Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у №2(64)/2013

Раздзел ІIІ

Прыязнасць

Я пачну з самага простага і самага распаўсюджанага віду любові, якую мы перажываем амаль нароўні з жывёламі. Дазвольце мне адразу заўважыць, што гэта не робіць яе менш вартаю. Рысы людзей не становяцца ні лепшымі, ні горшымі ад таго, што ўласцівыя таксама і жывёлам. Абвінавачваючы некага ў тым, што ён "проста быдла", мы не маем на ўвазе, што гэты чалавек дэманструе нейкія жывёльныя рысы (характэрныя для ўсіх), а хочам сказаць, што ён дэманструе іх і толькі іх у сітуацыях, дзе трэба паводзіць сябе па-чалавечы. (Калі мы папракаем некага ў "зверскасці", гэта звычайна азначае, што ён праяўляе жорсткасць, на якую не здольны ніводзін звер, не будучы настолькі разумным).

Грэкі называлі такую любоў "сторге". Я назаву яе проста прыязнасцю. Мой слоўнік грэцкай мовы тлумачыць "сторге" як "прыязнасць, асабліва - бацькоў да патомства", але таксама і патомства да бацькоў. І гэта, несумненна, першасная форма падобнай любові і асноўнае значэнне слова. Адразу ўяўляецца матуля, якая калыша немаўля, сабака ці котка побач з кошыкам, поўным шчанятаў-кацянятаў, якія ўсе разам адною грудаю пішчаць і торкаюцца насамі; котка варкоча і аблізвае малых, чуваць немаўлячае лапатанне, уяўляецца малако, цяпло, пах маладога жыцця.

Важнасць гэтага вобразу ў тым, што ён адразу ж ставіць нас перад наступным парадоксам. Патрэба і любоў-патрэба дзіцяці тут відавочная, як і матчына любоў-дар. Маці дае жыццё, корміць, абараняе. З іншага ж боку, яна павінна або даць жыццё, або памерці сама. Яна павінна накарміць, інакш сама будзе пакутаваць. Такім чынам, матчына прыязнасць - гэта таксама любоў-патрэба. У гэтым і заключаны парадокс. Маці адчувае любоў-патрэбу, але патрэба яе ў тым, каб даваць. Яна адчувае любоў-дар, але патрэба гэтай любові ў тым, каб быць запатрабаванаю. Нам трэба будзе вярнуцца да гэтага пункта.

Нават у жыцці жывёлаў, не кажучы пра нашае ўласнае, прыязнасць сягае нашмат далей, чым адносіны маці і дзіцяці. Гэтае цяпло і ўтульнасць, гэтую асалоду быць разам здольныя адчуваць усе жывыя істоты. Такая любоў - самая непатрабавальная. Ёсць жанчыны, у якіх ніколі не будзе шмат кавалераў, і мужчыны, у якіх ніколі не будзе мноства сяброў. Ім няма чаго прапанаваць наўзамен. Але амаль кожны можа стаць аб'ектам прыязнасці: і брыдкі, і дурань, і нават зусім невыносны чалавек. Тыя, каго яднае прыязнасць, могуць быць зусім не падобныя адно да аднаго. Я сам бачыў, як не толькі бацькі, але і браты любілі разумова адсталага хлопца. Прыязнасці не перашкаджае розніца ва ўзросце і адукацыі, прыналежнасць да розных класаў і рознага полу. Яна можа яднаць кемлівага маладога студэнта і яго старую няню, нягледзячы на тое, што інтэлектуальна яны жывуць кожны ў сваім свеце. Яе можна ўбачыць не толькі паміж сабакам і чалавекам, але і (што за дзіва!) паміж сабакам і катом. Гілберт Уайт14 сведчыць, што назіраў прыязнасць паміж канём і курыцаю.

Некаторыя пісьменнікі здолелі цудоўна распавесці аб прыязнасці. У "Трыстраме Шэндзі"15 бацька героя і дзядзька Тобі не падзяляюць ніякіх агульных зацікаўленасцяў і меркаванняў, так што і дзесяці хвілінаў не здольныя паразмаўляць, каб не пасварыцца. Але чытач не можа не заўважыць іх глыбокай узаемнай прыязнасці. Яна ж лучыць Дон Кіхота з Санчам Пансам, Піквіка з Сэмам Уэллерам, Дзіка Суівэллера з Маркізаю16. Прыязнасць, магчыма, і без свядомай інтэнцыі самога аўтара, з'яднала чацвёрку з "Ветру ў вербах": Крата, Пацука, Барсука і Рапуху17. Яны - прыклад таго, як дзівосна могуць адрознівацца тыя, каго лучыць прыязнасць.

Аднак яна мае свае прыкметы і ўмовы. Аб'ект прыязнасці павінен быць добра знаёмы. Здараецца, мы можам адзначыць нават дзень і гадзіну, калі закахаліся або пасябравалі. Але сумняваюся, што можна злавіць момант нараджэння прыязнасці. Усвядоміць сваю прыязнасць - значыць зразумець, што яна доўжыцца ўжо нейкі час. Істотна, што мы часта ўжываем слова "стары" ў адносінах да аб'екту прыязнасці. Сабака брэша на чужых, якія не ўчынілі яму аніякай шкоды, і віляе хвастом, убачыўшы старых знаёмцаў, якія ні разу яго не палашчылі. Дзіця любіць непрыязнага старога садоўніка, які ніколі не звяртаў на яго ўвагі, і цураецца госця, які з усіх сілаў імкнецца яму дагадзіць. Але садоўнік мусіць быць старым, тым, хто быў "заўсёды", - у сэнсе кароткага, але, здаецца, спрадвечнага "заўсёды", уласцівага дзяцінству.

Як я адзначыў, прыязнасць - самая простая любоў. Яна зусім не амбітная. Людзі могуць ганарыцца сваёю закаханасцю або сяброўствам. Прыязнасць жа сціплая, яна тоіцца і саромеецца самой сябе. Неяк я звярнуў увагу свайго сябра на факт, што прыязнасць нярэдка ўзнікае паміж катом і сабакам, і той зазначыў: "Так, але б'юся аб заклад, што ніводзін сабака ў гэтым не прызнаецца перад іншымі сабакамі". Яго словы - прынамсі добрая карыкатура на многія людскія прыязнасці. "Непрывабныя дамашнія твары павінны застацца дома" - сказаў Комус18. У прыязнасці вельмі дамашні і непрывабны твар, як і ў многіх, да каго мы яе адчуваем. Нашая любоў да іх не сведчыць пра тонкасць душы і розуму, як і іх любоў да нас. Тое, што я назваў любоўю ацэнкі, можа цалкам адсутнічаць у прыязнасці. Часта толькі расстанне або смерць можа прымусіць нас ацаніць людзей, з якімі нас лучыць адна прыязнасць. Мы ўспрымаем іх як нешта натуральнае, і гэткае стаўленне, абражаючы ў каханні, у прыязнасці да пэўнага моманту з'яўляецца ўласцівым і апраўданым, адпавядаючы яе ціхмянаму і ўтульнаму характару. Прыязнасць перастане быць сабою, калі пра яе зачаста і загучна казаць, паказваць яе на людзях - гэта нібы выставіць у двор усе дамашнія рэчы падчас пераезду. Прыязнасць вельмі добра пачуваецца, калі знаходзіцца на сваім месцы, але калі яе вынесці на святло, выглядае зашмальцаванаю, патыхае кідкаю, недарэчнаю безгустоўнасцю. Прыязнасць крадком прасочваецца ва ўсе куткі нашага жыцця. Яна - там, дзе ўсё простае, штодзённае, прыватнае; там, дзе мяккія пантофлі, звыклае адзенне, старыя жарты; там, дзе сонны сабака ляпае хвастом па падлозе ў кухні; там, дзе чуваць грукат швейнай машынкі; побач з абтрапанаю лялькаю, забытаю на дварышчы.

Але мушу адразу ж паправіцца. Я апісваю прыязнасць, якая існуе асобна ад астатніх відаў любові. Часам так і здараецца, а часам - не. Як джын можна піць у чыстым выглядзе і выкарыстоўваць у аснове многіх кактэйляў, так і прыязнасць, існуючы сама па сабе, можа спалучацца з іншымі відамі любові, робячы іх ярчэйшымі і становячыся асяродкам, у якім яны дзейнічаюць. Іншыя віды любові, хутчэй за ўсё, змарнеюць без прыязнасці. Пасябраваць - не тое самае, што адчуць прыязнасць. Аднак, калі сябра становіцца "старым" сябрам, усё звязанае з ім, што ад пачатку не мела з сяброўствам нічога агульнага, становіцца знаным і дарагім. Што тычыцца эратычнай любові, не магу ўявіць нічога больш брыдкага за доўгае каханне, не апранутае ў даматканую сукню прыязнасці. Такое каханне вымушанае існаваць у найбольш нязручных і няёмкіх умовах і становіцца ці занадта анёльскім, ці занадта жывёльным, або і тым і другім па чарзе; яно заўжды і завялікае, і замалое для чалавека. Але якую ж незвычайную прывабнасць набывае і сяброўства, і каханне ў тыя моманты, калі любоў ацэнкі звінулася клубком на сваім месцы і прыснула, а нашыя адносіны ахінулі супакой і звычайнасць (даючы свабоду, уласцівую самотнасці, хоць ніхто і не застаецца адзін). Няма патрэбы ў размовах. Няма патрэбы ў заляцаннях. Ні ў чым няма патрэбы, акрамя як паварушыць дровы ў каміне.

Цудоўным доказам таго, што ўсе віды любові змешваюцца і спалучаюцца між сабою, з'яўляецца пацалунак, у якім амаль паўсюль і ва ўсе часы выяўлялася любоў. У сучаснай Англіі сябры ўжо не цалуюцца, але людзі, прыязныя адно да аднаго і закаханыя - так. Пацалунак настолькі поўна адпавядае і прыязнасці, і каханню, што немагчыма сказаць цяпер, што ў чаго яго запазычыла і ці запазычыла ўвогуле. Дзеля ўпэўненасці можна адзначыць, што пацалунак прыязнасці адрозніваецца ад пацалунку кахання. Так, але і закаханыя не заўжды цалуюцца з жарсцю. І яшчэ абодва гэтыя віды любові схільныя ўжываць памяншальныя словы і "дзіцячую гаворку". Гэта характэрна не толькі для людзей. Прафесар Лорэнц у "Пярсцёнку караля Саламона"19 піша, што любоўныя крыкі галак складаюцца "ў асноўным з гукаў, характэрных для птушанятаў, якія дарослыя галкі выкарыстоўваюць з іншаю мэтаю". І ў нас, і ў птушак аднолькавыя падставы для гэтага. Пяшчота ёсць пяшчотаю, як бы яна ні праяўлялася, і мова самай першай спазнанай пяшчоты служыць нам для таго, каб гаварыць пра пазнейшыя.

Мы не назвалі яшчэ адну рысу, што заўжды спадарожнічае прыязнасці. Як я ўжо казаў, ад пачатку прыязнасць не абапіраецца на любоў ацэнкі. Яна не шукае адрозненняў, яна "паладзіць" і з самымі малаабяцальнымі людзьмі. І, як ні дзіўна, гэта азначае, што прыязнасць можа ў рэшце рэшт выклікаць ацэнку, якая інакш, магчыма, ніколі б не з'явілася. Можна сказаць, і ў гэтым будзе доля праўды, што мы выбіраем сяброў і каханых за нейкія іх якасці: прыгажосць, шчырасць, сардэчную дабрыню, кемлівасць, розум і гэтак далей. Але гэта павінен быць асаблівы кшталт розуму, асаблівы кшталт прыгажосці, асаблівы кшталт дабрыні, якія нам падабаюцца, і кожны мае ў гэтым свой густ. Таму сябры і закаханыя адчуваюць, што яны "створаныя адно для аднаго". Прыязнасць жа асабліва адметная тым, што можа лучыць людзей, якія абсалютна, да камізму, непадобныя, людзей, якія ўвогуле не мелі б нічога агульнага, калі б у пэўных абставінах лёс не звёў іх разам. З гэтага вырастае прыязнасць (зразумела, часта і не вырастае), у людзей расплюшчваюцца вочы. Мне ўсё больш і больш падабаецца "стары такі-сякі", спачатку проста таму, што ён побач, і раптам я, апроч іншага, пачынаю заўважаць: "нешта ў ім ёсць". І ў гэты самы момант, калі мы шчыра скажам, што хоць ён і "не мой чалавек", але "па-свойму" - чалавек вельмі добры, прыходзіць вызваленне. Адчуванні могуць быць зусім іншыя, напрыклад, толькі паблажлівасць і спагадлівасць. Але насамрэч у гэты момант мы пераходзім мяжу. "Па-свойму" - азначае, што мы выходзім па-за межы складу ўласнага характару і гатовыя ацаніць дабрыню і розум самі па сабе, а не толькі тады, калі яны цалкам адпавядаюць нашаму густу.

Хтосьці заўважыў: "Катоў і сабакаў заўжды трэба гадаваць разам, гэта пашырае іх кругагляд". Прыязнасць пашырае наш, з усіх відаў любові яна - самая ўніверсальная, непераборлівая, цярплівая. З гэтага пункту гледжання людзі, з якімі вы разам раслі, вучыліся, елі ў адной сталоўцы, плылі на адным караблі, маліліся ў адной святыні, складаюць больш шырокае кола, чым вашыя сябры, нават шматлікія, якіх вы самі сабе выбралі ў свеце. Колькі б сяброў у мяне ні было, іх колькасць не даказвае маёй вялікай здольнасці цаніць людзей. З такім жа поспехам можна сказаць, што я маю шырокія густы ў літаратуры, бо люблю ўсе кнігі ў сваёй бібліятэцы. Абодва прыклады можна аднолькава аспрэчыць: "Вы самі выбралі гэтыя кнігі. Вы самі выбралі гэтых сяброў. Зразумела, што яны вам падабаюцца". Сапраўды любіць чытаць той, хто і на танным развале побач з крамаю патрыманых кніг здольны знайсці нешта па сваім гусце. Сапраўды любіць людзей чалавек, які здолее ацаніць тых, каго сустракае ў віры кожнага дня. Я ўпэўнены, што менавіта прыязнасць фармуе ў нас гэтую здольнасць, спачатку навучаючы заўважаць, пасля трываць, пасля ўсміхацца, пасля цешыцца, а пасля ўжо цаніць людзей, якія "апынуліся побач". Створаныя для нас? Дзякуй Богу, не. Яны з'яўляюцца самі сабою, яшчэ больш незвычайнымі, чым вы можаце ўявіць, і яшчэ нашмат больш вартымі ацэнкі, чым можна здагадацца.

Цяпер мы закранем вельмі небяспечны момант. Як я казаў, прыязнасць зусім не амбітная. Любоў, па словах святога Паўла, не ганарыцца. Прыязнасць здольная любіць непрыгляднае: Бог і Яго святыя любяць тое, што любіць немагчыма. Прыязнасць не чакае многага, заплюшчвае вочы на памылкі, лёгка вытрымлівае сваркі, як любоў, яна доўгацярплівая, ласкавая і не памятае зла. Прыязнасць адкрывае нашым вачам прыгажосць і дабрыню, якія без яе мы б і не разгледзелі, і не ацанілі. Гэтак жа чыніць і пакорная святасць. Калі трымацца выключна гэтых падабенстваў, можна паверыць, што прыязнасць - не проста адзін з відаў натуральнай любові, а сама Любоў-Бог, якая дзейнічае ў нашым сэрцы і выконвае закон. Значыць, віктарыянскія пісьменнікі мелі рацыю? Такой любові і праўда дастаткова? Значыць, "дамашняя прыязнасць" у сваім найлепшым выглядзе, у найвышэйшай кропцы свайго развіцця - гэта і ёсць хрысціянскае жыццё? Я сцвярджаю, што адказ на гэтыя пытанні: "Не".

Я зусім не пра тое, што гэтыя раманісты часам пісалі так, быццам ніколі і не чулі пра "нянавісць" чалавека да жонкі і маці, да ўласнага жыцця. Гэта, канешне ж, рэальнасць. Ідзе спаборніцтва паміж усімі відамі натуральнай любові і любоўю Божай - пра гэта хрысціянін не мае права забыцца. Бог - вялікі Спаборнік, кропка, у якой знаходзіць мяжу чалавечая рэўнасць; тая прыгажосць, жудасная, як у Гаргоны, якая ў адно імгненне можа скрасці (прынамсі, гэтак падаецца) сэрца маёй жонкі, майго мужа, маёй дачкі. У гэтым сапраўдная прычына горычы, якая часта спадарожнічае бязвер'ю, нават калі сам чалавек бачыць яе пад маскаю антыклерыкалізму або нянавісці да забабонаў. Але цяпер я не кажу пра гэтае спаборніцтва, пра яго мы паразмаўляем пазней. Звернемся да больш прыземленых пытанняў.

Колькі падобных "шчаслівых сем'яў" існуе насамрэч? І, што яшчэ горш, ці нешчаслівыя сем'і нешчаслівыя таму, што не маюць прыязнасці? Я ў гэта не веру. Прыязнасць можа прысутнічаць і быць прычынаю няшчасця. Амаль што ўсе ўласцівасці гэткай любові амбівалентныя. Яны могуць дзейнічаць і на карысць, і на шкоду. Прыязнасць, якую пакінулі без нагляду і якой дазволілі кіравацца ўласнымі прынцыпамі, можа цалкам сапсаваць чалавеку жыццё. Людзі, пазбаўленыя сентыментальнасці, і выкрывальнікі "сямейнага шчасця" не сказалі пра яго ўсю праўду, але тое, што яны сказалі, - праўда.

Паглядзіце самі, якую агіду выклікаюць амаль усе папулярныя ружовыя песенькі і цукровыя вершыкі пра любоў-прыязнасць. Яны агідныя, бо цалкам фальшывыя. А фальшывыя, бо выдаюць за гатовы рэцэпт шчасця (і нават дабра) тое, што насамрэч з'яўляецца толькі магчымасцю. Атрымліваецца так, нібы нічога і рабіць не трэба: дазволь прыязнасці ліцца на цябе, як цёпленькі душ, і гатова - усё будзе добра.

Як мы бачылі, прыязнасць складаецца і з любові-патрэбы, і з любові-дару. Я пачну з патрэбы - нашага прагнення адчуваць прыязнасць з боку іншых людзей.

Цалкам зразумела, чаму прагненне прыязнасці ў параўнанні з іншымі любоўнымі прагненнямі лёгка становіцца самым безразважлівым, самым неабгрунтаваным. Амаль усе могуць стаць аб'ектам прыязнасці, і таму амаль кожны на гэта спадзяецца. Жудасны пан Панціфекс з "Шляху кожнага цела"20 страшна абураецца, даведаўшыся, што сын яго не любіць, - гэта ж "ненармальна" для хлопчыка не любіць уласнага бацьку. Яму нават у галаву не прыходзіць задумацца, ці за ўсё сваё жыццё хлопчык атрымаў ад яго нешта, што магло б выклікаць любоў. Гэтак жа ўжо на самым пачатку п'есы мы бачым, як кароль Лір, вельмі непрыемны стары, цалкам апанаваны нястрымнаю прагаю чыёйсьці прыязнасці. Я звяртаюся да літаратурных прыкладаў, бо вы - мае чытачы, а не суседзі. Калі б мы з вамі жылі побач, на жаль, не цяжка было б прывесці мноства прыкладаў з рэальнага жыцця. Падобнае здараецца кожны дзень. Мы ўсе ведаем, што павінны зрабіць нешта, каб калі не заслужыць, то прынамсі прывабіць каханне або сяброўства. Але прыязнасць часта ўспрымаецца як нешта гатовае, забяспечанае самою прыродаю: "укладзенае", "умайстраванае", "дадзенае". Мы маем права чакаць яе, а калі іншыя яе не выказваюць, гэта "ненармальна" з іх боку.

Такое дапушчэнне, несумненна, толькі скажэнне праўды. Многае ў нас "умайстраванае". Мы - млекакормячыя істоты, таму інстынкт, прынамсі ў нейкай меры, прадвызначае матчыну любоў, і часта яна бывае вельмі моцнаю. Мы - сацыяльныя істоты, таму ў коле знаёмых часта ствараецца асяродак, дзе пры спрыяльных абставінах узнікае і ўзрастае моцная прыязнасць, незалежна ад асабістых якасцяў удзельнікаў гэтага кола. Калі прыязнасць нам даецца, то не абавязкова па нашых заслугах. Можна атрымаць яе задарма. Слаба зразумеўшы тую праўду, што многіх людзей горача любяць, хоць іх і няма за што любіць, пан Панціфекс робіць з гэтага недарэчныя высновы: "Таму і я, зусім не варты любові, маю на яе права". Калі б гэта сапраўды было так, можна было б, разважаючы пра больш высокія матэрыі, сцвярджаць, што чалавек, не заслужыўшы Божую ласку, гэтым самым мае на яе права. У абодвух выпадках не можа быць і гаворкі пра нейкія правы. Мы маем не "права чакаць", а "падставу чакаць", што блізкія будуць любіць нас, пры ўмове, што ўсе мы - звычайныя людзі. А калі не? Калі мы зусім невыносныя? У такім выпадку "прырода" будзе дзейнічаць супраць нас. Тыя самыя ўмовы, пры якіх паміж блізкімі людзьмі ўзнікае прыязнасць, могуць так жа натуральна выклікаць і вялізную незнішчальную непрыязнасць, такую незабыўную, трывалую, прыхаваную і часам амаль неўсвядомленую нянавісць, якой бывае і супрацьлеглая ёй любоў. Зігфрыд, герой оперы, не можа ўзгадаць і хвіліны, калі ў яго не выклікалі нянавісці кожны выкрут, кожнае мармытанне, уся мітусня яго прыёмнага бацькі-карузліка. Як і ў выпадку з прыязнасцю, немагчыма вызначыць, калі распачалася такая нянавісць. Яна была заўсёды. Заўважце, што слова "стары" мы выкарыстоўваем і праяўляючы пяшчоту, і трацячы цярплівасць ад агіды: "усе яго старыя жарты", "усё ў яго выходзіць па-старому", "усё як і раней, па-старому".

Абсурдна лічыць, што кароль Лір не ведае прыязнасці. У той меры, у якой прыязнасць з'яўляецца любоўю-патрэбай, ён апантаны ёю. Калі б Лір па-свойму не любіў дачок, ён не прагнуў бы іх любові так адчайна. Самыя невыносныя бацькі і дзеці могуць проста палаць ад любові. Але яна прыносіць пакуты і ім самім, і тым, хто навокал. Сітуацыя становіцца задушліваю. Калі чалавека ўжо немагчыма любіць, а ён няспынна, як належнага права, патрабуе любові, напаказ выстаўляючы свае раны, папракаючы, гучна або маўкліва абураючыся і дэманструючы гэта кожным поглядам і жэстам, - усё падобнае выклікае у нас пачуццё віны (чаго нягоднік і дамагаўся) за тое, што немагчыма выправіць або пазбегнуць. Ён гатовы адкусіць працягнутую руку, якая так яму патрэбная, і калі ў нейкае шчаснае імгненне ў нас абудзіцца парастак прыязнасці да такога чалавека, ён сваёю нястрымнаю прагавітасцю адразу ж яго задушыць. І, натуральна, падобныя людзі заўжды жадаюць ад нас доказаў любові: мы павінны стаць на іх бок, падтрымаць і раздзяліць іх незадаволенасць некім іншым. "Калі б мой каханы сапраўды мяне любіў, ён бы ўбачыў, які эгаіст ягоны бацька...", "Калі б брат мяне любіў, ён дапамог бы мне змагацца з сястрою...", "Калі б ты мяне любіў, не дазволіў бы, каб да мяне так ставіліся...".

І хоць ты дробным макам перад імі рассыпся, такія людзі не здольныя ўбачыць правільнага шляху да мэты. Яшчэ Авідзій казаў: "Калі хочаш, каб цябе любілі, будзь варты любові". Вясёлы стары распуснік проста меў на ўвазе: "хочаш прывабліваць жанчын, будзь прывабны", але ягоныя словы маюць шырэйшае значэнне. Гэты аматар любоўных прыгодаў быў у сваім родзе мудрэйшы за пана Панціфекса і караля Ліра.

Сапраўды здзіўляе не тое, што гэтыя ненасытныя прагненні невыносных людзей бываюць дарэмнымі, а тое, што, наадварот, яны надзвычай часта аказваюцца задаволенымі. Нярэдка можна сустрэць жанчыну, якая ўсё дзяцінства, юнацтва і сталыя гады толькі і робіць, што апякае, слухаецца, песціць, падтрымлівае маці-вампірку, якой самага найбольшага клопату і пакорлівасці будзе замала. Гэткую ахвяру дачкі можна палічыць прыгожаю (хоць ёсць і іншае меркаванне на гэты конт), але ў паводзінах старой маці прыгажосці не знайсці.

Падобны "ўмайстраваны" характар прыязнасці, якая даецца нам дарма, выклікае, такім чынам, вельмі агіднае памылковае вытлумачэнне. У гэтым вінаватыя яе бесклапотная лёгкасць і нефармальнасць адносінаў.

Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле: "The Four Loves", C. S. Lewis, 1958.
Працяг будзе.


  1. Гілберт Уайт (Gilbert White; 1720-1793) - святар, першы брытанскі натураліст і арнітолаг, сябра Лонданскага Каралеўскага таварыства.
  2. "Жыццё і суджэнні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена" (The Life and Opinions of Tristram Shandy, Gentleman) - твор пісьменніка і багаслова Лоўрэнса Стэрна (Laurence Sterne), гумарыстычны раман у 9-ці тамах.
  3. Героі аднайменнага рамана Мігеля Сервантэса, а таксама раманаў Чарльза Дыкенса "Пасмяротныя нататкі Піквікскага клуба" і "Крама старажытнасцяў".
  4. "Вецер у вербах" (The Wind in The Willows) - казачная аповесць Кенета Грэма (Kenneth Grahame).
  5. Герой аднайменнай паэмы Джона Мільтана.
  6. Конрад Захарыяс Лорэнц (Konrad Zacharias Lorenz; 1903-1989) - выдатны аўстрыйскі вучоны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па медыцыне, заснавальнік эталогіі - навукі аб паводзінах жывёлаў. "Пярсцёнак караля Саламона" (1952) - яго навукова-папулярная кніга па біялогіі.
  7. "Шлях кожнага цела" (The Way of All Flesh) - аповесць класіка віктарыянскай літаратуры Сэмюэла Батлера (Samuel Butler).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY