|
|
№
3(6)/1998
Да юбілею 2000 года
Постаці
Роздум аб веры
З жыцця Касцёла
Да 200-годдзя А. Міцкевіча
З жыцця Касцёла
Пошукі і знаходкі
Пераклады
Паэзія
Haereditas
З жыцця Касцёла
|
№ 3 (6) 1998Гэты нумар адкрываецца рубрыкай Да Юбілею 2000 года, у якой друкуюцца разважанні ксяндза Юзафа Тышнэра Пра Духа Святога. На думку аўтара, ідэя паяднання хрысціянаў з'яўляецца адным з галоўных кірункаў мыслення пра Духа Святога (>>). Артыкул гісторыка філасофіі Уладзіміра Конана Лідэр беларускага каталіцкага адраджэння прысвечаны ксяндзу Адаму Станкевічу (1891-1949) і знаёміць чытачоў з рукапіснай спадчынай святара, у першую чаргу з ягонымі запіскамі аб перспектыве развіцця Беларускага Касцёла, адрасаванымі савецкаму ўраду. У тэксце змешчаны фотаздымкі 1910-1930-х гадоў, малюнкі Я. Драздовіча і інш.(>>). Друкуюцца таксама працы А. Станкевіча Этычныя падставы нацыянальна-культурных правоў нацыянальных меншасьцяў (>>) і Жанімства - вялікі сакрамант. Магутнасьць заступніцтва прад Богам за нас Марыі. Першы цуд Хрыстусаў з каментаром У. Конана (>>). У рубрыцы Роздум аб веры працягваецца публікацыя кнігі Эдварда Станека Шэсць праўдаў веры (>>). Артыкул Анджэя Датко Адамава Мадонна прысвечаны двум вершам Адама Міцкевіча - Гімн на Дзень Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і Слова Панны, якія ўвасобілі ў сабе пашану да Марыі, што вынікала з традыцыі, з асабістага досведу паэта і з метафізічных рэфлексій у апошні перыяд жыцця. Вершы друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову Крыстыны Лялько і Ірыны Багдановіч (>>|>>). Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка ў артыкуле Уваскрашоны святою Паннай прасочвае гісторыю стварэння вобраза Адама Міцкевіча ў мастацтве XIX-XX стст. Тэкст ілюструюць працы мастакоў і скульптараў В. Ваньковіча, Ю. Аляшкевіча, А. Менцэля, Ц. Гадэбскага, І. Хруцкага, А. Бурдэля, К. Дунікоўскага і інш. (>>). Друкуецца ўрывак з II часткі паэмы Адама Міцкевіча Дзяды ў перакладзе на беларускую мову Кастуся Цвіркі (>>). У рубрыцы З жыцця Касцёла друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя 20-годдзю Пантыфікату Яна Паўла II: урывак з гаміліі Святога Айца на 20-годдзе Пантыфікату ў перакладзе на беларускую мову Крыстыны Лялько і фотаздымкі, якія ілюструюць жыццёвы шлях Яна Паўла II (>>). У рубрыцы Проза друкуюцца ўрыўкі з кнігі пісьменніцы Алы Сямёнавай Святло загадкі: Згукі наваградскіх дзён, якая ўяўляе сабою вольны аповед, своеасаблівую гісторыю душы, далучанай да высокая таямніцы Быцця (>>). У артыкуле гісторыка мастацтва Аляксандра Ярашэвіча …Табе пад апеку я ахвяраваны… на падставе архіўных апісанняў і сведчанняў мемуарыстаў робіцца спроба ўявіць наваградскія святыні, звязаныя з асобнымі падзеямі жыцця Адама Міцкевіча. У тэксце змешчаны гравюры з Памятнага альбома Адама Міцкевіча, выдадзенага ў Львове, і абразы Маці Божай з наваградскіх храмаў (>>). У рубрыцы З жыцця Касцёла змешчаны артыкул Вячаслава Пялінка Сустрэча, прысвечаны 100-гадоваму юбілею святарства благаславёнага Юрыя Матулевіча. Аўтар расказвае пра сімпозіум, які адбыўся ў сценах вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу, у горадзе, дзе быў закладзены падмурак духоўнасці Ю. Матулевіча (>>). У артыкуле Феліцыяна Палюшкевіча Уплыў Полацкай Акадэміі на амерыканскае грамадства даследуюцца гістарычныя сувязі беларускіх езуітаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі (>>). У артыкуле Мецэнат Францішка Скарыны Адам Саўэр расказвае пра віленскага біскупа Яна (1496-1538), які ў свой час быў адной з важных постацяў Вялікага Княства Літоўскага, сааўтарам касцёльных і дзяржаўных рэформаў, гуманістам, мецэнатам мастацтва і навукі, вопытным дыпламатам (>>). У рубрыцы Пераклады друкуецца апавяданне італьянскага пісьменніка Дзіно Буццаці Пакора ў перакладзе на беларускую мову Аксаны Данільчык (>>). У рубрыцы Паэзія друкуецца падборка вершаў Алеся Чобата (>>). Працягваецца публікацыя працы Вацлава Пануцэвіча Польская мова ў XIV-XVIII стст. і каталіцкі Касьцёл у Вялікім Княстве Літоўскім (>>). У рубрыцы З жыцця Касцёла надрукаваны нататкі Крыстыны Лялько Біскуп з Наваградскай фары, прысвечаныя ўрачыстаму абраду кансэкрацыі новага біскупа Антонія Дзямянкі, які адбыўся 29 верасня ў старажытнай Гродзенскай катэдры (>>).
|
|
|