Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё

ЧАРАПАХА І ПЕВЕНЬ
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні

ФАРНЫ КАСЦЁЛ У ЛІДЗЕ
Маналог святара

СВЯТАР - ГЭТА СЛУГА...
Навука
Постаці
Прэзентацыя

ЗНАКІ НЕСПАКОЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

РАЙХМУТ ФОН АДОХТ
Па родным краі

WIAZYŃ, ВЯЗЫНЬ, ВЯЗАНЬ...
Нашы святыні
Па родным краі

ШЛЯХАМІ ПАЎСТАНЦАЎ 1863 ГОДА
Асобы
Галерэя

* * *
Наталяю душу цішынёй,
Цудадзейным лясным адварам.
Адрастаюць крылы. Анёл
Мне зёлкі духмяныя варыць.

Ён вартуе маю цішыню
І лісце старое паліць,
Канюшынаю ўкрые зямлю
І кветку падорыць на памяць.

Паляцець бы… "Дык не шкадуй,
Што было, што збылося, што будзе…"
Мой Анёл жывую ваду
Крыламі студзіць.


* * *
Калі па нябеснай дарозе
Пайду новы дзень сустракаць,
А цела пакіну ў знямозе
На зрэбнай прасціне ўміраць,
Калі па дарозе адзінай,
Няўмольнай, няўтольнай - жывой,
Апошнім радком-успамінам
Я вырушу за табой, -
Пазнай маё вернае сэрца,
А грэшнае цела прабач,
Яно так баялася смерці,
Самотнасці і няўдач.
Наіўнае, кволае цела,
На вечнасць зямную - маё,
Яно так пяшчоты хацела
Хаця б на імгненне адно.
Хутка вялікі горад
Прачнецца, патушыць агні,
Ты мой неадольны голад
На небе і на зямлі.
Гукае калядны званочак,
Ляціць белы голуб дамоў,
Каб недзе на зорцы паўночнай,
Ты сэрца маё знайшоў.


* * *
На сёмае неба дрэвы ляцяць,
Нібы жаўрукі да сонца.
Сосны, санаты майго жыцця,
Спявайце бясконца!

Вырвецца з лёху на волю душа,
Дзіўная птушка,
Загубіўся мой час у зямных спарышах,
Райскіх пушчах.

Пазнаю па крапліне я Божы сусвет,
Па далоні чытаю долі…
Веру дрэвам і веру траве,
Як ніколі.


* * *
Вершы ад слова "верыць".
Вера ў далоні Бога.
Будзе да веку вернай
Маці мая, дарога.

Будзе да веку першай,
Лепшай, сунічнай будзе.
Сэрца сагрэе вершам,
Калі ужо сіл не будзе.


* * *
Дзе я здрадзіла вам,
Мае любыя, сумныя вершы,
На якіх скразняках,
На якіх скрыжаваннях дарог?

Вы сумленнем былі
І любоўю адчайнай, найпершай
Да зямлі і лясоў,
Да свяшчэнных нябесных гаёў.

Дзе я здрадзіла вам,
Дзе я стогн чужы не пачула,
Дзе прайшла ў забыцці,
Дзе шчакой не адчула шчакі?

На каленях стаю
Над сырою магілай матулі,
А дзяўчынка-зара
Пераходзіць без броду раку.


Малітва
Ён упаў на зямлю
І пачаў маліцца.
І было яму так балюча
І так пякуча,
Што зямля загарэлася
І правалілася.
З правалу ўласнай свядомасці,
З яміны спустошанасці і адзіноты,
З бездані страчаных надзей і няўтоленай смагі,
Ён папрасіўся дадому,
Туды, дзе яго любяць і разумеюць.
Ніхто не бачыў гэтага чалавека раней.
"Ён чарнец", - гаварылі адны.
"Ён вялікі грэшнік", - казалі другія.
"Ён прапашчая душа", - думалі трэція…
А калі вялікая белая птушка
Рассекла чорныя хмары моцнымі крыламі,
Усе, нарэшце, пазналі яго:
Калісьці ён быў вандроўнікам і паэтам.


* * *
Вяргіні, маргарыткі і ляўкоі
Пад снегам засынаюць агнявым,
А прачынаюцца ізноў на волі
Пад подыхам турботлівым Тваім.

Танцуй, жыццё,
да попелу, да болю,
Да спазмы ў горле, вогнішча ў грудзях.
Сябе мы безнадзейнасцю няволім,
Няверай беспрытульных і бадзяг.

І кожны дзень, і кожны год паволі
Сівеем, мітусімся - дагарым...
А недзе хутка ажывуць ляўкоі
Пад подыхам турботлівым Тваім.


* * *
Гэты дзень - спелы, як яблык.
Далоў трывогу, віват, спакой!
На снезе танцуюць анёлы радасці,
Бачу іх у вакно.

Хто сказаў, што людзі не ўмеюць лётаць?
Я адваротнае дакажу,
Надзену на шыю каралі з лотаці,
Ступлю на мяжу.

Гэты дзень - крышталёвая звонкая ваза.
Мне анёлак падасць руку,
І неба, роднае для адважных,
Пацалуе шчаку.


* * *
Як многа ўжо родных лягло
Пад поўні тугое крыло.
Плывуць яны хмарамі, дымам,
Гаротным маім успамінам
Па небе глыбокім,
Песняй далёкаю,
Слязой па шчацэ,
Свячой па рацэ.


* * *
"И горы в тоске по крыльям
придумали облака…"
Ф.Г. Лорка


А горы прыдумалі птушак,
Бо марылі самі лётаць,
А пушчы птушыныя душы
Да лета схавалі ў сотах.

І мёдам душа жывая
Ліецца, бо не замёрзла,
А завіруха сівая
У вербах хавае слёзы.

Душа паляціць да сонца,
Вясну сустракаць ёй першай.
А горы прыдумалі птушак,
А птушкі прыдумалі вершы.


Музыкант

Палюбіце мяне, як неба,
Безнадзейна, пяшчотна, шчыра,
Нібы чорны кавалак хлеба,
Нібы белы птушыны вырай.

Палюбіце стамлёныя рукі
І плячэй заінелыя крылы,
Гэты плач вечаровы гаручы,
Гэты ранішні смех шчаслівы.

У руках вашых буду глінай,
У вачах вашых буду сонцам...
Граў музыка на акарыне
Агнявым сваім сэрцам бясконцым.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY