|
|
№
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года
Постаці
Роздум аб веры
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча
З жыцця Касцёла
Пошукі і знаходкі
Пераклады
Паэзія
Haereditas
З жыцця Касцёла
|
«Пане, дазволь мне, нібы свечцы, згарэць дашчэнту на Тваім Алтары». Гэтае вялікае жаданне благаславёнага Юрыя Матулевіча здзейснілася. На працягу ўсяго свайго святарскага жыцця ён гарэў, як свечка, - ярка і трывала. Сваёй службай ён асвятляў самыя далёкія, закінутыя і страшныя куткі тае гістарычнае эпохі, у якой палітыка, нянавісць, шавінізм крыжавалі лёсы хрысціянскіх народаў. Гэтае святло ніколі не прыцьмянела, але было яркім і палымяным. І свяціла яно да таго самага часу, пакуль жывіла яго сваімі ўдарамі сэрца вялікага і святога чалавека. Святар, прафесар акадэміі, законнік і рэфарматар ордэну ксяндзоў марыянаў, Віленскі біскуп, апостальскі нунцый... Кім бы ні быў, чым бы ні займаўся - заўсёды ён быў сапраўдным святлом на асвячэнне паганскай думкі і далёка не хрысціянскіх учынкаў, якія ў той час не толькі ўсяляк апраўдваліся, але і падтрымліваліся афіцыйнай грамадскай этыкай. Яго не цікавілі палітычныя інтарэсы асобных дзяржаў, народаў альбо партый. Ён быў айцом для ўсіх - рускіх, палякаў, літоўцаў, нават габрэяў. Але найбольш уражвае ягоная асаблівая любоў да беларусаў, што і было ў вачах тагачасных уладаў «асаблівым грахом». Нялёгка было жыць такому чалавеку. Але ад сваіх трывалых хрысціянскіх прынцыпаў і вернасці Касцёлу айцец Матулевіч не адыходзіў на працягу ўсяго свайго святарскага жыцця. Пачалося ж яно сто гадоў таму - 20 лістапада 1898 года, у Санкт-Пецярбурзе. У гэты дзень у капліцы каталіцкай духоўнай акадэміі клерык Юры Матулевіч прыняў святарскія пасвячэнні. Сто гадоў - не такі ўжо і малы прамежак часу. За гэты перыяд зерне, што пасля сакрамэнту святарства было кінута ў шчодра падрыхтаваную Богам глебу, дало багаты плён. І вось праз стагоддзе духоўныя дзеці айца Матулевіча - марыяне з сямі краінаў свету, а таксама сёстры-эўхарысткі - зрабілі пілігрымку ў горад, дзе быў закладзены падмурак духоўнасці Юрыя Матулевіча. Цяжка сабе ўявіць іншае месца, якое б лепш адпавядала для святкавання гэтага юбілею. Санкт-Пецярбург - адзін з галоўных цэнтраў каталіцкай духоўнасці і думкі ў Расіі. Тут у дарэвалюцыйныя часы дзейнічала духоўная семінарыя і каталіцкая акадэмія. Тут знаходзілася пра-катэдра магілёўскіх біскупаў. З гэтым горадам звязаны лёсы слугі Божага біскупа Лазінскага, марыянскіх мучанікаў Фабіяна Абрантовіча і Антонія Ляшчэвіча. Свята было вялікім, хоць і доўжылася яно ўсяго тры дні. Не было на ім вялізных натоўпаў, не было і гучных цырымоній, але затое было галоўнае - сустрэча. Была сапраўдная сустрэча з Панам Богам. Ну і, вядомаж, была сустрэча з багаслаўлёным Юрыем Матулевічам. Бо гэта ён сам сабраў нас усіх у гэты горад, ён жа там і навучаў нас, умацоўваў. Прыклад ягонага жыцця жывіў нас гэтыя тры дні сваёй чысцінёй, пакорай і адданасцю. Сімпозіум у асноўным праходзіў у сценах вышэйшай Духоўнай семінарыі. Яго ўдзельнікі - пілігрымы з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Італіі, Злучаных Штатаў Амерыкі. Шмат было і сясцёр эўхарыстак. Чынны ўдзел у ім бралі і свецкія вернікі, для каго неабыякавы лёс гэтага чалавека. Прамоў было няшмат. Але некалькі гістарычных спавешчанняў хапіла, каб распаліць у душах прысутных агеньчык духоўнасці багаславёнага Юрыя Матулевіча. Каб, нягледзячы на нацыянальнасці і прыналежнасць да нейкай краіны, кожны ўдзельнік мог сцвердзіць: «Гэта наш святы». Дарэчы, першым гэтыя словы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яны ж і сталіся своеасаблівым дэвізам сустрэчы. Гутаркі і дыскусіі праходзілі ажыўлена, у часе якіх быў пошук - шчыры і адкрыты. Інакш і быць не магло. Бо думкі, навучанне Юрыя Матулевіча сёння гучаць не менш актуальна, чымсьці сто гадоў таму. І сімпозіум быў доказам гэтага. Шмат няпростага зведаў Касцёл у мінулым на землях Расіі, Беларусі, Літвы, Польшчы. Няпроста цяпер аналізаваць многія і многія падзеі гісторыі. Але рабіць гэта трэба. Праўда, шчырасць, адвага і дух любові - вось катэгорыі, якія ствараюць варункі для спакойнага і аб'ектыўнага падыходу да кожнай сітуацыі, нават вельмі складанай. І гэта трэба рабіць. Не дзеля таго, каб кагосьці пакрыўдзіць, але каб у праўдзе лячыць раны, якія перашкаджаюць усім і кожнаму з надзеяй ісці ў будучыню. Вельмі цешыла, што там, у Пецярбурзе, марыяне розных нацыянальнасцяў змаглі спакойна аналізаваць балючыя раны гісторыі. Беларусы, дарэчы, у часе дыскусій былі найбольш актыўнымі. Можа таму, што яны найбольш удзячныя айцу Матулевічу, бо пра беларускую культуру, годнасць, свядомасць было сказана тут вельмі шмат. Што ж, Віленскі арцыбіскуп яднае і сёння. Той, хто любіць Касцёл, як Маці, - разумее, якая гэта важная справа - знішчыць крыўды і злосць сярод людзей, якія вераць у аднаго Бога. Натхнёныя менавіта гэтай думкай, марыяне паклапаціліся аб перакладзе Духоўнага дзённіка айца Матулевіча на рускую мову. У першы ж дзень сімпозіума адбылася прэзентацыя гэтай кнігі, якая для кожнага ўдзельніка тых цікавых сустрэчаў стане добрым правадыром і спадарожнікам на духоўным шляху жыцця. Цэнтральным момантам урачыстасцяў стала Святая Імша, якую разам са святарамі адправіў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яна адбылася ў рэкансакраванай катэдры. Як жа цудоўна, што сёння гэтая святыня зноў жыве! Як добра, што сёння тут зноў дзейнічае духоўная семінарыя, першым святым якой стаў багаслаўлёны Юры Матулевіч. Першым, але, будзем спадзявацца, не апошнім, бо мы верым, што дачакаемся беатыфікацыі слугаў Божых біскупа Зыгмунта Лазінскага і ксяндза марыяніна Антонія Ляшчэвіча. А потым, дасць Бог, будуць наступныя. Але гэта ўжо абавязак тых, чые ногі сёння ступаюць па слядах багаслаўлёных. Найбольш багатым на перажыванні радасці і болю быў апошні дзень сімпозіума, калі мы, пілігрымы, невялічкай групай вырушылі па пецярбургскіх слядах Юрыя Матулевіча. ...Былая каталіцкая духоўная акадэмія. Недарэчна гучыць тут прыдатак «былая». Недарэчна і сумна, але, на жаль, рэальна. Гэтую жорсткую рэальнасць мы вельмі добра адчулі, калі стаялі перад вялізным гмахам былой акадэміі, у якім цяпер размяшчаецца філалагічны факультэт дзяржаўнага універсітэта. З таго часу, калі гэтыя сцены пакінулі прафесары і студэнты акадэміі, сюды больш не ступіла нага святара. Мы пра гэта добра ведалі. Таму ў нашых сэрцах быў вялікі сум. Але якой жа вялікаю была радасць, калі хтосьці раптам заўважыў на вонкавай сцяне каплічнай апсіды знак Божай Прадбачнасці, які цудам захаваўся тут, каб нас прывітаць сваім спрадвечным зрокам! Гэта быў не адзіны цуд. У нас нечакана з'явілася магчымасць увайсці ў будынак і наведаць былую капліцу. Ідзем па вузкіх высокіх калідорах, размінаемся з гаманлівымі студэнтамі, у чыіх вачах пры сустрэчы з намі бачым здзіўленне. І вось нарэшце мы ў капліцы. Не, тут не падыходзіць слова «былая», бо... капліца ацалела. На яе сценах добра захаваліся фрэскі, надпісы на лацінскай мове, тая ж самая падлога, выкладзеная дробнай каляровай пліткай. Праўда, не захаваўся алтар... І ўсё ж гэта была капліца, у якой нам было надзвычай лёгка маліцца. Здзіўленне, недавер сваім вачам, радасць, боль, а ў кагосьці і слёзы на вачах. Распачалася ціхая-ціхая малітва. Вось яна, калыска духа айца Юрыя Матулевіча!.. Тут ён напісаў большую частку свайго знакамітага дзённіка, тут паўставала канстытуцыя для адноўленага ордэна марыянаў, тут нараджаліся новыя ідэі, планы. Хто ведае, можа, ужо тады ў ягоным сэрцы набіраў абрысы новы закон сясцёр эўхарыстак. А мучанік айцец Фабіян Абрантовіч, слугі Божыя Зыгмунт Лазінскі, Антоні Ляшчэвіч... Яны прыходзілі сюды штодня, і галоўныя дзеі іхніх сэрцаў адбываліся менавіта тут, у гэтых сценах, бо тут яны слухалі свайго Настаўніка, размаўлялі з Ім, намагаліся зразумець Яго святую волю. Мы доўга ўслухоўваліся ў цішыню капліцы, потым была малітва, пасля якой - гучны спеў на лацінскай мове. Гэты спеў змусіў суцішыцца нават студэнтаў на калідорах, якім, напэўна ж, было дзіўна чуць велічную лаціну. Яе ўзнёслыя гукі здольныя моцна і адважна адраджаць святы і непарушны дух - дух малітвы і сапраўднага хрысціянства. Не, ён не мінае, ён застаецца ўсюды, дзе толькі ступіла нага святога чалавека. Таму дастаткова толькі добрай волі сённяшняга, няхай сабе і слабога чалавека, каб узбудзіць гэтую крыніцу святасці, каб той жа дух запульсаваў у нашых скронях, думках, сэрцы... Сустрэча адбылася. Яна была вельмі патрэбнаю нам, а таксама тым хрысціянам, што адбудоўваюць сцены жывой Божай святыні ў Санкт-Пецярбурзе. Магчыма, многія з іх знайшлі ў тыя дні сапраўдны скарб веры, знайшлі таго, хто ў свой час зразумеў гэты народ, палюбіў яго, ведаў ягоныя патрэбы і нястачы. Яны знайшлі, як самі казалі, - «свайго святога». Як памяць аб гэтай сустрэчы на расейскай зямлі застаўся «Духоўны дзённік» айца Юрыя Матулевіча. Перакладзены ён ужо і на беларускую мову, і хутка знойдзе свайго ўдзячнага чытача на Беларусі. Прэзентацыя гэтай цудоўнай кнігі плануецца таксама і ў Беларусі. Ці адбудзецца ў часе яе сапраўдная сустрэча і ў нас? Калі прагнем яе, то абавязкова адбудзецца. Бо такія жаданні Бог шчодра благаслаўляе.
|
|
|