Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

Адам МІЦКЕВІЧ

ГЕНІЙ СУСВЕТНЫ І НАШ

Вялікага сына нашай зямлі, генія сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча яго равеснік і сябра Аляксандр Пушкін называў «певцом Литвы». Міцкевічавай «Літвой», як вядома, была Беларусь і найперш — яго родная Наваградчына. Дзяцінства і юнацтва паэта прайшлі на гэтай зямлі, ён добра ведаў свой народ, навек палюбіў маляўнічую прыроду роднага краю. Гэтую любоў ён панёс у сваім сэрцы ў шырокі свет, на далёкую чужыну, куды закінуў яго лёс. Любоў да Бацькаўшчыны жыве ў кожным радку яго паэзіі. Уся творчасць Адама Міцкевіча — вершы, санеты, балады, паэмы — прысвечаны роднаму краю, яго людзям і яго прыродзе.

Адным з самых значных твораў паэта па праву лічыцца драматычная паэма «Дзяды», у аснове якой — старажытны народны абрад памінання продкаў. У творы рэалістычныя, узятыя з жыцця сцэны пераплятаюцца з фантастычнымі, што з’яўлялася асаблівасцю тагачаснай рамантычнай літаратуры. У паэме намалявана праўдзівая карціна жыцця беларускага народа першай паловы ХIХ стагоддзя. У ёй пададзены многія канкрэтныя падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх быў сам аўтар.

IV частка «Дзядоў» — своеасаблівы рэквіем каханню паэта да беларускай шляхцянкі Марылі Верашчакі, якая жыла ў маёнтку Туганавічы (цяперашні Баранавіцкі раён). Даведаўшыся, што яго каханая нечакана выйшла замуж за графа Ваўжынца Путкамера з недалёкага ад Туганавічаў маёнтка, малады Адам Міцкевіч быў проста ашаломлены, ён даходзіў да мяжы вар’яцтва. Гэты стан сваёй душы паэт здолеў з геніяльнай дакладнасцю перадаць у сцэне сустрэчы пустэльніка Густава (правобраз самога аўтара) з уніяцкім святаром, былым настаўнікам наваградскай школы. Невялікі ўрывак з II часткі «Дзядоў» я і прапаную ўвазе чытачоў часопіса ў сваім перакладзе з польскай мовы.

Адам МІЦКЕВІЧ

ДЗЯДЫ

У доме святара. - Стол накрыты, толькі што закончылася вячэра. Святар. - Пустэльнік. - Дзеці. - На стале дзве свечкі. Лямпа перад абразом Божай Маці. На стале гадзіннік з боем.

Ich nob alle murbe Leichenschleier auf, die in Sargen lagen - ich entfernte den erhabenen Trost der Ergebung, bloss um mir immer fort zu sagen: «Ach, so war es ja nicht! Tausend Freuden sind auf ewig nach geworfen in Grufte und (du) stehst allein hier und uberrechnest sie!» Durftiger! Durftiger! Schlage nicht das ganze zerrissene Buch der Vergangenheit auf!.. Bist du noch nicht traurig genug?

Jean Paul

Я зняў усе пахавальныя саваны, што ляжалі ў дамавінах, заглушыў велічную суцяшальнасць усёдаравальных прамоў, каб толькі зноў і зноў паўтараць сабе: «Ах, усё гэта было не так! Тысячы радасцяў навекі скінуты ў бездань, і вось (ты) стаіш адзінока тут і ўспамінаеш іх!». Ненасытны! Ненасытны! Не чытай адразу ўсю разарваную кнігу мінулага... Ці не досыць жалю?

Жан Поль (ням.)

Святар.
Дзіця маё, паслухай слова суцяшэння:
Твой боль, які цяпер табе так цяжка ўняць,
Залічыць Бог, калі пачне грэхападзенні
Людскія на тым свеце рахаваць!

Пустэльнік.
Ды дзе мае грахі - хачу я папытацца?
Што? За каханне мне цярпець ва ўсе часы?
Ды сам жа Бог, Тварэц зямной красы,
Агонь высокі запаліў - Яго тут праца!
Ён шчырыя душы дзве любасці вузлом
Звязаў навек адну з другою!
Яшчэ тады, калі бясхмарнай мы парою
Не знялі бед пад светлых сноў крылом,
Звязаў адну з другою.
Цяпер, калі чыясь нас разлучыла злосць,
Паслабнуў вузел той, ды ён трывае!
Хоць адчужэння цень між намі й ёсць,
Хоць гай сустрэч нас больш не прычакае,
Ды нашым душам у адным круціцца коле,
І ўжо не разлучыцца ім ніколі.

Святар.
Калі ўжо Бог злучыў, людзям не разлучыць!
І ў вас закончыцца ўсё добра, можа быць.

Пустэльнік.
Як цела вутлае змяце гадоў завея,
Хіба што там сальецца мо душа з душою.
Бо тут для нас дваіх памерла ўжо надзея,
Навек расстаўся тут я з любаю сваёю.
(Пасля паўзы.)
Я помню да драбніц той горкі міг расстання.
Была ўжо восень золкая. Цямнела. З рання
Ад'ехаць меўся я. Пайшоў у сад, блукаю
У роздуме цяжкім, з малітваю шукаю
Такой брані, каб маё сэрца, ад прыроды
Залішне мяккае, схаваць здалеў заўсёды
За ёю і каб тут, між дрэў знаёмых саду,
Я вытрываў яе апошні стрэл пагляду!
Хадзіў каля кустоў, куды глядзелі вочы.
Дасюль не бачыў я такой чароўнай ночы!
Прайшоў нядаўна дождж, і ў ночы той святлістай
Уся зямля паблісквала расой краплістай.
За садам дол услаў, бы снег, туман бялявы.
Там - выйшлі ў неба знекуль сініх хмараў лавы,
З другога боку - месяц выплыў з-пад аблокаў,
Танулі зоры ў цёмнай сінізне глыбокай.
А ўверсе ззяла зорка ўсходняя малая
(З той ночы мне й цяпер яна заўсёды ззяе).
Пасля гляджу... Там, за альтанкаю, пры вязу -
Яна! Я пазнаю яе адразу!
Між дрэў, бы статуя, яна стаяла ў белым...
Пабегла... Бы зефір махнуў крылом нясмелым...
І во мы побач... Вочы долу апусціла.
І не зірнула на мяне!.. Нібы застыла.
Твар - бледны, чырвані - ні следу.
Я нахіліўся, заглядаю збоку.
Дрыготкую слязінку бачу ў воку!
Кажу: «Я заўтра еду...»
Яна ў адказ мне ціха так: «Бывай здаровы...
Забудзь мяне...» І праглынула словы.
Забыць? Лягчэй сказаць! Ты загадай во ценю
Свайму: няхай наўслед твайму хаценню
Забудзе бегаць за табой. Ці ж збыцца цуду?
Забудзь!
Лягчэй сказаць!
(Спявае.)
Плач ні плач; Бог даў дарогі:
Мне - адну, табе - другую,
Буду век цябе я...
(Абрывае спеў.)
                                         помніць,
(Ківае галавой, спявае.)
Ды тваёй быць не магу я!
Што? Толькі помніць?.. «Заўтра ж
ад'язджаю!»
Хапіў яе за рукі, абдымаю.
(Спявае.)
Гожая - нібы анёлак з раю,
Параўнаць яе хачу я з песняй.
Позірк чысты - нібы сонца маю,
Што ў вадзе адлюстравана весняй.

Пацалунак - бы нектар нябесны,
Бы з агнём агонь жывы схапіўся,
Бы дзвюх лютняў зладны спеў сумесны
У адзіны гімн чароўны зліўся.

Сэрца з сэрцам лучацца, палаюць
І яднаецца душа з душою.
Неба і зямля на нас шыбаюць
Серабрыстай хваляю марскою.*

Не, ойча, табе не зразумець майго адказу:
Ты ж любых вуснаў дзіўны хмель не піў ні разу.
Хай блюзніць часам люд, кпіць моладзь, як заўсёды,
Ды сэрца ўсё ж тваё маўчыць на кліч прыроды.
О любая! Быў у такіх я высях,
Як нашы вусны перша раз зліліся!
(Спявае.)
Пацалунак - бы нектар нябесны,
Бы з агнём агонь жывы схапіўся,
Бы дзвюх лютняў зладны спеў сумесны
У адзіны гімн чароўны зліўся.
(Хапае дзіця, хоча пацалаваць; яно вырываецца.)

Святар.
Ён - чалавек, як ты! Чаго ж яго баяцца?

Пустэльнік.
Ах, з нешчаслівымі ніхто не хоча знацца!
Ад іх, бы ад страшыдлаў з пекла, ўсё ўцякае.
Ах, уцякла й яна, бы мроя тая!
«Бывай здаровы!..» І дзесь за бажніцай
Астатні раз мільгнула бліскавіцай.
(Да дзяцей.)
Чаму ўцякла? Мо недарэчным словам
Яе ўгнявіў? Ці жэстам выпадковым?
Хачу прыпомніць...
(Стараецца ўспомніць.)
                                         Галавой кручу я...
Не, не! Бы на далоні, бачу стрэчу тую.
Ні слова не забыў я з памятнай размовы.
Я ёй сказаў тады ўсяго два словы.
(З жалем.)
Ойча, паўтару іх - слова ў слова:
«Бывай здарова!»
«Бывай здаровы! - І галінку мне зрывае. -
То ўсё, што нас з табой во тут
(Паказвае на зямлю.)
                                         яднае!
Бывай здаровы!» - і дзесь за бажніцай
Астатні раз мільгнула бліскавіцай!

Святар.
Мой юны друг, я зразумеў твае ўсе болі.
Ды ведай: многія яшчэ гаруюць болей.
Я сам на пахаваннях слёзы ліў ракою:
Правёў я матку й бацьку к вечнаму спакою.
І дзетачак дваіх не ўбачу больш ніколі,
І жонка ўжо, сяброўка шчасця і нядолі,
Якую так кахаў, пад крыжам спачывае!..
Ды што тут зробіш? Бог дае, Бог забірае!
Хай дзеецца ж усё паводле Божай волі!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY