|
|
№
4(66)/2013
Жыццё Касцёла
Вера і жыццё
У кантэксце Бібліі
Нашы святыні
Маналог святара
Навука
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
Пераклады
Па родным краі
Нашы святыні
Па родным краі
Асобы
Галерэя
|
Мілавідаўскі пленэр задумваўся яшчэ на пачатку вясны, падчас сакавіцкай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай паўстанню 1863 года і Кастусю Каліноўскаму. Яе ладзілі гісторыкі на чале з Анатолем Тарасам. Мастакі вырашылі таксама спрычыніцца сваёй творчасцю да памятных падзеяў. Выстава ў Інбелкульце была сабрана ў асноўным з твораў, намаляваных раней, і таму сёлетняя 150-гадовая дата натхняла на новыя працы. ...У апошні дзень траўня сем мастакоў энтузіястаў імчалі на трох самаходах па Брэсцкай шашы ў бок Мілавідаў. За шклом мільгалі мілыя сэрцу беларускія краявіды: стромкія ствалы белых бярозаў і чырванавата-тэракотавых соснаў, квітнеючыя лугі і жоўтае мора рапсавых палёў, паўнаводны пасля позняй вясны Нёман... Гадзіны праз тры мы ўжо спыніліся ля Белай капліцы, што ўрачыста-сумна стаіць узбоч старажытнай Слонімска-Слуцкай дарогі, непадалёк ад вёскі Каўпакі. Мемарыяльная капліца была пастаўленая ўдзячным польскім народам яшчэ ў міжваенны час (1930–1933 гг.), побач — памятны камень ад шчырых беларусаў, а насупраць, праз шашу, — крыж-помнік палеглым праціўнікам. Увесь мілавідаўскі комплекс з’яўляецца добрым прыкладам па-хрысціянску ўшанаваных ахвяраў паўстання... Менавіта тут, пад Мілавідамі, у былым Слонімскім павеце, 22 траўня (3 чэрвеня) адбыўся самы вялікі і жорсткі бой паміж царскімі войскамі і паўстанцамі. Тут, у лясным лагеры «Смалярня», злучыліся пяць паўстанцкіх атрадаў: Слонімскі, Ваўкавыскі, Наваградскі, Пружанскі і Гродзенскі — усяго больш за 800 чалавек. Узначальваў аб’яднаныя атрады адстаўны палкоўнік Аляксандр Лянкевіч, а 21 траўня штаб у Смалярні наведаў сам Кастусь Каліноўскі. Для разгрому паўстанцаў з Нясвіжа і Слоніма былі накіраваныя царскія войскі пад камандаваннем палкоўніка Булгарына. Бой доўжыўся некалькі гадзінаў. Загінула і было паранена каля 50 чалавек, і пахаваны яны тут у дзвюх магілах, асобна. ...Пакланіўшыся паўстанцам, мы прайшлі ў бок Смалярні — так і цяпер называецца той лес, дзе мясціўся паўстанцкі лагер (калісьці ў ім здабывалі смалу-жывіцу, і назва гэтай мясціны захавалася да нашых дзён). Агледзеўшы навакольныя краявіды, мастакі знайшлі прыгожую паляну для адпачынку і абеду. З захаду хутка насоўвалася навальнічная хмара. Маланка бліскала ўжо за лесам, і мы паспяшаліся ў Мілавіды, дзе нас чакалі ў школьным музеі. Але ў вёсках і мястэчках, аддаленых ад сталіцы, амаль заўсёды падчас навальніцы адключаецца электрычнасць. І тут была страшэнная бура — вецер валіў дрэвы, рваў драты, галіны падалі на шашу і на машыны... Музейную экспазіцыю давялося аглядаць у цемры, трохі асвятляючы мабільнымі тэлефонамі экспанаты, пра якія мастакам расказвала дырэктарка школы — Марыя Хведараўна. На жаль, памаляваць увечары не ўдалося, — дождж не сціхаў, а неба было чорнае. Мне здавалася, што гэта тыя ліхія падзеі нагадваюць нам пра сябе, каб мы жылі і «памяталі як аб нашым горы, так і аб нашых ахвярах, нашых пакутніках...У тым наш святы абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленнямі» (Васіль Быкаў). ...Вырашылі кіравацца на Гнойнае, дзе мастакоў гасцінна прынялі на начлег. У двор Ганны мастакі заходзілі па калена ў вадзе. «Такога моцнага дажджу я на сваім вяку не памятаю», — быццам апраўдваючыся за непагадзь, сустракала нас гаспадыня...
Але назаўтра першая летняя раніца ўжо сонечна ўсміхалася, нібы дазваляючы творцам плённа працаваць. Пасля сняданку мы зноў выехалі на Мілавідаўскае поле бою. Мастакі размясціліся навокал: Аляксей Марачкін выбраў для сваёй імправізацыіі Белую капліцу; Генадзь Драздоў аблюбаваў пустуючы хутар са студняю; на фоне лесу, пад вялікім мастакоўскім парасонам, віднелася стройная постаць Міколы Купавы; вядомы скульптар Алесь Шатэрнік, які апошнім часам пачаў плённа займацца жывапісам, зручна ўладкаваўся на сваім жа самаходзе, што служыў яму і мальбертам, і лаваю; Лявона Грышука і Георгія Скрыпнічэнку прывабіла Смалярня, і яны падаліся бліжэй да паўстанцкага лесу. Зачараваныя белымі парасончыкамі сныці, зарасці якой захапілі навакольную прастору лугоў і ўзлескаў уперамешку з ружова-чырвонымі плямамі смолкаў і скрыпеню, мастакі не заўважалі, як бег час. Я ж не толькі назірала за творчым працэсам, але і распачала невялікі акварэльны эцюд. Дзякуючы таму, што Пан Бог падараваў нам добрае надвор’е, мы натхнёна і чынна працавалі большую палову дня, астатак якога вырашылі павандраваць шляхамі паўстанцаў.
...За Быценню дарога вілася ўскрайкам лесу пад назваю Літва, які Мікола Купава вельмі ўпадабаў і зафіксаваў на фота. Старажытны Слонім сустракаў нас суботнімі вяселлямі і звонам бажніцаў. Нечакана на адной са слонімскіх плошчаў на нас нацэліўся сваім дулам танк, а побач вітаў велічны былы касцёл і кляштар бэрнардынаў. ...Тут, на Слонімшчыне, быў сфарміраваны адзін з паўстанцкіх атрадаў пад камандаваннем ротмістра кавалерыі Францішка Юндзіла, які змагаўся ў сваім павеце за лепшую долю для сялянаў і прывёў свой атрад пад Мілавіды. ...Наведаўшы на слонімскім Замосці, на пляцы Льва Сапегі, касцёл св. Андрэя, наш мастацкі эскорт вырушыў да Ружанаў. У пушчы, якая мае таемную беларускую назву Цемра, нас зноў чакала навальніца. Цікава, як тады, 150 гадоў назад, лясныя змагары ратаваліся ад дажджоў і холаду, па некалькі месяцаў знаходзячыся ў пушчы? Нам жа давялося з паўгадзіны сядзець у самаходах на стаянцы перад палацам, чакаючы, каб хоць трохі суцішыўся дождж.
...Урачыста і велічна выглядалі абрысы чырвоных муроў, асветленыя раптоўным сонечным промнем на фоне цёмна-шэрага неба. Пасля фотасесіі на фоне «беларускага Рыму» мы ўгаварылі вартаўніка пусціць нас у залы адрэстаўраванай уязной брамы на выставу вучня Аляксея Марачкіна. З Ружанаў да Косава наш шлях пралягаў пад першым чэрвеньскім ліўнем. Агледзеўшы косаўскі палац і сядзібу Т. Касцюшкі, праз Івацэвічы вярнуліся ў Гнойнае (сучаснае Даманава) на начлег. З-за неспрыяльнага надвор’я мілавідаўскі мастацкі пленэр набыў характар гістарычна-краязнаўчай пілігрымкі, што давала творцам шмат ідэяў і ўражанняў аб жыцці гэтага краю, натхняючы на стварэнне новых палотнаў ужо ў майстэрнях.
У нядзелю, 2 чэрвеня, у Мілавіды завіталі неабыякавыя да сваёй гісторыі людзі. Кароткімі выступленнямі і ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыяльных помнікаў яны годна ўшанавалі нашых незабыўных герояў. І гучалі ў прамовах, як заклік, словы Кастуся Каліноўскага: «...Толькі дзецюкі — смела, бо з намі Бог і Праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо Боска моц вялікая, а народу многа». Раптам з’явіліся машыны ДАІ з крыкамі: «Освободите дорогу!..» Зноў, як і 150 гадоў назад, на Мілавідаўскім полі бою сышліся «дзве сілы» — так у 2013 годзе працягваецца супрацьстаянне, бо паўстанне і постаць Каліноўскага яшчэ не да канца асэнсаваныя і зразумелыя сучасным беларусам, а таму гістарычныя даследаванні і мастацкае ўвасабленне тых гераічных падзеяў павінна паслужыць з’яднанню і ўмацаванню нацыі, як словы і вобразы Праўды, сказаныя з любоўю да Беларусі. Фота аўтара.
|
|
|