Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

Кс. Адам СТАНКЕВІЧ

ЖАНІМСТВА - ВЯЛІКІ САКРАМАНТ1

Збаўца наш Езус Хрыстус, ахрысціўшыся ў водах Ярдану з рук сьв. Яна і адбыўшы саракадзённую пакуту на пушчы, з Юдэі варочаўся ў Галілею. Ішлі разам з ім некаторыя вучні яго, якія так жа прабывалі пад Ярданам, дзе хрысьціў прадвесьнік Хрыстуса сьв. Ян. Падарожныя нашы, мінаючы родны Хрыстусу Назарэт, кіраваліся да м. Кафарнаум, што ляжыць над берагам возера Генэзарэт, адкуль былі родам апосталы Пётр і Андрэй, ідучыя разам з Хрыстусам з Юдэі.

Разам з падарожнымі быў так жа сьвежа пакліканы да Хрыстусавай аўчарні вучань Натанаэл родам з Каны Галілейскай. Ён гэта, відаць, паведаміў Хрыстуса, што мае там адбыцца вясельле і што Матка яго так жа там будзе.

Дык на трэці дзень падарожы Хрыстус з сваімі вучнямі затрымаўся ў Кане. Кана - гэта невялічкае места, існуючае да сяньня, паложана між Назарэтам і Тыбэрыядай, у гарыстай і ўраджайнай ваколіцы. Сярод буйна растучых кактусаў, гранатаў, аліўкаў недалёка ад Каны з падзямельля выбіваецца крыніца, якая адна асьвяжае ўсю ваколіцу і якая, пэўна, сваёю вадзіцай паслужыла для першага Хрыстусовага цуду.

«Быў запрошаны на вясельле так жа і Езус з сваімі вучнямі». Езусу і вучням яго, як ведаем, Кана была па дарозе. Найсьвяцейшая Маці была ўжо там. Вясельле адбывалася, відаць, у блізкіх знаёмых, а можа і сваячных Хрыстусу асоб. Адведаць іх выпадала. Але гаспадару вясельля выпадала так жа запрасіць яго. Дык запрошаны разам з вучнямі Хрыстус прыбыў на вясельле.

Гэтым паказаў наш Божы вучыцель, што ён ня пустыннік, уцякаючы ад жыцьця, а што ён, валадар жыцьця, сваім прыкладам сваёй прысутнасьцяй жыцьцё папраўляе і падвышае.

Ахвотнае прыняцьце Хрыстусам запросінаў на вясельле і прысутнасьць на ём выказваюць усю красу характару Хрыстуса як чалавека, які чуткасьцяй, прыязнасьцяй і дабратой свайго сэрца нясе ў жорсткасьць жыцьця людскога сьвятло, цяпло і шчасьце.

Але, апрача ўсяго гэтага, сяньнешняя Эванэлія2 суліць нам нешта яшчэ шмат іншае. Хрыстус быў у Кане не на нейкіх звычайных гасьцях, але на вясельлі з прычыны жанімства дваіх людзей.

Жанімства з давён-даўна, ад стварэньня чалавека, было ўстановай важнай і вялікай. Ад пачатку з волі Тварца была гэта лучнасьць дваіх людзей сьвятая, лучнасьць пастаянная, неразарвальная. «Гэта цяпер косьць з касьцей маіх і цела з цела майго: дык пакіне чалавек бацьку свайго і матку, ды прылучыцца да жонкі сваёй і будзе дваіх у адным целе» (Быц 2, 23-24) - чытаем у сьв. Пісаньні. Але жанімства старадаўняя, жанімства старога Закону ня было яшчэ Сакрамантам і ня мела ў сабе адмысловай ласкі сакрамантальнай. Ды што найгорш, што гэнае жанімства, дзякуючы грэху первароднаму, папсавалася, панізілася, адыйшло ад свайго першага ўзору, Богам устаноўленага. Направу жанімства, яго адраджэньне прынёс нам Хрыстус, сын Божы. Прысутнасьцяй сваёй у Кане Галілейскай жанімства Старога Закону, гэны важкі і вялікі прыродны дагавор дваіх людзей узвялічыў Хрыстус аж да Сакраманту, даючага помач Божую дваім людзям для мэтаў ня толькі прыродных, але так жа надпрыродных.

Узьвялічыў гэтак і ўзвысіў Хрыстус жанімства для ўзаемнага жэнячыхся падтрыманьня ў жыцьці, для узгадаваньня патомства грамадзянству, Касьцёлу, Небу.

Дык слушна аб жанімстве хрысьціянскім казаў сьв. Павал Апостал: «Сакрамант гэта вялікі, а я кажу імем Хрыстуса і Касцёла» (Ефес 5, 32).

Так, сакрамант жанімства вялікі! Ён ёсьць асновай ладу на сьвеце, падставай грамадскай будовы народаў. Ён ёсьць, як тлумачаць айцы Касьцёла, абразом жанімства, лучнасьці вечнай Хрыстуса з яго ўлюбеніцай сьв. Касьцёлам і ўсім чалавецтвам.

...«Была тамака і Матка Езуса», - кажа сяньняшняя сьв. Эванэлія. Была яна там, як ведаем, яшчэ прад тым, як быў запрошаны Езус. На вясельлі Маці Божая сваёй ветлівасьцяй, сваёй міласьцяй да бліжняга была там прычынай прыгожай радасьці і цяплыні сардэчнай. Яна на ўсё там зварачвала ўвагу, усім дагадзіць хацела. Загадзя не прадбачаная прысутнасьць на вясельлі пяцёх-шасьцёх асоб - Езуса з вучнямі, пэўна, прычынілася да нястачы віна, аб чым кажа Еванэлія. Добраснае і зыркае вока Марыі спасьцерагло гэта. І вось, каб гаспадара вясельля і маладых мінула прыкрасьць дзеля нястачы віна, Марыя шукае спосабу. Як ня дзіўна, зварочваецца яна ў гэтай справе не да каго іншага, а да свайго Божага Сына. Салодкім матчыным голасам кажа яна яму: «віна ня маюць». А на гэта ёй Езус: «Што нам да гэтага, жанчына! Яшчэ не надышла гадзіна мая!» Адказ, як бачым, на погляд быў адмоўны і жорсткі. Але гэта толькі так здаецца. Гэтак адказаў Хрыстус Марыі ня дзеля таго, што йшчэ сапраўды дужа далёка была «гадзіна яго», бо быў гэта час, калі Хрыстус стаяў ужо казаў бы, на парозе свайго публічнага жыцьця. Адказаў жа Хрыстус гэтак, як бы гаворачы: тут ані месца, ані час на цуд, каб аб'явіць маё Божства і маё пасланства ад Айца Нябеснага; мы знаходзімся на прыватнай бяседзе, у цесным крузе сваякоў і знаёмых; для аб'явы магутнасці маёй Божай патрэба важнейшых прычын і абставін. Дык дзеля гэтага і адказ Хрыстуса яго Маці быў як бы адмоўны. Але, гледзячы на яе чыстае, добрае сэрца, на яе поўныя вочы мальбы, прыпамінаючы яе вялікія, дзіўныя заслугі ўва ўсім Хрыстусавым дзеле Адкупленьня роду чалавечага, Хрыстус як бы казаў далей: дык ня тут і ня ў гэты вось час належыць мне першы раз аб'явіцца, кім ёсць я, аднак дзеля Тваёй просьбы, мая дарагая маці, я змяняю свой намер, на Твае просьбы я прыспяшаю «маю гадзіну».

І сапраўды гэтак, а ня інакш трэба разумець гэты быццам адказ Хрыстуса на просьбы сваёй Маці. Гэтак, а ня інакш зразумела гэтыя словы і Найсьвяцейшая Марыя, калі яна адразу, зьвярнуўшыся да слуг, казала: «Штоколечы вам загадае - рабіце».

Дык дзіўная і вялікая магутнасьць заступніцтва Найсьвяцейшай Дзевы Марыі прад яе Сынам, Богам-чалавекам, Хрыстусам!

Вось жа, паслухаўшы просьбаў Марыі Маткі сваёй, Езус Хрыстус аб'явіў сваю Божую сілу, якую ўкрываў старанна аж трыццаць гадоў, і даканаў першы цуд свой. «Наліце поўныя пасудзіны вады», - казаў Езус слугам. А як налілі, тады далей гаварыў: «Чэрпайце ж цяпер і занясіце гаспадару вясельля». Той, пакаштаваўшы ваду, што сталася віном, паклікаў маладога і зьвярнуўся да яго з дакорам: «Усякі чалавек, - кажа ён, - спачатку ставіць віно добрае, а калі падап'юць, тады горшае, ты ж добрае віно захаваў аж дагэтуль».

Такім чынам спатыкаем першы цуд Хрыстусаў. Цуд вялікі, праўдзівы, дакананы публічна, у прысутнасьці вучняў, гасьцей, маладых. Усе бачылі нястачу віна. Бачылі, як пасудзіны былі напоўнены вадой чыстай, праўдзівай, без якойколечы дамешкі. Чэрпалі ж госьці і пілі замест вады віно. Словам, сама сутнасьць вады, сама яе прырода была зменена на віно. Даканаць гэтага ня можа ніякая людская сіла, а толькі магутнасьць і воля Божая. Дакананы гэты цуд спосабам простым, ціхім. Ня бачым тут ніякіх штучных, надзвычайных, разгалосных спосабаў з боку Хрыстуса, а толькі спатыкаем ціхую, чыста духовую, дзейнасьць Бога. «Гэтакі пачатак цудаў зрабіў Езус у Кане Галілейскай і аб'явіў сваю сілу і ўверылі ў яго ягоныя вучні», - кажа нам Еванэлія, канчаючы сваё аб гэтым цудоўным здарэньні апавяданьне.

Пэўне ж, вялікі гэта цуд, які першы раз аб'яўляе нам Божства Хрыстуса. Але цуд гэты мае яшчэ большае, яшчэ дзіўняйшае значэньне. Ён, як тлумачаць айцы касьцёла, ёсьць знакам, абразом яшчэ дзіўнейшага цуду - перамены віна на кроў Хрыстусаву, якой нас ажыўляе да жыцьця духовага, надпрыроднага, нябеснага!

* * *

І так канчаем наша разважаньне аб вясельлі ў Кане Галілейскай. Вясельле гэна, пасьвячанае самым Хрыстусам, няхай заўсёды наводзіць нас да думкі аб шчасьлівасьці і прыгожасьці таго жанімства, якое згодна з воляй Хрыстусавай, з правам яго Касьцёла сьвятога.

Спаўненьне Хрыстусам просьбы Марыі няхай усьцяж прыпамінае нам магутнае заступ ніцтва яе за нас прад Богам, а так жа няхай узбуджае ў нас чэсьць да Найсьвяцейшай Дзевы і гарачыя да яе мольбы.

Урэшце, сам цуд на гэным вясельлі няхай узмацняе у нас сьвятую Каталіцкую Веру і няхай усё жыцьцё наша кіруе на шлях, паказаны нам Хрыстусам з вышыні нябеснай, Хрыстусам, які «ўчора і сяньня, які і на векі!» (Жыд 13, 8)3.

На IV нядзелю па Вялікадні
ЧАМУ САМА ПРАЎДА НА СЬВЕЦЕ НЕ ПАНУЕ4.

«Дух праўды навучыць вас усякай праўдзе» - кажа між іншым наш Збаўца ў сёньняшняй сьв. Эванэліі. А калі гэтак, то гэную праўду людзі павінны пазнаць, палюбіць, праняцца ёю і паводле яе жыць.

Тымчасам, як добра аб гэтым ведаем, на сьвеце бывае так, што людзі часта больш любяць фальш, як праўду. А гэтыя ж словы Хрыстуса адносяцца ня толькі да апосталаў і да іх часаў, але да ўсіх людзей і назаўсёды. Дык чаму ж сама праўда на сьвеце не пануе і чаму яна ня мае часта, прынамсі, хоць таго значэньня, што фальш? А вось чаму.

Адны праўду ненавідзяць, бо яны надзьмутыя пышнасьцяй і сапсутыя дрэнным жыцьцём сваім. А праўда ж адкрываецца плашчам прастаты, скромнасьці і чыстасьці. Жыды, напрыклад, напэўна былі б прыняўшы Хрыста, калі б ён зьявіўся ў славе і сіле і калі б замест крыжа і патрэбы барацьбы з сабой самім, вучыў як ужываць і падужываць дачаснага жыцьця людскога.

Другія ўзноў любяць праўду, але толькі на словах, любяць аб ёй слухаць, але ня любяць паводле праўды жыць. Гэткія падобны да Пілата, які праўдай цікавіўся і пытаў у Хрыстуса, што такое праўда, але на адказ не чакаў і не шукаў праўды, каб па праўдзе жыць, ані думаў. Такім людзям не стае адвагі і сілы расстацца з фальшам і цьвёрдай стапою стаць на дарогу праўды.

Іншыя, урэшце, любяць праўду і шчыра жадаюць мець праўду, але ня ўмеюць шукаць яе. Ня ўмеюць, бо баяцца трудоў і клапотаў, з якімі звычайна зьвязана шуканьне праўды, а так жа баяцца расстацца з тым фальшам, які яны ўжо прывыклі лічыць праўдай. Такія людзі належна шукаць праўды не ўмеюць, бо, шукаючы яе, мала адважныя і нерастаропныя: аднэй нагой стаяць на дарозе фальшу, а другой на дарозе праўды. Гэткім спосабам да праўды ня йдзецца.

Дык невінавата тут праўда, што чалавеку сілай не накідаецца, але вінават чалавек, каторы праўду або ненавідзіць, або ня хоча добра пазнаць, або не так, як трэба, яе шукае.

Шукайма ж праўду шчыра, адважна, разумна, а праўда нас асвабодзіць з путаў фальшу, з няволі грэху, з падданства стварэньняў і ўзгадуе нас на вольных сыноў Божых.

На V нядзелю па Вялікадні
ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ І МАЛІТВА - АЗДОБА ХРЫСЬЦІЯНІНА5.

Навука Хрыстуса, Збаўцы нашага, - гэта вялікі скарб наш. Яна абыймае ўсё жыцьцё нашае, асьвячае яго і стройна спалучае ў вадно цэлае зямлю з небам, дачаснасьць з вечнасьцяй, веру з чынам.

О, як жа многа на сьвеце людзей, якія шчыра дзівяцца з гэтай глыбіні мудрасьці і красы навукі Хрыстуса і залічаюць сябе да верных ягоных вызнаўцаў, але што ж з таго, калі яны робяць гэта ўсё толькі вуснамі, а ня сэрцам, толькі словамі, а ня чынам.

Прыгожа і глыбока вучыць нас аб гэтым сьвяты Якуб, апостал, у сваім лісьце, часьціну якога Касьцёл наш празначыў на сягоньняшнюю Імшу Сьв[ятую].

У лісьце гэтым апостал імем Хрыстуса заклікае нас, каб мы былі не слухачамі толькі слова Божага, але яго выканаўцамі, не наглядчыкамі Закону Божага, але і яго спаўніцелямі, не на словах набожнымі, але на дзеле, каб не бедавалі і не ўздыхалі над нядоляй чалавека, але каб былі дзейнымі барацьбітамі за долю яго, «адведаваць сірот і ўдоў і іх нядолі, а сябе захаваць чыстым ад гэтага сьвету» - вось сьвяты загад веры нашай.

Чалавека палавічнага, чалавека, што жыве толькі вуснамі, толькі словамі, Якуб апостал раўняе да таго, каторы праглядаецца ў люстра і зараз адыйшоўшы, забываецца, якім ён быў. «Што ж за карысьць, браты мае, калі б хто гаварыў, што мае веру, а ўчынкаў бы ня меў. Ці ж вера можа яго збавіць?» (Як 2, 14) - кажа той жа апостал на іншым месцы.

Так, вера абмёршай у нас быць не павінна. Сьвятую веру Хрыстусаву ў чын маем мы ўводзіць. Вера натхненьнем мусіць быць дзейнасьці нашай.

Найвышэйшы загад веры нашай - любіць Бога і бліжняга. Любоў жа гэта, моў у водах люстраных, найлепш адбіваецца ў добрых чынах нашых.

Дык як жа сьмешныя і літасьці годныя ў сьвятле гэтых праўдаў Божых усе тыя, якія аж топяцца ў хвалях пустых слоў і галоснага крыку аб любасьці бацькаўшчыны, народу, аб вызваленьні пакрыўджаных, аб справядлівасьці грамадскай, а самі пальцамі аб палец не ўдараць дзеля зьдзясьненьня гэтых ідэалаў.

Сапраўды, - «вера бяз добрых чынаў няглывой ёсьць» (Як 2:20). Так, добры чын ажыўляе нашу веру, добры чын ёсьць рэлігійным абавязкам нашым, загаданым нам тэй жа верай, добры чын луча нас невідомымі ніткамі веры з іншымі людзьмі і ў вадну стройную брацкую сям'ю валадарства Божага на зямлі.

Але йшчэ ёсьць адзін дзейнік, які не менш ад чыну служа жыцьцю веры нашай, служа зьдзяйсьненьню загадаў навукі Хрыстусавай, а ёсьць ім малітва, аб якой гавора так жа сяньняшняя сьв. Эванэлія.

Малітва - гэта магутны лучнік душы нашай з крыніцай жыцьця, з крыніцай веры нашай, з Богам. Маліцца - гэта абавязак наш, бо Бог ёсьць блізкі нам, добры, мудры, усёмагутны. Яму павінны адкрыцца і наша сэрца і нашы вусны. Прыкутыя да зямлі, павінны прасіць мы ласкі ягонай. Малітва - гэта родная мова душы нашай. Мовы гэтай забывацца мы не павінны ніколі.

«...Калі вы чаго папросіце Айца майго ў імя маё, дасьць Вам». Але каго ж прасіць? Механізму сьвету затрымаць, яго бегу ня зможам. Сонца, дажджу, здаволеньня наглых і важных патрэб нашых і павароту на добрую дарогу людзей нягодных так жа часта выпрасіць у Бога ня зможам. Да і сам Збаўца ў садзе аліўным, з крывавымі кроплямі на чале сваім, маліў Айца Нябеснага, каб аддаліў ад яго чару цярпеньняў ягоных, але мольбы не былі выслуханы... Дык каго ж і як прасіць у малітве? Прасіць усяго таго, што не спраціўляецца сьвятой волі Божай, адвечным, неразгаданым планам Божым, прасіць так, як прасіў Збаўца - з поўным падпарадкаваньнем волі нашай волі і мудрасьці Божай. Маліцца маем, узносячыся духам над усе болі, над усе няшчасьці нашы, з глыбокім пракананьнем, што калі не выпрасіць у Бога сонца на сенакосы нашы і дажджу на пасевы нашы, дык душа наша атрымае гарт і сілу, каб радасна і з супакоем паканаць тыя труднасьці, якія суліць нам дачаснае жыцьцё наша.

Так, малітва сапраўды ёсьць складовай часткай жывой веры нашай, ёсьць высокім, дастойным абавязкам чалавека.

Малітва - гэта той узгорак, з якога лёгка можам бачыць свайго ворага, гэта той ручэй «вады жывой», што служа здароўю душы і цела нашага.

* * *

Добрыя ўчынкі і шчырая малітва, шчырая малітва і добрыя ўчынкі - вось непамыльныя спосабы і пэўнае аружжа чалавека ў барацьбе ягонай за шчасьце сваё асабістае і за шчасьце бліжняга яго. Гэтак вуча і гэтага ад нас жадае сьвятая вера Хрыстуса, Збаўцы нашага.

КАМЕНТАРЫ
БОЖАЕ СЛОВА:
ЛЕКЦЫІ, ЕВАНГЕЛЛІ І ПРАМОВЫ НА НЯДЗЕЛІ І СВЯТЫ

Узоры рэлігійна-асветніцкіх твораў і беларускага касцёльнага красамоўства Адама Станкевіча друкуюцца паводле кнігі: Stankievič Ad., Ks. Božaje Słova. Lekcyi, Evanelii i Pramovy na Niadzieli i Śviaty. Lvou-Vilnia, 1938. 372 s. Гэта - першае і пакуль што апошняе выданне унікальнай у рэлігійнай літаратуры кнігі выдатнага беларускага адраджэнца. Большасць змешчаных у ёй твораў упершыню апублікавана ў часопісе «Chryścijanskaja Dumka» за 1929-1936 гады. «Божае слова» друкавалася лацінкай. Узнаўляючы раздзелы гэтай кніжкі кірылічным шрыфтам, мы захавалі ўсе асаблівасці лексікі, стылю і арфаграфіі арыгіналу, выправілі толькі апіскі, некаторыя асаблівасці арфаграфіі і сінтаксісу, перанятыя з польскай мовы (напісанне прафесій, званняў, этнонімаў з вялікай літары, адсутнасць коскі перад дзеепрыметнікамі, зваротамі і інш.).

У першакрыніцы перад кожнай лекцыяй-казаннем змешчаны перакладзеныя на беларускую мову тэксты апостальскіх і евангельскіх чытанняў, прызначаныя на адпаведную нядзелю альбо свята.


  1. «Жанімства - вялікі сакрамант...» - лекцыя на тэксты апостальскага (Рым 12, 6-16) і евангельскага (Ян 2, 1-11) чытанняў. У фрагменце з паслання ап. Паўла да Рымлянаў гутарка ідзе пра абавязкі (прароцтвы, служэнне, настаўніцтва, дабрачыннасць) і маральныя цноты (любоў, дабро, цярплівасць, гасціннасць, аднамыснасць, паслухмянасць) хрысціяніна. Змест евангельскага чытання тлумачыцца ў лекцыі А.Станкевіча.
  2. Ва ўсіх творах А.Станкевіча слова Евангелле пішацца па каталіцка-беларускай традыцыі ў форме Эванэлія.
  3. У тэксце кнігі А.Станкевіча спасылка памылковая: Жыд 12, 8.
  4. «Чаму сама праўда на сьвеце не пануе» - лекцыя на тэксты апостальскага (Як 1, 17-21) і евангельскага (Ян 16, 5-14) чытанняў. Паводле саборнага паслання ап. Якуба, вечнае дабро і праўда «зыходзіць з гары, ад Айца святла», каб «сталіся мы пачаткам Яго стварэння». У 16-м раздзеле Евангелля паводле Яна Езус Хрыстус, развітваючыся з вучнямі сваімі, кажа: «А цяпер іду да Таго, хто паслаў Мяне, і ніхто не пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?» Абяцае паслаць сваім паслядоўнікам Суцяшальніка - Духа Праўды.
  5. «Добрыя ўчынкі і малітва - аздоба хрысціяніна» - лекцыя на апостальскае (Як 1, 22-27) і евангельскае (Ян 16, 23-30) чытанні ў 5-ы тыдзень па Вялікадні. Змест апостальскага чытання тлумачыцца ў лекцыі А.Станкевіча. Евангельскі тэкст на гэты дзень развівае папярэдні фрагмент: Езус Хрыстус без прытчы абвясціў вучням: «Выйшаў Я ад Айца і прыйшоў на свет, ізноў пакідаю свет і іду да Айца». Маецца на ўвазе Яго смерць і змёртвыхпаўстанне.

Каментар і публікацыя У. Конана.


Уладзімір КОНАН :: Лідэр беларускага Каталіцкага адраджэння
Адам СТАНКЕВІЧ :: Этычныя падставы нацыянальна-культурных правоў нацыянальных меншясцяў


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY