Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Святлана АДАМОВІЧ

КАПЛІЦА НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў ЛОШЫЦЫ


Лошыца, сядзіба Прушынскіх. Мал. Ю. Пешкі, пач. ХІХ ст.

Капліца Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы амаль на працягу двух стагоддзяў уваходзіла ў комплекс Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу, які быў створаны на паўднёва-ўсходняй ускраіне Мінска ў XVIII — пач. ХІХ стагоддзя. Капліца з’яўляецца адной з самых ранніх сядзібных пабудоваў; у наш час, на жаль, яна знаходзіцца ў стане руінаў.

Пра існаванне ў Лошыцы драўлянай уніяцкай царквы вядома з XVII ст. (у той час маёнткам валодалі Друцкія-Горскія1): яна згадваецца ў шэрагу дакументаў XVII–XVIII стст., але дакладнае месцазнаходжанне святыні вызначыць амаль немагчыма. Прыкладна ў пачатку XVIII ст. царква была зачынена (магчыма, згарэла). На аснове візітных апісанняў за 1714, 1765 і 1766 гг. каралішчавіцкай уніяцкай царквы, да якой былі прыпісаныя парафіяне прылеглых вёсак — Мацэвічаў, Сініло і Лошыцы — можна сцвярджаць, што ў гэтыя гады культавых пабудоваў у Лошыцы не існавала.

У спісах парафіянаў уніяцкай царквы ў Каралішчавічах за 1784 г. жыхары Лошыцы не згадваюцца, і гэта сведчыць пра тое, што ў Лошыцы ўжо зноў была пабудавана свая святыня.

Першы вядомы нам інвентар лошыцкага маёнтка і каменнай царквы, якая знаходзілася на яго тэрыторыі, датаваны 1772 годам2. Згодна з апісаннем, ва ўказаны перыяд Лошыца належала Юзафу Прушынскаму, падкаморыю Мінскага ваяводства, кавалеру ордэна св. Станіслава3. У інвентары ёсць апісанне царквы: «Сама новая царква — каменная, з драўляным бабінцам, гонтаю крытая, з купалам пасярэдзіне, на якім крыж усталяваны; на бабінцы па вуглах таксама два крыжы жалезныя стаяць. Дзвярэй у царкву двое, адны насупраць другіх, на завесах, з засаўкамі, трэція размешчаныя збоку, таксама на завесах, з ланцужком... і замком вісячым; званоў вялікіх — два... Увайшоўшы ў царкву — насупраць алтар, перад ім прыступка з балясінамі, пафарбаваныя ў чорны колер. <...> Вялікі алтар сталярнай працы, пафарбаваны ў чорны колер, у ім — абраз Святой Тройцы. <...> Другі алтар разьбяны, пафарбаваны ў чорны колер і мастацкім золатам упрыгожаны, у ім — абраз Найсвяцейшай Панны Марыі на ліставой блясе. На ім дзве срэбныя кароны, аправа таксама срэбная. <...> Трэці алтар св. Мікалая з прыступкаю, пафарбаванаю ў белы колер <...> Абраз пераносны — з аднаго боку Найсвяцейшай Маці Божай Чанстахоўскай, з другога — святых Пятра і Паўла...»4.

Даволі падрабязнае апісанне трох алтароў і рухомай маёмасці сведчыць пра тое, што царква была забяспечаная ўсім неабходным для богаслужэнняў.

На падставе дадзенай інфармацыі нельга сцвярджаць, што гутарка ідзе пра святыню, руіны якой у наш час існуюць на тэрыторыі былой сядзібы. Няма таксама дакладных сведчанняў пра яе рэлігійную прыналежнасць. Вядома, што сярод прадстаўнікоў роду Прушынскіх былі людзі праваслаўнага, уніяцкага і каталіцкага веравызнанняў. Аднак сям’я Ежы Антонія Прушынскага (бацькі Юзафа Прушынскага) вылучалася дбайнымі адносінамі менавіта да Рыма-каталіцкага Касцёла; яго сыны сталі манахамі і трое з іх «закончылі жыццё ў гэтым стане»5. Зыходзячы з вышэйсказанага можна меркаваць, што не пазней за 1770–1771 гг. (у інвентары 1772 г. адзначаецца, што царква6 «пабудаваная нядаўна») Юзаф Прушынскі пабудаваў у сваім маёнтку каталіцкую святыню, пры якой яго сын Станіслаў Прушынскі ў 1780-я гады заснаваў алтарыю.

У Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы захоўваецца інвентар 1781 г., у якім пацвярджаецца сказанае вышэй. У дакуменце апісваюцца прадметы, што знаходзіліся ў святыні, — срэбныя, пазалочаныя і медныя прылады, метрычныя кнігі хросту, шлюбаў і пахаванняў (гэта пацвярджае факт, што касцёл з самага пачатку з’яўляўся парафіяльным), а таксама атрыбуты, прызначаныя для правядзення працэсій. У інвентары таксама апісваецца тэрыторыя, якая належала царкве па фундушавым запісе, і «рэзідэнцыя», што складалася з белай хаты з камораю і пякарняю, свірна, хлява, гумна і навеса. На момант візітацыі пробашчам у святыні быў Міхал Басюкевіч, прызначаны Юзафам Прушынскім, падстаростам мінскім, 23 верасня 1769 года і зацверджаны ў пасадзе мітрапалітам кс. Валадкевічам 27 чэрвеня 1770 года. З дакумента вынікае, што парафіяльны рыма-каталіцкі касцёл у Лошыцы быў пабудаваны ў 1769 г. па ініцыятыве і на сродкі Юзафа Прушынскага і тады ж кансэкраваны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Паводле тэстамэнту Юзафа Прушынскага Лошыца ў 1779 г. стала ўласнасцю Станіслава Ксавэрыя Прушынскага. У «Актавых кнігах» Мінскага земскага суда знойдзена выпіска «Пра фундуш на Лошыцкую алтарыю, дадзены 29 лістапада 1787 г. генерал-ад’ютантам Польскіх войскаў Станіславам Ксавэрыем Прушынскім, падстаростам суда Мінскага ваяводства, у Віленскім земскім судзе зацверджанага 30 дня таго ж месяца і года. У ім гаворыцца: «...На касцёл і алтарыю ў маёнтку маім спадчынным Лошыца, што знаходзіцца ў павеце Мінскім, прызначаю 10 000 польскіх злотых на вечныя часы з выплатаю 7 % ад 100 на ўтрыманне алтарыі... Таксама аддаю ў дар жылы дом, які будзе пабудаваны для алтарыста7, і пры ім сад памерам 1 морг»8. Акрамя сродкаў на ўтрыманне алтарыі, фундушам прадугледжвалася годнае забеспячэнне пабудаванага раней у маёнтку касцёла, кансэкраванага пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. У фундушавым запісе Станіслаў Прушынскі адзначаў таксама, што каралішчавіцкі пробашч абавязаны быў наведваць хворых, прыпісаных да касцёла ў Лошыцы, праводзіць памерлых, хрысціць дзяцей і цэлебраваць урачыстыя набажэнствы...

Паколькі звестак пра адначасовае існаванне ў лошыцкім маёнтку і вёсцы каменнай царквы і каменнага касцёла няма ні ў адным з вядомых нам дакументаў канца XVIII — пач. ХІХ ст., лагічна меркаваць, што «касцёл», пра які ідзе гутарка ў фундушавым запісе, і «царква», апісанне якое ёсць у інвентарах 1772 і 1781 гг., — гэта адзін і той жа будынак. У «Акце фундацыі», пацверджаным у Мінскім земскім судзе 15 лістапада 1788 г., таксама сказана: «Лошыцкая алтарыя... новазаснаваная пры пабудаваным каменным касцёле ў тых жа ўладаннях маіх Лошыца пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы...»9. Як бачым, перад заснаваннем алтарыі С. Прушынскі не толькі забяспечыў усім неабходным лошыцкі касцёл, які ўжо існаваў пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У інвентары Лошыцы, які быў складзены ў 1789 г. у сувязі з продажам Станіславам Прушынскім маёнтка свайму брату Антонію Прушынскаму, мінскаму падкаморыю, кавалеру ордэна св. Станіслава, ёсць кароткае апісанне лошыцкай алтарыі: «Касцёлік васьмівугольны, каменны, гонтаю крыты. Столь з дошак. На франтоне вісіць адзін звон. Гэты касцёл мае сваю асобную тэрыторыю за брамаю пры Мінскім гасцінцы...»10.

План-схема лошыцкага маёнтка (выкананая паводле «Дарожная карта...» XVIII ст.).
Апісаныя ў дакументах XVIII ст. факты ілюструе «Дарожная карта», датаваная 1797 годам, на якой ёсць абазначэнне месца размяшчэння капліцы (карта захоўваецца ў фондах Цэнтральнага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, выяўлена Р. Баравым)11.

Тэрытарыяльна лошыцкі касцёл знаходзіўся ў Мінскім павеце Мінскай губерні, але быў прыпісаны да каралішчавіцкага касцёла Ігуменскага дэканата.

У 1796 г. была зроблена інвентарызацыя ўсіх касцёлаў і капліцаў Ігуменскага дэканата: у адным з дакументаў адзначаецца, што «лошыцкая капліца яшчэ не візітавалася», але ў той жа час паведамляецца, што ў ёй «алтарыстам служыць былы базыліянін <...> кс. Чахоўскі, што жыве пры каралішчавіцкай плябаніі і кожную нядзелю і ў святы ездзіць у лошыцкі двор, ажыццяўляе малебны і духоўнае навучанне, а ў іншыя дні дапамагае кс. пробашчу каралішчавіцкаму і робіць гэта належным чынам...»12. У апісанні лошыцкага касцёла, складзеным у тым жа годзе, паведамляецца: «Ксяндза няма, таму што на невялікі аклад ніхто не згаджаецца... Дакументы касцёла захоўваюцца пры каралішчавіцкім касцёле... У 1789 г. ксяндзом пры каралішчавіцкім і лошыцкім касцёлах служыў Антоній Жукоўскі, пераведзены туды з Віленскай губерні»13.

На жаль, жылы «дом для алтарыста», пра неабходнасць пабудовы якога гаварылася ў фундушавым дакуменце, нават да пачатку ХІХ ст. так і не быў пабудаваны. Ксёндз у Лошыцы пастаянна не знаходзіўся, але «службу вёў рэгулярна», прыязджаючы з Каралішчавічаў, дзе ў 1785 г. — таксама на сродкі Станіслава Прушынскага — быў пабудаваны каменны касцёл.

У аддзеле мастацтва Львоўскай навуковай бібліятэкі імя В. Стэфаніка захоўваецца акварэль мастака Ю. Пешкі, падпісаная так: «Лошыца, сядзіба Прушынскіх за паўмілі ад Мінска». На акварэлі, выкананай у пачатку ХІХ ст., мы бачым сядзібныя будынкі, гаспадарчыя пабудовы, карчму і млын. На другім плане — невялікі касцёл, размешчаны паблізу става: мы бачым цэнтрычнае ў плане збудаванне, накрытае шатровым дахам са шлемападобным купалам, які ўкараноўвае барабан. Матэрыял сценаў і пакрыцця вызначыць цяжка, але з інвентарных апісанняў вядома, што каменны касцёл быў накрыты гонтаю.

Адзін з нешматлікіх падрабязных інвентароў лошыцкага касцёла датаваны 1818 г., таму варта падаць значны фрагмент гэтага дакумента: «…Унутры касцёла сцены пашкоджаныя, па ўсім перыметры ад працякання амаль усе падгнілыя. Столь без скляпенняў, з дошак, падлога цагляная. Алтар толькі адзін на сцяне аптычным жывапісам намаляваны, у ім невялікі знаходзіцца абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў драўлянай раме. Вакол гэтага абраза ёсць чатыры таблічкі, або воты, невядома з якога металу. Менса каменная, ад сцяны аддзеленая для абходу, абрусам накрытая, на ёй знаходзіцца драўляны цыборый пафарбаваны. Збоку ёсць адна драўляная лаўка і драўляны канфесіянал. Касцёл без агароджы. Патрабуе значнай рэстаўрацыі…»14. Сярод рухомых рэчаў святыні ў інвентары пералічваюцца шэсць цынкавых вялікіх свяцільняў і дзве малыя, два крыжы — адзін «малы на табэрнакулюме» і адзін малы ў алтары, арнаты, старыя абрусы… У 1818 г. алтарыстам у касцёле служыў Войцех Знамяроўскі, доктар тэалогіі, канонік і пробашч каралішчавіцкі. Святая Імша адбывалася па суботах, нядзелях і святах; галоўнымі святамі лошыцкага касцёла былі дзень святога Станіслава, святых апосталаў Пятра і Паўла, Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі15.

У справе «Аб закрыцці рыма-каталіцкіх капліцаў і філій» за 1839 г. ёсць ведамасць, складзеная Мінскім біскупам кс. Ліпскім з пералікам касцёлаў і капліцаў, якія мусілі быць зачыненыя. Сярод іх згадваецца і лошыцкая капліца. З-за абвастрэння сацыяльна-палітычных абставінаў функцыі многіх парафіяльных касцёлаў, улічваючы і тыя, якія знаходзіліся на тэрыторыях памешчыцкіх маёнткаў, былі забароненыя або значна абмежаваныя, богаслужэнні дазваляліся толькі для членаў сямей… Аднак дакументы сведчаць, што ў тыя гады касцёл у Лошыцы не быў зачынены і больш за тры дзесяцігоддзі заставаўся не толькі родавай, але і парафіяльнай святыняю, якая па-ранейшаму была прыпісаная да каралішчавіцкага касцёла Ігуменскага павета.

У рукапісных крыніцах да сярэдзіны ХІХ ст. будынак называўся касцёлам, але пазней складальнікі інвентарных апісанняў і іншых дакументаў сталі называць лошыцкі касцёл «капліцаю», што, зрэшты, не супярэчыць яго першапачатковаму прызначэнню.

Візітатар кляштараў Мінскай дыяцэзіі кс. Барталамей Юзаф Вішнёўскі пісаў: «…Як і сам рыма-каталіцкі касцёл (у Каралішчавічах), так і капліцы ў Лошыцы і ў Пашкевічах цалкам пераробленыя ў 1860–1861 гг.»16. На жаль, у архіўных калекцыях ніякіх дакументаў, звязаных з перабудоваю лошыцкай капліцы ў пачатку 1860-х гг., знайсці не ўдалося. Справа ў тым, што згодна з тагачасным законапалажэннем уладальнік сядзібы не павінен быў узгадняць з дзяржаўнымі ўстановамі праектную дакументацыю на будаўніцтва або рамонт памяшканняў, якія знаходзіліся ў яго ўласнасці. Несумненна, усе гэтыя матэрыялы захоўваліся ў асабістым архіве Яўстафія Прушынскага (апошняга ўладальніка Лошыцы з роду Прушынскіх; пасля яго смерці маёнтак «па жаночай лініі» перайшоў да сына яго роднай сястры Станіславы — Яна Любаньскага), але пасля 1917 г. сляды сямейнага архіва Прушынскіх-Любаньскіх губляюцца, і сёння яго месцазнаходжанне невядомае.

Ёсць інфармацыя, што ў 1878 г. пробашчам каралішчавіцкага касцёла быў прызначаны кс. Вайноўскі, які зрэдку прыязджаў у лошыцкі маёнтак і праводзіў там богаслужэнні17, але, верагодней за ўсё, прафіяльнаю капліцаю лошыцкая святыня ў згаданыя гады ўжо не была.

У артыкуле пра Лошыцу, апублікаваным у «Польскім геаграфічным слоўніку» ў 1884 г., згадваецца «прыгожая капліца фундацыі Прушынскіх, узведзеная з каменю, у якой ужо шмат гадоў не праводзіцца богаслужэнне…»18.


Капліца ў Лошыцы, пач. ХХ ст.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. былі праведзеныя працы па добраўпарадкаванні парку, рэканструкцыі сядзібных пабудоваў і будаўніцтве новых памяшканняў. Увесь комплекс быў абнесены новаю агароджаю з каванымі рашоткамі і брамаю. Можна меркаваць, што ў гэтыя гады малебны ў капліцы адбываліся толькі для членаў роду і іх блізкіх. Капліца ў Лошыцы з’яўлялася таксама сямейнаю пахавальняю. Пацвярджэнне гэтаму знаходзім у кнізе ўспамінаў Антонія Кяневіча, родная сястра якога Ядвіга (Ізя) была замужам за Яўстафіем Любаньскім (фактычна перадапошнім уладальнікам лошыцкай сядзібы). На жаль, з імем Ізі Любаньскай звязаныя трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Лошыцы ў чэрвені 1905 г.: яна скончыла жыццё самагубствам, кінуўшыся ў сажалку. Пра прычыны гэтай драмы доўга пляткарылі ў арыстакратычных колах губерні… А. Кяневіч у сваіх мемуарах згадаў пра малебен і пахаванне, якія адбыліся «ў малой капліцы пры ўязной браме»: «Там, у склепе каплічкі, былі змешчаны на вечны супакой парэшткі прыгожай, усім сэрцам любімай, але нешчаслівай сястры маёй»19.

Як выглядала капліца ў гэты час, можна ўбачыць на фотаздымку, зробленым Балзукевічам не пазней за 1914 год. Выгляд будынка крыху адрозніваецца ад выявы, вядомай паводле акварэлі Ю. Пешкі, але розніца не вельмі значная і датычыцца ў асноўным даху — яго вышыні, формы, матэрыялу пакрыцця, малюнка франтонаў.

Новы этап у гісторыі Лошыцы пачаўся пасля рэвалюцыйных падзеяў 1917 г.: тады былы памешчыцкі маёнтак быў ператвораны ў адзін з найбуйнейшых навукова-даследчых цэнтраў Беларусі20. 1 верасня 1920 г. маёнтак быў перададзены ў распараджэнне Мінскай універсітэцкай камісіі для Агранамічнага дзяржаўнага ўніверсітэта21, а затым уласнікам Лошыцы стаў Беларускі інстытут сельскай гаспадаркі.

Ёсць звесткі, што лошыцкую капліцу пачалі разбураць яшчэ ў канцы дваццатых гадоў: яе першапачатковае культавае прызначэнне супярэчыла савецкай ідэалогіі. Сцвярджаецца, што было нават прынята рашэнне пра знос капліцы, але «пасля няўдала закладзенай узрыўчаткі будынак толькі страціў купальны дах. Наспех накрыўшы пашкоджаную забудову, новыя ўладальнікі зрабілі ў ёй склад сельскагаспадарчага інвентара». Калі гэта і адбылося, то не раней за канец 30-х гадоў ХХ ст., таму што на фотаздымку, зробленым у сярэдзіне 1930-х гг. і ласкава дадзеным нам Аленай Васілеўнай Сямашка (дачкою агранома Васіля Сямашкі, які шмат гадоў працаваў у Лошыцы і жыў з сям’ёй на тэрыторыі былога маёнтка), бачны абсалютна не пашкоджаны будынак капліцы.


Выгляд сядзібы з боку дарогі (былы Ігуменскі тракт), 1930-я гг.

Як піша Н. М. Новікава, паводле аповедаў старажылаў, цела жонкі аднаго з апошніх уладальнікаў Лошыцы, Ядвігі Любаньскай, спачывала ў капліцы ў свінцовай труне, накрытай празрыстым векам і падвешанай на ланцугах. «Калі Лошыцкай МТС спатрэбіўся свінец для акумулятараў, капліцу спустошылі, косці выкінулі, труну выкарысталі для гаспадарчых патрэбаў. Заадно паздымалі крыжы і разабралі купал, каб аслабіць культавы характар пабудовы. Зраўнялі з зямлёю могілкі, якія былі вакол капліцы…»22. Пра могілкі ў дакументах ніякіх звестак няма, але, несумненна, на пагосце маглі знаходзіцца асобныя пахаванні членаў роду і святароў, якія служылі ў лошыцкай капліцы.

Падчас Другой сусветнай вайны ў Лошыцы размяшчаўся нямецкі гарнізон і ў будынку былой капліцы немцы захоўвалі зброю. Па сведчанні А. В. Сямашкі, якая ў тыя гады жыла разам з бацькамі на тэрыторыі лошыцкай сядзібы, у апошнія дні чэрвеня 1944 г. немцы, адступаючы, узарвалі капліцу разам з боепрыпасамі, якія ў ёй захоўваліся. Цяпер можна ўбачыць толькі яе руіны…

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што ініцыятарам будаўніцтва ў Лошыцы каменнага касцёла, кансэкраванага пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, быў Юзаф Прушынскі. Архітэктурна-стылістычныя характарыстыкі вонкавага выгляду святыні, сведчанні пра месца яе знаходжання і іншыя звесткі, запісаныя ў першых вядомых нам інвентарах 1769 і 1772 гг., дазваляюць датаваць будаўніцтва лошыцкага касцёла 1769 годам. Пасля пабудовы святыні жыхары маёнтка і вёскі, якія раней з’яўляліся парафіянамі ўніяцкай царквы ў Каралішчавічах, цэлымі сем’ямі пачалі пераходзіць у каталіцтва.

Станіслаў Ксавэрый Прушынскі, сын Юзафа, які стаў уладальнікам Лошыцы ў 1779 г., правёў там шэраг будаўнічых работ, у тым ліку працы па рамонце і ўпрыгожанні святыні. Атрымаўшы дазвол ад Віленскага біскупа, у 1787 г. ён заснаваў пры касцёле алтарыю.

Капліца была адной з найстарэйшых забудоваў лошыцкага комплексу. Нягледзячы на сціплыя памеры, дзякуючы архітэктурнаму ўбранню і дакладна вывераным прапорцыям будынак капліцы выглядаў даволі манументальна.

У 1980-я гг. лошыцкая сядзіба, у тым ліку і капліца, была ўключаная ў «Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» і ўнесеная ў Дзяржаўны спіс помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння. Менавіта ў гэты перыяд пачаліся практычныя працы па даследаванні і рэстаўрацыі гэтага архітэктурнага помніка, але касцёльнага будынка яны да нядаўняга часу не датычыліся.

У сярэдзіне 1990-х гг. па ініцыятыве пробашча мінскага касцёла святых Сымона і Алены кс. Уладзіслава Завальнюка былі праведзеныя даследаван-ні руінаў капліцы. Архітэктар

А. Малахоўскі выканаў праект яе рэстаўрацыі, але адсутнасць сродкаў і негатыўнае стаўленне гарадскіх уладаў да адраджэння лошыцкага касцёла ў яго першапачатковым статусе не дазволілі рэалізаваць праект у тыя гады.

Некалькі гадоў назад спецыялісты ААТ «Праектрэстаўрацыя» (навуковы кіраўнік Г. Левіна, аўтар праекта У. Старасцін, мастацтвазнаўца С. Адамовіч) распрацавалі праект кансервацыі руінаў лошыцкай капліцы. Аднак было б мэтазгодна разгледзець пытанне пра поўную рэстаўрацыю будынка капліцы з далейшай перадачай яго ў распараджэнне Касцёла. Гістарычныя звесткі і фотаздымкі капліцы з вынікамі натурных, хімічных і іншых даследаванняў дазваляюць аднавіць яе аблічча на канец XVIII ст. Гэта значна павысіла б гістарычную, культурную і эстэтычную каштоўнасць Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу XVIII–ХХ стст. і ўзбагаціла б яго тэрыторыю адной з самых ранніх і цудоўных пабудоваў — капліцаю Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.


  1. НГАБ, ф. 136, воп. 1, спр. 42042.
  2. НГАБ, ф. 1769, воп. 1, спр. 6, арк. 389–394.
  3. НГАБ, ф. 1769, воп. 1, спр. 6, арк. 389.
  4. НГАБ, ф. 1769, воп. 1, спр. 6, арк. 393–394.
  5. Новикова, Н. М. К вопросу об истории Лошицы и её владельцах (XVI–XX вв.) // Навукова-даследчая праца. — Мінск, 1997. — Вып. 2. — С. 41.
  6. Тэрмін «царква» ў дакументах тых часоў часта прымяняецца як пры апісанні праваслаўных, уніяцкіх, так і каталіцкіх святыняў. Згаданыя ў дакуменце назвы алтароў — Святой Тройцы, Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Мікалая — характэрныя для любой святыні, але інфармацыя пра пераносны абраз Маці Божай Чанстахоўскай больш указвае на рыма-каталіцкую прыналежнасць апісанай святыні.
  7. Алтарыст (святар) — чалавек, у абавязкі якога ўваходзіць абслугоўванне алтара (алтарыі) згодна з дадзеным фундушам (гл. «Podręczna encyklopedia kościelna». — T. 1. — Warszawa, 1904. — S. 148.
  8. НГАБ, ф. 179, воп. 1, спр. 181, арк. 81.
  9. НГАБ, ф. 1769, воп. 1, спр. 19, арк. 489.
  10. НГАБ, ф. 1727, воп. 1, спр. 29, арк. 426.
  11. ЦГВИА, г. Москва, ф. ВУА № 25246, л. 1.
  12. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 244, арк. 34 адв.
  13. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, д. 240, арк. 28 адв.
  14. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 328, арк. 41 адв.
  15. Тамсама, арк. 42–43.
  16. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 476, арк. 37 адв.
  17. НГАБ, ф. 1781,воп. 24, спр. 15896, арк. 5.
  18. Słownik Geograficzny… — Warszawa, 1884. — T. 5. — S. 740.
  19. Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… — Warszawa, 1989. — S. 293.
  20. ДАМВ, ф. 188, воп. 1, спр. 12, арк. 494.
  21. НАРБ, ф. 205, воп. 1, спр. 447, арк. 13.
  22. Новикова, Н. М. Формирование Лошицкой усадьбы на фоне историко-бытовой перспективы // Навукова-даследчая праца. — Мінск, 2001. — Вып. 3. — С. 55.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY