|
|
№
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года
Постаці
Роздум аб веры
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча
З жыцця Касцёла
Пошукі і знаходкі
Пераклады
Паэзія
Haereditas
З жыцця Касцёла
|
«Што ёсць у дзяцінстве, тое на ўсё жыццё, і чаго няма ў дзяцінстве, таксама на ўсё жыццё», — напісала Марына Цвятаева (не чытаўшы разважанняў Фрэйда)... Як вядома, Адам Міцкевіч быў чалавекам глыбока веруючым, у сталым узросце ён пад уплывам вядомага філосафа-містыка Андрэя Тавянскага выкладаў з парыжскай кафедры ідэі месіянства. Але і малады Міцкевіч не напісаў нічога падобнага да пушкінскай «Гаўрыліяды», за якую геніяльнаму рускаму паэту пазней было сорамна перад самім сабою. Адчуванне Бога Адам, безумоўна, вынес са свайго наваградскага маленства і юнацтва. У Наваградку яго хрысцілі, тут ён навучаўся ў дамініканскай павятовай школе (1807—1815), у апошні раз прыехаў сюды на пахаванне маці (1820 г.). На падставе архіўных апісанняў і сведчанняў мемуарыстаў паспрабуем уявіць тагачасныя наваградскія святыні, звязаныя з асобнымі падзеямі жыцця паэта. Як ні дзіўна, гісторыя фарнага касцёла, у якім хрысцілі Адама Міцкевіча, вядомая даволі няпэўна (яго архіў, відавочна, пацярпеў у час вайны сярэдзіны ХVІІ ст.). Заснаваны ён князем Вітаўтам неўзабаве пасля хрышчэння Літвы, а ў 1422 г. кароль Ягела браў тут шлюб з маладой князёўнай Сонькай Гальшанскай, ад якой і пайшла славутая дынастыя Ягелонаў. Наваградскае пробаства было няблага забяспечана, але пазней кароль Стэфан Баторый перадаў фундушы касцёла Віленскай семінарыі. Прыбыткі з касцёльных маёнткаў Калпеніца і Лукі, напэўна, пайшлі пераважна на патрэбы семінарыі, таму што ў ХVІІ—ХVІІІ стст. цягнулася маёмасная спрэчка паміж наваградскай плябаніяй і Віленскай семінарыяй. Ежы Тышкевіч не змог вырашыць справу і накіраваў яе да папскага нунцыя Антонія Альбертрандзі (1655). Касцёл доўгі час быў драўляным, толькі ў першай палове ХVІІ ст. пры ім з’явіліся дзве мураваныя капліцы: з цудатворным абразом Маці Божай і Анёла-Апекуна. Мураваны касцёл закладзены 14 ліпеня 1719 г. коад’ютарам віленскага біскупа Мацеем Анцутаю на месцы ранейшага (за тры гады былі пастаўлены сцены і зроблены гонтавы дах, фасад не закончаны). Вядомы імёны будаўнікоў-муляроў: Якуб Бокша, Ежы Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі, Ежы Стэпкоўскі. На жаль, нічога не вядома пра архітэктара, які надаў касцёлу даволі архаічны для таго часу рэнесансавы воблік. Ранейшыя дзве мураваныя капліцы, у якіх падчас будаўніцтва адбываліся набажэнствы, хрышчэнні, захоўваўся Святы Сакрамэнт і цудатворны абраз Маці Божай Снежнай, былі часовы накрыты саломаю, іх скляпенні працякалі. Пералік срэбра, адамашкавых тканінаў і іншай рухомасці (1723 г.) сведчыць, што ў наваградскім касцёле на той час яшчэ захаваліся старадаўнія мастацкія творы, магчыма, эпохі готыкі (пяць «вельмі старых» алтароў, «старасвецкія» келіх і пацыфікал), і каштоўная манстранцыя «аўшпорскай работы» (Аўгсбург у паўднёвай Германіі быў буйнейшым цэнтрам ювелірнага мастацтва). У вопісе касцёльнай маёмасці звяртае на сябе ўвагу незвычайна вялікая колькасць музычных інструментаў, а таксама старасвецкія «рускія» (г.зн. напісаныя на старабеларускай мове) інвентары места Наваградскага, якія разам з іншымі касцёльнымі рэчамі захоўваліся ў часовай шопе. Сярод іх адзначым вялікае сярэбранае надмагілле, знойдзенае падчас капання склепаў пад фундаменты новага касцёла. Будаўніцтва было закончана пры кс. Антонію Жалтоўскім каля 1740 г. — зроблены скляпенні, атынкаваны сцены (НГА Беларусі, ф.1781, воп. 27, адз. зах. 496, 515). У 1770—1783 гг. касцёл быў накрыты чарапіцай, у 1792 г. — зноў гонтамі. Стаяў ён у невыгодным месцы, пад замкавай гарой за горадам, таму жыхары часцей хадзілі ў кляштарныя касцёлы ў цэнтры — дамініканскі, езуіцкі — і не апекаваліся фарай. Фасад касцёла выглядаў такім разбураным, што нагадваў «хутчэй страшную пячору, чым Боскую святыню» — меланхалічна адзначае візіта 1781 г. (праўда, неўзабаве касцёл рэстаўравалі). У гэтым жа дакуменце апісваецца хрысцільня, якая знаходзілася пры левым (ад уваходу) бочным алтары св. Антонія, у сцяне, за дзверцамі з выявай Яна Хрысціцеля; у ёй стаяла цынкавая скрыня са свянцонаю вадою для хрышчэння і цынкавая Vascula для святога алею. Мелася драўляная хрысцільня, з накрыўкай накшталт кароны. Верагодна, у ёй і хрысцілі 12 лютага 1799 г. Адама Міцкевіча. У 1823 г. фара зноў была ў дрэнным стане: працякаў дах, пашкодзілася падлога, ападала тынкоўка (магчыма, гэтаму паспрыялі французы, якія ў 1812 г. ператварылі касцёл у склад для правіянту). У 1857 г. касцёл стаў філіяй, а фактычна быў пакінуты без ужытку і догляду. (Згадаем, што за два гады перад тым у Канстанцінопалі памёр Адам Міцкевіч.) Касцёл паўстагоддзя стаяў у жудасным стане. У 1873 г. Ігнат Дамейка, наведаўшы Наваградак, напісаў: «Выйшаўшы з касцёла і кляштара падамініканскага, дзе мне прыпомніліся дзіцячыя постаці Адама Міцкевіча і Яна Чачота ў маленні, якія там набіраліся цнотаў на дарогу жыцця, накіраваўся я да фары. Сэрца маё забалела, калі, узяўшы ключ у закрыстыяна, зайшоў я ў касцёл...» Яшчэ крыху і замкавы касцёл маглі разабраць на цэглу, як многія іншыя наваградскія храмы. Нарэшце ў 1906 г. улады далі дазвол на адбудову, але касцёл рэстаўравалі толькі ў 1921—1923 гадах. На шчасце, усе ліхалецці перажыў у ім вядомы помнік Георгію Рудаміне-Дусяцкаму з таварышамі, што загінулі ў 1621 г. пад Хоцімам у бітве з туркамі. Помнік стаў вядомым яшчэ ў часы Міцкевіча пасля публікацыі ў «Віленскім альбоме» Вільчынскага.
Да касцёла прымыкаў мураваны кляштар. Тут, у келлі прыора, інвентар адзначае абраз на меднай блясе (з аднаго боку яго намаляваны Езус, з другога — фундатар), невялікія абразы св. Юзафа, св. Тамаша, Маці Божай, а таксама партрэт фундатара. Напэўна, гэты авальны партрэт на палатне захаваўся да нашага часу (ён апублікаваны ў вядомым альбоме «Жывапіс Беларусі ХІІ—ХVІІІ стагоддзяў», Мн., 1980, с. 138; нядаўна выдатна адрэстаўраваны ў Варшаўскім рэстаўрацыйным цэнтры). Крыштоф Хадкевіч паказаны пакаленна, павернуты ў тры чвэрці, у характэрным адзенні ХVІІ ст., з шабляй у ножнах. На полі намаляваны яго герб і звітак з надпісам на лаціне: «Высакародны Пан Крыштоф Хадкевіч перш кашталян затым ваявода Віленскі староста Мазырскі і Крэўскі заснаваў Наваградскі канвент Ордэна прапаведнікаў Рускай правінцыі Святога Гіацынта году 1637...». Цікава, што прыор трымаў у сваёй келлі, апрача фарфоравых талерак і абрусаў, млынок для кавы. Неабходна адзначыць роспісы рэфектарыя: у канцы пакоя абапал разьбянага «Укрыжавання» былі намаляваны фігуры Марыі і апостала Яна, на бакавых сценах — выявы св. Дамініка, св. Францішка і партрэт фундатара. Наступныя пяць пакояў прызначаліся пад школьныя класы, за якімі знаходзіўся фізічны кабінет з розным абсталяваннем у шафах (фігуры для тлумачэння геаметрыі, хімічныя квасы, розныя фізічныя машыны, у тым ліку тры мікраскопы, мінералы, рэторты для разгонкі атмасферных газаў, матэматычныя інструменты); тут жа захоўвалася калекцыя чучалаў звяроў, у т.л. барсука, вавёркі, тхара, і «монстр» — цялё з дзвюма галовамі, чатырма пярэднімі нагамі, дзвюма заднімі і двума хвастамі (як бачым, такія мутацыі здараліся задоўга да Чарнобыля), 25 птушак, 176 насякомых. Мелася калекцыя з 1000 камянёў (мінералаў), 89 узораў дрэва, 69 хімічных рэчываў. У нумізматычным зборы налічвалася 7 рымскіх манет, 18 расійскіх, 66 польскіх і літоўскіх, 27 прускіх, 6 швецкіх, 7 французскіх, 3 дацкія. Бібліятэка пасля скасавання ордэна езуітаў павялічылася за кошт кніг з іх рэзідэнцыі; у ёй налічвалася каля 2000 тамоў, сярод якіх у раздзеле «Рыторыка і паэтыка» — 197, у раздзеле «Гісторыя» — 96, астатняе — рэлігійная, філасофская, юрыдычная літаратура. Не будзем гадаць, што з гэтага дапаможнага матэрыялу чытаў ці аглядаў навучэнец Адам Міцкевіч. У школе вывучалі польскую, лацінскую, французскую, нямецкую і расійскую мовы, арыфметыку, гісторыю натуральную, матэматыку, права, маральныя навукі. Распарадак дня быў строгі: па званку а 6-й гадзіне ўставалі, у 7 ішлі на Імшу, падчас якой вучні спявалі ў хоры, з 8 да 10 займаліся, з 10 да 14 гадзін адпачывалі, палуднавалі і рыхтаваліся да пасляабедзеных лекцый, з 14 да 16 гадзін. У аўторак і чацвер лекцый не было; шкаляры вучыліся пісаць і маляваць. Мемуарысты пакінулі не надта многа сведчанняў пра школьныя гады будучага паэта. Водгукі настаўнікаў пра поспехі вучня Адама Міцкевіча ў свой час сабраў Вінцэсь Каратынскі. З іх відаць, што хлопчык з першага ж класа вучыўся старанна і паспяхова, найлепшыя поспехі меў у гісторыі і мовах, пасрэдныя ацэнкі былі толькі па чыстапісанні. Часам Адама падводзіла здароўе, і два класы ён праходзіў па два гады. Што да паводзінаў, то яны заўсёды былі добрымі. З чацвёртага класа імёны Адама Міцкевіча і Яна Чачота заўсёды фігуравалі ў спісах выдатнікаў (Вінцэсь Каратынскі. Творы. Мн., 1981, с. 90-92). Прафесары-дамініканцы забяспечвалі літургічныя патрэбы жаночага кляштара (таго ж закону), які стаяў праз вуліцу і дзе на хорах вельмі прыгожа спявалі законніцы. Згадаем, што сярод манахіняў былі дачка расійскага адмірала Казляінава, сястра рыжскага губернатара, дочкі магілёўскага губернскага маршалка Корсака. У час Імшы ксяндзам-прафесарам па чарзе прыслужвалі школьнікі, у ліку якіх, напэўна ж, трапляў у касцёл дамініканак і Адам Міцкевіч. Тагачасны выгляд храма апісаны ў інвентары 1804 г. (НГА Бел, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 570). Як і іншыя касцёлы гэтага закону, ён быў багата аздоблены ляпнінай і скульптурамі ў стылі барока. Архітэктурны воблік галоўнага алтара фармавалі чатыры калоны, паміж якімі стаялі вялікія гіпсавыя фігуры св. Антонія, св. Кацярыны, св. Тарэзы, св. Клатыльды, у цэнтры знаходзіўся абраз Маці Божай (у шаце). Сярод драўлянай разьбы выдзялялася пазалочаная амбона з чатырма скульптурамі евангелістаў, увенчаная разьбяным балдахінам; на версе яго стаяла пазалочаная фігура святога (ці святой) з кветкай у руцэ. Кляштар дамініканак скасавалі ў 1864 г., касцёл разабралі на цэглу ў пачатку нашага стагоддзя. Такі ж лёс спасціг і будынак, дзе размяшчаліся дамініканскія школы. Касцёл Міхала Арханёла з 1858 г. стаў парафіяльным. Да стагоддзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча ў ім употайкі, ноччу (бо царскія ўлады не дазволілі б), была ўстаноўлена памятная мармуровая табліца з бронзавым бюстам паэта.
Абраз знаходзіўся ў касцёле да самага скасавання ордэна езуітаў. У інвентары 1773 г. чытаем: «...у вялікім алтары абраз Найсвяцейшай Марыі Панны, цудамі слынны ... сукенка, якая цалкам абраз закрывае, уверсе пазалочаная, карона над абразом пазалочаная сярэбраная рознымі камянямі абсаджана, кветак на сукенцы срэбраных пазалочаных да той бляхі прыбітых 43, гвязд каля галавы 6 ... рама ў абраза Найсвяцейшай Панны срэбраная» (здаецца, шата абраза і кароны прысутнічаюць ўжо на гравюрах Вілонца і Тарасевіча). Пры абразе віселі 59 сярэбраных вотаў і вялікая вечная лямпа. Невядомы лёс абраза пасля скасавання ордэна езуітаў. Іх касцёл праіснаваў некаторы час пасля гэтага, але ці быў адчынены? У 1802 г. з яго знялі званы і перавезлі ў віленскі касцёл св. Казіміра, а ў 1815 г. касцёл, як быццам, перабудавалі пад ратушу. Найбольш каштоўныя рэчы з яго маглі быць перанесены ў іншыя касцёлы — фарны, дамініканскі ці францішканскі. Што ж адбылося з цудатворным абразом Маці Божай? Адказу мы не знаходзім ні ў аднаго аўтара ХІХ ст. Цяпер у фарным (замкавым) касцёле знаходзіцца абраз на палатне, іконаграфічна падобны да гравюрных выяваў цудатворнага езуіцкага абраза. У працэсе яго рэстаўрацыі ў 1992 г. у Варшаўскім цэнтры даследчыкі прышлі да высновы, што гэта копія, намаляваная ў першай палове ХVІІІ ст. Яна замяніла ў касцёле езуітаў першапачатковы абраз, які загінуў у пажары 1751 г. Аднак параўнанне з інвентарным апісаннем цудатворнага абраза (1773 г.) прымушае асцярожна паставіцца да такой высновы — на абразе з фарнага касцёла «сукенка» іншая (яна не закрывае ўвесь абраз), кветкі не накладныя, а ў кароне няма камянёў.
Да якога ж з абразоў звярталася маці Адамі Міцкевіча? Е. Навакоўскі — аўтар найбольш поўнага даведніка цудатворных абразоў Маці Божай у Польшчы — даводзіў, праўда, не зусім пераканаўча, што яна малілася менавіта перад абразом у касцёле езуітаў, а не ў якім іншым (X.W.K.O cudownych obrazach Matki Bozej w Nowogrodku // Księga pamiątkowa na uczczenie setnej rocznicy urodzin Adama Mickiewicza (1798—1898). Tom II. Warszawa-Kraków, 1898. S. 257—364). Навакоўскі палемізаваў з Аляксандрам Марыянскім, які лічыў, што малога Адама выратаваў абраз з замкавай Успенскай царквы. «Абраз, які пакінуў успаміны ў душы Міцкевіча не знаходзіўся ні ў фары Вітаўта, ні ў дамініканаў, ні ў іншым лацінскім касцёле, але ў замкавым горадзе, дзе стаяла найдаўнейшая царква», — сцвярджаў кс. Марыянскі (Unicka Matka Boska Nowogródzka na czele Pana Tadeusza-przez ks. M.S. Lwów, 1898). Аўтар шматтомнай працы па гісторыі езуітаў у Польшчы Ст. Заленскі таксама падкрэсліваў, што маці Адама Міцкевіча вымаліла жыццё для свайго дзіцяці менавіта перад абразом з замкавай капліцы, а не езуіцкім (St. Zalenski. Jezuici w Polsce. Lwów. 1900—1905, t. IV, s. 1292—1310). Усе даследчыкі так ці іначай абапіраліся на сведчанне самога Адама Міцкевіча, зробленае ў пачатку «Пана Тадэвуша», дзе паэт звяртаецца да Маці Божай, увасобленай у яе цудатворных абразах:
Калі разумець тэкст Адама Міцкевіча літаральна, давядзецца згадзіцца, што паэт гаворыць пра Замкавы абраз Маці Божай, таму што «grod zamkowy» абазначае «дзядзінец, гарадзішча, крэпасць», а не горад у шырокім сэнсе. Урэшце не так важна, да якога канкрэтна абраза Маці Божай хадзіла Барбара Міцкевіч, галоўнае, што сын быў уратаваны і стаў вялікім паэтам. І калі Адам пакідаў бацькоўскі дом, накіроўваючыся ў Віленскі універсітэт, маці дала яму некалькі дукатаў і наказала, каб ён, прыйшоўшы ў Вільню, перш за ўсё пакланіўся цудатворнаму абразу ў Вострай Браме.
|
|
|