Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Дзмітрый ЗАГАЦКІ

ДАНУТА ЛОПАТ - ЛЁС АРЫСТАКРАТКІ


Данута Лопат.

Данута Ганна Лопат нарадзілася ў 1919 годзе ў Нясвіжы. Бацькі яе (дробны шляхціц Стэфан Лопат і баранэса Марыя фон Фелькерзам) па¬знаёміліся зусім як героі рамантычных гісторый. У гады Першай сусветнай вайны Стэфан, які атрымаў медыцынскую адукацыю, быў мабілізаваны доктарам у расійскую царскую армію. На вайне ён сустрэў сваё каханне. У палявым шпіталі, куды ён быў накіраваны, працавала сястрой міласэрнасці Марыя, дачка расійскага адмірала фон Фелькерзама. Дапамагаць параненым і хворым салдатам лічылася годным заняткам для дзяўчат з арыстакратычных сем’яў.

Стэфан Лопат.
Маладыя людзі вырашылі пажаніцца, але, як у сапраўднай рамантычнай гісторыі, бацькі былі супраць іх шлюбу: для фон Фелькерзамаў, якія ўваходзілі ў вышэйшы свет Пецярбурга, саюз іх дачкі з невядомым вайсковым доктарам лічыўся мезальянсам.

Аднак лёс распарадзіўся па-свойму. Неўзабаве ў Расіі выбухнула рэвалюцыя і Фелькерзамы вымушаны былі ўцякаць з Санкт-Пецярбурга да сваякоў у Германію. А Стэфан і Марыя сталі мужам і жонкай і пераехалі жыць у Брэст, які ў той час апынуўся ў складзе Польшчы. Стэфан атрымаў ад бацькоў грошы і адкрыў уласную клініку.

У Марыі і Стэфана нарадзіліся тры дачкі. Данута была другім дзіцем. У 1918 годзе нарадзілася Ірына, а ў 1921-м — Ала. У 1924 годзе сям’ю напаткала вялікае няшчасце: у маленькай Алы выявілі страшнае захворванне — запаленне абалонак галаўнога мозгу. Дзяўчынку не змаглі выратаваць, і яна літаральна згарэла ад хваробы, пражыўшы ўсяго тры гады.

Марыя фон Фелькерзам.
Сёстры Ірына і Данута выхоўваліся ў розных традыцыях. Ірына была любімай дачкой Марыі, у жылах якой цякла нямецкая кроў, і таму выхоў¬валася ў нямецкім стылі. Данута была прывязана да бацькі і гадавалася Стэфанам і яго сваякамі ў польскіх традыцыях. Маці даволі холадна ставілася да малодшай дачкі, таму Стэфан Лопат, засмучаны яе абыякавасцю, вырашыў аддаць Дануту ў школу пры манастыры сясцёр назарэтанак у Варшаве, дзе дзяўчына правяла адзінаццаць гадоў свайго жыцця. У красавіку 1931 года сям’ю Лопатаў напаткала новая трагедыя: Стэфан, які ўсё жыццё прысвяціў лячэнню хворых, памёр з-за памылкі дактароў (прычынай смерці сталі ўскладненні пасля няўдала зробленай аперацыі). Пахавалі Стэфана на старых каталіцкіх могілках у вёсцы Дарава (Ляхавіцкі раён), недалёка ад маёнтка, дзе ён нарадзіўся. Яго смерць стала сапраўднай сямейнай трагедыяй і шокам для супрацоўнікаў яго клінікі. Пазней Данута Лопат прысвяціла яму шчымлівы аўтабіяграфічны верш на польскай мове:

Цвінтару дараўскі,
хаваеш магілы нашых айцоў, сясцёр
                                   і братоў, да цябе прыбылых,
ад свежых магілаў балюча мне стала.
Айцову магілу яны нагадалі.

Мой татачка любы, хоць зоркі і месяц
так ззяюць на небе, не бачу цябе я!

Уначы толькі снішся мне ціха, таемна.
Хоць няма тут цябе, адчуваю — ты побач.
Даўно ўжо знікла сям’і нашай кола,
няма ўжо мамы, сясцёр і цябе.
Так дрэнна мне, татачка, без цябе!

Бачу Брэст Літоўскі і бальніцу нашу,
старую Юльку кухарку і вулачку бачу,
якой мяне Юзаф у школу праводзіў штодня.

Цябе, ойча, бачу, як у белым халаце
ціха, бясшумна ходзіш па палатах,
чуваеш над чалавечым жыццём, што як свечка:
увечары свеціць ясна, а ранкам ужо гасне.

Дамоў хачу вярнуцца, да труны тваёй,
пасля сысці ціхутка ды зноў быць з табой.

Данута скончыла школу незадоўга перад Другой сусветнай вайной. Дзяўчына вырашыла стаць медсястрой. Першым месцам яе працы быў шпіталь у Харошчы. Калі Германія напала на Польшчу, а праз сямнаццаць дзён на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Украіны ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, Данута вырашыла збегчы ў Румынію, але за дваццаць кіламетраў ад мяжы была затрымана супрацоўнікамі НКУС. Некалькі месяцаў яна правяла ў турме ў Вінніцы, а ў чэрвені 1940 г. за спробу перасячэння мяжы была асу¬джана на пяць гадоў працоўных лагераў і адпраўлена ў Сібір. Пазней яна так успамінала аб судовым працэсе: «У канцы чэрвеня я была ўначы выклікана ў залу суда. Зала суда знаходзілася ў будынку турмы, дзесьці ў склепе, недалёка ад карцара. Я мела “шчасце” не раз наведаць карцар і нават некалькі разоў была “жыхаркай” гэтага памяшкання памерам метр на паўтара. У зале стаяў вялікі стол і некалькі крэслаў, знаходзілася там каля дваццаці мужчын у мундзірах. Старшынёй суда быў начальнік турмы. Маленькі, руды, несімпатычны чалавек. У суправаджэнні двух су¬працоўнікаў НКУС я прадстала перад судом. “Ветлівыя” спадары сядзелі за сталом, а я разам з канваірамі стаяла. Зачыталі мне прысуд на падставе артыкула 254 (мусіць). Жаданне перайсці мяжу, хоць да мяжы было не менш дваццаці кіламетраў і некалькі гор. Я атрымала 5 гадоў сібірскіх лагераў. Расхваляваўшыся, я засмяялася. Высокі суд глядзіць са здзіўленнем на маю дзёрзкасць. Старшыня сказаў, што я магу напісаць Сталіну ліст з просьбай аб скарачэнні тэрміну. Я ўжо ведала эфекты падобных лістоў пасля шматмесячнага знаходжання ў Вінніцы і зноў засмяялася. Мусіць, гэта было мяжой нервовай узрушанасці! Мяне спыталі: “Чаму вы смеяцеся?”. Я адказала, што не моцна засмучаная гэтым тэрмінам, таму што не адседжу яго да канца. Здзіўленне суда было яшчэ большым. Старшыня спытаў, чаму я не адседжу вызначанага тэрміну. Я адказала: “Таму, што неўзабаве Германія абвесціць вайну СССР”. У зале запанавала цішыня. Потым яны загадалі праводзіць мяне ў карцар. Гэта быў апошні карцар у Вінніцы, нас ужо рыхтавалі да адпраўкі ў Сібір».

Данута Лопат разам з мужам Станіславам Касінам, 1943 г.
Як вядома, пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз Сталін даў згоду на фарміраванне з былых польскіх ваеннапалонных войска пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Даведаўшыся аб гэтым, Данута Лопат разам з дзвюма сяброўкамі, не маючы ежы і грошай, мінула дзясяткі кіламетраў, каб дасягнуць базы генерала Андэрса ў Бузулуку. Там яна адразу атрымала працу ў палявым шпіталі, куды прыбывалі былыя зняволеныя, змучаныя хваробамі. Данута Лопат прайшла з войскам генерала Андэрса ўвесь баявы шлях. У 1943 годзе ў Тэгеране яна выйшла замуж за хірурга Станіслава Касіну, таксама былога ваеннапалоннага. У наступным годзе Данута, ужо цяжарная, дзяжурыла пры цяжкім пацыенце, і ён выпадкова стукнуў яе ў жывот, з-за чаго дзіця памерла адразу пасля нараджэння.

Пасля заканчэння вайны Данута з мужам жыла ў Вялікабрытаніі. Многія салдаты з арміі Андэрса не жадалі тады вяртацца на Радзіму, баючыся палітычных рэпрэсій, аднак Данута вельмі хацела дадому і настаяла на вяртанні ў Польшчу. У пасляваенны час Данута Лопат-Касіна працавала медсястрой у варшаўскім шпіталі, выкладала ў школе для медсясцёр. У 1960 годзе яна пачала працу на студыі медыцынскіх фільмаў: пісала сцэнары, займалася рэжысурай. Яе аўтарству належаць два падручнікі для медсясцёр, якія асісціруюць пры аперацыях. Памерла Данута Лопат у 2000 годзе, пахавана ў Варшаве.

Данута Лопат

* * *

Дзе вы, кветкі палявыя?
Тыя, з наваградскай зямлі,
што, галовы схіліўшы, пад ногі ляглі,
калі я хадзіла ў ліпені рана
чабор, ружы й валошкі ў букеты збірала.

Ці спяваюць там птушкі: івалгі й салоўкі?
Ці хоркае дзік, дзяцел стукае зноўку?

Не чую шум ветру, не бачу таполяў,
што стаяць у задуменні, не ведаюць болю
быць далёка ад іх, ад магілаў родных,
сярод многіх іншых так моцна адрозных.

Не ведаю, ці вярнуся яшчэ на айчыну,
і цётка пакліча: «Любая дзяўчынка,
скажы, бо не бачу, што тут напісана?».
І Анэля запросіць супольна вячэраць,
з касцёла вясковага звон так старанна
малітву вячэрнюю зараз абвесціць.

Коні на вадапоі заіржуць вясёла,
Болек даў ім сена, так паўсюль наўкола.
Сабака сам забрэша на ворагаў далёкіх,
госць, што прыпазніўся, прыйдзе да парога.

Гэта мроі, прывідныя мары!
Тлумяць голаў маладую, чаму —
                                   не растлумачыць.
Цётка не пакліча, бо ўжо ў магіле,
бабуля, Янак, Ганулька ўжо сюды не прыйдуць,
пра іх засталіся толькі ўспаміны,
там, у зямлі сібірскай, целы іх спачылі.

Падрыхтаваў Дзмітрый Загацкі.

Успаміны Дануты Лопaт аб знаходжанні ў турме ў Вінніцы, а таксама матэрыялы аб яе жыцці былі ласкава перададзены аўтару яе дачкой Марыяй Касіна.

Пераклад вершаў з польскай мовы Юліі Шэдзько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY