ПРА ДАРАВАННЕ
Папа Рымскі просіць даравання.
Папа кленчыць каля ўкрыжавання, -
згадвае Ісусаў запавет...
Слухае і бачыць цэлы свет.
Чуе, пэўна, і мая краіна.
Боль кальнуў маю душу раўніва,
калі я пачуў тую Імшу.
Устрывожыў боль маю душу.
Хто і як: з амбону ці на пляцы,
галаву схіліўшы пры распяцці,
на вачах сусвету усяго, -
да народа звернецца майго?
Ды прамовіць у глыбокай скрусе:
"Выбачайце, людзі Беларусі!
Бачыць Бог і Сын Яго Ісус:
Просім даравання, беларус!
Просім даравання за ўсе беды,
за падман і крыўды, што ты зведаў,
за знявагу, здзекі і разбой,
што ўчынялі злыдні над табой".
Мы ці дачакаемся такога?
Калі не - то на якога Бога
можам спадзявацца мы тады?
Можа, толькі на сябе, браты?
Папа Рымскі просіць даравання.
Папа кленчыць каля ўкрыжавання.
Промень міласэрнасці не згас...
Хто папросіць даравання ў нас?
I калі надыдзе гэты час?
РАНІШНЯЯ ТУГА
Прыснілася нешта такое
у перадсвітальнай цішы,
што абудзіўся з тугою -
з вялікай тугой на душы.
Па чым так душа затужыла? -
падумалася мне, -
якая туга ўзварушыла,
запаланіла яе?
Можа, туга па нечым,
што было ды сышло?
Можа, туга па сустрэчы,
якая не збудзецца ўжо?
Можа, туга па бліжніх,
якіх няма ў жывых?
Па іх галасах і абліччах?..
Як не тужыць па іх!
Туга па маладосці,
па незабыўнай вясне?
Туга па прыгажосці,
па незвычайнай красе?..
Пытаўся - не чуў адказу,
што за туга надышла.
Адно адчуваў выразна:
тужыла па нечым душа.
НАКОНТ HOMO SAPIENS
Якія мы падобныя
і якія розныя!
Якія мы добрыя
і якія злосныя!
Якія мы разумныя
і якія бязглуздыя!
Якія мы сумныя
і якія шустрыя!
Якія мы крылатыя
і якія бяскрылыя!
Якія мы заўзятыя
і якія панылыя!
Пафас і іронія,
зло і дабро прасветлае...
Вось такая гармонія,
вось такая сіметрыя.
То любім і ашчаджаем,
то губім адзін аднога.
Ды голасна сцвярджаем,
што ўсе ходзім пад Богам.
Каб так сапраўды хадзілі,
гэтак глядзелі на рэчы, -
то быў бы напраўду адзіны
род наш чалавечы.
ДАЖЫВАЕМ?
Маім равеснікам
Няпростая гэта рэч - дажываць…
Ці то сумаваць, ці то спяваць?
Свіціцца апошняй прышласці край,
затое мінулага хоць адбаўляй.
Нялёгкая гэта рэч - дажываць…
З чым разрываць, а што шанаваць?
Чым яшчэ болей даражыць, -
каб годна ўсё-такі дажыць?
Складаная гэта рэч - дажываць…
Ці то бедаваць, ці то трываць
ды ўсведамляць, што лятальны зыход -
збаўленне ад столькіх турбот і нягод?
Няпэўная гэта рэч - дажываць…
Ці то планаваць, ці то рахаваць?
Рахуба не згуба? Ну так, але ж
размова ідзе пра апошні рубеж.
Няўмольная гэта рэч - дажываць…
Таму, што было, ужо не бываць,
таго, што будзе, не мінаваць.
Як быць тут? Смяяцца ці смуткаваць?
Ці то парывацца, ці то існаваць?
Жыць як набяжыць? Жыць! Дажываць…
БЕЛАРУСЫ СВЕТУ
Прысвячаецца ўдзельнікам
VI з'езда беларусаў свету,
які адбыўся 23-24 ліпеня 2013 г.
Зямля поўніцца чуткамі,
што парой летняй, светлай
зноў збіраюцца разам
беларусы свету.
Беларусы свету.
Беларусы сусвету зямнога…
Іх ні многа, ні мала,
а нагодаў ім выпала многа.
Раскідала нядоля іх
па ўсім свеце белым.
А ім хочацца быць
непадзельным цэлым.
Свет палюе на іх:
інтэграцыя, асіміляцыя…
А ім хочацца быць
беларускім народам, быць нацыяй.
Развяло іх жыццё:
там дыяспара, тут - метраполія…
А душа ў іх адна,
і ў іх мова адна, супольная.
І жаданне адно ў іх -
быць сабою самімі,
жыць па праўдзе сваёй,
са сваімі абліччам і імем.
І адны ў іх спадзеў і вера -
каб не собіла Беларусі
быць аскепкам нейчай імперыі
альбо ў нейкім саюзе-хаўрусе.
Так, турбота адна ў іх,
ва ўсіх беларусаў свету,
не была каб краіна
нейчай разменнай манетай,
не была ўсяго толькі
транзітнаю тэрыторыяй,
калідорам, афшорам
ці іншай такою прастораю…
З якой марай яшчэ,
з якой запаветнаю мэтай
зноў сабраліся сёння
беларусы свету?
Пэўна ж, разам сустрэліся,
каб паклонам зямным пакланіцца
ценям продкаў сваіх
ды вытокам сваім і крыніцам.
Пакланіцца святым.
І яшчэ памаліцца, магчыма,
нібы "Ойча наш",
ціха прамовіць: "О, наша Айчына!"
Беларусы свету
зноў сышліся раднёю адзінай.
Не забыліся, значыць,
пра сябе, пра сваю Радзіму.
Выглядае: з усіх людзей
мы не горшыя ў свеце людзі.
І жыве надзея з надзей,
што жыве Беларусь і жыць будзе!
ЛІСТ АПОШНІ - ПЕРШЫ СНЕГ
Марыі Захарэвіч -
у дзень нараджэння
Вось якая тут нагода!
Вось якая тут пагода!
Не пазнаў я дрэў і стрэх.
Была восень залатая.
Ліст апошні адлятае -
прылятае першы снег.
Вось якое супадзенне!
Вось якая тут падзея!
Вось які двайны сюрпрыз!
Снег нам душы ачышчае,
а афіша абвяшчае
у твой гонар бенефіс.
Белізна змяняе барвы.
А ў прыродзе ўсё нядарма.
У прыродзе і ў жыцці…
Дзе жыццё, а дзе забава?
Дзе гульня - ігра, дзе справа?
Як тут розніцу знайсці?
Твае ролі -- твае болі,
твае мукі і любові,
твае лецейкі і золь.
Твае ролі - твая доля.
А ўсіх роляў тваіх роля -
Беларусі роднай боль.
|