Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

Пачатак

ЧАЦВЁРТАЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

8. У няволі ў князя гэтага свету

Існаванне на нашай планеце заўсёды знаходзіцца пад пагрозай. Дастаткова назваць катаклізмы: выбухі вулканаў, землятрусы, буры, паводкі, засухі, голад альбо разнастайныя невылечныя хваробы. Перад гэтымі стыхіямі чалавек бездапаможны. Аднак неабходнасць супраціўлення мабілізуе ўсіх людзей да барацьбы. Бо існуе магчымасць перамогі. Гаворка не аб ліквідацыі катаклізмаў, бо гэта немагчыма. Але сучасная навука адкрывае перспектыву арганізаваць жыццё так, каб чалавецтва не несла стратаў з прычыны стыхій. Нават з'явілася смелая гіпотэза, што тыя катаклізмы, якія валодаюць агромністай сілай, можна выкарыстаць як крыніцу творчай энергіі. Даследванні гэтага кірунку вядуцца. Але гэта справа будучыні. Пакуль жа ў выніку тых вялізных стыхій штогод на зямлі гінуць мільёны людзей, а матэрыяльныя страты вымяраюцца мільярдамі даляраў. Паўсюль мы бездапаможныя перад знішчальнаю сілаю тых стыхій, хоць, як зазначалі, існуе магчымасць і нейкага выратавання. Калі б чалавек мудра выкарыстаў свае сілы і змог аб'яднацца з іншымі людзьмі, то мог бы перамагчы. Дастаткова прыгадаць хоць бы чорную воспу, над якой медыцына перамагла па сусветнай шкале.

Аднак стыхіі, што паглынаюць мільёны людзей, не самыя страшныя праціўнікі чалавека. Самым страшным яго ворагам з'яўляецца таямнічая, разумная сіла зла, якая ў Бібліі мае шмат розных імёнаў. Найчасцей спатыкаем такія: шатан, д'ябал, таямніца беззаконня, князь гэтага свету. Дзейнасць зла вымяраецца шкодай, нанесенай чалавечаму шчасцю. Тыя стыхіі знішчаюць нашае жыццё, пагражаючы чалавечаму існаванню, а гэты магутны, злы розум ставіць на мэце знішчэнне нашага шчасця.

Як толькі чалавек з'явіўся на зямлі, а Бог абвясціў, што пастанаўляе прызнаць яго за сваё дзіця і абдарыць бацькоўскай любоўю, шатан пазайздросціў чалавечаму шчасцю і вырашыў яго знішчыць, ведаючы, што сам не здольны дасягнуць таго шчасця. Мы стаім перад агромністай таямніцай беззаконня. Ведаем, што пасля грэху мы трапілі ў рукі гэтай магутнай сілы зла. Хрыстус, Сын Божы, стаў чалавекам і дзеля таго прыйшоў на гэты свет, каб вырваць нас з рук зла. Гэта было галоўнае Яго прызначэнне.

Адразу пасля свайго хрышчэння ў Ярдане Хрыстус сорак дзён знаходзіўся ў пустэльні, і там адбылося непасрэднае спатканне Сына Божага з князем гэтага свету. Усе сіноптыкі дакладна апісваюць гэтае здарэнне. Князь гэтага свету, гэты найвышэйшы розум зла кідае на стол перад Хрыстом свае казырныя карты.

Першая казырная карта, якая вядзе да зняволення чалавека, - талерка. Зло ўмее так сціснуць далягляд чалавека, што той будзе толькі ўзірацца ў сваю талерку. І ён альбо можа змагацца за гэтую талерку, альбо так захопіцца гэтай талеркай, што і не зірне ні на якія іншыя вартасці. Талерка можа будзіць у чалавеку голад, умее так яго павялічваць, каб ніколі чалавека не насычаць. Вось адна з вялікіх пастак, якія пастаўлены на чалавека.

Другая казырная карта - багацце. Чалавек марыць, каб мець, мець, як найбольш мець. Зло пастаянна будзіць у чалавеку апетыт уласнасці, дасканала ведаючы, што ў хвіліну смерці і так усё выпадзе з ягоных рук. Чалавек, які апанаваны прагай багацця, заўсёды мае замала, заўсёды ён нешчаслівы з гэтае прычыны, заўсёды ненасытны, і, апрача таго, схільны за матэрыяльныя даброцці аддаць не толькі жыццё, але і душу.

Трэцяя казырная карта - амбіцыя. Утаймаванне голаду амбіцыі, узнясенне сябе над усімі і над усім. Таму амбіцыю трэба раздзьмуць так, як насычаюць газам шар, каб ён узносіўся ўсё вышэй і вышэй, пакуль, прабіты, не зваліцца на зямлю.

Вось тры казырныя карты, тры прынады, якія вышэйшы розум зла выкарыстоўвае на зямлі для зняволення чалавека. Хрыстус вельмі доказна выкрывае кожную з іх і адкідвае. Пасля свайго паражэння князь гэтага свету знікае з Езусавых вачэй. Другі раз ён ужо не стане непасрэдна перад Хрыстом, але будзе дзейнічаць выключна праз пасрэднікаў, выкарыстоўваючы людзей.

Калі святар нас хрысціў, ён пытаўся, ці адракаемся мы ад тых трох казырных картаў князя гэтага свету. І тады мы вуснамі хросных бацькоў адказвалі: «Адракаемся». Пасля гэтай пастановы святар апусціў нас у ваду святога хросту, а Нябесны Айцец скіраваў да нас словы: «Вось дзіця маё ўлюбёнае». І тады мы былі вынуты з рук князя гэтага свету і ўведзеныя ў Божы свет.

Пасля спакусаў у пустэльні валадар гэтага свету ўжо болей не атакаваў Хрыста непасрэдна, але рабіў гэта апасродкавана. У гэтым выяўляецца ўвесь ягоны злы і бліскучы розум. Злы дух найчасцей таксама не атакуе непасрэдна нас, але робіць гэта праз іншых людзей. Ён увесь час імкнецца да таго, каб пасварыць людзей, пасеяць у чалавечым сэрцы зайздрасць альбо нянавісць - і дастаткова. Пасля людзі ўжо самі сябе ўзаемна зробяць няшчаснымі. А ён тады пацірае рукі і цешыцца сваімі ўдачамі. Ніхто з нас непасрэдна не сустракае шатана, але тым часам мы сустракаем ягоных апосталаў, і іх значна больш за дванаццаць. Іхняя дзейнасць можа быць страшнай. Войны - гэта не катаклізмы, ніякія не стыхіі, але плады сваркі паміж людзьмі, зайздрасці і нянавісці. Прычыны войнаў канцэнтруюцца вакол гэтых трох заганаў, якія выявіў шатан, калі стаяў перад Хрыстом у пустэльні.

У часе публічнай дзейнасці Хрыста шатан яшчэ спрабаваў яму перашкаджаць, выкарыстоўваючы апантаных людзей. Калі ж і гэта не ўдалося, ён арганізаваў з дапамогаю людзей, што былі з'яднаныя пры талерцы, уладзе і грашах, пастку. Яны знішчылі Хрыста. Сам ён ужо мог гэтага не рабіць. Пілат, Гэрад, Юда прывялі Божага Сына да смерці. Звычайна атака шатана - апасродкаваная. Гэткім чынам ён знішчае адных людзей пры дапамозе другіх.

У наступным разважанні мы яшчэ спынімся на таямніцы Галгофы, альбо над механізмам тактыкі Хрыста, якую ён добраахвотна прыняў на сябе дзеля атрымання перамогі над гэтай нязвыкла разумнай сілай зла. Сёння ж яшчэ толькі тры кароткія заўвагі. Па-першае, шатан не можа весці з намі непасрэдную барацьбу, бо мы вельмі слабыя. Па розуму і сіле волі ён непараўнана перавышае нас. Я, да прыкладу, не павінен валіць з ног чалавека, які хварэе на рассеяны склероз, бо ён і без таго пры хадзе трымаецца за сцяну. Чалавек, які аддадзены самому сабе, і без таго зусім слабы. Таму няварта яму падстаўляць нагу, ён у любы момант і так можа спатыкнуцца. Толькі з вялікімі святымі, волатамі духу шатан вядзе непасрэдную барацьбу.

Другая заўвага. У наш час можна назіраць тэндэнцыю выкрасліць з Бібліі шатана. Нагадаю, што яго існаванне - гэта аб'яўленая Богам праўда, і гэткае выкрэсліванне прывяло б да яе скажэння. Праўда аб існаванні магутнага вышэйшага розуму зла, якое пастаянна зрывае Божыя планы, належыць да фундаментальных праўдаў Евангелля.

Трэцяя заўвага. Нядаўна з'явілася кніжка Андрэ Фрасарда «36 довадаў аб існаванні д'ябла». Раіў бы прачытаць яе. Яна дапамагае адкрыць метады дзейнасці гэтай разумнай сілы зла, якая ёсць у нашым свеце. Раней вядомая была праца «Лісты старога д'ябла да маладога», выдадзеная ў кнізе пад назваю «Лісты аб маралі» Льюіса. Яе таксама варта прачытаць, каб лепш разумець справу збаўлення і адкуплення, а таксама варта заўсёды мець на ўвазе дзве апошнія просьбы з малітвы «Ойча наш». Хрыстус, які навучыў нас гэтай малітве, ведаў, што мы можам сутыкнуцца з магутным вышэйшым злым розумам, і таму Ён загадвае нам штодзённа мовіць: «Ойча наш, не выстаўляй нас на выпрабаванне», «Ойча, збаў нас ад злога». Гэтыя дзве просьбы ў адной кароткай малітве Езуса сведчаць аб актуальнасці праблемы.

9. Таямніца Хрыстовага крыжа

У межах роздуму над чацвёртай праўдай веры мы пачынаем найцяжэйшае разважанне. Яно тычыцца таямніцы Вялікай Пятніцы, таямніцы Хрыстовага крыжа, а значыць і самога сэрца справы Адкуплення. Разважанне складанае, бо ў крыжы Хрыста, як у лінзе, збіраюцца ўсе матывы дзеяў свету. У адной падзеі змешчаны адказ на ўсе, нават самыя цяжкія пытанні, якія мучаюць чалавека. Нашае разважанне не ў стане ахапіць усяго багацця таямніцы Хрыстовага крыжа і таму належыць да незвычайна складаных. Калі мы хочам гаварыць аб таямніцы святла, то мусім расшчапіць яго праз прызму, каб убачыць каляровую вясёлку. Гэтаксама і тут: калі мы хочам гаварыць аб таямніцы крыжа, мусім суаднесці ўсё багацце яго аспектаў.

Хачу коратка назваць толькі два аспекты: крыж Хрыста - гэта ключ да брамы краіны смерці і ключ да брамы неба. Крыж Хрыста - ключ. Усе мы маем гэты ключ у сваіх руках, толькі не ўмеем ім карыстацца. Наша жыццё выглядала б зусім іншым, калі б мы ўмелі заўсёды выкарыстоўваць гэты ключ, а асабліва ў найцяжэйшых справах, якія нас прыгнятаюць у жыцці.

У папярэднім разважанні я звярнуў вашу ўвагу на драму чалавека, які звязаны не толькі з часовым зямным існаваннем, але і з магутным вышэйшым розумам зла, які падпарадкаваў яго сабе і непадзельна над ім пануе. Паколькі Бог ахоўвае свабоду не толькі чалавека, але і таго вялікага розуму, то Ён і не можа гэтую вольнасць парушыць, бо ў барацьбе з шатанам не ўжывае сілы. Калі ж чалавек па сваёй волі адвернецца ад Бога і сам прыстане да гэтай разумнай сілы зла, то Бог у імя справядлівасці шануе права той сілы на чалавека. Разумная сіла зла, якая пастаянна зацікаўлена ў тым, каб чалавек не ўдзельнічаў у Божым шчасці, дзейнічае - як мы памятаем - у два этапы. Пакуль чалавек ёсць на зямлі, яна безупынна ўмацоўвае яго прагавітасць і робіць чалавека галодным, ненасытным. Чым больш чалавек мае, тым больш ён галодны, і паколькі ягоны голад штораз мацнее, то ён нешчаслівы. Гэта дзейнасць у зямным жыцці. Перспектыва гэтага жыцця трагічная, бо няўмольна вядзе да брамы смерці. Зямное жыццё сканчваецца смерцю. Калі нават чалавек не спакусіцца на той зямны стол, шчодра застаўлены вышэйшым злым розумам, то ўсё адно раней альбо пазней ён мусіць прайсці цераз браму смерці. Гэта два этапы дзейнасці вышэйшага розуму зла. Ненасытнае зямное жыццё, а пасля яго - краіна смерці. Ключ жа ад брамы смерці - у руках зла.

Сын Бога, які прыйшоў на зямлю і стаўся чалавекам, хацеў, каб мы былі мудрыя, каб мы шукалі тых вартасцяў, якія ў стане задаволіць нашае сэрца. Ён асцерагаў нас ад такога спажывання зямных спажыткаў, якія адно ўзмацняюць голад і смагу. Але гэта яшчэ не ўсё. Яго чакала вельмі цяжкое заданне. Трэба было прайсці цераз браму смерці і забраць ключ ад той брамы. І дзеля гэтага патрэбна была смерць. Бо жывы не можа прайсці цераз браму смерці. Той, хто хоча пабыць у краіне смерці, павінен памерці. Хрыстус выразна зазначае, што на Яго абарону магло б стаць войска анёлаў. Аб гэтым сведчаць Яго словы, скіраваныя да Пятра на Гары Аліўнай. «Ці думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён не дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?» (Мц 26, 53). Але, аднак жа, не скарыстаў гэтага. Вырашыў увайсці ў краіну памерлых, перацярпеўшы смерць.

Тут мы закранаем вялікую таямніцу. Хрыстус нарадзіўся з жанчыны, на зямлі, якая знаходзіцца пад кантролем валадара гэтага свету, і ўжо праз само нараджэнне апынуўся сярод яго падуладных. Таму князь гэтага свету меў на Яго права. Аднак ён не ведаў Яго годнасці, бо калі хочаш пазнаць Сына Божага, трэба мець ласку веры. Шатан яе не мае. Ён бачыў у Хрысце толькі дасканалае стварэнне Бога, бачыў у ім выключна мудрага чалавека, які адрынуў усе прапанаваныя яму шатанам спакусы, а далей пачаў публічна выкрываць метады яго дзейнасці. І гэтай разумнай сіле зла засталося толькі адно выйсце - замкнуць Яго ў каралеўстве смерці. Гэтак шатан і зрабіў. На Галгофе Хрыстус ступае ў краіну смерці. Аднак гэта той выпадак, калі вышэйшы злы розум будзе пераможаны непраўдападобным чынам.

Шатан страціў бы значна менш, калі б не закрануў Хрыста смерцю, калі б не ўвёў Яго ў краіну памерлых. Бо калі Той увайшоў туды, аказалася, што Ён настолькі моцны, што не дасць замкнуць сябе ў гэтай краіне. Бо Ён можа адчыніць браму смерці знутры і вярнуцца ў жыццё. І можа не толькі зрабіць гэта адзін, але можа вывесці і тых, хто знаходзіцца ў валадарстве смерці. Больш таго, паколькі Ён згадзіўся на тое, каб Яго замардавалі, то за ўваход у краіну смерці Ён добраахвотна заплаціў агромністую цану. Гэтая цана была настолькі вялікай, што нельга яе нават параўнаць з цаной грэшнікаў, якія ўжо былі нявольнікамі шатана. Д'ябал, замахнуўшыся на жыццё Хрыста, па справядлівасці страціў права на чалавека. Хрыстус - першы Чалавек, які атрымаў перамогу над шатанам і смерцю. Ён стварыў магчымасць пакінуць краіну памерлых, а Яго крыж стаў ключом да брамы смерці.

Аднак ёсць яшчэ другая, таямнічая брама. Мала толькі выпусціць чалавека з краіны смерці. Нават калі б Бог вярнуў нас да зямнога жыцця гэтаксама, як і Лазара, мы не мелі б ніякай перспектывы шчасця. Але ёсць другая брама, якая вядзе ў неба. Брама, якую чалавек сам з трэскам зачыніў і ўжо ў сваім граху не меў магчымасці да яе падысці. Бо ведаў, што прайсці гэтую браму можа толькі святы чалавек. Усе мы мелі свае грахі, і таму гэтая брама заўсёды была для нас зачынена. І хаця Айцец з-за сваёй бязмежнай любові гатовы быў нас прыняць, мы з прычыны свайго граху не маглі прайсці праз гэтую браму.

Хрыстус, праліваючы на крыжы сваю нявінную Кроў, нібы зрабіў з яе чыстую крыніцу, у якой усе Ягоныя грэшныя браты могуць абмыцца. У хвілю ўнебаўшэсця падыходзіць Ён нявінны да брамы неба, і тая сама перад Ім адчынілася. Там чакае свайго Сына Айцец. Сын жа вяртаецца як Чалавек. Выйшаў з Дому Айца як Сын Божы, вяртаецца ж як Богачалавек, ведучы за сабой усіх сваіх зямных братоў. Усіх, якія з верай абмылі сэрца ў Яго Крыві. Не адзін вяртаецца, але з усім чалавецтвам, усімі людзьмі. Для Яго брама неба адчынена. Ад пачатку Бог думаў, як у імя любові вывесці чалавека з яго няшчаснай сітуацыі і ўвесці ў краіну шчасця. І вось Сын Божы як чалавек прыводзіць у Дом Айца чалавецтва. Значыць, неба для нас ужо адчынена.

Вось два аспекты таямніцы крыжа. Крыж адчыняе браму смерці і адчыняе таксама браму неба. Святая Імша, у якой мы ўдзельнічаем, - трывалы ў пазачасавым аспекце момант крыжовай ахвяры Хрыста. Мы знаходзімся цяпер пад крыжам. На Святой Імшы мы дзякуем Хрысту за Яго цяжка зразумелую любоў. Дзякуем Яму за адкрыццё прыгожай перспектывы вечнага шчасця. На больш падрабязныя пытанні: чаму Бог выбраў гэткую жудасную смерць, чаму ў сваіх планах дайшоў ажно да крыжа, якія наступствы Хрыстовага ўваходу ў краіну смерці - паспрабуем адказаць у наступных разважаннях.

Сёння ж асабліва падзякуем Хрысту за Яго любоў. Калі глядзім на ўкрыжаванага Хрыста, прыгадваецца Юранд са Спыхава, які дзеля таго, каб выратаваць сваю дачку, аддаўся ў рукі крыжакоў. Сянкевіч намаляваў прыгожы евангельскі вобраз: аддаць сябе ў рукі зла дзеля выратавання дзіцяці. Сын Божы таксама аддаецца злу для выратавання сваіх братоў. Вось таямніца Яго любові, а адначасна таямніца нашага паяднання з Айцом, які чакаў, каб прыгарнуць нас. Але найперш трэба было нас ачысціць ад грахоў. Сын здзейсніў гэта, а Айцец раскрыў свае рукі, каб, прымаючы Сына, разам з Ім прыняць таксама і ўсіх нас.

10. Хрыстус «ступіў у пеклы»

У папярэднім складаным разважанні мы гаварылі аб выніках падзей, якія мелі месца на Галгофе, у адносінах да шатана, а таксама ў адносінах да Бога Айца. У чарговых трох разважаннях мы спынімся на выніках крыжовай смерці Езуса ў адносінах да чалавека.

У сімвале веры вымаўляем, што Хрыстус «ступіў у пеклы і трэцяга дня паўстаў з мёртвых». Паміж Вялікай Пятніцай і ранкам Вялікай Нядзелі адбылася падзея, якая ў Бібліі для нас толькі прасігналізавана. Мы не маем доступу да яе, не ведаем ніякіх яе дэталяў, але гэта падзея вялікай вагі як для людзей, што памерлі да смерці Хрыста на крыжы, так і для нас, бо мы хочам ахапіць адным паглядам усю цэласнасць дзеяў чалавецтва. Хрыстус проста з крыжа, пераступаючы парог смерці, увайшоў у краіну памерлых дзеля таго, каб сустрэцца з усімі людзьмі, якія да Яго жылі на зямлі, і абвясціць ім цудоўную навіну аб збаўленні, паказаць ключ ад брамы смерці. Хрыстус прыйшоў, каб правесці іх у краіну вечнага шчасця.

Езус абвясціў збаўленне мільярдам людзей, якія жылі на зямлі ад часоў Адама і ажно да Вялікай Пятніцы. Боскае Адкрыццё кажа нам аб сустрэчы Хрыста з айцом Абрагамам. Езус у палеміцы з жыдамі выразна зазначыў, што «Абрагам, айцец ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўгледзеў і ўсцешыўся» (Ян 8, 56). «Мой дзень» - гэта менавіта дзень Вялікай Пятніцы, пра якую Езус кажа: «мая гадзіна». Жыды маюць прэтэнзіі да Хрыста: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама? (...) Сапраўды, сапраўды, кажу вам: перш, чымсьці стаўся Абрагам, Я ёсць» (Ян 8, 57-58). Хрыстус гаворыць пра Абрагама, які знаходзіўся ў краіне памерлых і чакаў нараджэння прадказанага яму Нашчадка. Пасля таго, як Хрыстус пераступіў парог краіны смерці, Ён сустрэўся з Абрагамам, які з'яўляецца айцом вернікаў, чалавекам справядлівым і верным Богу. Разам з Абрагамам у той краіне было шмат людзей, па-сапраўднаму святых. Прыгадаем толькі Майсея, Іллю Елісея, прыгадаем вялікіх прарокаў Ісайю, Ярэмію, Самуіла, усіх справядлівых ад Авеля, Ноя, Егіпецкага Юзафа - і да праведных дзядулі і бабулі Хрыста Яхіма і Ганны, а таксама Яго апекуна святога Юзафа. Гэта была сустрэча з праведнымі.

Другая важная сустрэча ў краіне смерці, пра якую сказана ў Боскім Адкрыцці, у Традыцыі, - сустрэча Хрыста з Адамам, бацькам усёй сям'і чалавецтва. Гэта ён увёў усіх нас у смерць, але ніводнага не змог вывесці з яе. На старых выявах крыжа можна ўбачыць ля ног Хрыста чэрап і косткі. Гэта знак, які нагадвае нам аб прыгожай легендзе, што нарадзілася ў старажытнасці, паводле якой крыж Хрыста быў устаноўлены на Адамавай магіле. Кроў Хрыста сцякала па крыжы і дацякла да Адамавага чэрапа. Безумоўна, легенда не заклікае археолагаў да даследзінаў, каб яны ўпэўніліся, ці так гэта было. Але яна падкрэслівае асноўную праўду: у часе смерці Хрыста Яго ачышчальная Кроў плыве праз усё чалавецтва - ажно да яго прабацькі, абмываючы таксама і яго. У Брэвары ў Вялікую Суботу чытаем вельмі прыгожую паэтычную размову, якая паходзіць з ІV стагоддзя, размову, якая ў адхлані адбылася паміж Хрыстом і Адамам. Гэта размова - аб збаўленні чалавецтва. Адам усведамляе сваю віну, але Хрыстус Збавіцель працягвае яму руку. Варта памятаць, што Адам - святы. Напярэдадні Народзінаў Сына Божага Касцёл адзначае урачыстасць святых прабацькоў Адама і Евы, злучаючы тым самым пачатак чалавецтва з пачаткам збаўлення.

У Традыцыі сустрэча Хрыста з Адамам адлюстравана вельмі шырока. Традыцыя жадала зрабіць акцэнт на жэсце міласэрнасці Хрыста, якім Ён абдымае ўсё чалавецтва, што жыло да Яго на зямлі. У Традыцыі значна менш займае апісанне трэцяй сустрэчы, але трэба яе таксама мець на ўвазе. Размова ідзе аб сустрэчы Хрыста з Юдам, першым апосталам, якога Пан Езус сустракае ў краіне смерці. Не ведаем, ці чакаў Юда ў краіне смерці сустрэчы са сваім Настаўнікам альбо проста спаткаў Хрыста, які там знаходзіўся. Гэта была сустрэча Хрыста з найвялікшым грэшнікам. Адам зрабіў людзей смяротнымі, Юда быў павінны ў смерці Сына Божага. Адам раскаяўся, Юда ж да граху здрады дадаў яшчэ адзін - грэх самагубства, але не здолеў уцячы ад Настаўніка. У адхлані адбылося таямнічае спатканне, фінал якога мы аддаем у рукі Божай міласэрнасці.

Як трэба разумець словы «ступіў у пеклы». Слова «пеклы» - множны лік ад «пекла». У хрысціянскай Традыцыі інтэрпрэтацыя гэтага абрысу ідзе дзвюма плынямі. Першая пабудавана вельмі схематычна. У ім краіна смерці падзелена на тры паверхі. На самым высокім, у так званай адхлані, знаходзяцца праведнікі і святыя, сярод іх - і Абрагам. На ніжэйшым, які больш-менш адпавядае таму, што мы называем чысцам, знаходзяцца грэшнікі, якія пакаяліся ў сваіх грахах, тут павінен быў знаходзіцца і Адам. Нарэшце трэці паверх, самая глыбокая адхлань, - пекла ў вузкім сэнсе гэтага слова, дзе знаходзіліся людзі, якім памерлі ў цяжкім граху. Гэтыя тры паверхі называліся пекламі, адсюль і выраз «ступіў у пеклы». Лічылася, што Хрыстус ступіў туды, каб спаткацца са святымі і тымі, хто пакаяўся, альбо - на вышэйшы і сярэдні паверхі, на самы ж дол Ён ужо не меў чаго спускацца, бо не было сэнсу абвяшчаць навіну аб збаўленні тым людзям, якія не могуць быць збаўленымі.

Гэта адна інтэрпрэтацыя, якая, між іншым, абапіраецца на прыпавесць Хрыста пра багацея і Лазара. Абрагам знаходзіцца разам з Лазарам у адхлані на тым найвышэйшым паверсе, які вольны ад пакутаў, а багацей за сваю хцівасць знаходзіцца на самым доле. Паміж імі - агромністая прорва, і немагчыма перайсці з таго найвышэйшага паверху на ніжэйшы, нягледзячы на тое, што багацей просіць, каб Лазар памачыў палец у ваду, прыйшоў і дакрануўся да ягонага языка, бо ён страшна пакутуе. Гэтая прыпавесць лягла ў аснову гэткага тлумачэння пекла (Лк 16, 19-31).

Тым часам, другая плынь мыслення над таямніцаю Боскага Адкрыцця - памятаем, што мы знаходзімся ў коле таямніцы, - кіруе да таго, што Хрыстус наведаў усё пекла, альбо спаткаўся з усімі памерлымі людзьмі і ўсім абвясціў праўду аб збаўленні, нават найбольшаму грэшніку. Гэтая версія абапіраецца на любоў Хрыста, які «прыйшоў шукаць і збавіць тое, што згінула» (Лк 19, 10). Яна абапіраецца таксама на іншы погляд на вечнасць. На вечнае асуджэнне, як мы ўжо прыгадвалі раней, адпраўляе апошні суд. Сапраўды, чалавек, які ўчыніў цяжкія грахі, знаходзіцца ў пекле і сам ужо нічога не можа зрабіць для свайго збаўлення, але паколькі жывуць яшчэ тыя, што любяць яго, то яны яшчэ могуць арганізаваць выратавальную акцыю, каб гэтага чалавека ў імя любові выбавіць. Усё набажэнства да Божай міласэрнасці абапіраецца менавіта на гэта. Гэта пастаянны заклік да таго, каб мы клапаціліся аб збаўленні кожнага чалавека.

Здаецца, другі погляд дазваляе нам лепш зразумець любоў Хрыста. Цяжка сабе ўявіць, каб Хрыстус кагосьці пакінуў, ад кагосьці адмовіўся. Але гэта цяжкасці, якія паўстаюць перад намі, калі мы паглядзім на вечную загубу з перспектывы папярэдняга вобразу. Адначасна ж, калі возьмем пад увагу сутнасць пекла, то зразумеем, што Хрыстус не мог увайсці ў пякельную бездань. Чаму? Таму, што Хрыстус мог прыняць смерць, але не мог учыніць грэху. Ён мог згадзіцца на смерць альбо мог увайсці ў краіну смерці, але як Найсвяцейшы з усіх святых не мог учыніць грэху, таму і не мог увайсці ў краіну грэху. У пекла ж, у значэнні вечнага асуджэння, трапляюць пасля ўчыненых грахоў. Таму Хрыстус мог сустрэцца з навечна асуджанымі людзьмі, паколькі гэткія былі, але не мог сустрэцца з імі на ўзроўні грэху, і ў гэтым значэнні Хрыстус ніколі не ступаў у пекла.

Кажу пра гэта таму, што з'яўляюцца публікацыі нават каталіцкіх тэолагаў, у якіх гаворыцца, што Езус ступіў у пекла. Ступіў - гэта значыць мог навесці кантакт з навечна асуджанымі, але не значыць, што Ён сам мог быць у пекле, бо ў пекле можа быць толькі той, хто мае пекла ў сваім уласным сэрцы. Адсюль прорва, пра якую гаворыць Хрыстус у прыпавесці, - гэта не прорва, якая вымяраецца кіламетрамі, але гэта тая адлегласць, якая існуе паміж сэрцам, напоўненым грахом, і сэрцам, якое напоўнена святасцю. Пакуты тых, што адмовіліся ад збаўлення, пры сустрэчы з Хрыстом нашмат выраслі, бо яны ўбачылі, як шмат зрабіў Бог, каб ашчаслівіць іх. Зразумеем таксама, што і яны не адказалі на гэтую любоў.

Роздум аб тым, як Хрыстус ступіў у пеклы, альбо ў краіну смерці, дазваляе нам бачыць збаўленчую любоў Бога, якую немагчыма ахапіць чалавечым розумам. Бог клапоціцца пра кожнага чалавека: ад Адама і ажно да апошняга, які будзе зачаты на зямлі.

Пераклад Ірыны Жарнасек.

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY