|
|
№
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Маналог святара
Навука
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
Пераклады
Па родным краі
Нашы святыні
Па родным краі
Асобы
Галерэя
|
А неяк я выходзіў з паэтавай кватэры, несучы пад пахай анталогію "Fair Land of Byelorussia" ("Мая цудоўная Беларусь") з аўтографамі перакладчыка на англійскую Уолтэра Мэя і амаль усіх сарака пяці (!) яе аўтараў - А. Куляшова, М. Танка, К. Крапівы ды іншых. Жартоўная прыпіска дароўцы яшчэ больш дадавала вартасці і без таго каштоўнаму выданню: "Маю дачыненне да гэтай кнігі не толькі як аўтар, але і як укладальнік (compiler), і аўтар біяграфічных даведак. Словам, пасупрацоўнічаў з англасаксам. Сто рублёў (ці фунтаў стэрлінгаў) не меў - меў Уолтэр Мэй. А. Вярцінскі". Пра яшчэ адзін падарунак Анатоля Ілліча варта было б напісаць асобна (дасць Бог, калі-небудзь напішу) - гэта ягоная паэма "Заазер'е", выдадзеная ў 1975 годзе ў адгароджаным на той час жалезнай заслонай Нью-Ёрку. Тады беларускаму паэту выдацца там было - як злятаць на Месяц. На такіх глядзелі з асцярогай і падазрэннем. А як іначай можна было глядзець на таго ж Вярцінскага? Прадмову да яго кніжкі напісаў перакладчык і па сумяшчальніцтве заўзяты антысаветчык Леанід Палтава, пасляслоўе - былы палявы камандзір УПА Яраслаў Стэцько, а ананімнае (ці засакрэчанае?) выдавецтва змясціла на вокладку геаграфічную карту, дзе і Бранск, і Дзвінск, і Беласток - у межах Беларусі… Дзеля цікавасці я праверыў - нью-ёрскага "Заазер'я" няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы. Якія кніганошы ці кнігавозы і па якіх кантрабандных сцежках даставілі кніжку ў Мінск - ведае, відаць, толькі аўтар. Я з лішнімі роспытамі ў вочы яму не лез. Хтосьці дужа рызыкаваў, ды і паэту ў выпадку чаго не паздаровілася б. Але неяк пранесла. Думаю, сказанае вышэй яскрава пацвярджае відавочную выснову: Анатоль Вярцінскі - чалавек смелы і шчодры. Шчодры ў раздаванні, раздорванні свайго - іншым. Бо і насамрэч, як трапна зазначыў Руставелі, "што схаваў ты, ўсё прапала, што аддаў ты, ўсё тваё". Прыгадаўшы бібліяфільскія дарункі паэта асабіста мне, як жа я магу забыцца на тысячы і тысячы ашчасліўленых чытачоў, якіх Анатоль Ілліч вось ужо паўстагоддзя абдорвае сваімі ўласнымі кнігамі? Было іх нямала, і кожная заслугоўвала і заслугоўвае ўхвальнага слова. Аўтар гэтых радкоў проста спазніўся нарадзіцца, і кнігі са шматспадзеўных шасцідзясятых прыходзілі да мяне пазней, парою ўніверсітэцкага юнацтва. Памятаю, якім адкрыццём і скарбонкай паэтычных афарызмаў стала для мяне кніга "Ветрана". Атмасфера тады, у сярэдзіне 80-х, была даволі гнятлівая, хацелася свежага паветра, і кніга тая зрабілася для мяне своеасаблівай кіслароднай падушкай. Чытаў - як дыхаў… Але хопіць уздыхаць па далёкім мінулым - паэзіі знаходзіцца месца і ў непаэтычнай на першы погляд сучаснасці. Летась чытачы атрымалі ад Анатоля Вярцінскага чарговы падарунак - кнігу "Жыцьмем". Думаецца, яна невыпадкова так назвалася, бо яе асноўны матыў - жыццесцвярджальны. Дзеясловы жыцця дамінуюць у вершах і паэмах, бадзёра перагукаюцца між сабой: "жыцьме мой родзе, мой народзе", "прагучаў тройчы вокліч, што радзіма жыве, прагучала малітва "Магутны Божа", "жыццё ж не канчаецца, жыццё прадаўжаецца"… А вось як паэт канкрэтызаваў славуты купалаўскі кліч "Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі" (у першасным варыянце ў Купалы было - "між славянамі"):
Jeszcze Polska nie zginęła… У касцёле існуе добрая традыцыя - у часе Імшы вернікі перадаюць адзін другому знак супакою. Дзеля малітоўнай прасветленасці ў душы, дзеля руху любові ад сэрца да сэрца гэты знак вельмі дарэчы. Паэзія рухаецца, наадварот, неспакоем. І ўся новая кніга Анатоля Вярцінскага - гэта знакі неспакою. Чалавек падарожжа (у свой час аб'ездзіў паўсвету - ад Нью-Ёрка да Кітая), ён і ў новай кнізе застаецца вандроўнікам. Падарожныя ўражанні жывяць яго музу. І тут, відаць, не мае вялікага значэння, па Вялікай Кітайскай сцяне ты ідзеш, ці лясною гравійкаю спяшаешся ў быкаўскія Бычкі на адкрыццё Дома-музея славутага пісьменніка. Бо ў любым выпадку via est vita, як казалі старажытныя, і кожная дарога дорыць свае непаўторныя ўражанні. А часам і правярае на трываласць.
На адкрыццё згаданага Музея Васіля Быкава мы з паэтам і нашымі агульнымі сябрамі ўлетку 2004 года безнадзейна спазняліся. І тут на нейкім скрыжаванні пад Лепелем Анатоль Ілліч выбраў малапрыкметную на карце партызанскую дарогу, якая мусіла нас вывесці наўпрост у Бычкі, мінаючы Вушачу. Як не паслухаць карэннага лепельца? Паехалі па ёй і ледзь не загрузлі ў пяску. Завярнулі на іншую дарогу, яшчэ менш прыкметную і яшчэ больш партызанскую, да таго ж гарыстую. Неспрактыкаваны да язды ў такіх умовах, я (бяру ўсю віну на сябе) у нейкі момант не справіўся са стырном, і аўто зляцела з дарогі, наскрозь пратараніўшы малады падатлівы ельнік. Вылез я на дарогу з дрыжачымі каленьмі (думаю, не толькі ў мяне яны дрыжалі)... Ці ж думалася мне тады, што тое ДТЗ (паводле міліцэйскага пратакола) трапіць і ў паэтычныя аналы. А яно-такі трапіла:
Была вайна, мог быць забіты, Не, што ні кажыце, прыемна стаць героем кнігі, хай сабе і коштам разбітай аўтамабільнай фары! А тады, калі мы на самым прыцемку ўсё ж дабраліся ў Бычкі, Анатоль Вярцінскі па-філасофску падсумаваў: "Дарога да Быкава простай не бывае". І як тут не пагадзіцца з паэтам-мысляром? Да зрубленай на скорую руку музейнай хаты можна і па заасфальтаванай шашы пад'ехаць, а каб асэнсаваць творчасць вялікага пісьменніка, трэба часам і пакружляць. Увогуле, быкаўская тэма для Вярцінскага - не прахадная і не праязная. Свайму старэйшаму сябру прысвяціў ён нямала радкоў. Вось і ў новым зборніку мы знаходзім такія выдатныя вершы, як "З ліста Васілю Быкаву ў Фінляндыю" і "Быкаў - гэта лета". Адметная кніга "Жыцьмем" і тым, што некаторыя творы, змешчаныя ў ёй, у свой час друкаваліся толькі ў перыёдыцы і ніколі не траплялі ў кніжныя выданні. З ліку такіх хачу назваць паэму з дзіўнай назвай "Кэты-мэнэй". Напісаная ў далёкім 1971 годзе, яна чакала публікацыі ў часопісе "Крыніца" роўна трыццаць гадоў, а пасля ізноў з невядомых прычын была адкладзеная аўтарам у глыбокую шуфляду. Не ўвайшла, скажам, у "кнігазбораўскі" том, пра што мне як чытачу і даўняму прыхільніку паэта даводзіцца толькі пашкадаваць. "Кэты-мэнэй" не забараняла цэнзура, яна - пра каханне, пра светлае маладое каханне, пра дзівосную пару, калі закаханыя могуць размаўляць на адной ім зразумелай мове, вынаходзячы для яе нечуваныя раней словы. І - "я глядзеў на яблыні, // на гэты цуд новаяўлены, // я глядзеў на квецень // і адыходзіў душой. // Такое было адчуванне, // такое хваляванне, // якое бывае ў храме // з яго ўрачыстай Імшой". Зрэшты, выбачаюся, працытаваныя радкі не з паэмы, а з верша "Не помню такога лета". Але як гэтыя два творы (між датамі іх напісання - цэлае чалавечае жыццё) гучаць ва ўнісон! Паверце, гэта вельмі рэдкая з'ява, калі паэт і ў сталым веку не развучыўся глядзець на свет па-юнацку. Блізкі мне Анатоль Вярцінскі і сваім стаўленнем да айчыннай гісторыі. Чытаючы верш "Адзін дзень у БНР" (яго можна назваць міні-паэмай), дзе фігуруе ці не ўвесь сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, ледзь не пагалоўна вынішчаны пасля, міжволі прыгадваеш, што і аўтар гэтага твора самым непасрэдным спосабам спрычыніўся да абвяшчэння незалежнай Беларусі ў 1991-м. Дарма, што потым сёй-той з самаабвешчаных летапісцаў у "дэпутаты незалежнасці" залічыў толькі прадстаўнікоў адной-адзінай партыі. Так што следам за "Адным днём у БНР" не шкодзіла б Анатолю Вярцінскаму апісаць і тыя дні ў Вярхоўным Савеце, калі яму даводзілася і тэкст Канстытуцыі рэдагаваць, і Дзень Незалежнасці з парламенцкай трыбуны абвяшчаць. Калі ўжо зайшла гаворка пра гісторыю, то не выпадае абмінуць увагай і верш-рэцэнзію на кнігу "Расстраляная літаратура". 66 яе аўтараў былі забітыя ў Курапатах, не вярнуліся з Гулагу, былі закатаваныя ў савецкіх турмах. Наймаладзейшаму з іх - Янку Філістовічу - было 26 гадоў, найстарэйшаму - Аляксандру Уласаву - шэсцьдзясят сем. 399 кніг "ворагаў народа" ў 1937-м былі спаленыя ва ўнутраным дворыку тагачаснай турмы НКВД. Чытаць "Расстраляную літаратуру" цяжка, і складаць яе было цяжка - сведчу як адзін з укладальнікаў. Як пра гэтую трагедыю сказаць у вершы? Тут любая неасцярожная рыфма можа стацца блюзнерскай бразготкай. А як падшукаць той эпітэт, які будзе да месца і не паблякне на чорным мармуры? Анатоль Вярцінскі знайшоў патрэбныя словы. І калі на месцы спалення кніг калі-небудзь паўстане помнік (а ён позна ці рана павінен паўстаць), то словы для яго ўжо знойдзеныя Вярцінскім:
Пакутніцкія лікі У Нямеччыне падобны помнік на месцы, дзе ў часы Трэцяга рэйху адбываліся кніжныя аўтадафэ, усталяваны. Колісь час ачышчэння і пакаяння настане і ў Беларусі, і пісьменнікам, і іхнім кнігам аддасца належнае. Бо спаліць кнігу - гэта знішчыць духоўны свет творцы. Гэта таксама злачынства. "Паболей вершаў, паменей Трэцяга аддзялення", - так, здаецца, адгукнулася Ганна Ахматава на манаграфію аднаго пушкініста, які на жыццяпісы Бенкендорфа і яго супрацоўнікаў таксама не пашкадаваў атраманту. Магчыма, падобнага водгуку заслугоўвае і аўтар гэтых радкоў. Маўляў, хіба няма ў Вярцінскага, як і ў кожнага сапраўднага паэта, чыстай красы? Вядома ж, ёсць. Але ёсць і болевыя кропкі, якія, на маю думку, з'яўляюцца вызначальнымі для кнігі "Жыцьмем". А яе вяршынным творам, ні хвіліны не вагаючыся, я назаву верш (які, ізноў жа, сваім зместам заважыць на цэлую паэму) "Здарэнне ў Судны дзень, або Ніл Гілевіч як аргумент". Твор-прыпавесць пра тое, як вернасць роднай мове аднаго чалавека ўратавала цэлы народ. Гэта вялікі ва ўсіх сэнсах твор - і па колькасці радкоў (каля паўтары сотні), і па сваёй мастацкай значнасці. Наўмысна не буду яго цытаваць. Знайдзіце і прачытайце. Шэдэўры (як жа яны рэдка з'яўляюцца!) заслугоўваюць быць прачытанымі ад пачатку да канца. У кнізе, поўнай знакаў неспакою (знакаў бяды - паводле Быкава), "Здарэнне ў Судны дзень..." выглядае як знак супакою і нацыянальнага аптымізму. А такіх знакаў беларускай літаратуры сёння відавочна бракуе.
Думаў на гэтым паставіць кропку. Але згадаў яшчэ адзін - самы незвычайны - падарунак ад Анатоля Вярцінскага. Аднойчы ні з пушчы, ні з поля ён падараваў мне… Каран. Дыхтоўнае выданне - пераклад і грунтоўны каментар акадэміка Ігната Крачкоўскага. На мой запытальны позірк дароўца параіў знайсці дваццаць шостую суру пад назвай "Паэты". І што я прачытаў у мудрай, шанаванай мільёнамі людзей кнізе? Дайце веры, там чорным па белым было напісана, што "паэты - хлусы, якія блукаюць па раўнінах і гавораць тое, чаго самі не робяць". Рызыкую наклікаць на сябе гнеў прарока Мухамеда, але беларускіх паэтаў тыя словы ніякім чынам не датычацца. Беларускі паэт - і на Найвышэйшым судзе аргумент, як пераканаўча паказаў Анатоль Вярцінскі. Беларускія паэты сваю праўду адстойвалі часам коштам сваіх жыццяў - і пра гэта высокі Суддзя таксама не забудзе. А ілжэсведчанні, як вядома, на тым судзе пад увагу не бяруцца.
Міхась СКОБЛА.
|
|
|