Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

Вацлаў ПАНУЦЭВІЧ

ПОЛЬСКАЯ МОВА Ў ХІV — ХVІІІ стст.
І КАТАЛІЦКІ КАСЬЦЁЛ У ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ

Рэфармацыя ў сваёй барацьбе з каталіцкім Касьцёлам заўсёды выступала супраць лаціны — мовы папскай дамінацыі — за мовы нацыянальныя. Такім чынам у Літве (Беларусі) прыбыўшыя прапаведнікі шыраць на розных мовах: сярод нямецкіх выхадцаў — па-нямецку — лютэранізм, сярод славянскага насельніцтва — кальвінізм і антытрынітарства (арыянства) — па-літоўску, гэта значыць па-русінску (па-беларуску) і па-польску. Пазьней дайшлі яшчэ мовы: жамойцкая (сёньня літоўская) і расейская (Ф.Касы, Курбскі, Арцемій).

З каталіцкага боку першым водгукам для супрацьдзеяньня «гэрэтыцкім навінкам» быў загад Яна, Віленскага біскупа (няшлюбны сын Жыгімонта Старога) да ўсіх сьвятароў у 1528 г. (Statuta Vilnensis Diocesis) аб парадку ў Касьцёле, дзе ёсьць таксама гутарка аб мове пры выкананьні духоўных абавязкаў. Так ён пастанаўляе: навука ў парафіяльных школах, пры выкладзе Эвангеліі і Лістоў сьв. Паўла, павінна адбывацца па-літоўску (беларуску) і па-польску1.

Тут маем, так сказаць, «прэвэнцыю» для каталіцкай моладзі перад рэфармацыйнымі кніжкамі і прапаведнікамі з польскай мовай. Адначасова ў названым статуце рабіўся націск, каб сакральныя формулы, як напр., пры хрышчэньні, вымаўляліся не ў народнай мове, але па-лаціне. Дзеля гэтага статут адхіляў дасюль існуючы звычай вымаўляць хросную формулку «lingua Lithuanica» (мовай літоўскай, інакш беларускай), а наказваў вымаўляць па-лаціне, каб ня было прэцэдэнсу для іншых моваў2.

Пасьля гэтага аб польскай мове запанавала маўчаньне ў дакумантах ды ўсякіх крыніцах адносна Літвы. У гэтым часе прыціхла ў Польшчы й Літве Рэфармацыя з прычыны даволі вострых мераў Жыгімонта Старога.

Новая хваля рэфармацыі пачалася каля 1550 году пасьля сьмерці Жыгімонта Старога (1548) і пасьля выпуску сваіх гадунцоў з Каралевіцкай Акадэміі кн. Альбрэхтам. Польшча тады атрымала Рэя, Маджэўскага, Ажахоўскага, Яна Каханоўскага і іншых, што паканчалі нямецкія унівэрсітэты ў Каралеўцы ці ў іншых гарадох. З Каралеўца прыбывалі рэфарматары й у Літву. Новы кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст адразу выявіў талеранцыю да рэфармацыйнага руху, сэктанства, якое шчапілася на драбнейшыя групы. У Літве, апрача Радзівілаў і Кішкаў, у кальвінізм і антытрынітарства перайшлі Хадкевічы, Валовічы, Дарагастайскія, Глебавічы, Сапегі, Нямерычы, Пронскія, Пузіны і інш., пакідаючы каталіцтва ці праваслаўе. Ужо ў 1553 г. паўстала ў Вільні вялікая кальвінская грамада пад пратэкцыяй Радзівіла Чорнага. Гэты апошні купіў у 1577 г. у Валовіча т.зв. Гарнастаеўскі двор ды перадаў яго кальвінам у Вільні. Сам Валовіч падараваў у Вільні для кальвінаў далейшую маёмасьць. Тут паўстала кальвінская акадэмія, шпіталь, друкарня, дом малітвы, магільнік і інш. уладжаньні. У хуткім часе кальвінскія грамады творацца пад пратэктаратам магнатаў у Віцебску, Берасьці, Менску, Слуцку, Несьвіжы, Біржах і многіх іншых гарадох. Антытрынітары (арыяне) шырыліся сярод дробнай шляхты, а іх апекуном быў Ян Кішка, ідэйным правадыром — Сымон Будны. Пётр Скарга пісаў, што ў адным Наваградзкім ваяводзтве антытрынітары захапілі ў праваслаўных 650 цэркваў, а з 600 шляхоцкіх сем’яў пры праваслаўі асталося 16.

Пратэстанты мелі многа друкарняў ды выдалі ў 1555—1565 гадох шмат кніжак на беларускай і польскай мовах. Перахаваліся толькі некаторыя, кнігі Цяпінскага й Буднага. Усе іншыя былі спаленыя каталікамі пасьля перамогі над рэфармацыяй. Першае публічнае спаленьне гэрэтыцкіх беларускіх кніжак адбылося ў 1581 г. пры Сьцяпане Баторым. Віленскі біскуп Юры Радзівіл зьнішчыў Несьвіскую друкарню ды нямала выдаў грошай на скуп гэрэтыцкіх кніжак дзеля зьнішчэньня. Віленскі біскуп А.Грахоўскі разбурыў друкарню Данілы з Ленчыцы ды спаліў дысыдэнцкія кнігі.

Пратэстанты розных напрамкаў мелі свае школы. У Вільні, апрача кальвінскай акадэміі, існавала лютаранская пад кіраўніцтвам Абрама Кульвы, ліцьвіна (беларуса), вучонага эўрапейскай славы, вучня унівэрсітэтаў у Кракаве, Віттэмбэргу, у Сене. У 1542 г. Кульва перад прасьледам уцёк у Каралевец, дзе быў рэктарам унівэрсытэту. Каля 1550 г. у Вільні існавала другая лютэранская школа з Янам Вінглерам (немцам) на чале, а ўспамаганая купцом Марштакам. Былі лютэранскія школы ў Віцебску і Мэрэчы.

Кальвінскія школы, апрача Вільні, існавалі ў Слуцку, Вазьнякох, Смаргоні, Наваградку і Біржах. Арыяне мелі свае асяродкі ў Ракаве, Лоску й Семятычах.

У першай фазе дзейнасьці сэктанцкіх школаў, сярод іншых гуманітарных дысцыплінаў, была навука родных моваў, у тым ліку й беларускай. Адсюль Сымон Будны разам з Мацеям Кавечынскім і Лаўрэнцім Крышкоўскім зьвяртаўся ў дэдыкацыі, зьмешчанай у КАТАХІЗІСЕ (1562), да апякуна пратэстанцтва — Мікалая Радзівіла Чорнага з заклікам «бы сіе тэж вашы княжацкія міласьці і таго здаўна слаўнага языка славенскага разьмілаваці і оным ся бавіці рачылі. Слушна бо рэч ест, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторам даўныя прэдкі і... атцы вашых княжацкіх міласьці слаўне праднейшыя прэлажэнства нясуць...» Васіль Цяпінскі ў прадмове да Эвангэльля на славянскай і літоўскай (беларускай) мовах (1570) таксама цешыўся, што выдаў Эвангэльле «ўласным языком рускім». Аднак агульны рэфармацыйны цёк паліўся польскім руслом. Масавая пратэстанцкая літаратура ў польскай мове, якая друкавалася ў Польшчы й Літве, прапаведнікі пратэстантызму, гаворачыя ў бальшыні польскай мовай ды й іх пратэктары Радзівілы й іншыя магнаты запэўнівалі перамогу польскай моўнай стыхіі. Польскай мовай сталі карыстацца і праціўнікі рэфармацыі так каталікі, як і праваслаўныя.

Якія ж тады іншыя прычыны спрыялі перамозе польскай мовы?

1) Трэба мець на ўвазе, што ў пару новага ўспыху рэфармацыі ў 1563 г. выбухла зацяжная вайна з Масквой за Лівонію, якая ў 1561 г. у Вільні прыняла пратэктарат Літвы й Польшчы, а Латгалія была далучаная да Літвы. 15.ІІ.1563 г. Іван Люты (Грозны) заняў Полацак ды наблізіўся да Вільні. Вайна цягнецца з перарывамі да 1582 г., а за гэты час тэрыторыя Літвы становіцца ваеннай прасторай, на якой у ваенных табарах сутыкаецца польская шляхта з літоўскай. Тут жа адбываецца агітацыя палякаў за цясьнейшую вунію з Польшчай, за супольнае змаганьне, за лепшыя правы для шляхты, за дэмакратызацыю і «экзэкуцыю правоў». Польская мова станавілася супольнай мовай. Ужо ў гэтым часе падляская шляхта двойчы дамагалася (1565 і 1568) ў Жыгімонта Аўгуста, каб лісты з канцылярыі ВКЛ былі пісаныя да яе па-польску, або па-лаціне, бо рускага пісьма не разумее. Жыгімонт Аўгуст абодвыя разы адкінуў гэтыя дамаганьні ды даваў інструкцыю ў канцылярыю ВКЛ, каб да лістоў, пісаных «па-руску», далучаны быў пераклад па-лаціне. Як бачым, яшчэ сам Вялікі Князь супраціўляўся перад самай Люблінскай вуніяй на ўвядзеньне польскай мовы ў Літве, тым ня менш ішоў моцны фэрмэнт у кірунку польскай мовы.

2) Другой спрыяльнай умовай для шырэньня польскай мовы ў Літве была кірыліца і традыцыйны царкоўна-славяна-рускі правапіс са скаротамі, тытламі, з традыцыйнымі слоўцамі і канчаткамі, якія былі мала зразумелыя, а нефанэтычны правапіс рабіў з народнай мовы нейкае пакалечаньне. Узяўшы пад увагу, што моладзь паноў і шляхты ў пару Жыгімонта Аўгуста вучылася ў каталіцкіх пачатковых школах па-лаціне, а пасьля прадаўжала навукі за граніцай у той жа лаціне, дык «рускае пісьмо» сапраўды было нялёгкім да чытаньня й разуменьня, тым больш, што і друк кірыліцай імітаваў традыцыйнае рукапіснае пісьмо. Для зразуменьня сказанага, хай чытач загляне да тагачаснага кірылічнага рукапісу й друку, а пераканаецца, што трэба доўгай прывычкі, каб магчы бегла чытаць таму, хто прывык да лацінскіх знакаў і фанэтычнай артаграфіі. Нічога дзіўнага, што падляская шляхта дамагалася не прысыланьня ёй гэтых неразборлівых лістоў. Самай вялікай памылкай Пранцыся Скарыны ды нашых культурнікаў 16 стагоддзя было тое, што яны, арганізуючы друкарства, не ўпросьцілі кірылічных літараў (што зрабіў на пачатку 18 ст. Капіевіч, «гражданку») ды не ўвялі фанэтычнага правапісу. Гэта можна тады было зрабіць, гледзячы на рэформы лацінскага друку ды фанэтычнага пераказу гукаў. Вінаватая ў гэтым праваслаўная царкоўная закасьцянеласьць і абмежаванасьць, якой патуралі і нашыя асьвечаныя культурнікі. Трэба проста дзівіцца, што ніхто не заняўся ўпарадкаваньнем літаратурнай нашай мовы ды напісаньнем свае ГРАМАТЫКІ з ПРАВАПІСАМ. За прыклад маглі служыць узоры моваў заходніх: лацінскай, нямецкай, польскай. Палякі ўжо мелі першую спробу польскай артаграфіі Якуба Паркашовіча ў 1440 г. Станіслаў Забароўскі ўжо друкам выдаў рад выданьняў: Оrthographia seu modus recte scribendi et legendi Polonicum idioma, 1513, 1515, 1518, 1526. Якуб Гэнрыхманн у 1532 друкам выдаў у двух томах — Grammatica Polonica. Выдаваліся і пазьней польскія граматыкі і правапісы розных аўтараў. Такім чынам нельга наракаць на недахоп адпаведных узораў. Калі «славяна-русы» (Курбскі і яго школа) малпуючы каталіцкі паварот да лаціны, сталі агітаваць за паварот славяна-рускай мовы, дык пачалі ад Граматыкі і Лямантара. Так Л.Зізані выдаў у 1596 г. у Вільні граматыку царкоўна-славянскай мовы пад назовам «Грамматика словенска» і лямантар: «Наука ку читаню і разуменю пісма словенского». Сёньня савецкая прэса выхваляе, быццам гэта быў першы лямантар беларускай мовы, а ў запраўднасьці гэта быў лямантар царкоўна-славянскай або славяна-рускай мовы з беларускім загалоўкам, паясьненьнямі ды кароткім слоўнікам нязразумелых царкоўна-славянскіх словаў. У 1613 г. Мялецій Сматрыцкі выдаў «Грамматику словенскую» ўжо без беларускіх тлумачэньняў. Другое выданьне вышла ў Іўі ў 1619 г., а ў 1648 г. яна была перавыдана ў Маскве.

Цікава зьвярнуць увагу на спробы замяніць кірыліцу беларускага пісьма лацінскімі літарамі, на жаль, паўтараючы традыцыйны нефанэтычны правапіс (зусім недарэчна!). Так, напрыклад, яшчэ ў 1548 г. Жыгімонт Стары пісаў (пісар Ян Макавецкі) ліст да Героніма Хадкевіча, кашталяна троцкага і старосты жамойцкага лацінкай:

«Žykhimunt bożeju miłostiju korol polski, najvyższy kniaź litowski, ruski, pruski, żomoydzki, mazow. i innych. Kasztelanu trockomu, starosti żomoydzkomu, P.Hieronimu Alexandowiczu Chodkiewiczu. Dajemy JM wiedat, iżeśmy wyrozumieli z niekotorych słuchow i powiestey, jakoby korol Jeho Mt. mołody W. kniaź lit., syn nasz najmileyszy, po tych pryszłych światach wielikodennych mieł tam w WKniastwie Lit. z Panieju Gastoldowoju...»

Гэтаксама лацінскімі літарамі напісаны ліст Боны да Паноў Рады ВКЛ з 4 красавіка 1548 г., толькі іншым пісарам. Лацінскімі літарамі пісалі і ў 17-18 стст., аднак недахоп правапісу і граматыкі ствараў нейкую штучную і пакалечаную мову. Таму то польская мова, якая ў канцы ХVІ стагоддзя набрала аглады і граматычнай стройнасьці, а пры гэтым у слоўніцтве не так далёкая ад беларускай, здавалася нашай шляхце найбольш падходнай. Гэтая акалічнасьць спрыяла хуткаму пераняцьцю польскай мовы перадусім у пісьменнасьці і літаратуры канца 16 ст. ды далейшых. Вынікам гэтага было ўвядзеньне ў 18 ст. польскай мовы ў дзяржаўна-рэлігійнае карыстаньне.

* * *

Падамо цяпер рад гістарычных фактаў дзеля насьвятленьня працэсу нарастаньня польскай мовы ў карыстаньні ў Літве (Беларусі).

1551  Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў рэгулямін мескай Рады («wilkierz wileński») — першы дакумант па-польску. M. Јowmianska, Wilno przed naj. mosk., Vilnia 1929, 85.
1559  Мікалай Радзівіл дамагаецца ў сваім лісьце да папскага легата Ліпамана дазволу на ўвядзеньне літургіі ў польскай мове. Mayenowa, op. cit., 82.
1563  Коштам Радзівіла выходзіць у Берасьці пераклад Бібліі на польскую мову.
1564  Мікалай Радзівіл (Рыжы) выдае першыя друкі па-польску.
1572  Сымон Будны выдае ў Несьвіжы польскую Біблію. Крытыкуе ранейшыя пераклады ды хваліць чысьціню польскай мовы.
1572  Віленскі біскуп Валер’ян Пратасевіч выдаў першы дакумант па-польску, гэта ёсьць акт фундацыі парафіяльнага касьцёла ў Шэшолах. Dr. J. Fijałek, Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę. Polska i Litwa w dziejowym stosunku, 1914, 243.
1619  Выданьне Мамонічам польскага перакладу Статуту Літоўскага 1588 г.
1633  У Вільні выходзіць польскі лямантар DLA DZIATEK. Estreicher XV, 447.
1696,
1697  
Гэнэральная Канфэдэрацыя пасьля бязвынікавага выбарчага сойму пастанавіла, каб пісар земскага ваяводскага суду, дзе будуць адбывацца Галоўныя Трыбунальскія Суды, запісваў пастановы па-польску, а не па-руску. Сойм вальны з 1697 пацьвердзіў у агульнасьці гэты праект, не закранаючы бліжэй справы мовы ў ВКЛ, а толькі ў «пактах конвента» паміж усімі станамі Каралеўства й Літвы з аднаго боку, а каралём Фрыдрыхам Аўгустам з другога, сказана: «У справах і пасольствах ад Рэчыпаспалітай мы, згодна даўных законаў, ня будзем карыстацца сваёй пакаёвай пячаткай або сыгнэтам, і абяцаем выдаваць усе лісты, справы і публічныя легацыі толькі на мове польскай і лацінскай, а ня іншай». Volumina legum V, 417-418.

З гэтых дакумантаў зусім не вынікае забарона літоўскай (бел.) мовы ў Літве ў лакальным карыстаньні ці ў Касьцёле, але польская мова, побач лацінскай, мела стацца публічнай мовай цэнтральных ворганаў дзяржаўнай улады.

Працяг


  1. «Statuimus et mandamus... ut ecclesiarum rectores inibi scholas et domos ad inhabitandum habeant iuventuti scholasticae idoneam commodamque construant et parent... sacra Evangelia Epistolasque Pauli, pariter utroque Lithuano et Polono idiomate, discipulis suis ingenuis fideliter interpraetentur».
    (Пастаняўляем і даручаем... каб рэктары касьцёлаў мелі альбо будавалі тамсама школы і дамы, прыдатныя для школьнай моладзі і падпарадкоўваліся... і дакладна тлумачылі тутэйшым вучням па-польску і па-літоўску Сьвятыя Эвангэльлі і Лісты Паўла.)
  2. De Baptismo. «Ubi lingua Lithuana vernacula atque communis incolis est, neve ubi maior essentia sacramenti et efficatia habenda est, ibi improbus error in verborum expressione committatur, cum infantuli baptizantur, verborum, quae in baptismo proferuntur, formula non Lithuano idyomate... sed latino sermone exprimatur...» M.Szarffenberg, 1528.
    (Пра Хрост. «Дзе літоўская мова — мясцовая і агульнапрынятая, і дзе не патрабуецца большай істотнасьці і дзейнасьці сакрамэнту, там дапускаюцца прыкрыя памылкі ў слоўных выразах, калі прыймаюць хрост немаўляты. Неабходна, каб слоўныя формулы, якія прамаўляюцца пры хросьце, выказваліся не літоўскаю гаворкаю, а на лацінскай мове».)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY