Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Роберт МАЦІЕЎСКІ

ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ СТВАРЭННЯ?
ДЫСКУСІЯ ВАКОЛ ЭКСПЕРЫМЕНТА ПА КЛАНАВАННІ

Тэхнікі кланавання чалавечага эмбрыёна

Кланаванне - гэта кірунак сучаснай генетыкі, які заключаецца ў атрыманні клонаў арганізмаў, што размнажаюцца палавым шляхам. Клон - гэта патомства адной істоты, ідэнтычнае між сабою і з мацярынскаю істотаю паводле спадчынных уласцівасцяў. Мацярынскую істоту размнажаюць непалавым шляхам: кланаванне заключаецца ў прышчэпе ядра клеткі аднаго арганізма да іншага. Такім чынам, тэрмін "кланаванне" ўжываецца для азначэння стварэння істоты шляхам развіцця рэканструяванага зародка.

Кланаванне як спосаб размнажэння паспяхова выкарыстоўваецца ў раслінным свеце. Яно адбываецца праз атожылкі, клубні, цыбуліны, а таксама шляхам акуліроўкі - кланавання бульбы. З кавалка бульбіны, пакладзенага ў зямлю, вырастае цэлая расліна з клубнямі. Клоны бактэрый і іншых аднаклеткавых арганізмаў узнікаюць шляхам падзелу клеткі.

У прыродзе існуе таксама кланаванне шматклетачных арганізмаў, заснаванае на выкарыстанні здольнасці зіготы1, якая ўзнікае са спалучэння дзвюх гаметаў2, да дзялення. Праз 24 гадзіны зігота дзеліцца на дзве клеткі. Гэты працэс працягваецца далей і адбываецца ўсё хутчэй. Такім чынам развіваецца новы арганізм. Але існуе магчымасць змяніць натуральны працэс. Памнажаючыся, клеткі зародка замест адной утвараюць дзве асобныя групы. Такім чынам адбываецца натуральнае кланаванне, падзел зіготы на два зародкі, што вядзе да нараджэння двайнятаў.

Цяпер можна выклікаць гэты працэс штучным чынам. У такім выпадку зігота ўтвараецца непалавым шляхам: метадам штучнага злучэння элементаў дзвюх клетак, з якіх адна - жаночая генератыўная клетка, пазбаўленая ядра, а другая - ядро клеткі (ДНК), узятае з цела іншага арганізма. Прэпараваная яйцаклетка адказвае за дзяленне клетак. Ядро іншай клеткі з генетычным кодам гарантуе падабенства да ўласніка выбранай клеткі. Злучаючы такім чынам прэпараваныя клеткі, а пазней прышчапляючы іх да падрыхтаванай маткі самкі гэтага віду, можна стварыць неабмежаваную колькасць копій пэўнай істоты. Сёння існуюць два асноўныя віды кланавання: метад трансплантацыі ядра клеткі і метад падвойнага дзялення. <...>

Першы распачынаецца з падрыхтоўкі ядра саматычнай клеткі; яно павінна будзе кіраваць далейшым развіцём яйцаклеткі. Пасля адбываецца прэпарацыя ядра яйцаклеткі і прышчапленне на яго месца ядра саматычнай клеткі. Апошні этап - перанясенне атрыманай такім шляхам зіготы ў родавыя органы самкі.

У адпаведных умовах прышчэпленае ядро саматычнай клеткі перапраграмуецца і атрымлівае рысы ядра зародка на першапачатковым этапе развіцця. Далейшае яго развіццё ідзе ужо пад кантролем геному імплантаванага ядра. ДНК ядра ўтворанай такім шляхам істоты ідэнтычная той, якую мае імплантаванае ядро, а цытаплазматычная (мітахандрыяльная) ДНК паходзіць з аацыту рэцыпіента. У выніку новы арганізм мае блізкае падабенства да даўцы ядра, але не ідэнтычны з ім. Іншымі словамі, істота, прадукаваная шляхам замяшчэння ядра, не з'яўляецца дакладным клонам, хоць і называецца так у навуковай тэрміналогіі.

Другі метад заключаецца ў мікрахірургічным рассячэнні эмбрыёна, які знаходзіцца на стадыі развіцця ад дзвюх да васьмі клетак. Гэтая тэхніка заснаваная на выкарыстанні татыпатэнтнай здольнасці клетак эмбрыёна на ранніх этапах развіцця. Такім чынам можна атрымаць моназіготных блізнятаў, якія будуць мець ідэнтычную бялковую структуру і аднолькавыя генетычныя рысы, у такім выпадку блізняты будуць клонамі адно аднаго. <...>

У біялагічных катэгорыях кланаванне адбываецца без удзелу дзвюх гаметаў. Апладненне, у вузкім сэнсе слова, замяшчаецца фузіяй - злучэннем ядра, узятага з саматычнай клеткі кланаванай істоты або цэлай саматычнай клеткі з яйцаклеткай, пазбаўленай ядра, якая, такім чынам, не мае мацярынскага геному. Паколькі ядро саматычнай клеткі захоўвае ў сабе ўвесь генетычны матэрыял, новая істота, калі не адбудзецца ніякіх мутацый, з'яўляецца генетычна ідэнтычнай даўцы клетачнага ядра <...> - саматычнай рэплікай. <...> Такі вынік выклікае найбольш непакою з прычыны эксперыментаў на людзях.

Упершыню эксперымент па кланаванні чалавечых эмбрыёнаў здзейснілі Джэры Хол і Роберт Сцілмэн ва Універсітэце Джорджа Вашынгтона ў 1993 годзе. Яны правялі эксперымент, у выніку якога з 17 чалавечых эмбрыёнаў "стварылі" 48 эмбрыёнаў. Мэтаю эксперымента было, апроч іншага, даць магчымасць нарадзіць патомства няплодным парам. Эмбрыёны, выкарыстаныя ў даследаванні, былі поліспермічнымі (апладнёнымі некалькімі сперматазоідамі) і не маглі нармальна развівацца пасля імплантацыі ў мацярынскі арганізм. Найпазнейшай стадыяй развіцця, пры якой атрымалася захаваць жывыя зародкі, была 32-клетачная стадыя марулы.

У сакавіку 1997 г. бельгійскія навукоўцы інфармавалі грамадскую супольнасць аб тым, што ў брусэльскім шпіталі Гельмонт праводзіцца эксперымент па кланаванні чалавечага зародка і яго перанясенні ў арганізм маці метадам "in vitro".

16 снежня 1998 г. свет абляцела навіна аб кланаванні чалавека. Навукоўцы з Універсітэта Кунгее ў Сеўле пад кіраўніцтвам прафесара Кім Сеунг-бо перанеслі ядро саматычнай клеткі ў пазбаўлены ядравага генетычнага матэрыялу аацыт. Абедзве клеткі былі ўзятыя ад дваццацігадовай жанчыны. Зародак, які паспяхова развіваўся, быў знішчаны "з этычнага і прававога пункту гледжання".

Аднак трэба адзначыць, што існуе фундаментальная розніца паміж кланаваннем эмбрыёна і кланаваннем дарослых клетак, якія ўтвараюць скуру, косці і кроў. Кланаванне эмбрыёнаў бярэ вытокі з апладнення "in vitro" і пакліканае дапамагчы тым, хто мае праблемы з зачаццем дзіцяці. Утвораныя эмбрыёны, атрыманыя пасля спалучэння спермы і яйцаклеткі ў сподку Петры, пераносяцца ва ўлонне маці. Шанцы на паспяховую цяжарнасць узрастаюць разам з лічбаю выкарыстаных эмбрыёнаў (звычайна прышчапляюць 3-5 эмбрыёнаў <...>). Жанчына з адным эмбрыёнам мае шанц вынасіць дзіця ў 10-20% выпадкаў. Калі б такі эмбрыён можна было кланаваць і змяняць, шанцы на паспяховую цяжарнасць узраслі б у 3-4 разы. Мяркуецца, што кланаванне чалавечых эмбрыёнаў можа паслужыць выключэнню спадчынных хваробаў, <...> але ў выніку эмбрыёны з паталогіямі заўжды будуць знішчаныя. Навукоўцы з Advanced Cell Technology лічаць, што кланаванне чалавечых эмбрыёнаў павінна паслужыць тэрапеўтычным мэтам: лячэнню хваробаў, якія дагэтуль лічыліся невылечнымі. Яны адмаўляюць магчымасць рэпрадукцыйнага кланавання.

Найбольш распаўсюджанае меркаванне аб кланаванні чалавека датычыць стварэння двайнікоў <...>. Магчымасць праводзіць такія працэдуры з генетычным матэрыялам выбітных людзей можа прывесці да ўзнікнення асобаў, адораных аднолькавымі здольнасцямі. Тады чалавецтва можа стаць перад фактам напаўнення свету людзьмі, сфармаванымі паводле патрабаванняў грамадства, абапертага на еўгенічныя прынцыпы.

Аднак у выпадку спробаў кланавання чалавечых істотаў капіяванне цялеснай структуры не прыводзіла б да поўнай ідэнтычнасці асобаў, бо гэта справа анталагічнай і псіхалагічнай рэчаіснасцяў. Душа, істотны і асноўны элемент кожнай чалавечай асобы, ствараецца непасредна Богам, і таму не можа быць народжаная бацькамі або ўтвораная шляхам штучнага апладнення або кланавання. Таксама і псіхічнае развіццё, культура і асяродак заўсёды ўплываюць на рысы характару асобы, што выразна назіраецца ў блізнятаў, знешняе падабенства якіх не азначае ідэнтычнасці. Таму неабходна прывесці да рэальных межаў папулярныя ўяўленні, звязаныя з кланаваннем, і ілюзію ўсемагутнасці, якую нібыта дае гэтае ўменне.

Якім жа чынам выглядае магчымасць кланавання чалавека метадам трансплантацыі клетачных ядраў (дагэтуль ён з'яўляецца адзінай магчымасцю кланаваць дарослыя істоты)? Як даўцы ядра могуць быць ужытыя клеткі малочнай залозы і мачавіка. Адсюль можна зрабіць выснову, што кланаваць магчыма толькі жанчын, што пры ўжыванні яйцаклетак, узятых ад той жа жанчыны, прыводзіла б да размнажэння, набліжанага да партэнагенэзу. Партэнагенэз, або дзявоцкае размнажэнне - размнажэнне клеткі без удзелу сперматазоіда. У млекакормячых партэнагенетычныя зародкі паміраюць пасля імплантацыі, бо для правільнага развіцця млекакормячых патрэбны ўдзел абодвух геномаў: і жаночага, і мужчынскага. Гэтыя геномы асаблівым чынам накладаюцца адно на аднаго (імпрынтуюцца) падчас гаметагенэзу (узнікнення зародкавых клетак), што прыводзіць да ўзнікнення адрозненняў. Спробы кланавання самца былі няўдалымі. <...> Аднак у траўні 1999 г. было апублікаванае паведамленне аб паспяховым кланаванні мышы з саматычнай клеткі самца. Магчыма, і ў мужчын будуць знойдзеныя клеткі, якія маглі б стаць даўцамі ядраў.

Аднак ўзнікае чарговая праблема: эфектыўнасць кланавання. У выпадку выкарыстання клетак малочнай залозы яна складае каля 0,4%, у выпадку выкарыстання клетак мачавіка - 1% (колькасць народжаных істотаў у адносінах да колькасці рэканструяваных аацытаў). Такім чынам, атрыманне гэтым шляхам аднаго народжанага дзіцяці патрабавала б перанясення ядраў да 200-300 яйцаклетак. Беручы пад увагу той факт, што мы гаворым пра кланаванне чалавека і патрэбная як мага большая адпаведнасць рэплікі арыгіналу, пажадана было б <...> прышчапляць ядры, якія паходзяць з клетак жанчыны-даўцы аацытаў. Ад адной жанчыны цяжка атрымаць столькі яйцаклетак, таму трэба было б праводзіць звышмоцную гарманальную стымуляцыю. Застаецца выкарыстоўваць перанясенне ядра ў аацыты, узятыя ад іншых даўцаў. Гэта павінны быць свежаўзятыя аацыты, бо крыакансервацыя (замарожванне) неапладнёных чалавечых аацытаў не прыносіць спадзяваных вынікаў. Але такая камбінацыя - уласнае клетачнае ядро і чужы аацыт - вядзе да ўтварэння ядрава-цытаплазматычнага гібрыда, што не дае гарантыі поўнай ідэнтычнасці "нашчадка". Да таго ж, большасць прышчэпленых зародкаў не будзе развівацца належным чынам. Кланаванне праз перанос клетачных ядраў - гэта метад, шляхам якога прамысловая вытворчасць чалавечых істотаў падаецца мэтай, якую магчыма рэалізаваць, <...> што адкрывае магчымасць распараджацца здольнасцю людзей размнажацца. Да гэтай магчымасці чалавек ніколі не ставіўся сур'ёзна, разважаючы над зачаццем жыцця ў сувязі з сексуальнай рэпрадукцыяй і эвалюцыяй.

<...> Перад тым як распачаць даследаванні ў галіне кланавання, трэба адказаць на фундаментальнае пытанне: да якой мяжы можна дайсці ў навуцы? Адкрытым застаецца пытанне, ці кланаванне чалавека і вытворчасць яго клонаў як крыніцы органаў для трансплантацыі будзе толькі міфам або стане сумнай рэальнасцю?

Этычная ацэнка

Генная інжынерыя з'яўляецца крыніцаю шматлікіх праблемаў маралі. Немагчыма даць ёй агульную ацэнку, бо яна мае і станоўчыя, і адмоўныя дзеянні. Апошнія часта называюцца геннымі тэхналогіямі. <...>

Сёння большасць праектаў генных тэхналогій кіруецца меліярыстычнымі прынцыпамі - гэта азначае, што іх мэтаю з'яўляецца паляпшэнне чалавечага віду. Гэтае ўдасканаленне павінна датычыць толькі эмбрыянальнага развіцця асобных прадстаўнікоў і іх нашчадкаў. Меркаванне, што рацыянальнае планаванне нібыта лепшае за натуральнае развіццё - гэта памылка, і, што яшчэ горш, яна пагражае незваротнымі наступствамі. Здзяйсняючы падобнае ўмяшальніцтва, чалавек перавышае ўласныя паўнамоцтвы. Ён не змяншае выпадковасці і няпэўнасці натуральнага развіцця, а павялічвае іх, бо дзейнічае на карысць сумніўных перавагаў асобных людзей і цэлых пакаленняў у той ступені, якую нельга апраўдаць. <...>

Існаванне генетычнай розніцы паміж людзьмі адначасова падкрэслівае розніцу паміж расавымі і этнічнымі групамі. Выяўленне асобных генетычных рысаў можа стаць падставаю для "клеймавання" асобных людзей або групаў і ў далейшым прывесці да дыскрымінацыі. <...> Лёгка паддацца спакусе, думаючы, што паміж групамі людзей існуе розніца на генетычным узроўні. Гэта можа стаць штуршком для таго, каб па-рознаму ставіцца да розных народаў або выкарыстоўваць генетычную розніцу як апраўданне няроўнасці, павялічваючы яе ў грамадстве.

Кланаванне мае розныя біялагічныя, псіхалагічныя і грамадскія наступствы. Яно абмяжоўвае зменлівасць і магчымасць прыстасавання арганізма да ўмоваў знешняга асяродку. Знішчаючы абмен генетычнай інфармацыяй, кланаванне скасоўвае працэсы рэкамбінацыі і мутацыі, на якіх будуецца наследаванне зменлівасці арганізмаў. Кланаванне не стварае нічога новага, а толькі знішчае палімарфізм (клоны менш жыццяздольныя, чым істоты, атрыманыя традыцыйным метадам пракрэацыі).

Адна з мэтаў кланавання ў адносінах да чалавека - жаданне павялічыць колькасць таленавітых людзей, а гэта скасавала б непаўторнасць жыцця клона, свабоду першага самаадкрыцця <...>. Такім чынам, кланаванне шкодзіць годнасці асобы, якая з'яўляецца на свет "копіяй" (нават калі толькі на біялагічным узроўні) іншай істоты: гэта стала б прычынаю пакутаў кланаванага чалавека, чыя псіхічная тоеснасць апынецца пад пагрозаю існавання (рэальнага ці ўяўнага) некага "чужога".

Кланаванне можа прывесці і да павелічэння ролі закона ў высвятленні сямейных і кроўных адносінаў. Кланаваная жанчына, напрыклад, можа быць сястрой-блізняткаю сваёй маці, не мець біялагічнага бацькі і быць дачкою ўласнага дзеда. Гэта вядзе да радыкальнага знішчэння сямейных сувязяў. Больш за тое, у якасці еўгенічнай прылады кланаванне можа быць выкарыстанае з мэтаю стварэння грамадства, складзенага з "запланаваных людзей". З'ява "кланізму", або "клонавасці", стала б новаю формаю грамадскага астракізму або магла б быць выкарыстанаю дзеля дасягнення генетычнай элітарнасці, вызначаючы грамадскія ролі і функцыі людзей.

Такім чынам, кланаванне знішчае інстытут сям'і, пакліканы да нараджэння і выхавання дзяцей, бо месца сям'і займае лабараторыя. Мэтаю кланавання з'яўляецца "асексуальная рэпрадукцыя", штучны партэнагенэз, які імкнецца выключыць гетэрасексуальнасць з пракрэацыйнага акту (кланаванне імкнецца звесці факт існавання палоў да "перажытку"). Такая тэхналогія - умяшальніцтва ў непаўторнасць і ўнікальнасць чалавечай асобы. Гэта не стварэнне некага новага, непаўторнага, а памнажэнне ўжо існуючага арганізма. Чалавек становіцца прадуктам культывацыі і пазней можа быць выкарыстаны для трансплантацыі органаў, эксперыментаў і гандлёвых аперацый. Такім чынам парушаецца права асобы на жыццё і самастанаўленне, чалавек становіцца рэччу, чыё існаванне вырашаецца іншымі. Можа ўзнікнуць думка, што некаторыя людзі маюць права поўнай улады над існаваннем іншых і могуць свабодна праграмаваць іх біялагічную тоеснасць, вызначаную на падставе адвольных прыладных крытэрыяў. <...>

Cелектыўная канцэпцыя чалавека будзе мець вельмі негатыўныя наступствы, бо можа нарадзіць перакананне, што чалавечая вартасць залежыць не ад унікальнасці асобы, а выключна ад тых біялагічных рысаў, якія могуць выклікаць ухваленне і таму з'яўляюцца вартымі селекцыі. Такім чынам, вартасць жанчыны змяншаецца толькі да межаў біялагічнай функцыянальнасці - яе задачай з'яўляецца пастаўка яйцаклеткі, а матка можа быць замененая на штучную, - і гэта апошні крок да поўнага канструявання чалавека ў лабараторыі (эктагенэзу)3. Кланаванне - найбольш дэспатычная форма генных тэхналогій, калі браць пад увагу яго метады, і выклікае найбольшае зняволенне, калі браць пад увагу яе мэты. <...>

Тое, кім чалавек з'яўляецца паводле сваіх генетычных магчымасцяў, залежыць ад прыродных механізмаў і Бога <...>. Чалавек свабодны ў тым сэнсе, што, акрамя генетычных абмежаванняў, звязаных з біялагічным відам, да якога ён належыць, <...> чалавек не падуладны нічыім планам, бо людскія здольнасці маюць амбівалентны характар, іх можна выкарыстоўваць так, як чалавек лічыць патрэбным. Аднак кланаванне асацыюе выкарыстанне здольнасцяў толькі з акрэсленым спосабам, якім іх выкарыстоўвала мадэль клона. Калі б здарылася, што клон не пайшоў бы вызначаным яму шляхам, яго стварэнне магло б лічыцца памылкаю. Насамрэч жа памылка адбылася б раней - падчас узнікнення самой ідэі "памнажэння". <...> Тэхнікі кланавання парушаюць права чалавека на свабоду выбару, яны з'яўляюцца генетычным дэтэрмінізмам чалавека, бо скасоўваюць яго непаўторнасць. <...>

Кланаванне не гарантуе (нават калі б вырашальнае значэнне для перадачы здольнасцяў меў генетычны код), што "нашчадкавы" патэнцыял клона будзе выкарыстаны адпаведна з намерамі "стварыцеля" - генетыка. Чалавек <...> не павінен выкарыстоўваць усе свае прыродныя здольнасці. Спрабуючы ствараць для іншых аптымальныя ўмовы развіцця, чалавек імкнецца дапамагчы іншым адкрываць і творча выкарыстоўваць генетычны патэнцыял, разумеючы, што ў гэтым не можа ўзяць на сябе ролю "стварыцеля", інакш існуе небяспека парушыць не ідэнтычнасць, а індывідуальнасць канкрэтнага чалавека - набор усіх рысаў пэўнай асобы, якія чыняць гісторыю яе жыцця, паводзіны, непаўторны спосаб мыслення, адрозны ад іншых. Сярод аўтараў, якія лічаць кланаванне дапушчальным, з'явілася меркаванне, што яно не парушае аўтаноміі асобы, і таму яны не бачаць прычынаў прызнаць яго маральна недапушчальным.

Кланаванне парушае індывідуальнасць асобы, найперш адмаўляючы новы патэнцыял генетычных магчымасцяў, якія маглі б з'явіцца ў выніку натуральнага зачацця дзіцяці. У гэтым сэнсе бяднейшым становіцца не толькі клон, але і грамадства, у якім ён расце. Далейшая праблема звязаная з развіццём кланаванага індывідуума. Усведамленне асаблівай "генетычнай пазіцыі" можа паралізоўваць працэс фармавання індывідуальнасці клона. У выпадку натуральнага кланавання такая праблема не ўзнікае, бо іх "памнажэнне" арганізмаў не было нічыёю мэтаю і ніводзін з іх не з'яўляецца для іншага "першаўзорам", за выключэннем, калі яны ў будучыні захочуць наследаваць нейкія маральныя ідэалы адно ў аднаго, аднак гэта будзе іх уласны выбар. Нягледзячы на тое, што кланаванне чалавечых эмбрыёнаў спарадычна ўзнікае ў прыродзе, гэта адбываецца ў іншых абставінах. Аднаяйкавым блізнятам даюць жыццё бацькі, дзеці з'яўляюцца плодам іх кахання. А чалавечыя клоны, якія ўзнікаюць шляхам штучнай інсемінацыі і перасаджваюцца ў арганізм маці, з'яўляюцца "прадуктам". Шанец выжыць маюць толькі некаторыя з іх: астатнія будуць замарожаныя, вырачаныя на загубу. Асабліва небяспечным было б кланаванне эмбрыёнаў і іх замарожванне з мэтаю пазнейшага выкарыстання ў якасці рэзервуару "заменных частак" для жывога блізнятка або "тканкі" для лячэння розных хваробаў. <...>

Метад кланавання, як мяркуюць яго прыхільнікі, не толькі дазволіць няплодным сужэнствам атрымаць дзіця, але і дапаможа "замясціць" мужа, жонку або памерлае дзіця, дасць магчымасць рэпрадукцыі гомасексуалістам і лесбіянкам, якія не жадаюць мець інтымных кантактаў з людзьмі іншага полу, дазволіць рэплікацыю людзей вялікага генію і гэтак далей.

Але не кожны спосаб нараджэння варты чалавечай годнасці. Калі можна згадзіцца на выкарыстанне такога шляху для "прадукавання" жывёлаў, у выпадку з людзьмі ён не падыходзіць. Чалавек, як істота, надзеленая асабовасцю, павінен быць пакліканы да жыцця асабістым спосабам, з любові. Сёння нават абыходжанне з жывёламі і іх прамысловая гадоўля выклікаюць пратэсты экалагічных аб'яднанняў. Наколькі ж большы супраціў павінна абуджаць пралічаная рэпрадукцыя дзяцей у лабараторыі, без любові? Чалавек мусіць атрымліваць жыццё ў акце любові, што гарантуе яму годнасць, а не шляхам біямедычных тэхнік, як "прадукт". <...>

Кланаванне чалавека выклікае пагрозу пазітыўнай еўгенікі4 -магчымасці фармавання асобных рысаў у цэлых групаў людзей і "гадоўлю" асобаў, якія маюць дакладна акрэсленыя генетычныя рысы. Калі б кланаванне чалавека выкарыстоўвалася на практыцы, існавала б магчымасць даць жыццё тысячам людзей з аднолькавымі фізічнымі якасцямі. Бацькі маглі б дакладна акрэсліваць рысы свайго дзіцяці і без цяжкасцяў рэалізоўваць уласныя пажаданні.

Кланаванне непазбежна праводзіцца ў межах еўгенічнага праекту. Калі для пераносу выкарыстоўваецца ядро клеткі, якая належыць чалавеку з вядомым фенатыпам, нехта павінен правесці селекцыю, каб вызначыць фенатып будучага індывідуума. Існаванне крытэрыяў кланавання ператварае "клона" ў прыладу для дасягнення пэўных мэтаў. Крытэрыі могуць быць простыя, як, напрыклад, вызначэнне полу, або складаныя, як вытворчасць чалавечай расы. Паміж такім планаваннем і сістэматычнай еўгенікай не існуе выразнай мяжы. Любая талерантнасць да кланавання прыводзіць да небяспекі вялікай колькасці эксперыментаў на чалавечых эмбрыёнах, што азначае знішчэнне безабаронных чалавечых істотаў. <...>

Чалавечая пракрэацыя з'яўляецца не проста дзеяннем, якое ўвасабляе нашыя рацыянальныя намеры. Яно мае больш шырокае вымярэнне, бо чалавек, акрамя як рацыянальна, удзельнічае ў ім цялесна, эратычна і духоўна. Таму аддзяленне пракрэацыі ад сексу, кахання і інтымнасці з'яўляецца дэгуманізуючым, незалежна ад таго, наколькі выніковым яно будзе. <...>

Чым зачацце адрозніваецца ад вытворчасці? У натуральнай пракрэацыі мужчына і жанчына злучаюцца, дапаўняючы адно аднаго, каб даць жыццё іншай істоце, якая становіцца такой самай чалавечай істотай: жывой, смяротнай, здольнай да эратычнага жыцця. У рэпрадукцыі шляхам кланавання <...> мы даём жыццё індывідууму не так, як былі сфармаваныя самі, а так, як умеем і праектуем. Клануючыя становяцца над кланаванымі, душачы іх сваёю воляю і крэатыўнаю моцаю. Ва ўмовах кланавання чалавека навукоўцы і будучыя "бацькі" мелі б такую ж тэхнакратычную ментальнасць і ў адносінах да дзяцей-клонаў.

Найбольшая памылка, да якой вядзе кланаванне, - няправільнае разуменне таго, што значыць мець дзяцей, і скажэнне адносінаў бацькі-дзеці. Калі сёння сужэнства выбірае пракрэацыю, гэта азначае іх згоду на пакліканне новага жыцця, разуменне яго непаўторнасці. Дзіця не з'яўляецца ўласнасцю бацькоў. Генетычная адасобленасць і незалежнасць дзіцяці сведчаць пра тое, што яно ад прыроды надзеленае правам жыць уласным, не запраграмаваным раней жыццём. Бацькі, вырашаючы кланаваць дзіця, парушаюць сутнасць адносінаў бацькі-дзеці. Дзіцяці даецца генатып, які належыць іншай асобе. Такім чынам, кланаванне мае дэспатычны характар, бо выпрацоўвае стаўленне да дзіцяці ў залежнасці ад волі бацькоў і таго вобразу, які яны сабе стварылі.

Кланаванне дае магчымасць маніпулявання чалавечымі эмбрыёнамі. Замарожаныя клоны зародкаў зробяцца аб'ектам маніпуляцый, камерцыйнае прадпрымальніцтва ў гэтым кірунку зможа развівацца без усялякага кантролю. <...> Утылітарнае стаўленне да чалавечага эмбрыёну як да рэчы з'яўляецца адной з формаў дыскрымінацыі, якая нішчыць роўнасць правоў для кожнага чалавека. Даследаванні, звязаныя з кланаваннем жывёлаў, магчымыя, але трэба цвёрда зазначыць, што павінна існаваць мяжа паміж кланаваннем жывёлаў і чалавека.

Праекты па кланаванні людзей - <...> гэта знак глыбокага крызісу нашай цывілізацыі, якая шукае ў навуцы і тэхніцы сурагат сэнсу жыцця і збаўлення. Кланаванне можа стацца трагічнай пародыяй на Божую ўсемагутнасць. Чалавек, створаны Богам, абмежаваны ў сваёй дзейнасці не толькі практычнай немагчымасцю. Ён пакліканы да выбару: хоча ён зрабіць з тэхнікі прыладу вызвалення або сам стане яе нявольнікам, ствараючы новыя сродкі для гвалту і пакутаў. Чалавечае жыццё - дар любові, і стаўленне да людзей як да прамысловага прадукту недапушчальнае.

Супраціўляцца праектам па кланаванні чалавечых істотаў абавязаны кожны чалавек ва ўсіх грамадскіх сферах. Адна справа - навуковы прагрэс, і зусім іншая - навуковы дэспатызм. У дэмакратычнай і плюралістычнай сістэме асноўнай гарантыяй свабоды кожнага чалавека з'яўляецца пашана яго годнасці на ўсіх этапах жыцця, незалежна ад інтэлектуальных і фізічных якасцяў, якія ён мае і якіх пазбаўлены.

Кланаванне чалавечых істотаў перакрэслівае прынцып, які з'яўляецца абавязковаю ўмоваю любога супольнага жыцця - прынцып стаўлення да чалавека як да мэты і каштоўнасці ў любых акалічнасцях, і ніколі - як да сродка або прадмета. Кланаванне, з'яўляючыся асобнаю праяваю геннай інжынерыі, не стасуецца з чалавечай натурай і тым светам каштоўнасцяў, якім з'яўляецца чалавек, а таму яго трэба лічыць амаральнай дзейнасцю. <...> Нельга таксама праводзіць эксперыменты па прышчапленні чужых генаў да чалавечых генератыўных клетак і па прышчапленні чалавечых генаў да генератыўных клетак жывёлаў. <...>

Апошнія высновы

Дзякуючы прагрэсу <...> чалавек мае ў сваім распараджэнні ўсё больш якасныя лекавыя сродкі, становіцца гаспадаром новых магчымасцяў, наступствы якіх нельга цалкам прадбачыць. <...> Розныя тэхнічныя прыёмы дазваляюць чалавеку інтэрвенцыю не толькі дзеля лекавых мэтаў, але і з мэтаю кіравання працэсамі перадачы жыцця. Такія тэхналогіі <...> ставяць чалавека перад "спакусаю перакрочыць межы разумнага панавання над прыродаю". <...>

Кланаванне можа змяніць біясферу толькі ў негатыўным кірунку. <...> Для геннай інжынерыі патрэбныя добрасумленныя веды, якія датычаць генаў і геномаў, а таксама механізмаў іх функцыянавання, веды пра характар адносінаў паміж адцінкамі ДНК і закадаванымі ў іх рысамі фенатыпу, выкарыстанне адпаведнай тэхнікі для маніпулявання адцінкамі ДНК ва ўсіх арганізмах, веды пра наступствы гэтых эксперыментаў, у тым ліку і пра магчымыя парушэнні сістэмы каштоўнасцяў і канцэпцый, прынятай чалавекам. Каб зразумець этычнае вымярэнне генетычных маніпуляцый, дзе асноўнай тэхнікай даследавання з'яўляецца апладненне "in vitro" і кланаванне, трэба адказаць на пытанні: якую сістэму каштоўнасцяў прымае генетык, карыстаючыся гэтымі метадамі, а таксама і прадмет яго эксперыментаў; што з'яўляецца для яго найвышэшаю каштоўнасцю і якую іерархію каштоўнасцяў ён вызнае?

Усялякія працэсы пазнання чалавека не павінны пагражаць яму і знішчаць яго самога як чалавека. Інакш гэта было б самазабойствам. Чалавек і яго свабодная асабістая дзейнасць не павінны знаходзіцца пад пагрозаю навукі. <...> Калі прагрэс у біятэхналогіі <...> будзе адбывацца ў межах, вызначаных годнасцю чалавека, а вызначаныя ёю мэты будуць рэалізоўвацца пры дапамозе дазволеных сродкаў, гэта толькі забяспечыць падвышэнне ўзроўню жыцця людзей, справядлівы падзел зямных дабротаў і захаванне натуральнага асяродку ад пашкоджання.

Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько.

  1. Клетка з падвойным храмасомным наборам, што ўтвараецца ў выніку апладнення.
  2. Рэпрадуктыўныя клеткі.
  3. Эктагенэзам можна назваць рост і развіццё дзіцяці, зачатага па-за матчыным улоннем, калі інкубатар замяняе арганізм маці.
  4. Еўгеніка - селекцыя чалавечага віду, якая можа мець пазітыўны і негатыўны характар. Пазітыўная - мае за мэту паляпшэнне чалавечага віду, негатыўная - абмежаванне пракрэацыі непажаданага грамадствам спадчыннага элементу. Найбольш вядомы прыклад негатыўнай еўгенікі - "расавая гігіена", якая праводзілася ў Трэцім рэйху і на практыцы азначала стэрылізацыю непрацаздольных і дэфектыўных людзей, іх дыскрымінацыю ў сужэнскіх правах.
Бібліяграфія:
  1. K. Kłoskowski, "Bioetyczne aspekty inżynerii genetycznej". - Варшава, 1995, с. 24, 26.
  2. W. Boloz, "Etyczne aspekty kłonowania ludzi", "Homo Dei", 64 (1997), № 1-2, с. 89, 90.
  3. W. Boloz, "Dyskusje wokół eksperymentu z klonowaniem", AK 536 (1998), с. 4-5, 7, 10, 11.
  4. A. Horst, "Kłonowanie - obietnica lepszej przyszіości?", MWR 3 (1999), 3 дадатак 1: "Czy kłonować czіowieka? Kontrowersje wokół kłonowania", с. 15.
  5. T. Ślipko, "Granice życia. Dylematy wspólczesnej bioetyki". - Кракаў, 1994, с. 149.
  6. J. de Dios Vial Correa, "Kłonowanie czlowieka: technika w służbie dehumanizacji?"; (w:) B. Chyrowicz (red.), "Kłonowanie czlowieka. Fantazje - zagrożenia - nadzieje", "Kłonowanie a identyczność osoby"; R. L. Kass, "Mądrość oburzenia. Dlaczego powinniśmy zakazać kłonowania czlowieka?". - Люблін, 1999, с. 109, 116-117, 130, 151-153, 139-140, 174, 177, 183.
  7. J. de Dios Vial Correa, E. Sgreccia (red.), "Cloning. Between Science and Ethics", (w:) "Human Genome, Human Person and the Society of the Future. Proceedings of Fourth Assembly of the Pontifical Academy for Life (Vatican City, February 23-25, 1998)", Libreria Editrice Vaticana, 1998, с. 318-339.
  8. P. Singer, D. Wells, "Dzieci z próbówki. Etyka i praktyka sztucznej prokreacji". - Варшава, 1988, с. 144-151, 167.
  9. A. J. Katolo, "ABC bioetyki". - Люблін, 1997, с. 45-47.
  10. L. M. Silver, "Remarking Eden. Cloning, Engineering and the Future of Humankind". - Лондан, 1999, с. 115.
  11. M. Baker, "Report Casts Doubt on Korean experiment", Science 283 (1999), с. 617-619.
  12. J. B. Cibelli, R. P. Lanza, D. West з дапамогаю C. Ezzell, "Pierwszy ludzki kłon", SN 1 (2002), с. 30, 36.
  13. T. Ślipko, "Granice życia. Dylematy wspŚlczesnej bioetyki". - Кракаў, 1994, с. 131.
  14. A. K. Tarkowski, "Kilka uwag embriologa na temat zagroїeс i korzyści zastosowania techniki kłonowania w odnieseniu do człowieka"; M. Fikus, "Kłonowanie. Kłonowanie ludzi?"; A. Jermanowski, "Kłonowanie - spojrzenie biologa"; A. Przyіuszka-Fiszer, "Kłonowanie człowieka jako problem etyczny"; A. Paszewski, "Czy kłonować czіowieka?"; K. Kloskowski, "Kłonowanie, czyli ostatni absurd cywilizacji koсca XX wieku"; MWR 3 (1999) 3 дадатак 1: "Czy kłonować człowieka? Kontrowersje wokół kłonowania", с. 7, 48-49, 52, 102, 146.
  15. J. A. Modliński, J. Karasiewicz, "Kłonowanie ssaków: mity i rzeczywistośc" (w:) B. Chyrowicz (red.), "Kłonowanie czlowieka. Fantazje - zagrożenia - nadzieje". - Люблін, 1999, с. 74-76.
  16. R. Spaemann, "Interwencje genetyczne w naturę ludzką", Ethos 4 (1998), с. 113, 114.
  17. A. G. Spagnolo, "Diagnostyczne i przedobjawowe badania genetyczne - służba czy wyrok?" Ethos 44 (1998), с. 152.
  18. J. Ratzinger, "Człowiek pomiędzy reprodukcją a stworzeniem" (w:) L. Balter (red.), "Kosmos i człowiek". - Познань, 1989, с. 287-300.
  19. B. Chyrowicz, "Bioetyka i ryzyko". - Люблін, 2000, с. 300.
  20. D. McCarthy, "Persons and their Copies", JME 25 (1999), с. 98-104.
  21. K. Tittenbrun, "Etyka kłonowania", Ey 23 (1988), с. 138, 141-143.
  22. A. Latawiec, "Philosophical and theological ramifications resulting from human embryos cloning", SPCh 1 (1999), с. 47-148.
  23. B. Mьller-Hill, "Genetyka a masowe morderstwa Żydów i innyh", PP 9 (1995), с. 234-242.
  24. C. Strong, "Cloning and Infertility", CQHE 7 (1998), с. 279-293.
  25. P. Verspieren, "Le clonage humain et ses avatars", Et 3915 (1999), c. 462-464.
  26. A. Chapelle, "Le clonage d'ętres humains", NRTh 123 (2001) 31-33.
  27. E. Bonné, "Perpllexité étique devant le clonage", RTL 30 (1999), с. 437-455.
  28. "Дэкларацыя ААН аб правах разумова адсталых асобаў" (20.12.1971); "Стандартныя правілы ААН па забеспячэнні роўных магчымасцяў для інвалідаў" (20.12.1983); "Усеагульная дэкларацыя аб геноме чалавека і правах чалавека ЮНЭСКА" (11.11.1997).
  29. Jan Paweł II, "Osoba, nie wiedza jest miarą i kryterium wszelkiego działania ludskiego" (w:), "Nauczanie spółeczne", т. 3, ч. 2. - Познань-Варшава, 1986, с. 534-537.
  30. M. A. Krąpiec, "Ludska wolność i jej granice". - Люблін, 2000, с. 90.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY