Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

Анджэй ДАТКО

АДАМАВА МАДОННА

Адам Міцкевіч :: ВЕРШЫ

3 лістапада 1840 г. Адам Міцкевіч пісаў да Андрэя Тавянскага: «У ноч перад Усімі Святымі я быў вельмі ўсхваляваны і напісаў больш за дзесятак вершаў у прозе аб Найсвяцейшай Панне».

Чаму вялікі Адам быў так расхваляваны? Чаму памкнуліся яго думкі да Найсвяцейшай Панны?

На гэтыя пытанні нельга адказаць адназначна. Застаецца сфера домыслаў, інтэрпрэтацый, якія падказваюць біяграфія творцы, яго захапленні альбо антыпатыі, урэшце традыцыя культуры, з якой ён узрастаў. Шукаючы тлумачэння падзеяў тае таямнічай ночы Усіх Святых, можна абаперціся не толькі на домыслы, але таксама на факты. Належаць яны да нематэрыяльнага кола знакаў. Але гэта не змяншае, хутчэй, наадварот, павялічвае іх значэнне. Гэтымі двума доказамі-знакамі з'яўляюцца вобраз і слова. Вобраз - гэта «Міцкевічава Мадонна», слова - гэта твор паэта «Гімн на Дзень Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі».

Не аналізуючы рэлігійнасці Міцкевіча, дастаткова сказаць, што праходзіла яна розныя фазы: ад вальтэр'янскіх кпінаў і нігілізму праз скептыцызм рацыяналізму да парываў Тавянскага. Можа, Міцкевіч паддаваўся павевам часу, можа, інтуітыўна шукаў падставы, якая дапамагла б яму «сварыцца з Богам».

Аднак можна дапусціць, што былі гэта меандры веры, якіх не мог унікнуць дух чалавека, што «цярпеў за мільёны». Гэтая плынь, якая заўсёды глыбока перажывалася і балюча адчувалася, складала як бы даніну, якую паэт ахвяраваў часу. І хоць даніна была сапраўдная, яна не адлюстроўвала ўсяе праўды. Праўду веры Міцкевіча мы знаходзім у нешматлікіх строфах ягонай паэзіі. Што гэта менавіта яны і ёсць праўдаю, скажа нам не толькі аналіз стылю і паэтычных сродкаў, але таксама інтуіцыя. Гэтыя строфы «простыя» і «сапраўдныя» дзякуючы таму, што творца дасягае паэтычнага ідэалу: амаль абсалютнага адзінства слова і рэчы. Міцкевіч пісаў у іх пра Маці Божую.

Марыйныя строфы ў творах «Да маці полькі», «Апастрофа», апавяданне капрала і выступленне Конрада ў трэцяй частцы «Дзядоў», урэшце - два найважнейшыя ў гэтым сэнсе творы, што цэментуюць творчасць паэта - «Гімн на Дзень Звеставання...» і «Словы Панны» - гэта ўсё. Міцкевіч, выяўляючы сваю сапраўдную веру ў кульце Марыі, па-наватарску запабягаў наперад і адкрываў, дзякуючы геніяльнай інтуіцыі, універсальны прынцып: Per Mariam ad Jesum - праз Марыю да Езуса.

«Гімн на Дзень Звеставання...» з'явіўся ў 1820 г., амаль адразу пасля «Оды да маладосці». Абодва творы вырастаюць ужо з духу рамантызму, захаплення перавагаю «сэрца» над «шкельцам і вокам», з захаплення непазнавальным і бясконцым. Але калі «Ода», нягледзячы на бунтарскі змест, угрунтавана яшчэ часткова на класічным этыкеце адлюстравання, то «Гімн» адкрывае глыбіню Божых справаў, дзякуючы незвычайнай кандэнсацыі выяўленчых сродкаў і амаль біблійнай лапідарнасці і сімволіцы. (...)

Праз дваццаць два гады, за якія Міцкевіч напісаў усе свае найбольш значныя творы, прыйшла ноч Усіх Святых, калі апошні раз яго наведала натхненне. І тады з'явілася «Слова Панны». Твор гэты - як бы працяг і развіццё «Гімну», выразнае і канчатковае сведчанне паэтычнага акту рэлігійнага пазнання. (...)

«Словы Панны» яшчэ ў большай ступені, чым «Гімн» па сваёй вобразнасці набліжаны да старазапаветных прароцтваў. Зрытмізаваная проза твору, укладзеная ў версэты, нагадвае аповед Святога Пісання. Аднак гэта не стылізацыя, што вынікае з паэтычнай манеры, гэта не дапасаванне зместу да задуманай загадзя формы, як рабілі, скажам, майстры барока. Тут змест і форма пераходзяць межы стылю, становяцца адным цэлым, у якім вобраз тоесны слову, а сімвал - яго значэнню. Можна дапусціць сцвярджэнне, што ў «Словах Панны» Міцкевіч ствараў «паэтыку рэчаў канчатковых».

Удзел і роля Марыі ў гісторыі збаўлення і значэнне Яе актыўнасць для неба і зямлі - сутнасць твору. Гэтаксама, як «Гімн», ён мае вялікі фінал: у апошніх радках заключана ўрачыстае абяцанне нястомнай апекі Маці Міласэрнасці, цудоўная метафара мацярынскай любові ў касмічным вымярэнні.

Гэта паэтычная і рэлігійная містэрыя не магла б узнікнуць без наяўнасці абраза. Паводле сведчання Уладзіслава Сыракомлі і Канстантыя Тышкевіча, паэт меў у той час выяву Маці Божай, вядомую як «Міцкевічава Мадонна», з якою не расставаўся да канца жыцця. На абразе была намалявана Марыя без Дзіцяці, з лёгка нахіленаю галавою і складзенымі рукамі. Новы іконаграфічны тып Мадонны без Дзіцяці паходзіў з традыцыі школы Рафаэля, прынятай потым у Балонскай Акадэміі і даведзены да дасканаласці Дольці і Сассафэрато ў другой палове ХVІІ ст. Гэты жывапіс, па-наватарску трактуючы марыйную тэматыку, выяўляў таксама ідэю Беззаганнага Пачацця, культ якога ў той час знаходзіўся ў росквіце. Паралельна іспанскі жывапіс адлюстроўваў Марыю як маладую дзяўчыну ў белай шаце з распушчанымі валасамі, што ўзносілася ў поўнай бляску адрэальненай прасторы. Менавіта абразы тыпу Immaculate Concepcio з'яўляліся пачаткам шэрагу выяваў без Дзіцятка, адною з якіх была Madonna orans - размоленая Мадонна. Выявы такога тыпу, рэдкія ў Польшчы, маляваў адным з першых кракаўскі мастак Лукаш, аўтар абраза з Вострай Брамы.

Кампазіцыя і змест «Міцкевічавай Мадонны» тлумачаць, чаму гэты абраз быў паэту такі дарагі. Бо ён мае выразную сувязь, як тэматычна, так і настраёва, з Вастрабрамскаю Мадоннаю. А ў ідэйным сэнсе абраз гэты паяднаў праўду Беззаганнага Пачацця і праўду Звеставання, усю надзею і чаканне Найсвяцейшай Панны.

Пашану да Марыі, што вынікала з традыцыі, з асабістага досведу і ўрэшце з метафізічных рэфлексій у апошні перыяд жыцця, Міцкевіч увасабляў нязменна ў Той, што «ў Вострай свеціць Браме». Менавіта Яе імя пранёс ён як Конрад, праз усе няўдачы, расчараванні і перакрэсленыя перспектывы. Надзея і чаканне, якімі праменілася «Міцкевічава Мадонна», былі тоесныя надзеям паэта на свабоду Айчыны. Ён верыў, што адкупленне, якое ахоплівае род чалавечы і ў якім пераконвала аблічча Мадонны, ахопіць таксама і палітычны быт яго народу.

Гэтую сваю веру паэт угрунтаваў на натхнёным перакананні, якое праменіць з кожнага радка «Слоў Панны»: Маці Божая арганічна, бо па-мацярынску, з'яднана са сваім народам, з вернікамі - цяпер і да канца свету.

Маем права меркаваць, што крыніцаю гэтага натхнення быў улюбёны Міцкевічам вобраз Марыі.

Пасля смерці паэта выява Маці Божай, «Міцкевічава Мадонна», была выстаўлена на аўкцыён і прададзена. Праз нейкі час абраз апынуўся ў касцёле ў Піярскіх Дукштах на Віленшчыне і знаходзіўся там да другой сусветнай вайны. Далейшы яго лёс, на жаль, пакуль невядомы.

Часопіс «Miejsca swięte» № 11 (23) 1998 г.

Адам Міцкевіч :: ВЕРШЫ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY