|
Акацыя |
Ситтимовое дерево изъ породы акацій
(Исх. ХХІ, 5. Исх. Х, 19)
“Библейская энциклопедия”, М., 1891.
Госцяю выдаеш сябе
побач з бярозай і ліпай,
недаверлівае дрэва,
шанаванае самім Саламонам
у яго вялікасным Храме
спаміж кіпарыса, мірты
і кедра ды іншых абраных
дрэў у сонечнай Палесціне.
Абачліва-мудра вычэкваеш,
калі ж завеі суцішацца
задушна-духмянай чаромхі —
спадарожнікі сталыя
прымаразкаў вясновых,
свавольства грознага
у лёсе квета з лістом...
А мне няймецца ў трывозе
аблашчыць стан пакручасты.
Няўжо зімовыя сцюжы
у глыбінях твой корань
працялі наскрозь і абыякавае
дарэшты табе тут усё, што
разгортваецца, спадзяецца й верыць,
і адляцеў твой таемны дух
з-пад шатаў мае Айчыны
ад бярвёнаў бацькоўскае хаты
у вечным маім Дараганаве...
Нат подых гэтае згадкі
мяне вярэдзіць тугой,
нязвыклаю й а д т у л ь н а й.
Я мрою — альбо ўспамінаю?..
Мая рука кранае з пяшчотаю
дрэва-сітцым у даліне Сітцым...
|
* * * |
Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы...
|
У жамчужніцы свету
сціплай пясчынцы —
як патрапіць, паспець,
ці суджана й мне
жомчугам стацца
між іншых, больш вартых,
прасякнутых светлаю воляй
Світання...
|
* * * |
Адтуль,
здалёк,
дзе яшчэ золак, світанне,
а карэньчыкі Дрэва Галгофскага
да глыбінь перасохлых смела
імкнуць пад ствалом маладым
ахвярнага Дрэва Гасподня,
натоўп пераследуе прага:
“Месію, Бога — у ззянні й славе!”
Сёння, на захадзе сонца —
т о л ь к і зіхоткая Чаша
у збалелых руках.
Натоўп вар’яцее ад смагі.
Над Зямлёю — магутныя шаты.
|
* * * |
Ён наперад ведае
кожны мой уздых —
не тое, што стогн.
І нешта такое ведае,
чаго мне зараз пабачыць
нельга нават здаля,
бо звыш майго зроку.
Ён — беражлівы, спагадлівы,
а я шчымлюся за ласкаю
і ў пару шарай гадзіны,
што сам-насам мушу адбыць...
Шчаслівая!
Магу сабе дазволіць
уздыхаць і стагнаць —
даверлівае дзіця
ля ног
Бацькі-Бога.
|
* * * |
Гасподзь Бог,
Які спазнаў гэты свет,
акром як дотыкам, зрокам, слыхам,
найперш недасягальнай пакутаю
Спаса й Збавіцеля Адзінага, —
Сам Любоў,
дае прыклад любові
да таго, што сябе адмаўляе
несупынным, бясконцым памкненнем
у відавочнасць знікнення,
крэсліць і адчужае, вымучвае
і разам — не спасцігнуць! — навучае,
як у Любові знайсціся
смакоўніцаю не пустой —
з плодам.
|
УСЛЕД МАМЕ |
Пакуль спяць дарагія нашы,
у твой бела-сіні кубак —
залацісты пасак наўсцяж,
наліваю ранкам гарбату
насупраць прыціхлае хаты.
Радая сябе падмануць,
што да шыб не я датыкалася,
бачу твар твой у вакне кожным...
Тады ўначы асмяглае горла
не наталіла апошнюю смагу
і найсмачнай нашай вадою,
як ні стараліся вочап, вядро
і я з жураўлём над студняю...
Пяшчотны водар плыве
з лёгкім дотыкам промняў ці рук.
Ураселая мята гусцее
над сцежкай да яблынь і груш.
Залацісты пасак наўсцяж
бела-сіняга кубку твайго...
|
* * * |
Далягляд губляецца ў высях.
Удзячнасць да слядоў Тваіх складаю.
Горняга і дольняга абшар яднае шчасце —
Твая сляза, ахвяра й ласка свету.
О Хрысце, памажы галінцы кволай
утрымаць пладоў цяжар жаданы...
|
|
|