|
|
Злева направа: кс. Адам Станкевіч, кс. Ян Тарасевіч і Адольф Клімовіч. 1930-я гг. |
...Этычныя падставы нацыянальна-культурных правоў нацыянальных меншасьцяў тасую тут у агульна-людзкім разуменьні, каторыя звычайна выражаюцца ў тым, што быт лепшы ад нябыту, лепшы альтруізм як эгоізм, дабра належа трымацца, а зла стараніцца, лепшы поступ і культура кожнага народу, як яго застой, рэакцыя, нядоля й сьмерць.
Гаворачы агульна, этычныя падставы нацыянальна-культурных правоў нацыянальных меншасьцяў можна зсынтэзаваць у наступныя пункты.
- Кожны народ, а значна й нацыянальныя меншасьці, мае прыроднае права аберагаць і разьвіваць свае нацыянальныя рознасьці і асаблівасьці, як мову, рэлігію і цэлы нацыянальны свой быт, бо:
а) народы разам з сваім асобным нацыянальным характарам, а так-жа з інстынктам сваім да разьвіцьця паўстаюць з самай прыроды, а дзеля гэтага маюць і прыроднае права свайго існаваньня.
б) Асаблівыя нацыянальныя адзнакі кожнага народу, прадусім мова, зьяўляюцца прыродным дабром, як спадак мінуўшчыны, пазбаўленьне каторых руйнуе яго прыродную асобнасьць, нішчыць яго нацыянальную індывідуальнасьць, робячы гэтым самым яўную кожнаму народу крыўду.
І дзеля гэтага грамадзяне, што належаць да нацыянальных меншасьцяў, маюць права дамагацца ад дзяржавы, у каторай жывуць, каб яно гэнае дабро аберагала, як і ўсякае іншае дабро сваіх грамадзян агулам. Такім чынам дзяржава павінна рупіцца, каб вобак мовы дзяржаўнай, даць магчымасьць сваім нацыянальным меншасьцям карыстацца іх прыроднай мовай у школе, судзе, урадзе, у публічным жыцьці агулам.
- Нацыянальныя меншасьці з самай прыроды маюць роўныя грамадзянскім правы з пануючай нацыяй. Іх лічбовая меншасьць, ці мо’ культурная ўбогасьць, у нічым прыродных іх правоў не зьмяншае, бо яны, як і нацыя пануючая, зьяўляюцца часткай дзяржавы, спаўняючай усе абавязкі грамадзян. Знача, нацыянальныя меншасьці маюць роўныя правы на прадстаўніцтва парлямэнтарнае, на школу ў сваей роднай мове, на ўрада выя пасады, на пропорцыянальнае да свайго ліку карыстаньне з дзяржаўнага скарбу для сваіх грамадзкіх і культурна-нацыянальных мэтаў.
- З самай сваей прыроды імкнуцца да развою і культуры, як людзкія адзінкі індывідуальныя, так і грамадзкія супольнасьці, асабліва-ж нацыянальныя. Развой-жа належны гэтага прыроднага інстынкту кожнага народу, а так жа яго культурнае творства, адбываюцца найлепш у яго роднай мове і агулам на падставах нацыянальна-прыродных, уносячы гэтак у агульна-людзкую культуру новыя вартасьці, новыя здабычы.
- Этычна злой ёсьць справай усякі надмерны, нічым неагранічаны эгоізм як людзкой паасобнай адзінкі, так і людзкой адзінкі зборнай: грамадзкай клясы, народу, дзяржавы. Непрызнаваньне-ж якім-небудзь пануючым народам культурна-нацыянальных правоў нацыянальным меншасьцям іменна паходзіць з гэнага неагранічанага, немаральнага нацыянальнага эгоізму, які імкнецца да таго, каб коштам слабейшых ад сябе нацыянальных меншасьцяў узбагаціць сваю культуру і сваю эканоміку. Ведамай ёсьць рэчай, што пазбаўленыя якой дзяржавай нацыянальныя меншасьці сваіх нацыянальных правоў звычайна пад кожным узглядам крыўдзяцца і эксплёатуюцца.
- Нацыянальныя меншасьці дзеля зьбераганьня сваіх нацыянальных асаблівасьцяў, тварэньня сваей уласнай нацыянальнай культуры, а так-жа дзеля адміністраваньня сваіх грамадзянскіх спраў, маюць права на аўтаномію. Этычная падстава гэтага вынікае з мэты кожнай дзяржавы. Сутнасьць гэтай мэты ня ў тым, каб пануючы ў дзяржаве народ ці агулам дзяржава павялічвала да якнайбольшай меры сваю сілу й магутнасьць, але ў тым, каб усім сваім грамадзянам, бяз розьніцы іх нацыянальнасьці і веры, дало дабрабыт і памыснасьць, а гэтым самым уцьвярдзіла і сваю сілу і магутнасьць.
- Вялікім дабром этычным ёсьць супакой між народамі і дзяржавамі. А супакой гэты сяньня ў Эўропе ня можа быць трывалы, пакуль 40 мільёнаў нацыянальных меншасьцяў, сьведамых сваіх уласных заданьняў і асаблівасьцяў, часта пазбаўленых сваіх элементарных магчымасьцяў культурнага свайго жыцьця, — не здабудуць сваіх прыродных нацыянальна-культурных правоў.
- Права на ўласную мову, рэлігію, культуру і аўтаномію кожнай нацыянальнай меншасьці вынікае ня толькі з этыкі агульна-людзкай прыроднай, але так-жа й этыкі хрысьціянскай, каторая ў гэтай справе дасканальна выражаецца ў усталенай формуле: suum cuiqe, а якая фактычна ёсьць далейшым разьвіцьцём і глыбейшым уняцьцем тых-жа этычных падстаў права прыроднага.
|
Старонка рукапісу кс. А. Станкевіча. |
Этычная падстава хрысьціянскай навукі апіраецца на прызнаваньні, паглыбляньні і ўцьвярджаньні людзкой асабовасьці, як першараднага і адзінага асяродка поступу і людзкой культуры. Гэткія адносіны хрысьціянства да людзкой асабовасьці ня нішчуць у ей нічога прыроднага, а знача й яе нацыянальнай асаблівасьці і рознасьці, але гэта ўсё вырабляюць, паляпшаюць, дасканаляць. Вось-жа кожная нацыянальнасьць у сьвятле хрысьціянскай навукі ёсьць матарыялам не для нішчэньня яго, але для тварэньня з яго культурных вартасьцяў. Дзеля гэтага кожная дзяржава, каторая цікуе на адменны характар сваіх нацыянальных меншасьцяў і замест рабіць ім даступным іх нацыянальны развой, нішча іх і прасьледуе, — паступае немаральна.
Апрача гэтай прынцыповай хрысьціянскай этычнай падставы правоў нацыянальных меншасьцяў на іх жыцьцё і культурна-нацыянальны развой, у тэй-жа хрысьціянскай навуцы знаходзім у гэтай справе нормы ўжо нятолькі характару прынцыповага, але так-жа й практычнага. Вынікае гэта з загаду Хрыста навучаць усе народы (Мат 28, 29), а так-жа з факту Дараў Сьв.Духа (Апост. Дзеяньні 2, 4-11), дадзеных Апосталам, каб яны мелі магчымасьць апавядаць Эвангельле ў розных мовах мелі Апосталы несьці народам хрысьціянскую навуку, але ў мовах родных кожнаму народу.
- Вынікам урэшце й практычным датасаваньнем гэных этычных падстаў прыродных і надпрыродных, а знача — так-жа этычнай падставай, хоць ужо паходнай і другараднай, ёсьць права міжнароднае, ахраняючае права нацыянальных меншасьцяў на іх нацыянальную культуру і на аўтаномію ў іх пад гэтым узглядам дзейнасьці...
Ад. Станкевіч «Калосьсе» (г. Вільня). 1937, № 3 (12).
- Кс. Ад. Станкевіч, як прадстаўнік ад Бел. Нац. К-ту ў Вільні на Кангрэс Нацыянальных Меншасьцяў у Лёндане 14-15 ліпеня 1937 г., дзеля незалежных ад яго прынын ня могучы там быць асабіста, пад вышэй азначаным загалоўкам прызначаны яму рэфэрат выслаў на гэны Кангрэс поштай. Выкідаючы з гэтага рэфэрату тое, што для беларускага чытача няцікавае, галоўныя пункты яго падаём у цэласьці. Рэдакцыя «Калосься».
Уладзімір КОНАН :: Лідэр беларускага Каталіцкага адраджэння
Адам СТАНКЕВІЧ :: Жанімства - вялікі сакрамант
|
|