Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

20-ГОДДЗЕ ПАНТЫФІКАТУ
ЯНА ПАЎЛА ІІ – ПАДЗЕЯ СТАГОДДЗЯ

Дадатак да артыкула - Галерэя
16 кастрычніка 1998 года споўнілася дваццаць гадоў падзеі, якая ў свой час ускалыхнула ўвесь свет. У гэты дзень Калегія кардыналаў, сабраўшыся на канклаў у Рыме, выбрала чарговага, 262-га па ліку, пераемніка святога Пятра. Ім стаў кардынал Караль Вайтыла, паляк, кракаўскі арцыбіскуп, які ўзяў сабе імя Ян Павел II. Дваццаць гадоў мінула з таго часу, калі на плошчы св. Пятра ўпершыню прагучалі словы Папы Яна Паўла II, у якіх свет пачуў вялікую надзею і вялікі аптымізм веры: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту, усе людзі і ўсе дзяржавы. Толькі Хрыстус — Ключ да выратавання свету!»
Гэта было 22 кастрычніка 1978 г. на ўрачыстай Св. Імшы ў гонар інаўгурацыі Пантыфікату. За гэтых дваццаць гадоў служэння ў Пятровай Сталіцы Святы Айцец, як нястомны пілігрым, вандруючы па ўсім свеце, пераадолеў 1 118 299 км — адлегласць, роўную тром адлегласцям ад Зямлі да Месяца. Ён здзейсніў 134 пастырскія падарожжы па Італіі і 84 замежныя пілігрымкі; наведаў 117 дзяржаваў; правёў 839 дзён па-за Ватыканам, што складае 11,5% часу ягонага Пантыфікату; Папа ўдзяліў 877 генеральных аўдыенцый у Ватыкане, у якіх прыняло ўдзел каля 14 млн чалавек; Святы Айцец напісаў 13 энцыклік і 37 апостальскіх лістоў; беатыфікаваў 805 благаславёных і кананізаваў 280 святых; менаваў 157 кардыналаў; удзяліў звыш 1000 прыватных аўдыенцый; сустрэўся з 766 кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў...
Pontifex — азначае будаўнік мастоў (pons — мост, facere — рабіць). Цяперашні Пантыфік цалкам пацвярджае гэтае значэнне, ахвярна выконваючы функцыю вялікага будаўніка мастоў паміж Хрыстом і чалавецтвам, нястомна ўзводзячы масты паразумення паміж усімі народамі...
Дл католікаў Беларусі 20-годдзе Пантыфікату Яна Паўла II падзея надзвычайная яшчэ й таму, што ўпершыню за ўвесь час адбылася сапраўды гістарычная пілігрымка амаль тысячы беларускіх католікаў у Ватыкан, якую 17 кастрычніка на спецыяльнай аўдыенцыі прыняў Святы Айцец Ян Павел II. Нашы пілігрымы прывезлі з гэтай сустрэчы незабыўныя ўражанні і запавет Святога Айца «Будаваць на Хрысце будучыню сваіх сем`яў і свае дзяржавы».

 

З гаміліі Яна Паўла ІІ на 20-годдзе Пантыфікату

«Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» (Лк 18, 8). Гэтае пытанне, зададзенае калісьці Хрыстом Яго вучням, на працягу двух тысячагоддзяў хрысціянскай эры шмат разоў задавалася людзям, якіх Божы Провід заклікаў прыняць шлях Пятра. У гэтую хвіліну я думаю пра ўсіх, далёкіх і блізкіх, маіх папярэднікаў. Думаю таксама пра сябе і пра ўсё тое, што адбылося 16 кастрычніка 1978 г. У сённяшняй цэлебрацыі разам з усімі вамі дзякую Богу за гэтыя 20 гадоў Пантыфікату.

Згадваецца мне 26 жніўня 1978 г., калі ў Сікстынскай капліцы загучалі словы кардынала Віллёта, камерлінга Святога Рымскага Касцёла, скіраваныя да майго непасрэднага папярэдніка: «Ці прымаеш гэты кананічны выбар на Найвышэйшага Святара?» «Прымаю», — адказаў кардынал Альбіно Лючані. «Як хочаш называцца?» — пытаўся далей кардынал Віллёт. «Ян Павел», — прагучаў адказ.

Хто ж бы падумаў тады, што ўсяго праз некалькі тыдняў гэтыя самыя пытанні будуць скіраваны да мяне як да яго наступніка? На першае пытанне «Ці прымаеш?», я адказаў: «У духу паслухмянасці веры перад Хрыстом, маім Панам, давяраючыся Маці Хрыста і Касцёла, усведамляючы вялікія цяжкасці — прымаю». А на наступнае пытанне: «Як хочаш называцца?» я таксама адказаў: «Ян Павел».

Пасля змёртвыхпаўстання Хрыстус тройчы запытаў Пятра: «Ці любіш Мяне?» (пар. Ян 21, 15-17). Апостал, ведаючы сваю ўласную слабасць, адказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я Цябе люблю» і атрымаў ад Яго заданне: «Пасі авечкі Мае!» (Ян 21, 17). Гэту місію Пан даверыў Пятру, а праз яго — усім ягоным наступнікам. Гэтыя самыя словы скіраваў таксама да таго, хто сёння прамаўляе да вас у тую хвіліну, калі яму было даверана заданне ўмацоўваць братоў у веры.

Як жа часта ў думках я вяртаўся да слоў Езуса, якія св. Лука захаваў у сваім Евангеллі.

Незадоўга перад прыняццем мукі Езус сказаў Пятру: «Сымон, Сымон! Вось шатан пажадаў вас, каб прасеяць, як пшаніцу; але Я маліўся да цябе, каб не паменшала вера твая; і ты некалі, навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх» (Лк 22, 31-32). Таму «ўмацаванне братоў у веры» — гэта адзін з найбольш важных аспектаў душпастырскага служэння, даверанага Пятру і яго наступнікам. У сённяшняй літургіі Езус задае пытанне: «Але Сын чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» Гэта пытанне датычыць усіх, і асабліва наступнікаў Пятра.

«Прыйшоўшы, ці знойдзе...?» З кожным годам набліжаецца Яго прыйсце. Адпраўляючы Святую Ахвяру Імшы, пасля кансэкрацыі заўсёды паўтараем: «Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрашэнне і чакаем Твайго прыйсця».

Ці, прыйшоўшы, Ён знойдзе веру на зямлі?

Літургічныя чытанні гэтай нядзелі могуць падказаць два адказы на гэта пытанне.

Першы мы бярэм з закліку, з якім св. Павел звяртаецца да свайго вернага паплечніка Тыматэя. Апостал піша: «Заклінаю цябе перад Богам і Панам нашым Езусам Хрыстом, які будзе судзіць жывых і памерлых у з`яўленні сваім і ў валадарстве сваім: прапаведуй слова, настойвай у час і не ў час, дакарай, пагражай, малі з усёю цярплівасцю і навучаннем» (2 Тым 4, 1-2).

Гэта сінтэз асаблівай праграмы дзейнасці. Сапраўды, апостальская паслуга і асабліва паслуга св. Пятра праяўляецца перадусім у навучанні. Каб навучаць Божай праўдзе, той, хто гэта робіць, павінен сам «трываць у тым, — як яшчэ раз піша апостал да Тыматэя, — чаго навучыўся і што табе даверана» (2 Тым 3, 14).

Біскуп, а яшчэ ў большай ступені Папа, павінен пастаянна вяртацца да крыніцаў мудрасці, якія вядуць да збаўлення. Ён павінен любіць Слова Божае. Пасля 20 гадоў служэння ў Пятровай Сталіцы я павінен сёння сам сабе задаць некалькі пытанняў. Ці захаваў ты гэта ўсё? Ці быў адданым і чуйным настаўнікам веры ў Касцёле? Ці намагаўся набліжаць да сучасных людзей вялікую справу Другога Ватыканскага Сабору? Ці спрабаваў задаволіць спадзяванні вернікаў у Касцёле і таксама той голад праўды, які адчуваецца ў свеце, па-за Касцёлам?

У маёй душы гучыць рэха таго закліку св. Паўла: «Заклінаю цябе перад Богам і Панам нашым Езусам Хрыстом, які прыйдзе судзіць жывых і памерлых, — і які будзе судзіць таксама цябе, — прапаведуй Слова!» (пар. 2 Тым 4, 1-2). Прапаведваць Слова! Гэта мой абавязак: рабіць усё магчымае, каб Сын Чалавечы, прыйшоўшы, мог знайсці веру на зямлі.

Акрамя таго, ёсць яшчэ адзін адказ, які мы можам знайсці ў першым біблійным чытанні, узятым з Кнігі Выхаду. У ім паказаны сімвалічны вобраз Майсея, які трывае на малітве, з рукамі ўзнесенымі да неба, у той час, калі на ўзгор‘і ідзе бітва ягоных людзей з амалекітамі. Калі рукі Майсея былі ўзнятыя, Ізраэль перамагаў. А паколькі Майсей адчуваў, што ягоныя рукі нямеюць і становяцца ўсё больш цяжкімі, яму прынеслі камень, каб ён сеў. У гэты час Аарон з аднаго боку, а Хур з другога падперлі ягоныя рукі. А ён трываў на малітве ажно да змяркання, ажно да паражэння амалекітаў, якіх перамог Езус Навін (пар. Вых 17, 11-13).

Вось вобраз незвычайнай выяўленчай сілы; вобраз пастыра, які моліцца. Цяжка знайсці больш яркі адпаведнік для ўсіх сітуацый, у якія трапляе новы Ізраэль — Касцёл, змагаючыся з рознымі амалекітамі. У пэўным сэнсе ўсё залежыць ад узнесеных угору рук Майсея.

Малітва пастыра падтрымлівае аўчарню. Гэта абсалютна ясна. Аднак разам з тым праўда і тое, што малітва люду падтрымлівае таго, хто мае заданне кіраваць гэтаю аўчарняю. Так было з самага пачатку. Калі ў Ерузалеме Пётр трапіў у вязніцу і павінен быў разам з Якубам адразу пасля святаў атрымаць смяротны вырак, Касцёл маліўся за яго (пар. Дз 12, 1-5). Як падаюць Дзеі Святых Апосталаў, цудоўным чынам ён быў выведзены з вязніцы (пар. Дз 12, 6-11).

Так здаралася незлічоную колькасць разоў на працягу вякоў. Я сам з‘яўляюся сведкам гэтага, зведваючы ўсё на сваёй уласнай асобе. Малітва Касцёла мае вялікую сілу!

Я хацеў бы тут падзякаваць усім тым, хто ў гэтыя дні выказаў сваю салідарнасць са мною. Дзякую за шмалікія пажаданні, якія я атрымаў. Перадусім дзякую за пастаянную памяць у малітве. Асаблівым чынам я думаю пра хворых і церпячых. Яны ўсе блізкія мне, ахвяруючы сваё цярпенне. Думаю пра кляўзуравыя кляштары і пра многіх законнікаў і законніц, пра маладых і пра сем‘і, якія не перастаюць узносіць сумесныя малітвы да Бога за маю асобу і за маё штодзённае служэнне. Я чуў у гэтыя дні, як б‘е пры мне сэрца Касцёла (...)

Ад усяго сэрца аднаўляю пасвячэнне майго жыцця і майго служэння Панне Марыі, Маці Збавіцеля і Маці Касцёла. Ёй паўтараю з сыноўняй адданасцю: Totus Tuus! (Увесь Твой). Амэн.

Ян Павел ІІ — Папа.
Ватыкан, 18 кастрычніка 1998 г.

Пераклад Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY