Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Кс. бп. Уладіслаў БЛІН

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА Ў ТРАКТОЎЦЫ ПОЛЬСКІХ ПРАПАВЕДНІКАЎ ХХ СТАГОДДЗЯ

(Урывак з доктарскай працы)

ЗНАЧЭННЕ СВЯТАСЦІ ЮЗАФА Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

2. Апякун Касцёла

Асоба святога Юзафа пастаянна згадваецца ў выказваннях папаў апошніх стагоддзяў. Такі факт у пэўнай ступені можа сведчыць пра тое, што гэты святы жыве ў Касцёле1. Гэту ісціну прыгадвае паміж іншых папа Ян ХХІІІ у апостальскім лісце, скіраваным да біскупаў і вернікаў усяго Касцёла2. Папа звяртае ўвагу на тое, што святы Юзаф заўсёды жыў у ценю Сына Божага, але знакі часу выклікалі ў людскіх сэрцах патрэбу рэалізацыі святасці на ўзор св. Юзафа. У сваім лісце папа звяртаецца да найважнейшых выказванняў сваіх папярэднікаў пра св. Юзафа.

Ён прыгадвае, што сярод розных прапановаў, якія далі Пію ІХ айцы І Ватыканскага Сабору (1869-1870), дзве першыя датычылі св. Юзафа3. 8 снежня 1870 г. папа Пій ІХ, выконваючы пажаданні айцоў Сабору, пры пасрэдніцтве Святой Кангрэгацыі Абрадаў, дэкрэтам Quemadmodum Deus Josephum4 абвясціў св. Юзафа апекуном Касцёла. Гэты тэкст Святой Кангрэгацыі Абрадаў, зацверджаны папам, не азначае, што раней такі тытул яму не належаў; гэтаксама, як кананізацыйны дэкрэт не дадае слугу Божаму святасці, якой ён раней не меў. Пій ІХ не надаў св. Юзафу новай годнасці, ані таксама не наклаў на яго новага абавязку - абвясціў толькі Касцёлу пасланніцтва, якое перад тым ужо існавала5. Наступнік жа Пія ІХ папа Леў ХІІІ прысвячае св. Юзафу месяц сакавік і заахвочвае, каб маліліся праз яго заступніцтва і наследавалі ягоныя дабрадзейнасці6. «У сучасную эпоху на вялікую радасць тым, хто любіць Касцёл і людскія душы, і добра ведае патрэбы гэтага часу, Пій ХІІ устанавіў у 1955 г. на 1 мая гадавую ўрачыстасць у гонар св. Юзафа Працаўніка»7. А Ян ХХІІІ абвясціў св. Юзафа апекуном ІІ Ватыканскага Сабору8.

Прапаведнікі тлумачылі вернікам, што для таго, каб правільна разумець значэнне і важнасць тытулу, якім папа абдараваў галаву Святой Сям'і, трэба ведаць тэалагічны сэнс слова «апякун». Апякун - гэта заступнік, абаронца ў сэнсе духовым і часавым. Адзін з прапаведнікаў гаворыць, што Бог абдараваў Юзафа вялікім даверам, паколькі аддаў яму ў апеку свайго Сына. Паверыў Юзафу таксама Касцёл, які «(...), праўда, мае абяцанне Хрыста, што брамы пякельныя яго не перамогуць (Мц 16, 18), але разам з тым мае і папярэджанне: На свеце гора мець будзеце (Ян 16, 33), зрэшты, так, як яго меў і Хрыстус. І так, як св. Юзаф надзвычай аддана ахоўваў Езуса ад пераследу, так і цяпер з такой жа адданасцю ён ахоўвае Святы Касцёл ад варожых пастак і ўсялякіх бедаў»9.

Апякун таксама з'яўляецца ўзорам жыцця, які найбольш адпавядае нашым схільнасцям, нашаму тэмпераменту. Гэты святы заахвочвае браць прыклад з яго паводзінаў, наследаваць стыль ягонага жыцця. У штодзённых слабасцях чалавек можа адкрываць для сябе, што не ў стане наследаваць св. Юзафа, і тады ён павінен звяртацца да яго па дапамогу. «Толькі тады зможам шчыра і дзейсна маліцца да св. Юзафа: святы Юзэфе, муж справядлівы, будзь нашым правадніком, благаславі не толькі працу нашых рук, але стань з намі ў ахове кожнага дзіцяці. Як ацаніў ты Хрыста, так апякуйся і намі, як часткаю Касцёла»10.

У новай прэфацыі пра святых добра раскрыты сэнс слова «апякун»: «У іх жыцці даеш нам прыклад, у паяднанні з імі - сям'ю, а ў іх заступніцтве - апору». ІІ Ватыканскі Сабор, гаворачы аб наследаванні, аб абдараванні пашанаю і заступніцтве ў небе, прысвячае гэтаму пытанню ўвесь сёмы раздзел дагматычнай Канстытуцыі аб Касцёле. Таму трэба згадзіцца з тым, што апякун выконвае функцыі айца, а яго падапечныя - ягоныя духовыя дзеці»11. Паміж імі ўзнікае своеасаблівае духоўнае паяднанне. Іх унутраныя сувязі павінны вызначацца шчыраю, поўнаю адданасці любоўю12.

Аснову апякунства св. Юзафа над Касцёлам растлумачыў сам папа Пій ІХ, кажучы, што св. Юзаф - сапраўдны муж Марыі і дзявічы айцец Езуса, а гэта робіць яго галавою Святой Сям'і і пацвярджае змест паведамленняў анёла, аб'яўленых св. Юзафу: у сувязі з уцёкамі ў Егіпет (пар. Мц 2, 13), альбо з вяртаннем у Ізраіль (пар. Мц 19-20), у зямлю галілейскую (пар. Мц 22). Ідучы за Піем ІХ, папа Леў ХІІІ у энцыкліцы Quamquam pluries ад 15.VІІІ.1889 г. напісаў, што Дом Божы, якім кіраваў св. Юзаф, як бы айцоўскаю ўладаю ўтрымліваў у сабе пачаткі Касцёла, які нараджаўся (initia exorientis Ecclesiae continebat)13. Адсюль Найсвяцейшая Панна, будучы Маці Езуса Хрыста, з'яўляецца таксама Маці ўсіх хрысціянаў, якіх нарадзіла на Кальварыі ў часе страшнай мукі Адкупіцеля. Езус Хрыстус ёсць як бы першародным усіх хрысціянаў, якія сталі Яго братамі праз адаптацыю і адкупленне. Такія асноўныя аргументы, дзякуючы якім благаславёны Патрыярх лічыцца тым, каму асаблівым чынам давераны ўсе хрысціяне, што ўтвараюць Касцёл, як тая вялікая сям'я, што жыве на ўсёй зямлі, над якою св. Юзаф як сужонак Марыі і бацька Езуса Хрыста мае пэўную бацькоўскую ўладу14. Таму натуральна, каб св. Юзаф абняў цяпер сваім нябесным апякунствам Касцёл і бараніў яго, гэтаксама як калісьці ён клапаціўся аб патрэбах сям'і з Назарэта і атуляў яе сваёю святою апекаю15.

У казаннях часта з'яўляецца думка аб тым, што, каб зразумець апякунства св. Юзафа над Касцёлам, трэба ўспрымаць Сям'ю з Назарэта як калыску і зародак Касцёла, альбо як зародкавую клетку Містычнага Цела, у якім жылі новы Адам (Езус) і новая Ева (Марыя)16. Святы Юзаф быў бачнаю галавою Сям'і, ахоўнікам, апекуном, кіраўніком і карміцелем. У гэтым сямейным назарэтанскім цяпельцы прысутнічала ўсё адкупленае чалавецтва гэтаксама, як плод прысутнічае ў кветцы, бы ў зародку. Паколькі Юзаф быў галавою Святой Сям'і, ён стаў апекуном усяго Касцёла17. Гэтыя факты сведчаць пра тое, што Бог атуліў св. Юзафа асабліваю любоўю, дзелячыся з ім (у пэўным сэнсе) сваім айцоўствам. Яму Бог прадвызначыў апеку над усімі дзецьмі Божымі. Сям'я, для якой св. Юзаф з'яўляецца апекуном і ахоўнікам, - гэта ўвесь Касцёл на працягу вякоў. Хрыстус як духовы Сын св. Юзафа - разам з тым Галава Касцёла, які складае Яго Містычнае Цела. Таму само па сабе зразумела, што св. Юзаф захаваў гэту функцыю, якую, па волі Божай, ён выконваў у адносінах да зародка Містычнага Цела, і што ён абняў сваім апякунствам увесь люд Божы18.

Каб поўнасцю зразумець пасланніцтва св. Юзафа ў адносінах да Касцёла, трэба ўсведамляць факт існавання двух вымярэнняў апякунства: асабістага, якое грунтуецца на атрыманай ад Бога асаблівай ласцы альбо на прынцыпе харызмату, што заўсёды ўдзяляецца для супольнага дабра, напрыклад, для законнага жыцця. Адсюль паходзіць даўні звычай вызначэння апекуна, напрыклад, людзям пэўных прафесій: адвакатам, маракам, артыстам, цеслям і г.д. Калі глядзець з гэтай пазіцыі на св. Юзафа, то ён з'яўляецца апекуном асобаў шматлікіх катэгорый: працаўнікоў, падарожных, пілігрымаў, выгнаннікаў, рэпрэсаваных, выхавацеляў, паннаў, хворых, убогіх, паміраючых, асобаў, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Святы Юзаф - апякун таксама святароў, місіянераў, законнікаў і законніцаў, бо ўсе яны ўтвараюць адну супольнасць Касцёла19.

Прапаведнікі, падаючы прыклад людзей, якія абралі сабе апекуном св. Юзафа і маліліся праз яго заступніцтва да Бога, часцей за ўсё называлі Тэрэсу з Авіля, якая пісала: «Уражвае, наколькі вялікія справы ўчыніў для мяне Бог праз гэтага хвалебнага святога, з колькіх небяспекаў мяне выбавіў. Іншым святым, можна сказаць, Бог даў ласку падтрымкі для нас у той альбо іншай патрэбе, гэтаму ж хвалебнаму святому, як я ведаю з уласнага вопыту, даў уладу падтрымкі нас ва ўсім. Пан хацеў нас праз гэта запэўніць, што так, як Ён быў падданы св. Юзафу - свайму апекуну і названаму айцу, які меў права Яму загадваць на зямлі, так і ў небе чыніць усё, аб чым толькі св. Юзаф Яго ні папросіць. Пераканаліся ў гэтым таксама іншыя, каму я раіла звярнуцца да яго, і ўсё больш ёсць такіх, хто яго ўшаноўвае і кліча на дапамогу, спазнаючы на сабе гэту праўду»20.

У святле прыведзенай цытаты становіцца зразумела, што Тэрэса з Авіля абрала св. Юзафа таксама галоўным апекуном зрэфармаванага ёю кармэлітанскага закону.

Падобна зрабіў св. Францішак Салезы і св. Вінцэнты а Паулё, абіраючы св. Юзафа апекуном сваіх законных супольнасцяў.

Ян Боска даў св. Юзафа апекуном для сваёй рамеснай моладзі, а св. Леанард Мурыальдо заснаваў новую законную сям'ю св. Юзафа (юзафітаў). (...)

Місія св. Юзафа задумана Богам у плане Касцёла21. Так, як ён калісьці забяспечваў жыццёвыя ўмовы Сыну Божаму, так у Ягоным Касцёле клапоціцца пра духовыя справы дзяцей Божых. Гэтаксама як Марыя з'яўляецца духоваю Маці Касцёла, так і св. Юзаф - ягоны апякун і айцец. Святы Юзаф, поруч з Марыяй, пакліканы да паслугі Уцелаўлёнаму Слову. Юзаф у цеснай сувязі з Марыяй, сапраўды пакорны і найбольш схільны выконваць функцыю апекуна ўсяго Касцёла22. Ён - апякун люду Божага, ахоўнік, заступнік і клапатлівы праваднік, узор і паўсюдны абаронца - адным словам, - духовы айцец усіх тых, хто імкнецца да Нябеснага Валадарства. Ягонае пасланніцтва цесна звязана з самым пачаткам таямніцы Хрыста і працягваецца ажно да нашага часу праз яго паўсюднае апякунства над Касцёлам. У пасланніцтве св. Юзафа - рэалізацыя плану любові Божай у адносінах да чалавека. Святы Юзаф выканаў асаблівую місію - упадабніўся самым дасканалым чынам да Найсвяцейшай Панны Марыі, а гэта ў сваю чаргу ўчыніла яго супрацоўнікам Хрыста дзеля дабра ўсяго Касцёла.


  1. ”(...) Касцёл, верны выканаўца Хрыстовай волі, і надалей аказвае пашану і любоў абранніку Панны Марыі, праслаўляючы ягоныя святасць і чысціню”. Aa, Kazanie na urozcystość św. Józefa, H 18 (1907), 176; Por. L.Świderski, Patron Kościoła, rodziny i umierających, H 22 (1909), 82-83.
  2. Jan XXIII, List apostolski o odnowieniu nabożeństwa do św. Józefa patrona Kościoła, KDW 45 (1962), 41.
  3. Por. L.Strada, Patron doskonały, Kraków, 1976, 41; K.Antoniewicz, Na uroczystość.
  4. B.Alf., Kazanie na uroczystość św. Józefa..., 246; por. Z.Kalinowski, Patron i opiekun Kościoła, w: Rozważania..., 24-27.
  5. Por. A.Jougan, Wielkość powołania..., 22; Aa, O czci św. Józefa..., 327.
  6. Por. S.Kuźnar, Św.Józef wzorem życia świętego..., 110.
  7. B.Sikorski, Kult św. Józefa..., 299.
  8. Cz.Kudroń, Mąż wierny w próbie i wielki w chwale, w: Bliżej nieba, Warszawa 1973, 58.
  9. L.Wilhelmy, Dlaczego ufać..., 296-297.
  10. L.Rychwalski, Św. Józef naszym opiekunem i wzorem..., 35.
  11. L.Świderski, Patron Kościoła, rodziny i umierających, H 22 (1909), 82-83.
  12. Por. W.Wojtoń, Opiekun Jezusa i Maryi, Kościoła i nas..., 266-267.
  13. Por. Quqmquam pluries..., nry 12-15.
  14. Por. J.Winkowski, Św. Józef - opiekun Kościoła św., WA 4 (1949), 398-401.
  15. Quqmquam pluries..., 13-14.
  16. J.Kras, Patron budujących Kościół..., 85-86.
  17. Por. J.Winkowski, Św. Józef - opiekun i żywiciel Chrystusa, WA 4 (1949), 227.
  18. Por.Bernard od Matki Bożej, Opiekun Kościoła świętego..., 82-83.
  19. Св.Тэрэса з Авіля сцвярджала, што аб чым бы ні прасіла Бога праз заступніцтва св. Юзафа, заўсёды тое атрымлівала. Яна абрала яго заступнікам і апекуном, моцна яму давяраючыся. "І я ясна зразумела, што (...) гэты мой айцец і апякун выбавіў мяне і больш мне дабра ўчыніў, чым сама я ўмела прасіць. Не памятаю, каб калі-небудзь, ажно да гэтага часу, я прасіла яго аб чым-небудзь, чаго б ён для мяне не ўчыніў”. Św. Teresa od Jezusa,Dzieła, t. 1, Kraków, 1962, 104-105.
  20. Św. Teresa od Jezusa, Dzieła..., t.1, 104-105.
  21. K.Wojtyła, Święty Józef, w:Kazania, Kraków, 1980, 39-40.
  22. J.Andrasz, Św. Józef opiekunem rodzin i Kościoła..., 135n.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY