Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Адам ШУСТАК ОР

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ


Калі мы хочам быць радыкальнымі ў сваім хрысціянстве,
то павінны знайсці праўду пра нас саміх,
прыняць яе і з гэтаю праўдаю запытацца ў Бога, куды нам ісці

Вакол нас такая раўніна, быццам у гэтым месцы калісьці была прыдуманая форма зямлі, а навокал - толькі вінаграднікі і бясконцыя палі кукурузы. Сярод жоўта-залацістых сцяблінаў вырастаюць рымскія калоны. Бясконцыя палі рымскіх калонаў. Калісьці пасля Рыма, Мілана і Капуі гэта было чацвёртае месца імперыі, а сёння шматлюднае культурнае мястэчка - Аквілея. Калі шукаць хрысціянскія крыніцы і пачаткі, то месца, на якое варта звярнуць увагу, - гэта першая хрысціянская базыліка, гісторыя якой звязана з рэальнымі падзеямі IV стагоддзя, а дакладней - звярнуць увагу на мазаічную падлогу. Такім чынам, кірунак для пошуку вызначаны: толькі нахіліўшы пакорна галаву, тут можна штосьці знайсці. Пад нагамі цудоўная, самая вялікая на Захадзе, мазаіка з такімі пярлінамі, напрыклад, як лангуст на пальме. Ёсць таксама сцэна бойкі паміж пеўнем і чарапахаю - аднаго з найстаражытнейшых хрысціянскіх вобразаў радыкалізму веры. На чый бок адразу хочацца стаць? Добрай, лагоднай, нікому не вядомай чарапахі або ганарыстага, задзірыстага пеўня? Хто з іх лепш адлюстроўвае хрысціянства ў барацьбе дабра са злом?

 
Радыкальны час

Сёння паўсюль відаць, што Касцёл адыходзіць на другі план. Ён перастаў быць паўсюдна і масава прынятаю рэальнасцю, усё часцей ён займае пазіцыю абароны або, наадварот, вымушаны капітуляваць. Пераслед хрысціянаў у розных кутках свету набірае нябачную да гэтага часу сілу: нават у тых краінах, якія да гэтага часу асацыяваліся з хрысціянскаю вераю, хрысціянства становіцца выклікам для адважных. Усё часцей гаворыцца пра тое, што Касцёл або стане радыкальным, або перастане існаваць. Калі так, то чым у такім выпадку з'яўляецца радыкалізм веры? Ці павінны мы як хрысціяне пакінуць наш стабільны свет і жыць, як маці Тэрэза або Шарль дэ Фуко? Ці, можа, нам трэба паехаць у краіны, дзе пераследуецца хрысціянства, і там мужна вызнаваць веру? А можа, на нашым уласным падворку радыкалізмам з'яўляюцца абаронцы крыжа <...>, якія спрабуюць захаваць нашу культуру і грамадскае жыццё ад поўнай секулярызацыі? Можа, гэта новыя евангельскія рухі, якія шукаюць спосабы для сучаснай перадачы дэпазіту веры?

Каб знайсці адказ на пытанне, чым з'яўляецца хрысціянскі радыкалізм, найлепш правесці паралель з Божым словам. Давайце зазірнем у кнігу прарока Ёны, якая, безумоўна, з'яўляецца адным з самых лепшых адказаў на пытанне пра радыкалізм. Напэўна, сама гісторыя з кнігі нам добра вядомая, але паспрабуем пашукаць глыбей, паспрабуем знайсці ў ёй апісанне пэўнага шляху, якім ідзе кожны хрысціянін.

 
Заклік

"Скіраваў Пан слова да Ёны, сына Аміта: "Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і прапаведуй ім, бо дайшло да Мяне зло іхняе". Але Ёна ўстаў, каб збегчы ад аблічча Пана ў Тарсіс. Спусціўся да Яфы і знайшоў карабель, які плыў у Тарсіс, і, заплаціўшы за сябе, сеў на карабель, каб паплысці ад аблічча Пана разам з імі ў Тарсіс" (Ён 1, 1-3).

Перад намі Ёна, сын Аміта, якому Пан даручае місію навяртаць жыхароў Нінівы, але ён замест таго, каб выканаць атрыманае заданне, выбірае зусім іншы кірунак і на караблі ўцякае ў Тарсіс. У гэтай простай інфармацыі ўкрыта незвычайная форма значэнняў. Ёна - па-габрэйску значыць голуб, такім чынам маем прарока-голуба, які высока лётае ў нябеснай прасторы. Чалавека лагоднага, маральна беззаганнага, які вядзе ўпарадкаванае жыццё. Вобраз голуба таксама асацыюецца з біблійнай сімволікай Духа Святога. Магчыма, Ёна таксама чалавек харызматычны, адораны шматлікімі духоўнымі дарамі, карацей кажучы, глыбока адухоўлены чалавек. Ён - сын Аміта, гэта значыць праўды, яго жыццё асвячае праўда, з яе ён нарадзіўся, яна яго вядзе, і яе ён наследуе. Варта заўважыць, з якой вяршыні стартуе наш прарок - лепш немагчыма! І гэта настолькі важна, што праз некаторы час, з нябеснай вышыні, па якой лунае, ён будзе ўкінуты ў марскія глыбіні, у чэрава вялікай рыбы, а дакладней, у месца, аддаленае ад неба.

Звернем таксама ўвагу на дзве мясцовасці, якія вызначаюць геаграфічны далягляд гэтай гісторыі. Нініва - горад на старажытным Усходзе. На Усходзе знаходзіўся таксама Эдэм, размешчаны даволі блізка ад раю, блізкі да месца прабывання Бога. Назва гэтага горада тлумачыцца як прарастанне ледзьве прабіўшайся з зямлі расліны - даволі слабай, безабароннай, яшчэ несфармаванай. У сваю чаргу Тарсіс - назва аднаго з каштоўных камянёў - хрызаліта, вельмі прыгожага залаціста-бурштынавага колеру. Гэты камень быў устаўлены ў пярсцёнак архісвятара і з'яўляўся сімвалам годнасці, багацця, значнасці, бляску.

У гэтых некалькіх сказах апісана ўсё пытанне хрысціянскага радыкалізму і таго, як да яго падыходзіць. Радыкалізм не праяўляецца ў сферы спосабу жыцця, яго ўмоваў, нават найбольш экстрэмальных. Радыкалізм не праяўляецца таксама ў сферы каштоўнасцяў і іх грамадскага супрацьстаяння або барацьбы за іх. Радыкалізм не праяўляецца таксама ў сферы сведчання іншых пра нашу веру, нават калі ў гульню мужна ўваходзіць вызнаванне веры, якім з'яўляецца мучаніцтва. Затое радыкалізм праяўляецца ў сферы нашага адказу на Божую волю. Да кожнага з нас, без выключэння, Бог выходзіць з прапановаю або, хутчэй, з пастаяннымі прапановамі, якія павінны скіраваць нашае жыццё на самы лепшы шлях. Некаторыя з гэтых прапановаў датычаць самых важных справаў, што даюць кірунак усяму нашаму існаванню, некаторыя датычаць штодзённых і асаблівых. Поўны хрысціянскі радыкалізм - гэта такое прыслухоўванне да волі Бога, якое абсалютна і цалкам робіць усё залежным ад Яго рашэння і натхнення. Перш чым разважаць пра тое, якое значэнне мае хрысціянскі радыкалізм, трэба разгледзець блізкую нам сітуацыю, або адмову выконваць Божую волю.

 
Уяўны радыкалізм

"Але Пан падняў на моры моцны вецер. І ўзнялася вялікая бура на моры, і ўжо думалі, што карабель разаб'ецца. Спалохаліся маракі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі выкідваць у мора рэчы, якія былі на караблі, каб аблегчыць яго. Ёна ж спусціўся ўнутр карабля, лёг і заснуў.

Прыйшоў да яго кіраўнік маракоў і сказаў яму: "Чаму ты спіш? Устань, пакліч Бога свайго; можа, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем"" (Ён 1, 4-6).

Сітуацыя прарока Ёны вельмі блізкая большасці з нас. Па-першае, Ёна не проста нахабна і цалкам ігнаруе Божую волю. Трэба заўважыць, што ён атрымлівае ад Бога два даручэнні: "устань і ідзі". Першае даручэнне выконваецца ім дакладна і верна - устае. Другое таксама выконваецца, але ўжо па-свойму, бо ён сапраўды ідзе, але не туды, куды накіроўваецца. З гэтым можна вельмі хутка разабрацца. У асноўным большасць хрысціянаў паслухмяная Богу, згаджаецца з многімі Яго прапановамі або кірункамі. Але існуе яшчэ і такая сфера нашага жыцця, у якой Божую волю мы ўспрымаем па-свойму, паводле нашага, безумоўна, лепшага разумення. Адбываецца гэтак таму, што кожны з нас мае свой уласны Тарсіс, або найпрыгажэйшае месца, найбольш жаданую мару, тую жыццёвую сцежку, на якой, здаецца, мы будзем ззяць, як зоркі, будзем шчаслівымі. Калі Бог прапануе нам пайсці ў Нініву, або месца недасканалае, дзе невядома, ці ўвогуле што-небудзь "вырасце", нам здаецца, што гэта ніжэй за нашыя чаканні. Нам здаецца, што мы вартыя большага. Самаю вялікаю драмаю становіцца ўласнае перакананне, і так насамрэч ёсць - усе мы тут з'яўляемся сынамі Аміта, бо перакананыя ў тым, што наш погляд на рэчаіснасць бездакорна праўдзівы. Часта мы апранаем гэта ў вопратку духоўнасці, харызматычнасці нашага паклікання. І ідзем дакладна ў адваротным кірунку, а не туды, куды хацеў Бог.

Тады ўзнімаецца бура. Што робіць чалавек?

Цудоўны прыклад паказваюць маракі, якія выкідаюць з карабля рэчы, каб ратавацца. Гэта ўсё спробы радыкальнага хрысціянскага жыцця, якія ўсяго толькі ўяўныя. Мы спрабуем узяць на сябе розныя абавязкі: буду больш маліцца, буду пасціць, буду распавядаць пра Езуса на занятках, паеду на місіі. Карацей кажучы, змяню свой стыль жыцця на больш евангельскі. Праблема заключаецца ў тым, што мы зусім не запыталіся ў Бога, ці хоча Ён гэтага. Выкананне розных, нават найцудоўнейшых, абавязкаў не азначае змены мыслення, паслухмянасці Богу. Ёна спіць на караблі, не думае, не разважае пра Божы заклік, не спрабуе нават спазнаць праўду, бо спіць. Ён пазбягае размовы з Богам, бо мае свой Тарсіс і там мае свайго Бога. Часам упартасць у гэтым уцёку настолькі вялікая, што чалавек павінен скончыць яго на дне. Даслоўна. Ёна ўкідваецца ў мора.

 
Радыкальная змена

"Пан паслаў вялікую рыбу, праглынуць Ёну. І быў Ёна ўнутры рыбы тры дні і тры ночы. З сярэдзіны рыбы маліўся Ёна да свайго Пана Бога" (пар. Ён 2, 1-2).

Тры дні, праведзеныя ва ўлонні рыбы, - гэта вобраз рэальнай сустрэчы Ёны з самім сабою і з Богам. Ёна вяртаецца ва ўлонне, або шукае пачатак, шукае месца, з якога выйшаў, хоча ўрэшце знайсці праўду пра тое, кім ён ёсць.

У біблійнай сімволіцы тры дні - гэта час, патрэбны для поўнай перамены чалавека. Так было ў гробе з Хрыстом, які на працягу трох дзён цалкам змяніў сваю чалавечнасць, абагавіў яе. Прарок, як голуб, што лунае высока ў небе, следуючы за сваімі ўласнымі жаданнямі, упаў на дно. Ідучы ў свой Тарсіс да вяршыні шчасця, ён трапіў у бездань ва ўлонні рыбы.

Якая самая важная змена адбываецца ў Ёну? Якую праўду ён павінен знайсці? Вельмі люблю ўяўляць Ёну, выкінутага рыбаю на сушу: ссінелага, зморшчанага, аблепленага слінаю, змерзлага, з водарасцямі па ўсім целе і, напэўна, са слімаком на галаве, які знайшоў для сябе зручнае жытло. Менавіта такім Ёна пайшоў у Нініву. У такім выглядзе блазан ішоў тры дні (тры!!!) і абвяшчаў Евангелле. Магчыма, раней Ёна не хацеў ісці ў Нініву, як памятаем, ён звычайна пагарджаў гарадамі, якія толькі пачыналі развівацца і жыхарамі якіх былі прастакі. Ёна хацеў быць у Тарсісе і быць "ззяючаю зоркаю" на духоўным фундаменце Касцёла. А як выглядае ён цяпер? Прарок-голуб са слімаком на галаве! І гэта найважнейшая перамена, якая адбылася з Ёнам. Ён спазнаў праўду пра сябе, заняў адпаведную пазіцыю адносна Бога і людзей. Менавіта гэта і ёсць радыкалізм! Калі мы хочам быць радыкальнымі ў сваім хрысціянстве, то павінны знайсці праўду пра нас саміх, прыняць яе і ў такой праўдзе запытаць Бога, куды павінны ісці. І выканаць Яго волю, нават калі яна здаецца нам самаю абсурднаю думкаю свету. Такі радыкалізм нашмат больш патрабавальны і цяжкі, чым змена стылю жыцця або барацьба за каштоўнасці, якімі валодае грамадства. Такі праўдзівы і паслухмяны Богу Ёна - без аніякага атрыбуту прамаўляючага пра яго пазіцыю прарока, высмеяны і пагарджаны - навяртае ўвесь язычніцкі горад і нават, як гаворыцца ў святой Кнізе, схіляе да навяртання свіней і кароваў. Гэта сапраўдны подзвіг!

 
Пастаянны радыкалізм

"Ёна выйшаў з горада, сеў на ўсходнім баку горада і зрабіў там сабе будан, і сеў пад ім у цені, каб убачыць, што будзе адбывацца ў горадзе. А Пан Бог узгадаваў расліну, якая ўзнялася над Ёнам, каб быць ценем над ягонай галавою і абараняць яго ад нядолі ягонай. І ўсцешыўся вельмі Ёна гэтай расліне. На наступны дзень на самым світанні Бог учыніў так, што чарвяк падтачыў расліну, і яна засохла.

А калі ўзышло сонца, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер. Сонца стала пячы ў галаву Ёны, і ён знямог, і прасіў для сябе смерці, кажучы: "Лепш мне памерці, чым жыць".

І сказаў Бог Ёну: "Ці добра робіш, што абураешся з-за расліны?" А той адказаў: "Я моцна абураюся, ажно да смерці".

І сказаў Пан: "Ты шкадуеш расліну, дзеля якой ты не працаваў і якой не вырошчваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ноч загінула. Ці ж і Я не пашкадую Нініву, гэты вялікі горад, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія не могуць адрозніць правай рукі сваёй ад левай, і ў якім мноства жывёлы?"" (Ён 4, 5-11).

Гэта гісторыя яшчэ не заканчваецца. Пасля навяртання нінівіцянаў, пасля радыкальнай перамены свайго жыцця і мыслення, Ёна спыняецца пад кустом клешчавіны, які з'ядае малады чарвяк, і адбірае ў яго абарону ад сонца. І, на жаль, прарок-голуб хутка вяртаецца да свайго ранейшага эгаістычнага, усёведнага спосабу мыслення. Бог будзе вымушаны ў чарговы раз вучыць яго яшчэ адной праўдзе: спосабу любові. Радыкалізм - гэта не адзін жыццёвы выбар, які назаўсёды застаецца актуальным. Хоць такі адзін радыкальны пералом патрэбны большасці з нас для таго, каб выйсці на адпаведны жыццёвы шлях. Радыкалізм - гэта пастаянны ўваход у праўду пра сябе і новы пошук Божай волі. Буры, праз якія мы будзем праходзіць у гэтай перамене, з кожным разам будуць больш лагодныя (спачатку Ёну пагражала смерць у моры, цяпер ужо толькі дыскамфорт ад прыпякання галавы сонцам). Але пакуль у нас ёсць хоць крыху ранейшага чалавека, Бог рознымі спосабамі будзе правакаваць нас змяніцца і перайсці на больш высокі ўзровень.

Як далей склаўся лёс Ёны? Невядома, але крыху зменаў, напэўна, чакала яго наперадзе. Напрыклад, школа будавання адносінаў з людзьмі - ва ўсёй кнізе няма ніводнай згадкі пра сяброўства прарока з кім-небудзь.

Такое разуменне радыкалізму не з'яўляецца адным з жыццёвых правілаў, а таксама выбарам для некаторых, хто пакліканы да больш важных заданняў. Наадварот, радыкалізм становіцца выбарам кожнага паміж "жыць" або "не жыць".

Радыкалізм таксама вельмі патрэбны Богу (наколькі ўвогуле можна так гаварыць пра яго). Без Ёны і яго радыкальнай змены план навяртання язычнікаў не даў бы выніку. Калі мы не будзем паслухмяныя Божай задуме, якая з'яўляецца найлепшаю сцежкаю для нас, можам дайсці да знішчэння і завесці туды іншых людзей. А што калі нам удасца дасягнуць нашага Тарсіса і адваротнага шляху ўжо не будзе? Калі мы не адважымся скочыць у глыбіню мора? Аж страшна падумаць!

 
Чакаць світання

Раней хрысціянства, гледзячы на мазаіку ў Аквілеі, заўсёды стаяла на пазіцыі пеўня. І не таму, што ён галасісты, задзірысты і гучна заяўляе пра сябе. Хрысціянства бачыла сябе ў пеўні, бо той усю ноч чувае, чакаючы ўзыходу сонца, каб, убачыўшы яго з'яўленне, абвясціць пра гэта свету. Гэта вобраз чалавека, які ўглядаецца ў Бога і Яго волю, які ў Ім мае сваю надзею, а не спадзяецца на сваю сілу і чакае Яго прыйсця. Чарапаха ж з'яўляецца сімвалам замкнёнасці ў сабе, цяжкага панцыра, ускладняючага следаванне за Богам, санлівасці і абыякавасці - яна падобная да Ёны, які спаў на караблі па дорозе ў Тарсіс.

Сёння Касцёл сапраўды патрабуе радыкальных хрысціянаў, але радыкальных у пошуках Божай волі і выкананні яе, куды б яна ні завяла нас і чаго гэта ні каштавала б.

Пераклад з польскай мовы Іны Ламакі.
Паводле: "W drodze",
№ 11, 2011.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY