаў ці мукі. І толькі ксёндз Адам нічога не баяўся, прыязджаў наведваць, прывозіў лекі, зёлкі, не баяўся выпіць кубачак гарбаты і з’есці кавалачак хлеба, пасядзець каля ложка хворай, непрытомнай, памаліцца.

Мне тады было ўсяго некалькі гадкоў, але памятаю, як цешыліся мае бацькі і хворая цёця яго прыездам. Лекі, добрыя, спачувальныя адносіны і малітвы ксяндза сатварылі цуд — цёця Лёня хутка ўстала на ногі».

І настолькі вялікай была ўдзячнасць гэтай жанчыны, што яна ўсё сваё астатняе жыццё прысвяціла Богу. Жыла у Вільні, часта наведвала ксяндза Адама ў Гудагаі.

Цікава тое, што ксёндз вылечваў хваробы, якія здаваліся невылечнымі, і тых хворых, якія былі безнадзейнымі. Вось і Караліна Пілімон расказвала, як яе малодшы брацік моцна пабіў ножку і ўрачы не маглі даць ніякай рады, а потым аб’явілі, што ў яго туберкулёз касці і трэба будзе ампутаваць нагу. Тады, як за апошнім выратаваннем, бацькі кінуліся да Вайцяхоўскага. І ён выратаваў — не прайшло і двух месяцаў, як хлопчык стаў бегаць.

Многія і па сённяшні дзень памятаюць як «Ойча наш» рэцэпты ксяндза Адама і з поспехам карыстаюцца імі.

Пасля вайны мясцовыя ўлады ставіліся да ксяндзоў варожа і нават разбуралі касцёлы. Не мінула гэтая доля і клюшчанскі касцёл. Вернікі называлі вялікі амбарны замок на цэнтральных дзвярах касцёла кайданамі. Ксёндз Адам Вайцяхоўскі, каб пазбегнуць расправы, быў вымушаны хавацца. Акрамя таго, што ён быў «Божы служка», яму ў віну інкрымінавалі і тое, што яго брат Леанід кіраваў POW (Польскай вайсковай арганізацыяй). Доўгія пакутніцкія 8 гадоў, з 1947 па 1956, ён хаваўся ў Ружаполлі ў адданага веры і касцёлу чалавека — Пілімона. Удзячныя парафіяне таксама дапамагалі, чым маглі. Не памятаю прозвішча гэтай жанчыны, але ведаю, што звалі яе Рэня і працавала яна прыбіральшчыцай у Клюшчанскай школе. Дык вось ёй пашчасціла падслухаць размову начальнікаў, калі яны раіліся, як арыштаваць кс. Вайцяхоўскага. Яна адразу ж пабегла і папярэдзіла яго. Але не ўсе былі такімі адданымі, некаторыя стараліся дагадзіць новай уладзе, і праз некаторы час папаўзла чутка, што ксёндз хаваецца на хутары. Час ад часу энкавэдзісты сталі наведвацца ў Ружаполле. На гэты выпадак гаспадар, які хаваў ксяндза, зрабіў двайную сцяну, абклеіў яе шпалерамі, і там прыходзілася, затаіўшы дыханне стаяць кс. Адаму не хвіліны, гадзіны. Бывала і так, што не хапала часу за сценку схавацца, тады ўлазіў у куфар, на які кідалі дываны, даводзілася цярпець і няхватку паветра, і ўдушлівы пах.

Не толькі НКВД пераследавала кс. Вайцяхоўскага. Хапала і сваіх вырадкаў. Мала хто ведае пра такі выпадак, расказаны мне і цяпер па сакрэце. Як толькі была аб’яўлена «свобода совести», многім гэта спадабалася і як выкарыстаць гэтую «свабоду», кожны вырашаў па-свойму.

Аднойчы ў вёску прыехалі позна ўвечары нейкія людзі і запрасілі ксяндза да нібыта паміраючага, а самі завезлі ў лес, а гэта было зімой, збічавалі, прывязалі бервяно і сказалі насіць замест крыжа. Насіў аж да раніцы, а яны, седзячы ў санях, пілі гарэлку, грэліся і пацяшаліся. Потым паклалі ў воз і конь прывёз яго, ледзь жывога, дахаты. А раніцай ён выйшаў на Імшу як ні ў чым не бывала, як заўсёды, з усмешкай. Толькі потым між людзьмі папаўзла пагалоска, шэптам...

Пасля адноснага пацяплення палітычнага клімату ў 1956 годзе кс. Адам Вайцяхоўскі выйшаў з «падполля» і быў накіраваны працаваць у Гудагай, дзе да апошніх дзён свайго жыцця аддана прапаведаваў Божае слова, ратуючы людскія душы. Памёр ён у 1973 годзе 15 ліпеня, напярэдадні парафіяльнага фэсту Маці Божай Шкаплернай...

Кожны чалавек імкнецца да шчасця. Для аднаго — гэта радасць для сябе, для другога шчасце — гэта рабіць радасць бліжнім. У гэтым сэнсе ксёндз Адам Вайцяхоўскі быў чалавекам шчаслівым, таму што ўсё сваё нялёгкае жыццё ён цалкам прысвяціў служэнню Богу і людзям.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY