|
|
№
1(7)/1999
На кніжнай паліцы
Юбілей святарства
Сведчанне
Мастацтва
Роздум аб веры
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні
Навука
Паэзія
Пошукі і знаходкі
Проза
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя
|
Абраз Маці Божай Барунскай работы невядомага мастака спачатку быў ва ўласнасці ксяндза Юзафата Бражыца з ордэна базыльянаў, святара вельмі пабожнага і аскетычнага, вялікага ахвярадаўцы і місіянера. Калі ён цяжка захварэў у часе эпідэміі 1666 г., Маці Божая яго аздаравіла. У 1683 г. перад смерцю святар перадаў абраз Маці Божай свайму сваяку Мікалаю Песляку, які жыў у Казякоўшчыне, недалёка ад таго месца, дзе паўсталі Баруны. Маці Божая цудоўнымі знакамі аб’явіла Мікалаю, што прагне, каб Яе абраз ушаноўваўся публічна. У 1691 г. Маці Божая ў сваім аб’яўленні Мікалаю Песляку ўказала месца, на якім прасіла ўстанавіць крыж з абразом, а потым пабудаваць касцёл. У часе гэтых працаў адзін сляпы чалавек, што праходзіў міма абраза, нечакана стаў бачыць. Хутка пра цуд даведалася ўсё наваколле. Людзі пачалі прыходзіць да цудоўнага абраза з малітвамі і просьбамі. Складалі таксама ахвяры, дзякуючы якім Мікола Песляк распачаў будову драўлянага касцёліка. І ўжо ў наступным, 1692 годзе, вернікі перанеслі абраз у новазбудаваную святыню. У тым жа годзе адбылося некалькі цудоўных аздараўленняў. Для духовай апекі ў Баруны прыбылі айцы базыльяне з Вільні і распачалі будову мураванага касцёла. Было гэта ў 1695 годзе, на які прыпала найбольш цудоўных аздараўленняў. Вось некаторыя з іх: Ева Гайдукевіч з Вільні з 5 гадоў была спаралізавана; да Ганны Сачковай з Наваградка вярнуўся зрок, да таго ж яна, таксама спаралізаваная, устала з ложка. Паступова месца, якое назвалі Барунамі, стала месцам паломніцтва як для вернікаў рыма-каталіцкага, так і уніяцкага веравызнанняў. Надзвычайныя ласкі і цуды дадавалі ўсё больш славы гэтаму святому месцу. У часе нападу шведаў у 1702 годзе айцы базыльяне перадалі абраз у Валожын гетману Вялікага Княства Літоўскага Міхалу Вішнявецкаму. Такім чынам абраз Маці Божай пачаў вандраваць разам з войскам ВКЛ і славіўся цудамі ў Брэсце, Пінску і па ўсёй Літве. Усюды, дзе войска прыпынялася на пастой, айцы базыльяне адпраўлялі набажэнства, а мясцовы люд збіраўся каля абраза, давяраючы Матачцы Божай свае патрэбы і аддаючыся ў Яе Матчыну апеку. У 1709 г. абраз вярнуўся ў Баруны і быў змешчаны ў адбудаванай пасля пажару святыні, а Маці Найсвяцейшая і надалей ўдзяляла сваю цудоўную дапамогу жыхарам мястэчка і шматлікім пілігрымам. Усе цуды, што тут адбываліся, былі запісаны Уладзімірскім біскупам Львом Кішкам і надрукаваныя ў 1712 г. у яго кнізе «Мора ласкаў і шчадротаў Боскіх у пушчы Барунскай дазнаных...» Той самы біскуп у 1715 г. кансэкраваў выбудаваны касцёл, а земскі начальнік з Наваградка Баканоўскі ахвяраваў залатыя кароны для Матачкі Божай і Дзіцяткі Езуса. Пра цудоўны Барунскі абраз паэты складалі вершы. Адам Міцкевіч, напрыклад, успамінае пра Маці Божую Барунскую ў двух сваіх творах: «Aniela» і «Nocleg». Айцы базыльяне, прадбачачы ганенні з боку царскай улады, перадалі ў 1839 г. цудоўны абраз Маці Божай Барунскай сям’і Вышынскіх у вёску Аляны, а ў касцёле змясцілі яго дасканалую копію. Вышынскія, пакідаючы свой маёнтак, забралі з сабой як найвялікшую каштоўнасць і абраз Маці Божай. З таго часу абраз вандраваў па розных гарадах нашага краю, а таксама быў у Кракаве. У памяць пра тую вандроўку ў Кракаўскай архідыяцэзіі, у найстарэйшым драўляным касцёле ў мястэчку Закапанэ знаходзіцца абраз Маці Божай з надпісам: «Цудоўная Маці Божая з пушчы Барунскай». У куце абраза над галоўкай Дзіцяткі Езуса напісаны пачатак старой барунскай песні:
Гэты абраз намалявала Крыстына Судзілоўская, якая нарадзілася каля Наваградка і паходзіла з тае сям’і, чые продкі захоўвалі з пакалення ў пакаленне цудоўны абраз Маці Божай Барунскай. У 1922 г. цудоўны абраз Маці Божай вярнуўся з Вільні ў Барунскую святыню, якая насіла імя апосталаў Пятра і Паўла. 14 кастрычніка на чыгуначным вакзале ў Ашмянах сабраліся святары і вернікі, каб з урачыстай працэсіяй пранесці цудоўны абраз у вёску Жупраны. Усю ноч тут адбывалася чуванне, а раніцаю 15 кастрычніка працэсія з Матачкай Божай рушыла ў Баруны. Пасля ўрачыстай Сумы цудоўны абраз Маці Божай быў змешчаны на былым сваім месцы, у алтары бочнай навы.
|
|
|