|
|
№
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Маналог святара
Навука
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
Пераклады
Па родным краі
Нашы святыні
Па родным краі
Асобы
Галерэя
|
Адам Готлоб Эленшлегер (1779–1850) — драматург,
паэт і празаік перыяду рамантызму — «залатога веку» дацкай літаратуры.
Пры жыцці папулярнага літаратара называлі «найвядомейшым датчанінам Еўропы». Аўтар лірычнай паэзіі, літаратурных апрацовак скандынаўскіх хронік
і сагаў, п’есаў і апавяданняў. Адыграў надзвычай станоўчую ролю ў фармаванні літаратурнай дацкай мовы
і ў нацыянальна-культурным Адраджэнні свайго народа.
У 1571 годзе ў Кёльне жыў багаты бургамістр. Пасля некалькіх гадоў шчаслівага сямейнага жыцця ягоная жонка Райхмут раптам цяжка захварэла і памерла. Муж быў у адчаі. Вядома, што Кёльн — гэта горад, які сваёй набожнасцю можа параўнацца з Рымам. Таму яго і называлі ў Сярэднявеччы Roma germanica1, або civita sancta2. І ў пазнейшыя часы Кёльн богабаязнасцю сваіх жыхароў, здавалася, імкнуўся залагодзіць сваю віну — бо ён быў радзімай гнюснай Агрыпіны. Там мала каго можна было сустрэць, акрамя манахаў ды студэнтаў, якія спявалі за міласціну пад кожнымі дзвярыма. І цяпер яшчэ ў Кёльне ўвесь час гудуць званы, а касцёлаў і капліцаў у гэтым горадзе столькі, колькі дзён у годзе. Найвыдатнейшы з кёльнскіх храмаў — катэдра святога Пятра, адзін з найцудоўнейшых помнікаў дойлідства ўсёй Германіі. Аднак ён не мае той завершанасці, якую задумаў дойлід. Скляпенні былі пабудаваны тут толькі над хорамі. У кёльнскім саборы, які трошкі большы ў даўжыню за страсбургскі сабор, стаяць у чатыры шэрагі магутныя слупы. Галоўны алтар быў выразаны з цэльнай глыбы чорнага мармура, якую прывезлі ў Кёльн па Рэйне з Намюра-на-Маасе. У скарбніцы тут паказваюць посах са слановай косці, які, паводле падання, належаў апосталу Пятру. У адной з капліц стаіць пазалочаная, упрыгожаная каштоўнымі камянямі сярэбраная ра́ка з рэліквіямі Трох Каралёў. Праз невялікую адтуліну ў веку бачны іхнія чарапы. Кажуць, што два белых — Каспараў і Балтазараў, а чорны паміж імі — Мельхіёраў. Лёгка зразумець, што гэтыя цудоўныя, велічныя старажытныя святыні павінны былі моцна ўражваць католікаў. А тры чарапы, сярэбраная ра́ка і каштоўныя камяні прымушалі іх паверыць у тое, што гэта сапраўдныя рэліквіі, гэтаксама, як погляд гісторыка, звернуты ў мінуўшчыну, пераконвае нас у адваротным. Менавіта ў гэтым саборы была пахавана Райхмут фон Адохт. Той час вызначаўся хутчэй схільнасцю да пышнасці, чымсьці добрым густам. Таму было зусім натуральна, што яе ўбралі, як нявесту, у стракаты шоўк, надзелі на галаву нябожчыцы вытанчаную карону, а на пальцы яе бледных рук — каштоўныя пярсцёнкі. Паклалі Райхмут у труну з маленькімі зашклёнымі акенцамі і паставілі яе ў невялічкую капліцу ў сутарэнні пад самымі хорамі. Там ужо ляжалі яе продкі. Яна сама пры жыцці наведвала іх падчас набажэнства і з глыбокай пашанай і страхам глядзела праз акенцы на карычневыя муміі, мёртвыя чарапы якіх рэзка кантраставалі з золатам і каштоўнымі камянямі, на свой спосаб дэманструючы розніцу паміж марным і вечным. У тыя часы нябожчыкаў ужо не бальзамавалі. Капліца была перапоўнена, і пасля пахавання Райхмут вырашылі больш там нікога не хаваць. І вось яна ляжала ў склепе, нібы на ложку смерці, толькі ў пышным строі. Добры Адохт, муж Райхмут, цяжкім крокам суправаджаў труну жонкі да месца яе апошняга спачыну. На вежы вялікі звон вагой у больш за 20 тонаў напаўняў смутным гулам вялікі горад. Богабаязныя манахі адслужылі пры свечках задушную Імшу паводле старажытных пергаментных фаліянтаў, што ляжалі на пюпітрах. Яны спявалі і кадзілі ладан. Сваякі Райхмут таксама ўсе былі на пахаванні. Яны трымалі ў руках крапільніцы і пад гукі спеваў акраплялі нябожчыцу свянцонаю вадою. А тая ляжала ў абдымках смерці — бледная і нерухомая. Агромністы гадзіннік, які заводзілі толькі раз на год і які паказваў не толькі час удзень і ўначы, але таксама і рух нябесных свяцілаў, здавалася, быў адзіным, што жыло ў маўклівым саборы. Ягонае манатоннае цік-так гучала над маўклівымі надмагіллямі, над тварамі святых на старажытных карцінах. На двары бушавала навальніца, калі познім лістападаўскім надвячоркам Пэтэр Больт, памочнік магільшчыка сабора святога Пятра, пайшоў дадому пасля пышнага пахавання. Ён быў чалавек бедны, тры гады таму пабраўся шлюбам, а праз год пасля вяселля жонка падарыла яму дачку. Цяпер яна таксама павінна была нарадзіць. З цяжкім сэрцам ён вяртаўся з сабора ў свой лядашчы дом. Халодны і сыры, ягоны дамок стаяў на беразе рэчкі. Адкрыты бурам, ён першым сустракаў восеньскую навалу. Пэтэр хацеў увайсці да жонкі, але маленькая Марыя, якая самотна сядзела ў пярэднім пакоі на лаве і гулялася з лялькай, устала перад ім. — Татуля,— пралепятала яна,— не хадзі туды! Прыляцеў бусел і прынёс Марыі маленькага браціка! А матуля захварэла і ляжыць у ложку! Тут да Пэтэра выйшла ягоная швагерка з крэпенькім нованароджаным на руках. А тым часам жонцы станавілася ўсё горш, і трэба было грошай, грошай значна большых, чымсьці меў Больт. Пільная патрэба прымусіла яго бегчы да яўрэя Ісака, які апошнім часам часта пазычаў яму невялікія сумы пад надзейны заклад. На гэты раз Пэтэр не меў нічога, каб закласці, і ён спадзяваўся толькі на міласэрнасць Ісака. Аднак на гэты якар паратунку не было спадзявання! Больт нясмела пастукаўся ў дзверы ліхвяра. Ісак цярпліва выслухаў ягоныя балючыя просьбы ўперамешку са слязьмі. А калі Пэтэр скончыў, ён спакойна сказаў, што дзеля нованароджанага ён нічога пазычыць не можа, а слёзы і енкі — гэта ненадзейны заклад, і ніводзін чалавек справы не можа пагадзіцца на такое. Няшчасны, разгублены, у поўнай роспачы, ледзь трымаючыся на нагах, Больт пайшоў назад дахаты. Што рабіць? Пэтэр не аднойчы ўжо звяртаўся да багатых прэлатаў і жывіўся ў іх мізэрнай міласцінай. Ісці да іх ізноў ён не хацеў. Між тым настала ноч. У апраметнай цемры на саборную плошчу халоднымі мокрымі камякамі коса падаў снег. У Больта было цяжка на душы, і ён, апантаны думкамі аб сваім няшчасці, заплутаў на плошчы, па якой раней столькі хадзіў. І нечакана для самаго сябе ён апынуўся прама каля галоўнага партала сабора. Гадзіннік прабіў тры разы, што азначала тры чвэрці на дванаццатую. І тут у галаве Больта прамільгнула нечаканая думка. Раптам ён убачыў, як ягоная дачушка Марыя гуляецца з лялькай, убачыў хворую жонку з нованароджаным ля ссохлых грудзей. А потым ён уявіў мёртвую Райхмут у труне са шклянымі акенцамі, з дыямэнтамі на мёртвых пальцах. «Навошта яны ёй? — падумаў ён. — Вось быў бы цудоўны заклад для Ісака! Няўжо гэта грэх — абрабаваць нябожчыцу дзеля выратавання жывых?» Усхваляваны гэтымі думкамі, ён пабег дахаты. Пасля таго, як па дарозе Больт сто разоў абдумваў усё зноў і зноў, усмешка адчаю на вуснах жонкі прымусіла яго прыняць канчатковае рашэнне. Ён запаліў ліхтар, паклаў у кішэню вялікую звязку ключоў і выбег з хаты. Па дарозе яму раптам падалося, што пад нагамі ў яго дрыжыць зямля. Аднак сама думка пра тое, што дома цяпер яшчэ горш, чым тут, штурхала яго наперад. Ён суцяшаў сябе тым, што з-за непагадзі на вуліцах не было ніводнага чалавека і, такім чынам, ніхто не мог сачыць за ім. Спыніўшыся на імгненне перад дзвярыма сабора, ён наважыўся і ўставіў ключ у стары замок, прывычна павярнуў яго. І вось, зачыніўшы за сабой дзверы, ён ужо стаіць у саборы сам! Як калацілася ягонае сэрца, пакуль ён крочыў па доўгай бясконцай наве сабора. Ягоная рука, якая трымала ліхтар, так страшна трымцела, што ён кожнае імгненне баяўся, як бы не згасла свечка. Яму здавалася, што нашмараваныя да бляску херубімы на спінках дубовых лаваў спрабавалі ўтрымаць яго крыламі за крысо плашча. Аднойчы яму распавядалі пра чалавека, які, каб даказаць сваю смеласць, увайшоў уначы ў касцёл. У знак тога, што ён там быў, той утыкнуў нож у века труны! Але неасцярожна прыбіў нажом таксама і крысо свайго плашча. Нож моцна трымаў яго, і той чалавек памёр на месцы з перапуду. «Ты мусіш пераадолець свой страх, — пераконваў сябе Больт, — усё гэта ты сам прыдумаў. Гэта кроў твая ўдарае табе ў голаў, падманвае і палохае цябе. Сотні разоў ты быў тут уначы, і нічога з табой не здарылася». Але як ён ні ўгаворваў самога сябе, гэта не надавала яму смеласці. Яму здавалася, што ягоныя вусны бязгучна паўтараюць тое, што ён думаў, хаця свае думкі ён не насмеліўся б выказваць услых! Штораз, праходзячы паўз чарговую алтарную карціну і асвятляючы яе ліхтаром, Пэтэр бачыў, нібы ў пакорлівых тварах святых тоіцца нейкая пагроза. На адной з карцін было паказана пакаранне смерцю апостала Пятра. Святы вісеў на крыжы дагары нагамі, а ягоныя серабрыста-шэрыя валасы рассыпаліся па зямлі. У гэты момант Больту падалося, нібыта ківач гадзінніка пачаў гучней, чым звычайна, адбіваць хвіліны. Ён адхінуўся назад. «Пане! — падумаў ён. — Які ж я вялікі грэшнік! Апостал Пётр пакорліва памёр пакутлівай смерцю за Езуса Хрыста, а я здраджваю Яму!» Тут за мурамі сабора праспяваў першы певень, і Больт прыгадаў, як апостал Пётр ад першых да другіх пеўняў паспеў тройчы адрачыся ад Збаўцы. «Ён жа таксама быў толькі чалавекам, — падумаў Больт, — хаця ў яго і не было ані жонкі Ёганны, ані малой Марыі, ані нованароджанага, пра якога трэба дбаць». Гэтая думка надала Больту смеласці. Ён рашуча прайшоў паўз галоўны алтар, адчыніў агароджу хораў, сышоў па прыступках уніз, прайшоў паўз доўгі вузкі падземны ход, паабапал якога бачна было надмагільныя пліты, і расчыніў дзверцу капліцы, дзе ляжала Райхмут. І вось ён ужо стаіць каля яе труны. Змярцвела-бледная ляжала яна ў склепе, дзе, як яму падалося, ужо адчуваўся трупны пах. Карона ў яе валасах, пярсцёнкі на пальцах загадкава мігцелі пад слабым святлом ліхтара. Толькі ён хацеў прыўзняць крышку века, як тут жа жахнуўся. Яму падалося, што выраз твару нябожчыцы змяніўся. «Калі б я меў больш часу, — падумаў ён, — то лепш узяў бы што-небудзь з іншых трунаў. Час ужо сцёр усе чалавечыя рысы на чарапах гэтых мумій. Прывозяць жа муміі з Егіпта і не пакутуюць на дакоры сумлення! Даўніна знішчыла ўсе правы смерці і ледзь не ўсю годнасць мёртвых. Але тыя, што спачываюць тут, былі хрысціянамі. Самі егіпцяне свята шанавалі свае грабніцы. А адкрываюць іх і рабуюць чужынцы, нашчадкі чужога народу». Больт не хацеў заставацца доўга ў гэтым страшным месцы і пачаў дзейнічаць больш рашуча. Пэтэр вырашыў, што труну Райхмут узламаць лягчэй за ўсё. Ён паспрабаваў выкарыстаць лом. Але гэта аказалася зусім не так проста. Зашклёныя акенцы ў веку былі надта малыя, а да таго ж закратаваныя стальным дротам. Ён мусіў ламаць дошкі, і калі яны затрашчалі, па твары Больта пакаціўся халодны пот. Трэск дошак пераконваў яго яшчэ больш, што ён сапраўдны касцёльны злодзей. Спачатку Больт баяўся толькі таго, што атачала яго ў саборы, а цяпер ён пачаў баяцца самога сябе. Ён, безумоўна, не здолеў бы здзейсніць свой намер, калі б века нечакана не адскочыла — ён выпадкова націснуў на нейкую спружыну. Пэтэр імкліва азірнуўся, нібы жадаючы ўбачыць, хто стаіць у яго за плячыма і сочыць за ім. Не ўбачыўшы нікога, ён укленчыў, узняў рукі да неба і, уздыхаючы, прашаптаў: — Святая нябожчыца! Прабач мне! Табе ўжо не патрэбная ўся гэта раскоша! А адзін каменьчык з твайго пярсцёнка зможа ашчаслівіць цэлую сям’ю беднякоў — жывых людзей. Яму падалося, што ад гэтых словаў твар нябожчыцы нібыта крыху змякчыўся. Тады ён смела схапіў яе за руку і хацеў сцягнуць з пальца пярсцёнак. Але хто апіша ягоны жах, калі мёртвая, моцна схапіўшы вільготнымі пальцамі ягонае запясце, з усяе сілы сціснула руку Больта. З немым крыкам ён вырваўся з яе рук і, нават не захапіўшы з сабой ліхтара, кінуўся наўцёкі. Страх дапаможа яму знайсці дарогу і ў цемры! Нібыта заяц, ляцеў Пэтэр праз падземны ход, паўз капліцы, праз хоры і, безумоўна, удала выбраўся б з сабора на плошчу, калі б, спяшаючыся, не забыўся на вялізны, так званы Д’яблаў, камень, што ляжаў пасярод сабора. Людзі верылі ў забабон, што нібыта сам д’ябал скінуў яго ўніз, прабіўшы скляпенні. Але праўда толькі ў тым, што камень упаў зверху, і ў саборы дагэтуль паказваюць пралом у даху, адкуль ён зваліўся. Вось на гэты камень і наляцеў няшчасны Больт, якраз калі гадзіннік на высокай вежы хрыпла прабіў свае дванаццаць глухіх удараў. Пэтэр страціў прытомнасць і ўпаў на падлогу. Калі ён ачуняў і ўбачыў, што нікога побач няма, а, значыць, за ім ніхто не гоніцца, у яго нібыта выраслі крылы. Ён выскачыў з сабора, прабег цераз плошчу і кінуўся проста да дома бургамістра. Ён нічога не адчуваў, ні пра што не думаў, акрамя свайго страшнага граху, і лічыў, што пазбегнуць помсты нябожчыцы можна толькі прызнаўшыся ў сваім злачынстве яе мужу. Ён мусіў доўга стукаць у браму, перш чым яму адчынілі. Усе ў доме спалі першым сном, і толькі бедны Адохт яшчэ сядзеў на той кушэтцы, дзе ён некалі сядзеў са сваёй каханай Райхмут. Яе партрэт вісеў у ценю на сцяне, і засмучаны Адохт, абапершыся шчакой на далонь, не зводзіў з яго вачэй. Больт зноў пастукаў у браму, і гэта ўрэшце абудзіла Адохта ад гаротных думак. Ён выпрастаўся і, расчыніўшы акенца, спытаў: — Хто гэта? — Ах, вяльможны пане бургамістр, гэта я! — прагучала яму ў адказ. — Хто гэта — я? — Я, Пэтэр Больт, памочнік магільшчыка сабора святога Пятра. Маю да вас надзвычай важную справу, пане бургамістр! Натуральная хада думак — Райхмут, яе магіла, сабор, дзе яна пахавана, і таямнічая справа надзвычайнай важнасці, пра якую яму збіраўся распавесці Больт, — прымусіла Адохта паспяшацца насустрач Пэтэру. Ён узяў падсвечнік, хутка спусціўся ўніз і сам адчыніў дзверы Больту. — Што вы хочаце мне паведаміць?! — гукнуў ён. Не паспеўшы зачыніць за сабой дзверы, Больт кінуўся ў ногі Адохту і шчыра ва ўсім прызнаўся. Адохт слухаў яго з вялікім здзіўленнем. Ягоны гнеў быў змешаны са спачуваннем. А калі магільшчык скончыў свой расповед, бургамістр загадаў Больту маўчаць пра гэтую справу, каб не наклікаць на сабе яшчэ большае няшчасце. Адохт адразу вырашыў накіравацца разам з магільшчыкам у сабор і разабрацца на месцы, што здарылася. Аднак Пэтэр рашуча адмовіўся суправаджаць яго. — Лепш адвядзіце мяне проста на эшафот, — сказаў ён, — каб мне наступны раз не карцела грашыць і трывожыць мёртвых. Адохт між тым не даваў сабе рады і з нецярплівасцю жадаў хутчэй апынуцца ў саборы. Іскра надзеі ўспыхнула ў ягоным сэрцы. Аднак яго кранулі гора і адчай Больта. Той трымцеў ад страху, калі расказваў бургамістру пра тое, што ягоная жонка нарадзіла хлопчыка, і пра ўсю сваю нэндзу. Твар Пэтэра быў такі смяротна спалатнелы, вочы поўніліся такім адчаем, што ён сам быў падобны да магільнай здані. Бургамістр загадаў Больту ўзяць сябе ў рукі і ані слова не казаць нікому пра тое, што здарылася. А грошы Адохта — некалькі бліскучых талераў — на першы час пазбавяць яго ад бяды. Бургамістр пераканаў Больта пайсці дахаты і паклапаціцца пра жонку. Потым Адохт паклікаў свайго старога слугу. — Ты баішся мёртвых, Ганс? — спытаў ён. — Не, вяльможны пане бургамістр, — адказаў той. — Заўсёды лепш мець справу з імі, чымсьці з жывымі. Тыя значна больш небяспечныя. — Ну а, напрыклад, ты не пабаяўся б уначы пайсці ў сабор? — Калі паводле абавязку службы, то не пабаяўся б. А проста з цікаўнасці — ніколі б не пайшоў. Нельга кпіць з таго, што трэба шанаваць. — А ты верыш у прывіды, Ганс? — Так, веру, пане бургамістр. — І баішся іх? — Не, не баюся. Я трымаюся Пана Бога і ведаю, што і Ён плаціць мне тым жа, а Ён наймагутнейшы за ўсіх. — Пойдзеш са мной у сабор, Ганс? Я сасніў дзіўны сон пра маю жонку-нябожчыцу. Нібыта яна паклікала мяне праз усю плошчу з акенца саборнай званіцы. — А-а, тут быў Пэтэр Больт і наплёў вам усякай лухты. Вось вы і спадзяецеся… Гэтым магільшчыкам штораз здані здаюцца… — Запалі ліхтар, Ганс. Маўчы і хадзі за мной! Я загадваю табе! — Ну, калі вы загадваеце, вяльможны пане бургамістр, я падпарадкоўваюся вашай волі. Вы для мяне гаспадар і ўлада. І Ганс, не пярэчачы, запаліў ліхтар і пайшоў за сваім панам. Адохт таропка ўвайшоў у сабор. Аднак Ганс, які меўся ісці спераду і асвятляць дарогу ліхтаром, увесь час затрымліваў яго сваімі разважаннямі, таму бургамістр мусіў запаволіць крок. Каля ўвахода Ганс асвятліў залатыя жэзлы над дзвярыма. Штогод іх станавілася больш, каб людзі ведалі, колькі гадоў уладарыць цяперашні курфюрст. — Добра прыдумана, вяльможны пане бургамістр, — сказаў Ганс, — варта толькі падлічыць гэтыя жэзлы, і адразу ясна, колькі гадоў кіруе намі, грэшнымі, яснавяльможны пан курфюрст. Потым Гансу закарцела асвятліць ліхтаром прыгожыя медныя і алебастравыя надмагіллі. Потым ён прасіў гаспадара растлумачыць яму розныя надпісы. Адным словам, ён паводзіў сабе, як замежны падарожнік, які рады нагодзе агледзець выдатныя помнікі сабора, хаця ўсе шэсцьдзясят чытыры гады свайго жыцця Ганс правёў тут, у горадзе Кёльне, і за гэты час бываў у саборы па некалькі разоў на тыдзень. Адохт ведаў, што падганяць яго бессэнсоўна і што гэтым ён не дасць рады. І ён цярпеў выбрыкі свайго старога сябра і слугі. Ён спрабаваў толькі як мага карацей адказваць на ягоныя пытанні. Так паціху яны падышлі да галоўнага алтара. Але тут Ганс раптам спыніўся, і ніякімі сіламі было немагчыма скрануць яго з месца. — Паспяшаемся! — гукнуў Адохт, які ўжо пачаў нецярплівіцца. Сэрца ягонае закалацілася мацней ад трывожнага чакання. — Няхай абароняць нас святыя анёлы Боскія! — прамармытаў Ганс, ляскочучы зубамі, затрымцеў і пачаў перабіраць ружанец, што вісеў у яго на пасе. — Што з табой? — крыкнуў Адохт. — А хіба вы не бачыце, хто там сядзіць, пане бургамістр? — Дзе? — Божа, не пакінь мяне, там каля алтара сядзіць нябожчыца-гаспадыня ў доўгай чорнай сукні і п’е з сярэбранага келіха. І Ганс накіраваў прамяні свайго ліхтара проста на прывід! Так, сапраўды гэта была Райхмут. Бледная, у доўгім чорным строі, яна сядзела, падносячы сваёй худой рукой сярэбраны келіх да вуснаў. Тут нават Адохт забыўся на мужнасць. — Райхмут! — гукнуў ён. — Заклінаю цябе ў імя Бога, адкажы: ты гэта ці гэта твой цень? — Ах, — пачуўся слабы голас, — гэта я! Вы пахавалі мяне зажыва! Я ледзь не задыхнулася. Але гэтыя кроплі касцёльнага віна надалі мне сілы і зноў вярнулі да жыцця! Падыміся ж да мяне, мой даражэнькі Адохт! Я не мёртвая, я проста вельмі аслабла, і калі ты не паклапоцішся пра мяне, я і сапраўды скора памру. Тут Адохт паспяшаўся падняцца да алтара і схапіў у абдымкі сваю каханую, вернутую яму жонку. Пасля таго як Больт уцёк, Райхмут, якая абудзілася ў труне ад летаргічнага сну, перажыла некалькі жудасных хвілінаў. Яшчэ не зусім ачуняўшы, яна неасцярожным рухам рукі перакуліла ліхтар, пакінуты Больтам на веку труны, і свечка згасла. Райхмут расплюшчыла вочы і не магла зразумець, дзе гэта яна. Пачала мацаць вакол сябе рукамі і зразумела, што замест цёплай коўдры яна ахутана ў тонкі шоўк. Схапіўшыся рукой за голаў, яна намацала залатыя ўпрыгожванні. Райхмут не давала рады. Вакол была апраметная цемра. Адсунуўшы руку далей, яна зразумела, што знаходзіцца ў нейкай цеснай скрыні. Раптам снежныя хмары разарваліся і ясны месяц зазірнуў якраз у адзінае акенца, што было ў скляпеннях сутарэння. І Райхмут з жахам убачыла, дзе гэта яна. Яна ўскочыла, і ў склепе адгукнуліся яе страшныя крыкі. Яна ясна ўявіла сабе: яе пахавалі зажыва… яна памірае ад голаду і смагі… апошнія жудасныя гадзіны жыцця сярод страшных трупаў — і ўсе гэтыя карціны ўсталі перад ёю. Дзверцы капліцы былі зачынены — напалоханы Больт захлопнуў іх за сабой. Райхмут ведала, што нават на хорах ніхто не пачуе яе крыкаў. Акенца знаходзілася высока ў скляпеннях і глядзела яно на бязлюднае месца, дзе ніхто не хадзіў. Магчыма, што на працягу некалькіх дзён ніхто не спусціцца ўніз, і за гэты час яна знясіліцца і памрэ ад голаду. Заламваючы рукі, Райхмут з жахам углядалася то ў серабрыста-белыя алавяныя труны, то ў чорныя закураныя сцены. Тут, на гэтых чорных сценах, яна, нібыта на аркушах паперы, накрэмзае пазногцямі гісторыю сваіх перадсмяротных пакутаў. І гэта будзе адзіным заняткам, які крыху ўлагодзіць яе пакуты і зойме ў жудасны апошні момант. На яе твары адбіўся адчай. Яна пачала стыць ад сцюжы і страху. Каб выратавацца, Райхмут пачала шукаць нешта, каб ахінуцца. Яе позірк патрапіў на чорны саван, што ляжаў на насілках, дзе раней стаяла труна. Яна і захінулася ў гэты саван. Здавалася, чорная матэрыя сагрэла яе, з’явіліся новыя сілы. Ясны месяц свяціў у акенца. Захутаная ў чорны саван, яна ўкленчыла перад акенцам і гукнула: — Найсвяцейшая Маці Божая Марыя! Ты, што стаіш там, наверсе, у саборы над алтаром. Я не магу цяпер укленчыць перад Тваёй выявай! Але твар Твой лагодны і ззяе, нібыта гэты месяц! Мне здаецца, нібыта гэта Ты глядзіш на мяне зверху, з нябёсаў! Святая Мадонна, выратуй мяне, вызвалі адсюль! Памаліўшыся, яна падышла да дзвярэй і пачала з апошніх высілкаў паварочваць заіржавелую ручку. Хто апіша яе радасць, калі дзверы расчыніліся! Ды яны і не былі зачыненыя! Таропкім крокам Райхмут выйшла з капліцы і пашыбавала далей. Але здолела дабрацца толькі да галоўнага алтара. Яна адчула, як яе ногі стынуць і падкошваюцца ад слабасці, і напалохалася, што зноў можа страціць прытомнасць. На шчасце, яна ўспомніла, што святар звычайна захоўваў за алтаром бутлю, у якой прыносіў віно для Трапезы Божай. З цяжкасцю яна прабралася туды, адкаркавала бутлю і знайшла ў ёй роўна столькі віна, колькі было трэба дзеля аднаўлення сілаў. Ніхто яшчэ з такой богабаязнасцю і верай не прымаў, як яна, святое Прычасце. Райхмут адчула, што ў яе жылах зноў струменіцца кроў, што да яе вяртаецца жыццё. І тут яна ўбачыла свайго мужа. Толькі на імгненне ён адхінуўся ў жаху ад дзіўнай здані, але хутка даў рады і скора ўжо трымаў у абдымках каханую жонку. З надзвычайнай асцярожнасцю Адохт прынёс Райхмут дадому. Яму няцяжка было схаваць, якім чынам ён здолеў выратаваць жонку. І наколькі вялікай была радасць бургамістра, калі на наступны дзень лекар запэўніў яго, што небяспечны крызіс прамінуў і жыццю Райхмут не пагражае небяспека. Ён больш не мог гневацца на няшчаснага Больта, якога штурхнулі на злачынства такія жаласлівыя матывы. Але Больт быў сам сабе яшчэ больш строгім суддзёй, чымсьці бургамістр. Ён адмовіўся ад сваёй сціплай пасады, таму што не хацеў больш бываць у касцёле так часта, як таго патрабуюць абавязкі. Яшчэ менш ён хацеў заставацца там увечары. Райхмут паклапацілася аб ягонай жонцы, Адохт — аб ім. Сужэнцы сталі хроснымі бацькамі нованароджанага сына магільшчыка. Свяшчэнныя пачуцці перапаўнялі іх душы ў той святочны сонечны дзень, калі праз два тыдні пасля свайго цудоўнага выратавання Райхмут, трымаючы на руках нованароджанае дзіця, стала ягонай хроснай маці. Іграў арган, лавы былі ўпрыгожаныя зялёнымі яловымі галінамі, ліставым золатам і срэбрам, а сабор быў поўны вернікаў. Шчаслівае сужэнства ад усяго сэрца дзячыла Провіду і паклялося заўсёды клапаціцца аб малым хлопчыку. Бо тое, што ён нарадзіўся ў галечы, было адзіным, што не дазволіла Райхмут памерці жудаснай смерцю. Вось так і атрымалася, што жалобнае пахаванне змянілася вясёлымі хрэсьбінамі, якія суправаджаліся барабанным боем, звонам літаўраў і галасамі трубаў. А багач Адохт не шкадаваў у гэты дзень свайго старога рэйнскага віна. Ён загадаў выкаціць вялікую бочку на радасць натоўпу, які піў за здароўе яго і ягонай жонкі, весела гукаючы на ўсю плошчу.
Пераклаў з дацкай мовы Валеры Буйвал.
|
|
|