|
|
№
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года
Постаці
Роздум аб веры
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча
З жыцця Касцёла
Пошукі і знаходкі
Пераклады
Паэзія
Haereditas
З жыцця Касцёла
|
Адзін манах па імені Чалясціно зрабіўся пустэльнікам і пайшоў жыць у самы цэнтр вялікага гораду, дзе найбольшая самота сэрцаў, а спакусы самыя моцныя. Дзівосную сілу маюць пустэльні Усходу, створаныя з каменю, пяску і сонца, дзе нават самы апошні чалавек разумее ўласную нязначнасць перад бязмежнасцю сусвету і глыбінёй вечнасці, але больш магутная пустэльня гораду, што складаецца з натоўпу, грукату колаў, асфальту, электрычных агнёў і гадзіннікаў, якія ідуць усе разам і вымаўляюць у адно і тое ж імгненне аднолькавы прысуд.
Тым не менш, у самым занядбалым месцы гэтага ачарсцвелага ландшафту жыў айцец Чалясціно, заняты пераважна ўслаўленнем Вечнага; але яго асвечанасць была настолькі вядомай, што нават з самых аддаленых кварталаў прыходзілі да яго засмучаныя і ўсхваляваныя людзі папытаць парады ці паспавядацца. За адным з металаапрацоўчых заводаў ён знайшоў, невядома якім чынам, рэшткі старога грузавіка, і маленькая кабіна з павыбіванымі шыбамі служыла яму спавядніцай.
Аднойчы ў вечаровыя прыцемкі, пасля таго як на працягу доўгіх гадзін айцец Чалясціно слухаў пералік грахоў з большай ці меншай ступенню раскаяння, ён ужо збіраўся пакінуць сваю кабіну, калі ў змроку наблізілася худая фігура з пакаянным выглядам.
Толькі тады, калі чужынец апусціўся на кленчнік, пустэльнік заўважыў, што гэта быў святар.
«Што я магу для цябе зрабіць, маленькі святар?» - сказаў пустэльнік са спакойнай цярплівасцю.
«Я прыйшоў паспавядацца», - адказаў чалавек і, не чакаючы, пачаў вызнаваць свае грахі.
У той час для Чалясціно было звычайным слухаць людскія прызнанні, асабліва прызнанні жанчын, што прыходзілі спавядацца з-за своеасаблівай маніі, надакучваючы падрабязнымі расказамі пра свае самыя нявінныя ўчынкі. Аднак ніколі яму не сустракаўся хрысціянін настолькі пазбаўлены зла. Недахопы, у якіх абвінавачваў сябе гэты пробашч невялікай парафіі, былі проста смешныя і зусім нязначныя, слабыя і лёгкія. Але дзякуючы свайму веданню людзей, пустэльнік зразумеў, што самы вялікі грэх гэтага чалавека быў наперадзе і што маленькі святар пакуль што кружыў вакол.
- Ну, сын мой, ужо позна, і, шчыра кажучы, халадае. Пяройдзем да галоўнага!
- Айцец, я не асмельваюся, - прамармытаў маленькі пробашч.
- Што ж ты такога зрабіў? Увогуле, ты мне здаешся добрым хлопцам. Я ж думаю, ты нікога не забіў. Не ўграз у ганарлівасці.
- Менавіта так, - адказаў той амаль нячутна, на адным дыханні.
- Забойца?
- Не. Другое.
- Ганарлівасць? Ці магчыма гэта?
Засмучоны пробашч пацвердзіў.
- Дык гавары, растлумач, благаславёная душа. Боская міласць не мае межаў, нават нягледзячы на тое, што сёння яе растрачана празмерна: той колькасці, што яшчэ засталася, я думаю, для цябе будзе дастаткова.
Той, нарэшце, рашыўся:
- Вось, айцец. Усё вельмі проста, нават калі і больш чым жахліва. Я стаў пробашчам некалькі дзён таму. Я толькі-толькі заступіў на службу ў адведзенай мне парафіі. Аднак...
- Гавары, дзіця маё, гавары! Запэўніваю, што я цябе не з'ем.
- Аднак... калі я чую, як мяне цяпер называюць «ксёндз-пробашч», што тут скажаш? Я Вам здаюся смешным, але я адчуваю радасць, быццам бы нешта сагравае мяне ўнутры...
Гэта быў невялікі грэх. Сказаць па праўдзе, большасці з вернікаў, святарам у тым ліку, думка прызнацца ў ім не прыйшла б нават у галаву. Але анахарэт такога не чакаў, хоць і быў вельмі дасведчаным у адносінах да феномену, які называецца чалавекам. І не ведаў, што сказаць (такога з ім ніколі не здаралася).
- Э... э... разумею... гэта непрыгожа... Калі нават і не сам дэман сагравае цябе ўнутры, то нешта блізкае... Але ўсё гэта, на шчасце, ты зразумеў сам... І твой сорам пакідае надзею, што ты не ўпадзеш... Безумоўна, было б сумна, калі б ты разбэсціўся такім маладым... Ego te absolvo.
Прайшло тры ці чатыры гады і айцец Чалясціно ўжо амаль зусім забыўся пра гэты выпадак, калі невядомы святар прыйшоў да яго на споведзь.
- Я цябе ўжо бачыў ці я блытаю?
- Гэта праўда.
- Дай на цябе паглядзець... так-так, ты той самы... той самы, што адчуваў асалоду, калі цябе называлі «ксёндз-пробашч». Ці я памыляюся?
- Усё менавіта так, - адказаў святар, які, магчыма, ужо не здаваўся такім маленькім з-за нейкай большай годнасці, адбітай на яго твары, але ён быў такі ж малады і хударлявы, як і ў той першы раз. І больш страсны ў сваім раскаянні.
- О-о, - суха дыягназаваў Чалясціно з пакорлівай усмешкай, - за ўвесь гэты час мы не змаглі выправіцца?
- Яшчэ горш.
- Ты амаль палохаеш мяне, сын мой. Патлумач.
- Добра, - адказаў святар, робячы неймавернае намаганне над самім сабою. - Нашмат горш, чым раней... Я... я...
- Смялей, - падахвоціў Чалясціно, сціскаючы яго рукі, - не трымай мяне ў напружанні.
- Адбываецца вось што: калі нехта называе мяне «монсіньёр», я... я...
- Адчуваеш задавальненне, зразумела?
- Так, на жаль.
- Адчуванне камфорту, цеплыні?
- Дакладна...
Але айцец Чалясціно дапамог яму скончыць. Той першы раз выпадак здаўся яму дастаткова цікавым і своеасаблівым. Цяпер - не. Відавочна, - думаў ён, - гаворка ідзе пра аднаго беднага недарэку, магчыма, святога чалавека, здзекуючыся з якога, весяляцца людзі. Ці варта было не адпускаць яму грахі? Праз некалькі хвілін айцец Чалясціно адправіў яго з Богам.
Прайшло яшчэ гадоў з дзесяць, і пустэльнік быў ужо стары, калі вярнуўся маленькі пробашч. Натуральна, таксама пастарэлы, яшчэ больш схуднелы і бледны, з сівымі валасамі. Спачатку айцец Чалясціно яго не пазнаў. Але як толькі той пачаў гаварыць, тэмбр голаса абудзіў у спаведніку цьмяныя ўспаміны.
- А-а, ты той самы, што казаў пра «ксяндза-пробашча» і «монсіньёра». Ці я блытаю? - спытаў Чалясціно са сваёй абяззбройваючай усмешкай.
- У цябе добрая памяць, айцец.
- Колькі мінула часу?
- Амаль дзесяць гадоў.
- І пасля столькіх гадоў ты... ты ўсё на тым жа месцы?
- Горш, яшчэ горш.
- Што гэта значыць?
- Бачыш, айцец... цяпер... калі хто-небудзь звяртаецца да мяне «Ваша Эксцэленцыя», я...
- Не кажы больш нічога, сын мой, - сказаў Чалясціно, які меў бясконцае цярпенне. - Я ўжо ўсё зразумеў. Ego te absolvo.
А між тым ён думаў: на жаль, з цягам часу гэты бедны пробашч робіцца ўсё больш наіўным і прастадушным; і людзі весяляцца, як ніколі, здзекуючыся з яго. І ён гэтаму паддаецца, больш таго, нават знаходзіць нейкае задавальненне, бедачына. Можна смела заключыць пары, што праз пяць-шэсць гадоў ён спыніцца перада мной, каб паспавядацца, што калі яго называюць «Эмінэнцыя»... і гэтак далей, і гэтак далей.
Так і адбылося з усёй дакладнасцю. Толькі на адзін год раней, чым было прадказана.
З неймавернай хуткасцю, страх перад якою зведаў кожны з нас, мінуў яшчэ адзін добры кавалак часу. І айцец Чалясціно быў ужо такі лядашчы стары, што кожную раніцу яго неслі на руках да тых, хто спавядаўся, і, калі надыходзіў вечар, на руках прыносілі назад у ягоны прытулак.
Ці трэба цяпер расказваць, што невядомы пробашч аднойчы з'явіўся ізноў? І наколькі ён таксама пастарэў, пасівеў, згорбіўся і высах? І што пакутаваў усё ад тых жа папрокаў сумлення? Не, відавочна, што не патрэбна.
- Бедны мой пробашч, - пяшчотна павітаў яго старац-анахарэт, - ізноў ты тут са сваім старым грахом ганарлівасці?
- Ты бачыш мяне наскрозь, ойча.
- І як спакушаюць цябе людзі цяпер? Думаю, цяпер ужо цябе называюць «Ваша Святасць».
- Менавіта так, - пацвердзіў пробашч прыгнечаным голасам.
- І кожны раз, калі цябе так называюць, адчуванне радасці, камфорту, паўнаты жыцця, амаль шчасця напаўняе цябе?
- На жаль, на жаль. Ці даруе мне Бог?
Айцец Чалясціно ўсміхнуўся ў глыбіні душы. Такая ўпартая наіўнасць здавалася яму кранальнай. І за адно імгненне ён уявіў сабе маркотнае жыццё гэтага беднага пробашча, такога пакорлівага і неразумнага, у якой-небудзь закінутай у гарах парафіі, сярод абыякавых, тупых альбо падступных твараў. І яго манатонныя дні, адзін падобны на другі, і манатонныя поры года, і манатонныя гады, і ён - усё больш меланхалічны, а парафіяне - усё больш жорсткія. Монсіньёр... Эксцэленцыя, Эмінэнцыя... цяпер вось - Ваша Святасць. У парафіянаў не засталося ніякай павагі. Аднак ён не крыўдзіўся, наадварот, гэтыя высокія светлыя словы выклікалі ў яго сэрцы рэха дзіцячай радасці. «Благаславёныя пакорныя духам», - заключыў пра сябе пустэльнік. Ego te absolvo.
Нарэшце, надышоў дзень, калі састарэлы айцец Чалясціно, адчуваючы набліжэнне смерці, упершыню ў жыцці папрасіў нешта для сябе. Нейкім чынам яго прывезлі ў Рым. Перш чым назаўсёды заплюшчыць вочы, яму хацелася пабачыць, хоць на хвіліну, сабор святога Пятра, Ватыкан і Святога Айца.
Ці маглі яму адмовіць? Знайшлі насілкі, паклалі на іх пустэльніка і прынеслі яго ў самае сэрца хрысціянства. Больш таго. Не губляючы часу, бо айцу Чалясціно заставаліся лічаныя гадзіны, яго паднялі па лесвіцах Ватыкана і прапусцілі разам з тысячай іншых пілігрымаў у адзін з пакояў. Тут, у кутку, яго пакінулі чакаць.
Час ішоў, нарэшце айцец Чалясціно ўбачыў, як натоўп разышоўся і з самай глыбіні доўгага пакоя пачала набліжацца худая, крыху сагнутая, белая фігура. Папа!
Які ён быў? Які меў твар? З невыказным страхам айцец Чалясціно, што заўсёды пакутваў ад блізарукасці, заўважыў, што забыўся ўзяць акуляры.
Але, на шчасце, белая фігура падыходзіла ўсё бліжэй і павялічвалася з кожнай хвілінай, пакуль не спынілася побач з яго насілкамі. Пустэльнік выцер тыльным бокам далоні вільготныя ад слёз вочы і павольна ўзняўся. Нарэшце ён убачыў твар Папы. І пазнаў яго.
- О-о, гэты ты, мой бедны пробашч, мой бедны маленькі пробашч, - усклікнуў стары ў неадольным душэўным узрушэнні.
І ў старажытнай велічы Ватыкана, упершыню за ўсю яго гісторыю, адбылася такая сцэна: Святы Айцец і нейкі састарэлы невядомы манах, што прыйшоў Бог ведае адкуль, трымалі адзін аднаго за рукі і разам усхліпвалі.
З італьянскай мовы пераклала Аксана Данільчык.
|
|
|