|
|
№
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Маналог святара
Навука
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
Пераклады
Па родным краі
Нашы святыні
Па родным краі
Асобы
Галерэя
|
30 сакавіка 1739 года ў Мосары, каля Дунілавіч на Віленшчыне, у сям’і герба «Стрэмя» графа Юзафа Бжастоўскага, пісара вялікага літоўскага, і Людвікі з Садоўскіх нарадзіўся сын Павел Ксавэры. Замест выдатных кар’ерных магчымасцяў, што адкрываліся для прадстаўніка магнацкага роду, звязанага са шматлікімі ўплывовымі дамамі Кароны і Княства, 13-гадовы граф абраў лёс святара. Як практыкавалася ў тыя часы, тады ж ён быў прызначаны канонікам віленскай катэдры, а ўступіў на пасаду пасля заканчэння вучобы ў 1755 годзе. Далей атрымліваў адукацыю ў духоўных акадэміях у Вільні, Варшаве і з 1758 года — у Рыме, у калегіуме Клементынум. У тым жа годзе ў Еўропе адбылася падзея, якую параўноўвалі з вынаходніцтвам кнігадрукавання і адкрыццём законаў прыцягнення: свет убачыла «Tableau Economique» («Эканамічная табліца»), створаная лейб-медыкам Людовіка XV Франсуа Кенэ. Гэта быў геніяльны ў сваёй прастаце і нагляднасці маніфест першай плыні навуковай эканамічнай думкі — рэцэпт, прылада, практычнае настаўленне, штуршком для стварэння якога паслужыў варты жалю фінансава-эканамічны стан Францыі. Чысты прыбытак ад зямлі складае аснову ўсіх разважанняў Кенэ. Новае вучэнне атрымала назву фізіякратызм (фр. physiocrates < гр. physis прырода + kratos улада), дзе зямля і земляробства прызнаваліся адзінымі крыніцамі багацця, а праца земляроба — адзінаю вытворчаю працаю. Таксама агалошваліся правы кожнага на ўласнасць і свабоду, гарантам захавання якіх з’яўлялася абсалютная манархія. Ажыццяўленне ідэй Кенэ звязвалася з узыходжаннем на прастол Людовіка XVI, які прызначыў Жака Цюрго першым міністрам (праз 20 месяцаў гэтыя спадзяванні былі пахаваныя з падзеннем Цюрго). Па вяртанні з Рыма кс. Бжастоўскі атрымаў пасаду пісара вялікага літоўскага і быў абраны віленскай катэдрай дэпутатам Літоўскага Трыбуналу. З усёй адданасцю ён нёс святло каталіцкай веры сярод маральнага бруду XVIII стагоддзя, гэтага «галантнага веку», калі, як і сёння, пад выглядам «прагрэсу» ішоў наступ на фундаментальныя каштоўнасці, аб’яўленыя чалавецтву на Гары Сінай. Знаёмства з эканамічнай тэорыяй Кенэ падказала шлях, таму, калі пачаўся працэс падзелу бацькоўскай спадчыны (+ у 1746 г.), кс. Бжастоўскі адмовіўся ад сваёй долі зямельных уладанняў узамен на грашовую кампенсацыю. Паходня, выпаўшая з рук французскіх фізіякратаў, была падхоплена ў Вялікім Княстве Літоўскім... Кс. Бжастоўскі пачаў шукаць месца для ажыццяўлення сваіх планаў і нарэшце ў ліпені 1767 г. набыў у наваградскага стольніка Гіпаліта Корсака маёнтак Мерач (вядомы тым, што ў ім памёр Уладзіслаў IV Ваза), за 4 мілі (каля 22 км) ад Вільні. Вельмі зручнай была невялікая адлегласць ад сталіцы, а таксама гандлёвых мястэчак — Ашмянаў, Міхалішак, Барунаў, Меднікаў, Яшуноў, Алькенікаў і Эйшышак. Па багатай на рыбу рацэ Мерачанцы, якая перасякала маёнтак, можна было сплаўляць лес, а праз Нёман падтрымліваць гандаль з Коўнам і мець выхад да Балтыкі. У Мерацкай пушчы велічна пагойдваўся мачтавы лес і вадзілася шматлікае звяр’ё. Абшары былі шчодра аздобленыя лугамі і пашамі, але быў і адваротны бок. «Знайшоў зямлю, парослую лесам <…>, — пісаў кс. Бжастоўскі, — мала населеную. І тую жменьку людзей здзічэлых, жыўшых у галечы, прыйшлося па лясах вылоўліваць». Не жадаючы, каб назва «Мерач» у будучыні нагадвала пра былое ўбогае жыццё, кс. Бжастоўскі даў маёнтку сваё імя — Паўлава. Новы гаспадар дзейнічаў асцярожна і разважліва. Размаўляў з усімі і з кожным паасобку, заклікаў будаваць жыццё па-хрысціянску, узнагароджваючы тых, хто добра вёў гаспадарку і кідаў п’янства. Паступова перайшоў да эканамічных пытанняў. Вобраз будучага ладу Паўлава, выпрацаваны кс. Бжастоўскім, абмяркоўваўся ў сялянскіх хатах, і ў гэтым былі зарука яго жыццяздольнасці. У 1769 годзе адбылося ўрачыстае, пасля св. Імшы, абвяшчэнне Статута (2-е выд. у 1791 г.), якім гарантавалася права на жыццё, здароўе, маёмасць і г.д. Як заўважыў польскі даследчык рэформаў у Паўлаве Юліян Бартысь: «Бжастоўскі зыходзіў з таго, што толькі адукаваны, заможны і кваліфікаваны селянін будзе складаць грамадскую сілу, з якой будзе лічыцца шляхта; адтуль толькі крок да надання сялянам грамадзянскіх правоў і дапушчэння да ўдзелу ў кіраванні дзяржавай. Ён таксама ўказваў на вялікія рэзервы мілітарнай сілы дзяржавы, што змяшчаліся ў адукаваным і заможным сялянстве, якое пасля адпаведнага вайсковага навучання можна было мабілізаваць у рамках паспалітага рушэння». Закінутая ў лясах і патануўшая ў галечы і невуцтве Мерач ператварылася ў Паўлаўскую Рэспубліку, ці Паўлаўскую Рэч Паспалітую з 2-палатным парламентам, войскам і манетаю. Дынамічна ажыццяўляліся разнастайныя рэформы. Грамадзянам новай Рэспублікі гарантаваліся свабоды, не бачаныя нават у самай свабоднай краіне тагачаснай Еўропы — Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Не абышлося і без лыжкі дзёгця, а хутчэй — цэлага чарпака. Шматлікія суседзі кс. Бжастоўскага, а таксама шляхта і магнатэрыя з іншых месцаў Рэчы Паспалітай (у сваім вузкасаслоўным эгаізме, які і пагубіў краіну) убачылі ў рэфарматары небяспеку для сацыяльна-эканамічнага ладу, дзе шляхта займала пануючае становішча. Абураліся, што не пасуе ксяндзу займацца гэткімі рэчамі як земляробства і тым больш пісаць кніжкі на гэтую тэму, а яшчэ аблягчаць сялянам магчымасць пакідаць панскія ўладанні, карыстацца эканамічнымі прывілеямі, якія дагэтуль належалі толькі шляхце, і г.д. Крытыка пашыралася, расцягвалася ў часе і памерах, прымала выгляд ад зайздросных плётак да навуковых даследаванняў, у якіх сцвярджалася, што і чынш на самай справе быў не такі маленькі, і рэфарматар толькі і глядзеў, каб садраць паболей са сваіх падданых, і г.д. Толькі працы гэтыя ці выходзілі з тых жа шляхецкіх колаў (Эдмунд Ставіскі), ці пісаліся пры камуністах (Эмануэль Раствароўскі). А так, калі проста параўнаць гаспадарку кс. Бжастоўскага з тым жа калгасам, то адразу ж стане зразумела, дзе вольная праца, а дзе рабская, якая, як вядома, далёка не вытворчая. Шкада, аднак, што нават такі выдатны чалавек як Уладзіслаў Сыракомля і той адзначыў, што: «Бжастоўскі любіў фанфаранады…». Але пад усёй гэтай крытыкай чырвоную рысу правёў польскі гісторык Юліян Бартысь, зрабіўшы грунтоўнае даследаванне дзейнасці кс. Бжастоўскага, у тым ліку свайго роду падсумаванне ўсяго, што было напісана дагэтуль, і вынес вердыкт: «У дзеяннях Паўла Бжастоўскага і яму падобных змяшчаюцца карані нашага нацыянальнага быцця і ўсяго, што ў паляках (і літвінах, зразумела. — А. Ш.) найлепшага і найцікавага!». …На пачатку 1795 года ў Варшаве кс. Бжастоўскі атрымаў ліст, падпісаны 12-цю членамі Паўлаўскага самакіравання, былых жаўнераў і падафіцэраў сялянскага войска, з выказваннямі падзякі, вернасці і спадзяваннямі на вяртанне. Да ліста быў прыкладзены залаты пярсцёнак з надпісам: «Сяляне Паўлава — Cябру чалавецтва»… Асвятляючы жыццё кс. Бжастоўскага, нельга абысці яго дзейнасць як літаратара і мецэната. Фінансава і пратэкцыйна ён спрычыніўся да апублікавання двух дзясяткаў трудоў па гісторыі Рэчы Паспалітай, філасофіі, тэалогіі, касцёльнага права. З’яўляўся аўтарам некалькіх дзясяткаў перакладаў з лацінскай, французскай і італьянскай моваў па генеалогіі, тэалогіі, гісторыі і палітычных праблемах. Дэдыкацыі віленскіх выданняў у 1760–1780 гады езуіцкіх, піярскіх і базыліянскіх выдавецтваў усхваляюць яго шчодрасць і ініцыятыву ў выдавецкай справе. Клапоцячыся аб славе свайго роду, ён выдаў у 1776, 1796 і 1818 гадах на некалькіх мовах «Генеалагічныя весткі пра дом Бжастоўскіх». У 1809 годзе звярнуўся да кіраўніцтва Віленскага ўніверсітэта аб арганізацыі друкарні на вёсцы для ананімнага выдання ўласных кнігаў. Планы былі вялікія, але свет убачылі толькі тры кнігі: «Весткі Паўлава», «Разважанні з вёскі Тургелі (філасофскі трактат)» і «Апісанне выяваў касцёлаў у Рыме і краі». ...Але вернемся ў Паўлава, дзе панавалі спакой, стабільнасць і дабрабыт. Маёнтак, нібы каўчэг, праплываў скрозь хвалі пераменаў і ўзрушэнняў апошніх дзесяцігоддзяў Рэчы Паспалітай — Першы падзел, станіславаўскія рэформы, Чатырохгадовы сойм, Канстытуцыя 3 траўня 1791 года, Тарговіцкая канфедэрацыя, вайна 1792 года, Другі падзел. У сакавіку 1794 года Антоні Мадалінскі, шэф брыгады Нацыянальнай кавалерыі, даў пачатак вызвольнаму паўстанню пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а ў першай палове чэрвеня генерал-лейтэнант Якуб Ясінскі рабіў інспекцыю міліцыі кс. Бжастоўскага і адзначаў між іншым, што: «…Твары іх былі тварамі вольных і вясёлых людзей, і зброя ў добрым стане». Пяць тысяч войскаў Ясінскага некалькі дзён кватаравалі ў Паўлаве і атрымалі звыш усяго ад кс. Бжастоўскага шчодрыя ахвяраванні харчамі і фуражом. Ён перадаў на патрэбы паўстання і значныя сумы, як пісаў пазней: «… аддаў увесь маёнтак для мілай Айчыны». Далейшыя падзеі сведчаць аб тым, што кс. Бжастоўскі выхаваў не толькі добрых сялянаў, а яшчэ людзей, што адчулі смак волі, былі гатовыя жыцці пакласці, каб толькі не трапіць пад расейскае ярмо. Першая сутычка з непрыяцелем адбылася 3 ліпеня, калі 60 конных казакаў з’явіліся пад умацаваннямі Паўлава і былі адагнаныя. На наступны дзень яны з’явіліся зноў... Адбіць атаку дапамаглі аддзелы генерала Вяльгорскага, што былі непадалёк. Пасля адыходу войскаў ВКЛ 14 ліпеня ад’ехаў і кс. Бжастоўскі (паводле Э. Раствароўскага, клапаціцца аб вакантным месцы пасля пакарання за нацыянальную здраду віленскага біскупа Масальскага). 24 ліпеня сяляне Паўлава, прадастаўленыя самі сабе, зноў адбілі чарговую атаку, на гэты раз вялікага аддзела войскаў, праслаўленых пад мурамі Ізмаіла. З ліста кс. Бжастоўскага да Касцюшкі ад 4 верасня 1794 года вынікае, што, акрамя 150 чалавек міліцыі пры трох гарматах малога калібру, у абароне прымалі ўдзел усе здольныя насіць зброю. Змываць ганьбу прыбыў генерал Цыцыянаў з цяжкой артылерыяй, з вялікай колькасцю пяхоты і кавалерыі генерала Кнорынга. Для Паўлава і яго жыхароў усё было скончана. Абаронцы, хто паспеў, разбегліся па навакольных вёсках, а ўся гаспадарка была разрабаваная корпусам Кнорынга. 27 ліпеня Цыцыянаў даносіў Рапніну: «У Паўлаве жыхароў няма». ...Не было там месца і для кс. Бжастоўскага. У лісце да Станіслава Аўгуста ад 27 снежня 1794 ён года адкінуў магчымасць вяртання. Кс. Бжастоўскі прадаў тое, што засталося ад Паўлава, Фрыдэрыку Машынскаму пры ўмове захавання Статутаў 1769 і 1791 гадоў і атрымаў палац у Дрэздэне з фальваркам. Перад ад’ездам ён запісаў свайму «ўлюбёнаму народу» за службу аграмадную суму — звыш 81 тыс. зл., ахвяраваў 30 тыс. зл. на парафіяльную школу і на хірурга ў Паўлаве, і 20 тыс. зл. на касцёл у Тургелях. Неўзабаве маёнтак перайшоў ва ўладанне Камандорыі Мальтыйскага ордэну. Новыя гаспадары парушылі Статуты і падвысілі чынш. Сялянскія пратэсты да судовых і гарадскіх уладаў у Вільні скончыліся нічым — звярталіся да кс. Бжастоўскага, але ксёндз у выгнанні, заклеймаваны як арганізатар збройнай барацьбы супраць новых уладаў, ужо не мог дапамагчы. Даведаўшыся аб уступленні французскіх войскаў у Саксонію, кс. Бжастоўскі на вельмі некарысных умовах прадаў сваю нерухомасць і ад’ехаў у Рым, дзе, абкружаны павагай як пралат Папы, быў уведзены ў вышэйшыя колы Ватыкана. Далей адбыўся захоп войскамі Банапарта Папскай вобласці і арышт Святога Айца. І зноў спешны ад’езд з вялікімі фінансавымі стратамі ад продажу нерухомасці: банк Рыма здолеў выплаціць толькі 60 % ад капітала банкнотамі і чэкамі, якія мала што каштавалі. Так, праз пяць гадоў эміграцыі, страціўшы амаль усю маёмасць, кс. Бжастоўскі вярнуўся на Радзіму і пасяліўся ў Тургелях, недалёка ад Паўлава. Сустрэча з былымі падданымі патанула ў слязах радасці і горычы: на каленях яны прасілі яго забраць іх да сабе, але гэта было ўжо немагчыма (здолеў толькі ахвяраваць ім 3 тыс. зл.). Апошнія 32 гады кс. Бжастоўскі служыў пробашчам у Рукойнях пад Вільняй, дзе цудоўныя краявіды так захаплялі Сыракомлю. Вольны час прысвячаў літаратурным заняткам, а яшчэ арганізаваў школу, пасадзіў сад і ахвяраваў сродкі на пабудову каменнага касцёла (стары згарэў у 1812 годзе падчас праходу французаў). Узведзены ў траўні 1823 года ў сан віленскага архідыякана. Памёр 17 лістапада 1827 года і пахаваны ў Рукойнях. ...Адбудаваны кс. Бжастоўскім касцёл расійскія ўлады перарабілі ў царкву. Уся маёмасць нябожчыка таксама трапіла ў іх рукі. Надмагілле разам з труной — знішчанае. Нічога не засталося. І толькі вішнёвыя ды грушавыя дрэвы перад сялянскімі хатамі, — як пісаў Сыракомля, — адзіная памяць. Не кожны з уладальнікаў і плябанаў і такое па сабе пакідае… Каб убачыць з больш блізкай адлегласці, што ўяўляла з сябе дзейнасць кс. Бжастоўскага ў Паўлаве на фоне стану сельскай гаспадаркі ў ВКЛ, прапаную чытачам і гэтую інфармацыю. Як пісаў польскі даследчык Валеры Пжыбароўскі, «у тагачаснай Рэчы Паспалітай, якую дагэтуль называлі «жытніцай Еўропы», адбываўся надзвычайны ўпадак сельскай гаспадаркі. Пры тых вялікіх абшарах урадлівай глебы сельска-гаспадарчымі культурамі было засеяна ледзь толькі 70 млн моргаў, з якіх пад збожжа — толькі 24 млн. Улічваючы сярэднюю ўраджайнасць з морга, павінна было вырабляцца каля 100 млн карцаў збожжа штогод, хаця і гэтага вельмі мала, а між тым агульная вытворчасць ледзь дасягала 20 млн! Гэта не складала нават паловы ад гадавой вытворчасці Францыі і было амаль у пяць разоў менш ад той колькасці збожжа, якое вывозілася праз порты на Балтыцы пры Жыгімонтах». Рэформам у Паўлаве прысвечаны навуковыя даследаванні, а мы ў рамках артыкула абмяжуемся іх кароткім аглядам:
На стабілізацыі сялянскіх бюджэтаў адразу ж станоўча адбіўся дазвол на лоўлю рыбы і карыстанне Мерацкай пушчай. У выніку навуковага падыходу да земляробства гаспадаркі сталі атрымліваць вельмі высокія на тыя часы ўраджаі: у малаўраджайныя гады ў сярэднім 9 ц з га, а падчас ураджайных — да 14 ц з га (для параўнання, гэта былі сярэднія паказчыкі ў II Рэчы Паспалітай, а ў БССР з яе калектывізацыяй яны не дасягалі ў сярэднім і 6,5 ц з га). Разгарнулася вельмі прыбытковая галіна расліннай прадукцыі (пшаніца, лён, каноплі) і садавіны (яблыкі, грушы, слівы). Не адставала і жывёлагадоўля: колькасць жывёлы дасягала 25-ці галоваў на гаспадарку. Своеасаблівай візітнай карткай Паўлаўскай Рэспублікі была яе забудова, тое, што ўражвала ўсіх наведвальнікаў. Уся архітэктоніка рэгламентавалася Статутам 1769 года, згодна з якім сялянскія хаты ўзводзіліся з гладкачасанага бруса, з гонтавым дахам, мураванымі комінамі, кафельнымі печамі і кухнямі, шклянымі вокнамі. Перад кожным домам усталёўваліся проціпажарныя прылады. У тым жа Статуце Паўлава названа «мястэчкам» (хутчэй гэта было жаданнем кс. Бжастоўскага, чым сапраўдны стан), сэрца якога — цытадэль, аточаная з двух бакоў ровам і валамі, а з другіх — ракой.
У выніку праведзеных рэформаў прыбытак на гаспадарку складаў 1800–3000 зл. штогод. Чынш не перавышаў 9–11 %. З боку кс. Бжастоўскага гэта была нечуваная па тых часах філантропія, а хутчэй проста вядзенне справы ў адпаведнасці з Божымі запаведзямі. Далейшыя лічбы сведчаць самі за сабе. Дэмаграфічнае становішча заўсёды было актуальнай праблемай для ВКЛ, якое ўвесь час цярпела ціск усходняга суседа. У пачатку рэформаў кс. Бжастоўскага ў Паўлаве налічвалася 276 душаў, у 1786 годзе — ужо 671. На працягу 1780–1786 гадоў было запісана 188 народжаных і 95 памерлых — гэта вельмі высокі паказчык натуральнага прыросту. Яшчэ ў 1776 г. кс. Бжастоўскі сведчыў, што: «усё больш новых гаспадароў сцягваецца ў Паўлава і асядае», а ў лісце да Станіслава Аўгуста ад 22 траўня 1791 г. дакладаў, што часта атрымлівае звесткі «аб людзях, збеглых з няволі, што шукаюць мілай кожнаму волі». Такім чынам, можна сцвярджаць, што лічба 671 не з’яўляецца максімальнай. …У лісце да кс. Бжастоўскага ад 30 кастрычніка 1775 г. Станіслаў Аўгуст пісаў: «Няхай Вас за гэта Бог узнагародзіць, а мне няхай зробіць ласку быць здольным з часам ашчаслівіць так увесь край, як Ваша Мосць пан сваіх падданых». ЛІТАРАТУРА
|
|
|