|
|
№
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Маналог святара
Навука
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
Пераклады
Па родным краі
Нашы святыні
Па родным краі
Асобы
Галерэя
|
Гісторыя Ліды сягае ў глыб стагоддзяў. Звесткі пра час узнікнення горада супярэчлівыя: ад 1180 да 1380 года. Тэадор Нарбут пісаў у сваёй "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" аб княстве Дайнова і заснаванні Ліды ў 1180 годзе. Найбольш праўдападобнай датай з'яўляецца 1323 г. - пачатак будаўніцтва вялікім князем ВКЛ Гедымінам (1316-1341 гг.) Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад . На працягу 1323-1328 гг. Гедымін узвёў каля балцкага паселішча Ліда, заснаванага паміж Х-ХІІ стст., магутны каменны замак з сотняй байніцаў і чатырохпавярховай вежай. З 30-х гг. XIV ст. Ліда пачынае фігураваць у кантэксце розных падзеяў на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам, горад упершыню згадваецца ў адзін год са сталіцай дзяржавы Вільняй. Большасць яго насельнікаў былі язычнікамі, але паступова распаўсюджвалася і хрысціянства. У першай палове XIV ст. горад дзякуючы замку быў адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. Ліда становіцца цэнтрам намесніцтва, вядомага з 1382 г., а потым і павета ў складзе Віленскага ваяводства. Павет меў сваю харугву чырвонага колеру з выявай Пагоні . Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, каля якога ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы - Кракава. Такое геаграфічнае размяшчэнне Ліды, разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвюх дзяржаваў сустрэчы, перамовы, урачыстасці . Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з Захаду.
Новы перыяд хрысціянскай гісторыі Лідчыны пачынаецца з заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Ёсць звесткі, што ў горадзе адбылася выдача дзяржаўных грамат, звязаных з хрышчэннем Літвы . У 1387 г. была створана Віленская рыма-каталіцкая дыяцэзія, ва ўласнасць якой вялікі князь перадаў воласць Дуброўна каля Ліды. У 1387 г. Ягайла заснаваў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ і перадаў яму вёску, якая цяпер называецца Плябанцы, а таксама даход з нейкай іншай воласці, зямлю "на 6 сох", 3 плацы, лугі і корчмы, дзесяціну з усёй каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ . Касцёл знаходзіўся на падзамчышчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў Віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію. Але і гэты касцёл згарэў у 1406 годзе. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі і Усіх Святых.
У Метрыцы ВКЛ лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік лідскага дзяржаўцы Юрыя Ільініча не аддаў арыштаванага слугу гетмана Канстанціна Астрожскага, калі "тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски, на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы". Падчас спусташальнай вайны 1654-1663 гг. горад быў цалкам знішчаны. У тэксце візітацыі касцёлаў Віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім пра лідскі касцёл зроблены наступны запіс: "Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны падчас знаходжання візітатара". (З дрэва гэтага касцёла потым была пабудавана ўніяцкая царква Уваскрасення Гасподняга.) Пры касцёле былі капліцы: у Чэхаўцах, Перапечыцы, на гарадскіх могілках (св. Барбары, пабудавана ў 1805 г.), у Востраве (на свае сродкі фундаваў Тадэвуш Нарбут, ліквідавана ў 1866 г.) і філіяльны касцёл у Кір'янаўцах (фундаваны ў 1602 г. Марцінам Курчам, ліквідаваны ў 1866 г.). Як філіяльны ў 1460 г. Ганнай Давойнай быў фундаваны касцёл у Крупаве. У другой палове XVIII ст. у Лідзе, верагодна, па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы быў пабудаваны ў стылі барока фарны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу. Будаўніцтва новага мураванага касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Тамаша Зянкевіча, які выканаў тэстамэнт свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча († 23.01.1762) (перад тым як у 1747 г. стаць Віленскім біскупам, ён быў лідскім пробашчам). У тэстамэнце, напісаным у 1761 г., ён рэкамендаваў прыцягнуць да будаўніцтва Ёгана Крыштафа Глаўбіца або "каго-небудзь яшчэ, добрага". Касцёл пачалі будаваць на новым месцы, але недалёка ад старой святыні. Новы касцёл быў асвечаны ў 1768 ці 1780 годзе. Свой агульны выгляд касцёл захаваў да нашага часу, аднак вядома, што першапачаткова ён меў дзве трохузроўневыя вежы. У новы касцёл былі перанесеныя некаторыя рэчы са старога: абразы, хрысцільня з драўлянаю статуяй св. Яна Хрысціцеля і арган (другі арган быў перанесены з крупаўскага касцёла). Новы касцёл меў сем алтароў: тры з іх (у тым ліку і галоўны) мураваныя, размаляваныя пад мармур, бочныя алтары - у блакітна-ружовых фарбах. У галоўным алтары знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай Ружанцовай. Пра Божыя ласкі, атрыманыя праз гэты абраз, сведчылі запісы ў "Кнізе цудаў". У алтары былі чатыры драўляныя фігуры: злева св. Пётр і св. Станіслаў, справа св. Павел і св. Казімір, а над імі - чатыры стукавыя (штучны мармур) анёлкі. Другія два мураваныя алтары былі пад тытуламі Яна Непамука і Бічавання Хрыста. Алтар св. Яна Непамука ў верхняй частцы меў маляваны на сцяне абраз Найсвяцейшай Панны Ружанцовай, алтар Бічавання - абраз св. апостала Тамаша. Два алтары, якія знаходзяцца пры ўнутрыкасцёльных слупах, мелі мураваныя прастолы з абразамі св. Антонія і св. Юзафа, якія былі перанесеныя са старога касцёла. Іншыя два алтары пры бочных сценах - пад тытулам св. Барбары і св. Івона. Сцены і столь прэзбітэрыя пакрывалі малюнкі. Падлога выкладзена каменнымі плітамі, але пад лаўкамі і па баках была выкладзена цэглаю. Унутранае абсталяванне касцёла ў асноўным захавалася да нашых дзён.
З-за памылак у праектаванні і будаўніцтве касцёла, а таксама з-за "надта дрэннага матэрыялу" ўжо ў 1777 г. касцёл патрабаваў рамонту, што напісана і ў візітацыі 1782 года. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў і сценаў; да таго ж ветрам павыбівала шыбы і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў. У 1790 г. на грошы ксяндза Вінцэнта Нарбута быў устаноўлены новы арган. На жаль, у 1791 г. касцёл пацярпеў ад расейскага войска. Рамонт праводзіўся ў 1782-1790 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам. Канчаткова касцёл быў адрамантаваны да 1792 года. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла, папраўленыя пілястры і вокны, дах пакрыты гонтай, сігнатурка над прэзбітэрыем пакрыта бляхай. Цікава было б пабачыць малюнак лідскага фарнага касцёла да перабудовы, з дзвюма вежамі, але падобна, што такога малюнка не існуе... У 1794 г. значная частка касцёльнага срэбра пайшла для падтрымкі паўстання, а касцёл быў яшчэ раз разрабаваны расейскім войскам. У першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. былі пабудаваны ўсе касцёльныя пабудовы: шпіталь, могілкі, новая плябанія (1818 г.) і закончаны рамонты. Зроблены два новыя алтары: святых Сымона і апостала Юды, св. Тэклі і св. Барбары. У той жа час у галоўным алтары быў устаноўлены абраз "Хрыстус падае пад крыжам". У 1826 г. пажар знішчыў дах і вокны касцёла, згарэў таксама і шпіталь - страты былі вялікімі, бо яшчэ ў 1832 г. рамонт касцёла не закончыўся. На пачатку сакавіка 1832 г. у дадатак да павятовай у Лідзе была створана і гарадская паліцыя, і ўжо 12 сакавіка 1832 г. выконваючы абавязкі лідскага гараднічага падпалкоўнік Верашчак для пакарання каталіцкага святарства за падтрымку паўстання пачаў цяжбу з лідскімі касцёламі. З архіўных дакументаў добра бачны фінансавы стан фарнага касцёла, упамінаюцца і расейскія вайсковыя рэквізіцыі. Лідскі гараднічы дакладаў Гродзенскаму губернатару Мураўёву рапартам "аб належным стане каталіцкіх цэркваў у г. Ліда". Сярод іншага падпалкоўнік пісаў: "Настаяцелі тутэйшых манастыроў, маючы дастатковыя даходы на ўтрыманне малалікага духавенства і, хоць звыш гэтага, як я пацікавіўся, маюць яшчэ і ахвяраванні абывацеляў, складкі, ... але дагэтуль каталіцкія цэрквы ... без дахаў, агароджы і не атынкаваныя, таму 2 сакавіка я папярэдзіў настаяцеляў манастыроў, каб яны прынялі меры па прывядзенню ў належны выгляд <...> асмельваюся спытаць Ваша правасхадзіцельства, ці магу я ў выпадку ўхілення змусіць мерамі паліцэйскімі да выканання ... прапановы". Гродзенскі губернатар 29 сакавіка піша ў Віленскую кансісторыю і выкладае ёй патрабаванні гараднічага. 12 красавіка губернатар атрымлівае адказ, што кансісторыя прадпісала лідскаму дэкану кс. Лінкіму абавязаць пробашчаў неадкладна адрамантаваць, па магчымасці, касцёлы, кляштары і агароджы, якія ім належаць, у тым ліку фарны касцёл. Пасля скасавання ордэну піяраў у 1844 г. фарны касцёл прыняў звон, ацалелы падчас пажару піярскага кляштара. У 1847 г. быў пабудаваны новы шпіталь для ўбогіх, а ў 1856 г. адрамантаваны арган. Вялікі рамонт усяго касцёла праводзіўся ў 1861 годзе. У 1878 г. быў адноўлены франтон святыні. Чарговы рамонт зроблены ў 1886-1892 гг. У 1906-1909 гг. пры пробашчу Юзафу Шкопу былі адноўленыя тынкоўка, насценныя малюнкі, алтары. У 1960-я гады была разабрана агароджа касцёла разам з брамаю, што выклікала моцныя хваляванні сярод парафіянаў, але іх намаганні ўратаваць святыню былі марнымі. Сапраўднае адраджэнне фарнага касцёла і парафіі пачалося на пачатку 1990-х гадоў. Цяпер гэта адна з найбольшых каталіцкіх супольнасцяў на Лідчыне.
|
|
|