|
АДАМ МІЦКЕВІЧ |
Адам Міцкевіч і ў Наваградку, і ў Коўна
жыў небагата - але ж дыхаў поўна!
Няшмат у долі ёсць шчаслівых дзён -
да Польшчы так і не даехаў ён.
Паэт спакойна памірае рэдка -
ў Канстанцінопалі расійская разведка
атруціла Міцкевіча, каб ён
не набіраў там новы легіён.
Сто пяцьдзесят гадоў прайшло, а я ўсё плачу,
сто пяцьдзесят гадоў прайшло, а я ўсё бачу,
як пад наваградскі святы касцельны дах
нясе Тадэвуш Зосю на руках.
|
МАКСІМ БАГДАНОВІЧ |
Прароцтваў не прыпісвайце Максіму!
Да беларусаў пасылаць Месію
даўно не мела сэнсу - і таму
быў лепшы талент дадзены яму.
І рыцар Збройны, на кані і з мечам,
і сам Гасподзь над родам чалавечым
не раз Айчыну беглі ратаваць -
а нам было заўсёды напляваць...
Як не хацеў ён зноў крывавіць гэта!
Ды боль з адчаем давялі паэта -
і хворы ўжо, і ўжо на сконе дзён
не вытрываў, Пагоню клікнуў ён.
|
КСЁНДЗ ФАЛЬКОЎСКІ - ПЕРШЫ ПАВЕШАНЫ НА КРЭСАХ У 1863 ГОДЗЕ |
Паўставаць заўжды не той час. Зноў ці рана, ці позна.
Але ксёндз вясковы чытае з амбоны адозву -
гэта ўсё, што паўстанцкі Жонд можа зрабіць пакуль.
А далей - толькі смерць ад казачых шабляў і куль.
Імперыя моцна ваюе! Кругом яе перамога...
Спачатку - ксяндза адвозяць у Вільню, да Мураўёва,
потым - на вёсцы вешаюць.
І закопваюць без магілы...
На тым месцы сорак гадоў камяні ўзыходзяць наноў.
Мужыцкія рукі тую работу рабілі.
І ўвогуле - на Беларусі лішніх няма камянёў...
Людзі, і вы ўспамяніце таго святога ксяндза.
І хай хоць раз у жыцці пацячэ па душы сляза.
|
ПОМНІК МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ Ў ГРОДНА |
Гродна - месца маленства.
Агеньчыкі ў вокнах зімы.
На свеце лепшае месца
там, дзе ў маленстве мы.
Кожны свой бераг мае.
Чорны і светлы цень.
Гродна - магіла маці.
Першы дарослы дзень.
Нёман гайдае хвалі.
Цягне вецер матыў.
Ў Мінску і ў Яраслаўлі
ў помніках ты застыў.
А тут маленства святое
навек замяла зіма..
Гродна - гняздо пустое.
Помніка ў Гродна няма.
|
ЯЛІНКА |
Свята дваццаць гадоў не было.
Адна гарэлка з горкім вяселлем.
Запаліла ялінка ў доме святло
на Свята Божага Нараджэння.
Дваццаць гадоў дзе-небудзь вайна.
Самога два разы забівалі.
Свечка гарыць пасярод стала.
Не ўспамінаю, але забываю.
Двуногіх звяроў і двудушных сяброў.
Тых, хто біў, і тых, хто не бачыў.
Цяпло, як віно, запаўняе кроў.
А цемра замерзла ў холад сабачы.
Не трэба нам з табой гаварыць.
Пра беднага хама. Пра кепскага пана.
Цемра гасне. Свечка гарыць.
Нарэшце мінулае ў цемры прапала.
|
СЕМІНАРЫЯ |
Прыедуць хлопцы з дальніх
вёсак -
хто па навуку, хто па долю.
У Гродна запалае восень
і ўжо не скончыцца ніколі.
На горцы нёманскай, як колас,
расце касцёл праз пяць стагоддзяў.
А над гарою Божы голас -
тады і ўчора, і сягоння.
І гэты ціхі голас кліча
не ваяваць, не глоткі рэзаць
і не дзяліць, але дзяліцца -
тут, на забытых людам Крэсах...
|
ТУРМА. БЫЛЫ КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ У ГРОДНА |
Снег пайшоў. Наляцела на Гродна зіма.
Ходнік слізкі і вузкі. Мур высокі. Турма.
Сягоння з гэтага боку гуляю міма яе,
а што адбудзецца заўтра, маўчаць анёлы мае.
Наша турма са славай. Ад царскай і польскай пары.
Тут сядзелі вялікія людзі. За народ адны змагары.
Сягоння з гэтага боку гуляю міма яе,
а што адбудзецца заўтра, маўчаць анёлы мае.
А народ бяжыць і штурхаецца. Няма часу яму гуляць.
Дэмакраты няхай выдурняюцца. Трэба красці і зарабляць.
У правінцыі гора вясёлае. Мы не вязьні - вязьні не мы.
Галубы ляцяць над касцёлам. Слізкі ходнік каля турмы.
|
|
|