Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Павел Бяліньскі

ЯН ХХІІІ: «КАБ УСЕ БЫЛІ АДНО...»

27 красавіка 2014 года, калі паўсюдны Касцёл будзе адзначаць свята Божай Міласэрнасці, у Ватыкане адбудзецца кананізацыя двух благаслаўлёных папаў: Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ.

Абодва будучыя святыя (сустрэліся падчас Другога Ватыканскага Сабору, у якім Караль Вайтыла ўдзельнічаў як малады біскуп) кіравалі Каталіцкім Касцёлам у другой палове ХХ стагоддзя і першыя гады новага тысячагоддзя: благаслаўлёны Ян ХХІІІ у 1958-1963 гг., а благаслаўлёны Ян Павел ІІ у 1978-2005 гг.

Папу Яна ХХІІІ - Анджэла Джузэпэ Ранкалі (1881-1963) - абвясціў благаслаўлёным 3 верасня 2000 г. Ян Павел ІІ, якога ў сваю чаргу 1 мая 2011 г. узнёс да хвалы алтара яго наступнік Бэнэдыкт ХVІ.

Кананізацыя 27 красавіка стане першым у гэтым стагоддзі сакральным абрадам, падчас якога будуць абвешчаныя святымі адразу два папы.

Асоба благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, якога пры жыцці сучаснікі называлі "гігантам духу" і "Божым атлетам", добра вядомая нашым чытачам: на старонках часопіса мы не раз друкавалі артыкулы пра гэтага Вялікага Папу, змяшчалі ўрыўкі з яго кнігаў і энцыклікаў у перакладзе на беларускую мову.

У гэтым нумары прапануем вашай увазе артыкул Паўла Бяліньскага пра благаслаўлёнага Яна ХХІІІ.

Папа Ян ХХІІІ.
Нягледзячы на кароткі Пантыфікат, благаслаўлёны Ян ХХІІІ лічыцца адным з самых выдатных Папаў Рымскіх у гісторыі Касцёла. Вядомы перадусім як ініцыятар Другога Ватыканскага Сабору, "добры Папа" - як яго называлі - быў перш за ўсё чалавекам вялікай асабістай абаяльнасці, сціпласці і пакоры, а таксама дасканалага пачуцця гумару.

У "Дзённіку душы", які ён пакінуў пасля сябе, паўстае постаць хрысціяніна, які моцна любіў Бога, асцерагаўся граху і адорваў прыязнасцю ўсіх людзей, не зважаючы на іх погляды і веру.

 
Усё пачалося ў Бергама

Джузэпэ Ранкалі нарадзіўся ў 1881 г. у горнай вёсцы недалёка ад горада Бергама ў Паўночнай Італіі. У школу ён хадзіў за 6 кіламетраў ад дома праз горы, часцей за ўсё босы. Хоць ён быў здольным вучнем, аднак не захапляўся вучобаю. Нягледзячы на гэта, яго прынялі ў семінарыю ў Бергама. Пра святарства Джузэпэ думаў з дзяцінства: марыў стаць вясковым пробашчам. Вывучэнне тэалогіі працягваў у рымскай семінарыі імя св. Апалінарыя, абраўшы дадаткова спецыялізацыю па гісторыі Касцёла. Праз дзень пасля прэзбітэрскага пасвячэння, якое было ў 1904 г., стоячы на каленях перад папам Піем Х, кс. Джузэпэ пачуў словы: "Жадаю, каб тваё святарства стала суцяшэннем для Божага Касцёла". "Хачу быць заўсёды добрым да ўсіх", - занатаваў аднойчы малады святар.

Калі праз некалькі дзён ён служыў прыміцыйную Імшу ў сваёй роднай вёсцы, хтосьці пажартаваў: "Цяпер ксёндз павінен пастарацца і стаць Папам Рымскім".

Аднак пакуль што малады святар стаў прэфектам у базыліцы св. Апалінарыя і адначасова працягваў вучобу - на гэты раз яго цікавіла кананічнае права, але на пачатку 1905 г. Джакома Марыя Радзіні-Тэдэскі, новы біскуп Бергама, прызначыў яго сваім сакратаром. У хуткім часе 24-гадовы кс. Ранкалі таксама распачаў выкладаць у мясцовай семінарыі - спачатку гісторыю Касцёла, а пасля яшчэ апалагетыку і патрыстыку. Біскуп палюбіў сакратара як сына і з цягам часу ўсё больш далучаў яго да справаў кіравання дыяцэзіяй. Ён прызначыў кс. Джузэпэ галоўным рэдактарам "Дыяцэзіяльнага жыцця", пасылаў яго ў Францыю, Іспанію, Аўстра-Венгрыю, Святую Зямлю. Часам гэтыя паездкі мелі характар спецыяльных місій, якія выконваліся па даручэнні Апостальскай Сталіцы. Даклад кс. Ранка- лі пасля вяртання з Люрда ў 1908 г. павінен быў спрычыніцца да больш добразычлівага стаўлення рымскіх курыялістаў да цудаў, якія там здзяйсняліся, і на шматлікіх пілігрымаў.

Першая сусветная вайна азначала для Ранкалі вайсковую службу, хоць у войску ён адслужыў яшчэ клерыкам. Цяпер жа ён знаходзіўся на службе як святар у званні сержанта, пасля - паручніка, дапамагаў параненым у шпіталі.

Вярнуўшыся ў Бергама, кс. Джузэпэ не толькі выкладаў у семінарыі, дзе стаў духоўным айцом, але таксама займаўся моладдзю. Заўважыўшы яго таленты, Бэнэдыкт XV паставіў яго на чале італьянскай "Справы пашырэння веры". Менавіта кс. Джузэпэ па даручэнні Пія ХІ падрыхтаваў дэкрэт, згодна з якім мійсійныя справы атрымалі статус папскіх.

Новы стыль працы, поспех місійнай выставы, якую ён арганізаваў, а таксама ўнёсак у падрыхтоўку Святога Года (1925 г.) былі ацэненыя: кс. Ранкалі быў запрошаны працаваць у ватыканскай дыпламатыі.

 
Папскі дыпламат

Разам з прыняццем біскупскага пасвячэння ў 1925 г. і выездам у Балгарыю ў якасці апостальскага візітатара ў жыцці Джузэпэ Ранкалі пачаўся амаль 30-гадовы перыяд дыпламатычнай працы. Адначасова гэта быў перыяд знаёмства з хрысціянскім Усходам і пацяплення ў кантактах з праваслаўнаю іерархіяй. У праваслаўнай Балгарыі яму ўдалося адкрыць каталіцкую духоўную семінарыю і дабіцца прызнання дыпломаў каталіцкіх школаў. Аднак пасрэдніцтва кс. Ранкалі ў справе шлюбу цара Барыса з італьянскаю князёўнаю Джаванаю скончылася паражэннем.

Джузэпэ Ранкалі не забыўся, што ён не толькі пасланец Апостальскай Сталіцы, але перш за ўсё біскуп. Таму ён вывучаў мову краіны, у якой служыў, каб падчас наведвання мясцовых католікаў добра прамаўляць казанні. Ён з цікавасцю спазнаваў традыцыі гэтага народа і заўсёды спяшаўся з дапамогаю да бедных.

Праз дзесяць гадоў біскуп Ранкалі, пераведзены ў Грэцыю і Турцыю ў якасці апостальскага дэлегата, стаў апостальскім вікарыем у Стамбуле. Менавіта ён наладзіў добрыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Экуменічным Патрыярхатам Канстанцінопаля.

У Грэцыі Джузэпэ Ранкалі дабіўся змякчэння прыніжальнага для католікаў закона супраць празелітызму. Калі выбухнула Другая сусветная вайна, арцыбіскуп Ранкалі дапамагаў бежанцам, пасрэднічаў у перасылцы ваеннапалонным лістоў ад родных, а перш за ўсё арганізоўваў дастаўку прадуктаў і лекаў для мноства галадаючых грэкаў.

Калі пасол Германіі хацеў праз яго пасрэдніцтва паўплываць на Пія ХІІ, каб той духоўна падтрымаў Германскую імперыю, якая ваявала з СССР, арцыбіскуп з гневам запярэчыў: "А што з мільёнамі габрэяў, якіх вашыя землякі забіваюць у Польшчы і Германіі?". Ён асабіста выратаваў тысячы габрэйскіх дзяцей, якія ўцякалі з Еўропы, дзеля чаго змусіў турэцкую ўладу, каб яна дазволіла дзецям свабодна адплысці ў Палестыну.

Пад канец снежня 1944 г. арцыбіскуп Ранкалі быў пасланы ў Парыж у якасці нунцыя. Ён прымаў у сябе людзей рознай палітычнай арыентацыі, у тым ліку вядомых антыклерыкалаў, падтрымліваў стварэнне экуменічнай супольнасці ў Тэзэ, цікавіўся рухам святароў-рабочых.

Прызначаны кардыналам і патрыярхам Венецыі, ён прыняў кардынальскі берэт з рук прэзідэнта Венсана Арыёля ў Елісейскім палацы. Незадоўга да таго як Ранкалі выбралі Папам Рымскім, ён яшчэ вярнуўся ў Францыю, калі ў якасці легата Пія ХІІ кансэкраваў у Люрдзе падземную базыліку св. Пія Х.

...У Венецыі нярэдка можна было ўбачыць, як кардынал сядзіць у кавярні на пляцы св. Марка і гутарыць з жыхарамі горада. Ранкалі заўсёды хацеў кантактаваць з людзьмі непасрэдна, па-за ўрачыстымі абставінамі.

 
Служэнне на пасадзе святога Пятра

На трэці дзень канклава, скліканага пасля смерці Пія ХІІ 28 кастрычніка 1958 г., кардынал Джузэпэ Ранкалі атрымаў неабходную колькасць галасоў і ва ўзросце амаль 77 гадоў быў выбраны Папам Рымскім, прыняўшы імя Ян ХХІІІ.

Стаўшы біскупам Рыма, ён сумаваў па стасунках з простымі людзьмі. "Сёння раніцаю я прымаю кардыналаў, князёў, важных прадстаўнікоў улады. Але ў другой палове дня правяду некалькі хвілінаў са звычайнымі людзьмі, адзіным тытулам якіх з'яўляецца годнасць чалавечай асобы і дзіцяці Божага", - пісаў Ян ХХІІІ.

Ужо на пачатку Пантыфікату ён заваяваў сэрцы людзей візітамі ў дзіцячы шпіталь і ў вязніцу, дзе суцяшаў асуджаных і распавядаў, як адзін з яго сваякоў быў арыштаваны за браканьерства.

Папскія абавязкі не змянілі яго схільнасці да жартаў. Падчас наведвання шпіталя Духа Святога рассеяная сястра настаяцельніца, знаёмячыся з ім, сказала: "Я настаяцельніца Духа Святога", на што Ян ХХІІІ прамовіў: "Вы шчаслівая, сястра, бо я толькі вікарый Езуса Хрыста". Упершыню ўвайшоўшы ў свае ватыканскія апартаменты, Ян ХХІІІ адчыніў акно і сказаў: "Пусцім трохі свежага паветра...".

Гэты жэст стаў сімвалам яго Пантыфікату. "Свежага паветра" для Касцёла Ян ХХІІІ чакаў пасля Сабору, які распачаўся ў 1962 годзе. "Гэта быў нечаканы крок, сноп нябеснага святла", - прызнаўся ён у прамове падчас урачыстага адкрыцця Сабору. Праз гэты Сабор ён здзейсніў капернікаўскі пераварот у тэалогіі, увёўшы адрозніванне паміж нязменным дэпазітам веры і спосабам яе праяўлення, які неабходна дастасоўваць да кожнага часу. Такім дастасаваннем стала рашэнне адысці ў саборавых тэкстах ад асуджэння ўсялякіх поглядаў на карысць пераканаўчага выкладання веры.

Ён сыходзіў з меркавання, што прадстаўнікі Касцёла не могуць "замыкацца ў крэпасці", успрымаючы веру як прадмет кантэмпляцыі, схаваны, нібы скарб. Ад Сабору ён чакаў здування "імперскага пылу, які сабраўся на троне святога Пятра з часоў Канстанціна". Менавіта ён здолеў заўважыць маршчынкі на абліччы Касцёла. "Як прыкра, - гаварыў Ян ХХІІІ італьянскім святарам, - жыць з некаторымі субратамі, якія ўвесь час гавораць толькі пра знешнюю форму святарскага служэння, якім цяжка выкараніць у сваіх сэрцах не заўсёды прыхаванае, нясціплае прагненне і шуканне авансаў ды адрозненняў, і якія прызвычаіліся маляваць усё цёмнымі фарбамі, заўчасна рыхтуючы сабе нудную і панурую старасць". Адкрытасць Святога Айца на палітыку краінаў камуністычнага блоку не заўсёды прымалася Рымскай Курыяй. Другою важнаю задумаю папы Яна ХХІІІ было імкненне да еднасці хрысціянаў, таму на пасяджэнні Сабору ён запрасіў прадстаўнікоў іншых веравызнанняў у якасці назіральнікаў, якія хоць і не мелі права прымаць рашэнні, але маглі выказваць сваё меркаванне (вядома, што, напрыклад, браты Ражэ Шутц і Макс Турыян з Тэзэ зрабілі свой унёсак у канчатковы выгляд трох з шаснаццаці саборавых дакументаў).

Ідэя еднасці хрысціянаў была настолькі дарагою сэрцу Папы Рымскага, што перад смерцю ён паўтараў: "Ut unum sint" ("Каб усе былі адно..."). Гэтую еднасць ён бачыў у традыцыйным сэнсе: хацеў, каб усе хрысціяне вярнуліся ў Каталіцкі Касцёл. З другога боку, ён прызнаваў віну католікаў ва ўзнікненні падзелаў, таму заахвочваў не сварыцца, а проста падаць адзін аднаму рукі ў знак паяднання.

"Гэты ложак - нібы алтар. На алтары ж трэба скласці ахвяру. Я гатовы", - гаварыў Святы Айцец падчас агоніі. "Лагоднасць, дабрыня, любоў", - такое пасланне ён пакінуў Касцёлу і свету ў сваім тэстамэнце. 3 верасня 2000 г. папа Ян Павел ІІ абвясціў папу Яна ХХІІІ благаслаўлёным. 5 ліпеня 2013 г. папа Францішак зрабіў выключэнне і выказаў згоду на кананізацыю Яна ХХІІІ без неабходнага цуду аздараўлення праз яго заступніцтва. Ён улічыў цуд, зацверджаны для беатыфікацыі ў 2000 годзе.

Павел Бяліньскі.
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: "Idziemy", № 40,
6 października 2013 r.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY