|
|
№
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Маналог святара
Навука
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
Пераклады
Па родным краі
Нашы святыні
Па родным краі
Асобы
Галерэя
|
З творчасцю Марціна Шангаўэра (к. 1435/40–1491) у нямецкім мастацтве заканчвалася эпоха готыкі і адкрываўся свет Рэнесанса. Ён першы ў шэрагу вялікіх мастакоў і графікаў Германіі Новага часу — усё пачыналася з яго. Слава мастака шырока распаўсюдзілася ў Европе — яго імя і творы, перш за ўсё гравюры, атрымалі папулярнасць у Італіі, дзе доўгі час мала ведалі нямецкае мастацтва. Марцін Шангаўэр нарадзіўся ў Кольмары, на Верхнім Рэйне, у сям’і залатых спраў майстра, які перасяліўся з Аўгсбурга. Двое з яго братоў таксама сталі мастакамі: Паўлюс працягнуў бацькаву справу, а Людвіг стаў жывапісцам. Натуральна, што першыя веды па мастацтве юны Марцін атрымаў у майстэрні бацькі. Спецыялісты мяркуюць, што потым ён мог вучыцца жывапісу ў ананімнага Майстра Штаўфэнбергскага Алтара, а майстэрству гравюры на метале — у альзасца Лупрэхта Руста. У цэлым пра мастака засталося вельмі мала біяграфічных звестак. Ёсць пісьмовае сведчанне аб тым, што ён накіраваўся ў Нідэрланды і вучыўся ў знакамітага Рагіра ван дэр Вэйдэна. Шангаўэр (што было рэдкім у той час) зрабіў падарожжа па моры ў Іспанію. Каля 1460 года ён канчаткова асеў у родным Кoльмары. Маляваў алтарныя карціны для касцёлаў і кляштараў у гарадах Германіі. Памёр, хутчэй за ўсё, падчас эпідэміі чумы ў Брайзаху або ў Кольмары. Нямецкі мастацтвазнаўца Герт Зёдэр так вызначыў прычыны неўміручай славы Шангаўэра ў еўрапейскім мастацтве: «Гэтае захапленне ёсць выразам ўдалага спалучэння самых перадавых верхнерэйнскіх традыцый мастацтва і ўзорна ўспрынятага нідэрландскага жывапісу з самастойнай творчасцю, поўнай эмацыйнай пранікнёнасці і жывапіснай прыгажосці. Аднак яно таксама ўвасабляе пачатак вызвалення мастака з стану рамесніка і з-пад прыгнёту цэха»1.
Невялічкая карціна (як кажуць музейшчыкі на сваім слэнгу, «карцінка») «Пакланенне пастухоў» належыць да спелага перыяду творчасці ўжо прызнанага мастака. Ён выканаў шэраг работ для ўпрыгожвання касцёлаў, валодаў тэхнікай фрэскі (на жаль, з яго спадчыны засталося мала, у тагачасных дакументах згадваецца значна больш яго твораў). Але, безумоўна, у маленькім па памеры творы ў Шангаўэра спрацоўваў даўні інстынкт спадчыннага залатых спраў майстра. У берлінскай карціне найбольш адчуваецца подых нідэрландскага жывапісу, якім ён натхняўся. Месца дзеі з цяжкасцю можна назваць інтэр’ерам. Фігурная кампазіцыя разгортваецца пад навесам, адкрытым у краявід з трох бакоў. Каля ніжняга краю карціны ў левым куце мастак паказаў няхітрыя рэчы ганімых падарожнікаў: два клункі ды крывы дарожны кій — вось уся маёмасць Святой Сям’і. Але самае каштоўнае — чырвоная тканіна з залатой вышыўкай – служыць першым прытулкам для Немаўляткі. Маленькае, здаецца, бездапаможнае цельца Езуса ляжыць на белай пялюшцы, якая разам з чырванню посцілкі стварае сімвалічную гаму чысціні і ахвяры. Але ручкі Дзіцяці складзены ў малітоўным жэсце, якім Ён адказвае на пакланенне людзей каля Яго. Мадонна ўкленчыла над Езусам і моліцца. Цёмна-сіні колер Яе шатаў ламанымі гатычнымі складкамі залівае чырвань посцілкі халоднай плынню. Танюсенькім пэндзлем мастак вымалёўвае пяшчотныя рысы маладога твару Марыі, кучаравыя пасмы Яе валасоў, што спадаюць на плечы. Вобраз Мадонны – цэнтральны ў карціне, у ім увасобілася ўся сіла веры хрысціянскага мастака. За Мадоннай стаіць св. Юзаф — пажылы чалавек з сівой барадой. Яго тонкія рукі счапіліся пальцамі — у гэтым жэсце мастак працягвае тэму хвалявання і трывогі, што апанавалі Юзафа, адказнага за Сям’ю ў цяжкіх абставінах. Яркая чырвань яго вопраткі побач з халодным колерам у постаці Мадонны набывае яшчэ больш вострую драматычную інтанацыю і працягвае каларыстычную дамінанту, заяўленую мастаком у колеравым атачэнні фігуры Дзіцяці. Проста над Езусам — галовы вала і асла. У маленькай прасторы хлява ледзь хапае месца. А ў правай частцы карціны, ужо па-за навесам, мастак паказаў фігуры трох пастухоў, сведкаў цуду нараджэння Збаўцы. Простыя людзі ў лахманах здымаюць капелюшы і ўкленчваюць перад Хрыстом. У іх тварах адлюстраваліся ўсхваляванасць і радасць. Яны — першыя пасланцы чалавецтва, далучаныя да Хрыста. А на фоне карціны разгортваецца краявід: у левай частцы гэта падобны да сцэнічнай дэкарацыі пагорак з раслінамі на паверхні, а ў правай — далёкая перспектыва, якую задаюць рака, ціхамірнае мястэчка з белымі домікамі і пагоркі-палі да самага далягляду.
...Тут дзея разгортваецца ўжо не пад хісткім навесам, а ў архітэктурным асяроддзі. Мастак дае прытулак Святой Сям’і ў закутку закінутай пабудовы з гатычнымі скляпеннямі і аркадай. Тэма пакланення набывае, такім чынам, больш урачыстае гучанне, становіцца правобразам Імшы. Святая Сям’я спынілася ў паўразбуранай пабудове, але ў архітэктуры чытаецца выразны нямецкі рацыянальны пачатак. Сцяну на першым плане нехта, здаецца, знарок разабраў, каб адкрыць для нас камерную і ў той жа час велічную сцэну пакланення Дзіцяці. Каменныя квадры, амаль некранутыя разбурэннем, ляжаць у ранейшым парадку. І толькі вышэй, на стрэлістай арцы, камень точаць шчыліны і селяцца на канструкцыі паўзучыя расліны. Па пластыцы цэнтральныя фігуры кампазіцыі значна больш дынамічныя, чым у жывапісным творы. Мастак дэманструе тут абсалютна новую для нямецкай гравюры віртуознасць штрыха і святлаценевых кантрастаў. Паўстае вечнае пытанне адносна іерархіі жанраў і відаў мастацтва. Ці традыцыйная (некаляровая) гравюра менш багатая за жывапіс, які валодае бясконцасцю колераў і адценняў? На гэта дае адказ пецярбургскі знаўца нямецкага мастацтва Цэцылія Нэсельштраўс: «Шангаўэр упарадкаваў штрыхоўку, распрацаваўшы градацыі перакрыжаваных штрыхоў. Гэта дазволіла значна пашырыць дыяпазон тонавых пераходаў ад светлага да цёмнага і дамагчыся глыбіні ценяў»2. Пераканайцеся ў гэтым самі, параўноўваючы два творы. Графічны аркуш не саступае па сіле выразнасці жывапісу. Кампазіцыя медзярыта больш сканцэнтраваная, больш «рэч у сабе», і гэтаму спрыяе кампазіцыйны каркас архітэктуры. Але Шангаўэр не быў бы немцам, калі б адмовіўся ад галасоў, што ўплятаюцца ў агульны хор услаўлення Усявышняга. На арцы, у самым правым верхнім кутку аркуша — тры анёлы спяваюць, разгортваючы перад сабою доўгі скрутак. Праз цэнтральную арку бачны яшчэ адзін нябесны вястун — ён прывёў пастухоў да сціплага прытулка Святой Сям’і. Самы смелы з іх ужо ўкленчвае на парозе, стукаючы кіем па каменнай падлозе... Свет радуецца і святкуе! Просты люд першым пачуў Добрую навіну пра Нараджэнне Езуса. Узрадуемся ж і мы!
|
|
|