Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года

ПРА ДУХА СВЯТОГА
Постаці
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча

АДАМАВА МАДОННА

ВЕРШЫ

ДЗЯДЫ

СВЯТЛО ЗАГАДКІ
З жыцця Касцёла

СУСТРЭЧА
Пошукі і знаходкі
Пераклады

ПАКОРА. АПАВЯДАННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Haereditas
З жыцця Касцёла

Яўген ШУНЕЙКА

УВАСКРАШОНЫ СВЯТОЮ ПАННАЙ

Вобраз Адама Міцкевіча ў мастацтве ХІХ—ХХ стст.

Валенты Ваньковіч. Міцкевіч
на скале Аю-Даг.
Дадатак да артыкула - Галерэя
Біблейскія прарокі змагаліся за веру, калі народ гібеў у няволі. Хрысціянскія братнія народы - беларусы, літоўцы, палякі - спазнаўшы кайданы імперскай залежнасці, у ХІХ стагоддзі таксама дачакаліся свайго прарока. Ён прыйшоў на свет у Вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня 1798 г. на хутары Завоссе. На Наваградчыне такіх хутароў, дзе туліліся да зямлі пад снегам хацінкі з саламянымі стрэхамі, не злічыць было. Але ж не ў палацах, дзе пыха і раскоша засцяць вочы, нараджаюцца абраныя.

Паэт-выгнаннік... Такі яго зямны лёс. Праз жыццёвыя пакуты і вялікія ўзлёты пачуцця ён тварыў паэтычныя радкі, што называюцца «Евангеллем патрыятызму», «Святым Запаветам Веры ў сваю Радзіму». Яго вершы, балады, паэмы - як малітвы, з якімі народы пракладалі шлях да свабоды. А сам паэт, хоць і не быў укрыжаваны паслугачамі тыраніі, але мусіў назаўжды ад'ехаць на Захад, дзе мог вольна думаць і пісаць, стаўшы жывым увасабленнем патрыятычных ідэалаў.

Абранніцтва змушала яго да цяжкіх выпрабаванняў. Ён жыў для звышмэты, для свабоды Бацькаўшчыны ды іншых краін з падобным лёсам нявольніцтва і дзеля іх волі падняўся насуперак інтарэсам Расейскай імперыі. Ён быў не проста таленавітым літаратарам-рамантыкам, але яшчэ і Прарокам Новых часоў, адзіным і непараўнальным пасля свайго новага нараджэння. Бо проста звычайным немаўляткам Адам існаваў лічаны час. Кволае дзіцятка, здавалася, ужо заплюшчвала павекі, пераставала дыхаць. Але, «ахвяраванае маці ў слязах пад апеку Святой Панны», раптоўна ачуняла. Яно вырасла і стала Асобаю, якая выканала сваю місію годна і мужна.

З кафедральнай трыбуны Калеж дэ Франс Адам Міцкевіч абвясціў на ўвесь цывілізаваны свет аб нашай самабытнасці, аб нашым цяжкім існаванні і чалавечых правах на будучыню. У сваім публіцыстычным выданні «Трыбуна народаў», што выходзіла ў Парыжы, ён заклікаў да змагання за новую дэмакратычна аб'яднаную Еўропу без тыраніі і прыгонніцтва. Яго бачанне будучыні сягала, мабыць, у ХХІ ст., бо наступствы розных таталітарных ачмурэнняў яшчэ не пераадоленыя, яшчэ не суціхае бязбожніцтва на Радзіме генія, хоць адноўлены наваградскія хрысціянскія храмы, муры якіх памятаюць і яго юнацкую споведзь, і словы веры.

У далёкім Стамбуле Адам Міцкевіч, не чакаючы лепшых часоў, рушыў на апошняе сваё змаганне з Расейскай імперыяй, гуртуючы ваяроў да ўступлення ў легіёны, што прынясуць Радзіме свабоду. Але 26 лістапада 1855 г. раптоўна абрываецца яго жыццёвы шлях. З далёкае турэцкае зямлі цела паэта было перавезена ў Парыж на могілкі Монмарансі, а ў 1890 г. у Кракаў, дзе геній знайшоў сваё ганаровае месца ў асобнай крыпце пад Катэдральным саборам на Вавелі, там, дзе спяць вечным сном яго суайчыннікі, каралі дынастыі Ягайлавічаў і іншыя славутыя асобы нашай сумеснай беларуска-польска-літоўскай дзяржавы.

...Старажытныя прарокі пакінулі пасля сябе памяць і слова ў Запавеце. Дзякуючы мініяцюрыстам сярэднявечча і славутым мастакам новых часоў народжаны іх вобразныя абліччы - аскетычныя, тытанічна-рашучыя, містычна-ўзнёслыя. Яны захапляюць, мацуюць у веры. Прароку з Наваградчыны наканавана было ўжо ў маладыя гады стаць любімым вобразам для патрэтаў мастакоў.

У мастацкіх творах Адам Міцкевіч атрымаў яшчэ адно яскравае жыццё, звязанае з творчасцю, і пазнейшае, калі паэта ўжо не стала на гэтым свеце. Не без падтрымкі Святой Пакравіцелькі адбылося яшчэ адно яго ўваскрашэнне, бо бачыць мастацкае ўвасабленне Творцы прагнулі не толькі блізкія і знаёмыя яму людзі ў гарадах Еўропы, дзе ён жыў і шукаў шлях да сэрцаў скораных і няскораных, але і там, дзе раней-пазней даведаліся пра яго мэты, трапілі ў палон яго палымянага натхнення.

Партрэты генія сапраўды вартыя яго памяці. Мастакі не заўсёды капіравалі яго рысы, хоць ведалі Паэта ў розных жыццёвых сітуацыях. Не згаворваючыся, яны перадавалі тое, чым ён іх захапляў - хараство духа і шчырасць высокіх чалавечых пачуццяў. Творы тых, каму давялося ў жыцці сустрэцца з Адамам Міцкевічам, станавіліся своеасаблівым дакументам аўтэнтычнасці для стварэння новых вобразаў, дзе постаць Паэта з'яўлялася штораз іншай у незлічоных варыянтах, бо расло разуменне яе значнасці.

Былі, ёсць, будуць і мала значныя, другасныя паўторы з вядомых ўзораў, бо папулярнасць спараджае і такога роду прадукцыю, абумоўленую і сацыяльным заказам, і масавым попытам. Але ў тых адлюстраваннях паэта, дзе няма адчування аўтарамі яго місійнасці, няма і вобразнага вырашэння, што даецца Вышэйшаю Сілаю.

Гонар першаадкрывальніка вобраза Адама Міцкевіча ў еўрапейскім жывапісе належыць яго сучасніку, найбуйнейшаму прадстаўніку рамантызму ў беларускім выяўленчым мастацтве Валентыю Ваньковічу. Міцкевічаўская тэма прынесла яму пачэснае месца класіка таксама ў польскім і літоўскім мастацтве мінулага стагоддзя, бо не было іншага творцы, які б так блізка сышоўся з паэтам напачатку 1820-х гадоў, пакінуўшы нашчадкам яго маладое, натхнёнае аблічча.

Абодва вучыліся ў Віленскім універсітэце якраз у той час, калі ідэі філаматаў (сяброў навукі) і філарэтаў (сяброў дабрачыннасці) сталі пачаткам вялікага духоўна-творчага павароту ад нявольніцтва да свабоды. Гэты паварот найперш перажылі студэнты, гімназісты. Дваццацідвухгадоваму мастаку Валентыю Ваньковічу пашчасціла намаляваць першы паэтычны партрэт Адама Міцкевіча. Мяккімі пастэльнымі колерамі ён пазначыў прасторавую імглу, з якой, быццам светлая ранішняя зорка, свеціцца натхнёны твар прыгожага, як анёл, юнака. Каб не тыповы для пачатку ХІХ ст. сурдут ды белая кашуля з прыўзнятым каўняром, падвязаным вялікім краватам, вобраз здаваўся б ідэалам надзямной высакароднай прыцягальнасці, а не толькі выявай канкрэтнай асобы. Вочы паэта пазіраюць як бы з ранішніх нябёсаў на абцяжараную глухім сном зямлю і здаецца, што ў празорчых думках нараджаюцца яго словы «Оды да маладосці».

Мастаку ўдалося перадаць (і таму партрэт маладога аўтара фенаменальны), як у сціплым беларускім шляхціцу вокамгненна праяўляюцца яскравыя прыкметы яго геніяльнай натхнёнасці. Каротка падстрыжаныя, але ўжо крыху падрослыя прадкі цёмных валасоў свавольна пакрываюць светлую галаву юнака хвалямі, кучаравяцца на скронях, выдаюць яго неўтаймаваную натуру. А на высакародным твары, па-анёльску чыстым і прыгожым, разліваецца святло духоўнага азарэння. Яго бляск праменьчыкамі свеціць у зрэнках вялікіх глыбокадумных вачэй. Неспакойны прамень яскравым росчыркам падкрэслівае ўзмах арліных броваў, тонкую напружаную лінію носа на мяжы святла і ценю. Агеньчыкі святла трапляюць і на павекі, блукаюць у куточках усмешлівых і разам з тым цвёрда сцятых вуснаў. Валявы падбародак, як маленькі пагорачак, што выступае між вострымі куточкамі белага каўняра, таксама сведчыць пра моцнага духам і целам чалавека. Такім быў Адам у свае дваццаць тры гады, калі перажываў і творчыя адкрыцці, і ўзнёслыя пачуцці да роднай Літвы і каханай дзяўчыны.

Мастак, які захапляўся сваім калегам, быў сведкам настрояў, перажыванняў Міцкевіча, здолеў перадаць само нязгаснае творчае натхненне, што асвячала аблічча паэта. Ён яшчэ толькі ў думках выношваў вобразы «Гражыны», «Дзядоў», а мастак ужо адчуваў гэты творчы вулкан, які неўзабаве выбухне геніяльнымі радкамі. Так упершыню ў еўрапейскім мастацтве нарадзіўся натхнёны вобраз Адама Міцкевіча.

Валенты Ваньковіч быў сведкам прызнання таленту паэта ў Расеі. Мастак тады павышаў сваю творчую кваліфікацыю ў Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў і меў магчымасць ізноў бачыцца з паэтам, які знаходзіўся ў высылцы. Сенатару Навасільцаву, што чорным ценем пераследаваў Міцкевіча, здавалася, што ва «ўнутраных губернях» наш зямляк змарнуецца ў асяроддзі абыякавых да яго велікаросаў, асабліва калі яго, «правінцыяла», адаслаць у Піцер, Маскву ды Адэсу, дзе хапае і сваіх паэтаў, за якімі сочыць цэлая зграя правакатараў, яўных і тайных агентаў і даносчыкаў. А талент Адама ў расейскі перыяд не пераставаў вулканізаваць. Сведчанне гэтаму «Крымскія санеты», дзе паэт апявае стыхію, якую нельга ўтаймаваць, паэма «Конрад Валенрод», дзе ўслаўляецца змаганне. І, мабыць, самае важнае, што адбылося ў тагачаснай Расеі, гэта сустрэча ў 1826 г. двух геніяў - Пушкіна і Міцкевіча, якія сябравалі, спрачаліся, сварыліся, і ўсё гэта толькі спрыяла развіццю іх творчасці. Пушкін пакінуў нашчадкам своеасаблівы сяброўскі шарж, дзе Адам і ён сам адным росчыркам пяра намаляваныя ў вольным куточку ліста. Знізу - два высокія дрэвы, што абдымаюцца сваімі зялёнымі галінкамі, зверху - два знаёмыя профілі: надзьмуты літвін і гарэзлівы, як дзіця, паўднёвы тып з раскосымі вачыма (як любіў сябе маляваць расейскі паэт). У шаржы аб'яднана ўзаемная сімпатыя і моцная творчая сувязь, якую не парушалі аніякія супярэчнасці, бо не славу Першага яны дзеляць, а пра будучыню сваіх народаў мараць, спрачаюцца, перажываюць. І хоць Аляксандр прымаляваў сабе лаўровы вянок Гамера, але ўсё ж не хавае, што абапіраецца на Адама. Ён так прытуліўся да сябра, што яго бакенбарды і віхор валасоў Міцкевіча перапляліся ў адно цэлае. Пушкін глядзіць на нас трохі з-за спіны Міцкевіча, як з нейкага парослага высокага пагорка, дзе рускі геній пачуваецца ў поўнай бяспецы. Міцкевіч жа, як непахісны крымскі ўцёс, пазірае насустрач усім стыхіям жыцця. Яны вельмі розныя, але ў многім і падобныя, вартыя адзін аднаго...

Аднак вернемся да Валентыя Ваньковіча. Лёс падараваў яму магчымасць стварыць партрэт паэта-земляка, убачыць у яго асобе тое, што мог адчуць менавіта ён, вялікі мастак-рамантык. Партрэт у лічаны час стаў такі папулярны, што аўтару давялося выканаць некалькі жывапісных копій і памножыць удалы вобраз у літаграфічнай тэхніцы графікі. Сапраўды, такога рамантычна-ўзнёслага партрэта паэта больш не было створана ў ХІХ ст. Хоць твор і выкананы ў пецярбургскай майстэрні, дзе Міцкевіч пазіраваў аўтару не адну гадзіну, але і аўтар твора, і паэт у тыя незабыўныя дні пераносіліся ў думках у іншую прастору, далёка ад берагоў Нявы з імперскімі палацамі і турэмнымі мурамі. Пад уздзеяннем «Крымскіх санетаў» мастак абраў месца свайму сябру на скале Аю-Даг, дзе Адам уладкаваўся ў самай свабоднай позе, зручна абапершыся локцем на выступ скалы. Паэт углядаецца кудысьці далёка-далёка, прыслухоўваючыся да бурапеннага наступу хваляў на горнае ўзбярэжжа. Адам і сам нібы пагорак, які супрацьстаіць навальніцам. Яго спакойны твар напоўнены і хваляваннем першаадкрывальніка свету прыроднай стыхіі, які яму блізкі як змагару, і прадчуваннем сваёй творчай моцы, што чэрпае сілу ў судакрананні з горнымі вяршынямі. І хоць чало паэта не аздабляе вянок з лаўраў, але галава літаральна сягае хмараў.

І ўсё ж Валенты Ваньковіч знайшоў месца для велічнай алегорыі: за плячыма героя, якія нібы вясковым кажухом прыкрыты пухнатай каўказкай буркай, на суседнім выступе скалы ляжыць ліра - сімвал эпічнай гамэраўскай паэзіі. Мастак адчуваў каласальны творчы патэнцыял Міцкевіча і таму смела атаясніў яго з антычным волатам літаратуры. Перад намі творца нацыянальнага эпасу, Гамэр Новых часоў, вышэй за якога яшчэ ніхто не ўзыходзіў да вяршыняў натхнення. В.Ваньковіч яшчэ не ведаў назвы таго эпічнага твору, што неўзабаве выйдзе з-пад пяра А.Міцкевіча, але прадракаў гэтую значную падзею.

У Пецярбургу Адам Міцкевіч наблізіўся яшчэ да аднаго незвычайнага беларускага мастака. Гэта быў Юзаф Аляшкевіч - вучань вялікага французскага мастака Ж.-Л.Давіда, акадэмік мастацтва, які шмат працаваў у гістарычным і рэлігійным жывапісе. Адам Міцкевіч быў моцна ўражаны яго рэлігійнасцю і лічыў яго самым набожным чалавекам, якога ведаў у той час. Асоба Аляшкевіча была такая неардынарная, што паэт прысвяціў яму вялікі ўрывак ІІІ часткі «Дзядоў». «Гусляр», таямнічы мудрэц з ліхтаром, што на вечаровым узбярэжжы Нявы прамаўляе містычныя заклінанні, у якіх з Божаю дапамогай чакае пакарання тыраніі - такім намаляваў Міцкевіч мастака ў вершаваных радках. Мастак таксама адчуў у Адаме нязвыклую асобу. Крыштальна чыстым носьбітам Божага святла паўстае на яго партрэце паэт. Вочы Міцкевіча з даверам пазіраюць у неба, на вуснах блукае ўсмешка шчасця далучанасці да Вышэйшае Ласкі і Волі. Гэта вобраз Прарока, які і надалей будзе выконваць сваю місію.

Але хмары ўжо збіраліся над вальнадумным паэтам. Ён выдатна разумеў, што царскія служкі не дадуць яму расправіць крылы, а прыклад Рылеева, Бястужава, якіх ён асабіста ведаў і любіў, сведчыў, што ў гэтай краіне сваіх прарокаў нішчаць не толькі маральна, але і фізічна. У яго не заставалася іншага выйсця, як пакінуць Расію.

27 траўня 1829 г. Адам Міцкевіч з Крандштадта адплывае на замежным караблі на Захад, разумеючы, што ён ужо свабодны і мае магчымасць не хаваць сваіх думак. Але якім вялікім коштам дасталося гэтае права тварыць дзеля Радзімы! Коштам выгнання і блукання па далёкім і чужым свеце, дзе пра яго Наваградчыну ніхто не меў уяўлення. Праз творчасць ён наблізіў для іншых народаў сваю Радзіму, якая для многіх стала сінонімам змагання за свабоду. І мастакі іншых народаў таксама сталі захапляцца Міцкевічам.

Адным з першых, ужо ў 1829 годзе, партрэт Адама намаляваў нямецкі мастак-рамантык Ёган Шнэлер. З замілаваннем перадаў ён рысы прыцягальнага іншаземца-паэта, які ўважліва назірае новае жыццё. Міцкевіч спакойны, годны, але поўны рашучасці дзейнічаць, тварыць, весці за сабою. Пра гэта сведчыць упэўнены позірк вачэй, прыхаваная ўсмешка на маладым прасветленым твары. Мабыць, такім ён выглядаў пры сустрэчы з волатам еўрапейскай літаратуры Ёганам Вольфгангам Гётэ. Гэта сустрэча адбылася ў Ваймары ў той першы год выгнання і вандровак па Германіі. 80-гадовы творца «Фауста» быў для 30-гадовага Адама прыкладам неабмежаванай дзейнасці дзеля славы і развіцця роднага краю.

І сам Міцкевіч пакінуў у Германіі не толькі цёплыя ўспаміны як цікавы і мілы суразмоўца. Пачалі перакладацца яго вершы і ў гэтай краіне пакутнікаў і змагароў за аб'яднанне нацыі. І ўжо трагічна-задуменным, непрымірымым змагаром за Волю ўбачыўся ён аднаму з лепшых нямецкіх мастакоў-рэалістаў Адольфу Менцэлю, які накрэсліў графічны партрэт Міцкевіча на вокладцы паэтычных перакладаў, выдадзеных у 1836 г. у Берліне. Мастак свядома надаў Адаму пэўнае падабенства з нямецкім паэтам-выгнаннікам Генрыхам Гэйнэ, што таксама, як і наш зямляк, на пачатку 1830-х гадоў быў змушаны эміграваць у Парыж.

У Парыжы Міцкевіча называлі «Пілігрымам Свабоды», што найбольш адпавядала яго неўтаймаванай натуры. Тут асобай паэта захапіўся лепшы французскі скульптар-партрэтыст эпохі рамантызму Давід д'Анжэ. Яму пашчасціла сустракацца з Міцкевічам ў часы напісання «Пана Тадэвуша», і ён увасобіў Адама не толькі як носьбіта непараўнальнага эпічнага таленту, але і як грамадзянскага трыбуна, патрыярха еўрапейскай свабоды і дэмакратыі. Мастак убачыў у Міцкевічы рысы рымскіх герояў часоў антычнасці, што ўваскрэслі ў мужным прышэльцы з Усходу дзеля справы змагання за Свабоду. У гэтым сэнсе вобраз Міцкевіча, бадай што, самы выразны на медалях і скульптурным бюсце, зробленым Давідам д'Анжэ ў 1835 г.

Больш як 20 гадоў на французскай зямлі былі звязаны не толькі з вялікімі ўзлётамі творчага духу паэта, але і з цяжкімі перажываннямі, матэрыяльнай нястачай, палітычным уціскам у гады наступу рэакцыі. Пра гэта сведчыць дакументальная інфармацыя, данесеная адным з першых прадстаўнікоў фотамастацтва М.Швейцерам - дагератып А.Міцкевіча 1853 года. Стомлены, пастарэлы, але няскораны паэт не перастае захапляць сваёй годнасцю і мужнасцю. Міцкевіч тады ўжо не выкладаў ва універсітэце, а быў сціплым бібліятэкарам. Але на здымку - ён лідэр свайго асяроддзя, да якога хадзілі як да прычасця, каб падмацаваць свой аслаблены дух, веру ў свабодную будучыню. Міцкевіч тут - як добры пастыр, яго твар, поўны пакуты і ўсёразумення, родны кожнаму, хто жадае бачыць свет лепшым.

Сярод выдатных вобразаў А.Міцкевіча - партрэт, намаляваны беларускім мастаком Іванам Хруцкім у 1850-х гадах. Мастак выканаў яго для сваёй сядзібы ў Захарнічах, што на Віцебшчыне. Творцу была вядомая копія дагератыпа М.Швейцера, але ён надаў свайму Міцкевічу такую задушэўную моц, спагадлівасць, годнасць, чалавечнасць, што, здаецца, можна і цяпер даверыць паэту ўсе свае надзеі, клопаты, спадзяванні, звязаныя з далейшым лёсам нашае Радзімы. Нічога больш выразнага не было створана ў партрэтным жывапісе Еўропы, прысвечаным асобе паэта. Беларускі творца, мабыць, найглыбей зазірнуў у душу свайму земляку-прароку.

Адам Міцкевіч пасля свайго скону атрымаў новае жыццё ў мемарыяльных помніках. Ужо ў 1857 г. польскі скульптар Уладыслаў Аляшчыньскі выканаў помнік паэту для Познані. Таленавіты вучань Давіда д'Анжэ ў многім абапіраўся на выдатныя вобразы свайго настаўніка, але надаў Міцкевічу і рысы шляхетнай польскай натуры, не фанабэрлівасці, не самаўлюбёнасці, але менавіта шляхетнасці.

Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта ў Польшчы, падзеленай на еўрапейскім «кірмашы нявольніцтва» на некалькі частак, таксама ўзносіліся помнікі геніяльнаму літвіну з Наваградчыны. У 1898 годзе юбілей А.Міцкевіча святкавалі вольналюбівыя кракавяне ў аўстра-венгерскай няволі і варшавяне ў расейскай. Можна па-рознаму ставіцца да помніка работы Тэадора Рыгера ў Кракаве і Цыпрыяна Гадэбскага ў Варшаве. Можна бачыць у іх празмерны пафас, перанасычанасць алегорыяй і да т.п. Але яны, бясспрэчна, адыгралі сваю нацыянальна-вызваленчую ролю і для палякаў, і для нашых землякоў, што наведвалі гэтыя асяродкі нацыянальнага адраджэння. Помнікі Паэту былі своеасаблівым алтаром Веры, дзе збіраліся, марылі, маліліся, прысягалі ў імя Бога, Свабоды і Радзімы.

І яшчэ адзін вобраз Адама нарадзіўся ў Кракаве пад скляпеннямі Вавельскага замку ў сярэдзіне 1920-х гадоў. Ён быў нібы выклікам тыражаванасці, папулістычнасці, «забранзавеласці».

Ксаверы Дунікоўскі выконваў тады вельмі арыгінальны сацыяльны заказ. Як найбольш аўтарытэтнаму кракаўскаму скульптару яму было даручана дапоўніць у «Пасэльскай зале» Вавельскага замку шмат выяваў, што з рэнесанснага часу аздаблялі кесоны (квадратныя паглыбленні ў столі), але ў выніку розных разбурэнняў не ўсе захаваліся. Так сярод слынных «вавельскіх галоваў» з'явілася і адна з самых лепшых працаў майстра - галава Адама Міцкевіча ў лаўровым вянку. Абвостраныя, трагічныя рысы твару паэта, шыя, што вырастае з дошкі, нібы адсечаная, ды і сам вянок, як цярновы, прыгадваюць сучаснікам пра тую адказнасць, што ўзяў на сябе Адам Міцкевіч: будзіць сумленне людзей, не даць паўтарыцца горшаму ў гісторыі. Глянуўшы ў заплюшчаныя вочы паэта, мала хто не задумаецца і пра сваю адказнасць у жыцці.

У 1929 годзе ў Парыжы рыхтаваўся да адкрыцця помнік Адаму Міцкевічу, над якім выдатны скульптар Антуан Бурдэль працаваў з 1908 г. На ўрачыстую цырымонію адкрыцця быў запрошаны з Вільні і выступаў ад імя землякоў Фердынанд Рушчыц, які спадзяваўся, што і ў Вільні з часам знойдзецца месца для помніка не горшага за парыжскі. Помнік, створаны А.Бурдэлем, і сёння самы лепшы ў свеце. Паэт, Прарок, Пілігрым, Міцкевіч крочыць з кіем і ў плашчы няспыннага вандроўніка на вяршыні высокай калоны. Яго твар звернуты на Усход, а працягнутая левая рука, здаецца, ужо дакранаецца да чагосьці запаветнага, доўгачаканага, быццам насустрач яму працягнута рука самой багіні Свабоды (ці ён з свае парыжскае вяршыні вітае пагоркі Наваградчыны?). Пад выявай паэта, у сярэдзіне калоны - крылаты геній змагання, а на цокалі - рэльеф «Тры Польшчы» (Рэч Паспалітая, падзеленая на тры каланіяльныя часткі, з якіх у ХХ ст. нарадзіліся тры незалежныя краіны). Рысы Адама вельмі абагульненыя, нават крыху «ўсходнія», як быццам архаізаваныя. Праз гэтую абагульненасць скульптар падкрэсліў, што з зямлі пакутаў не толькі прыйшоў на Захад яе Геній, але менавіта там і народзіцца сапраўдная выпакутаваная свабода. Колькі яшчэ трэба пакутаваць абраным, каб выпеставаць яе - невядома. Але вобраз Міцкевіча не маніць. Свабода чакае нас у будучыні.

Як першыя сімптомы яе - помнікі Адаму на яго Радзіме, гістарычнай Літве, сучаснай Беларусі і Віленшчыне. У канцы 1980 гг. помнікі Міцкевічу былі створаны для Вільні і Наваградка. Літоўскі скульптар Гедэмінас у сталым узросце звярнуўся да вобраза паэта (яго скульптура ўстаноўлена ў Вільні ля касцёла Святой Ганны). Для маладога беларускага скульптара Валяр'яна Янушкевіча помнік Адаму Міцкевічу быў дыпломным праектам пасля завяршэння вучобы ў Беларускай Акадэміі мастацтваў у 1987 г. Абарона дыплома ператварылася ў сапраўднае свята творчай інтэлігенцыі. Але перш чым помнік паэту заняў сваё ганаровае месца ў Наваградку, малады скульптар выканаў яшчэ адзін сціплы помнік-бюст Міцкевічу для суседняй Ліды, жыхары якой ужо ў 1989 г. сабралі сродкі, каб мець у сваім горадзе вобраз, варты пашаны і мацавання нацыянальнай годнасці. А ў 1992 г. - як сведчанне Незалежнасці Беларусі - адкрыўся помнік Адаму Міцкевічу ў Наваградку. Гэта толькі пачатак вяртання на Радзіму Вандроўніка, якога Бацькаўшчына чакала сто семдзесят чатыры доўгія гады.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY