|
|
№
1(7)/1999
На кніжнай паліцы
Юбілей святарства
Сведчанне
Мастацтва
Роздум аб веры
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні
Навука
Паэзія
Пошукі і знаходкі
Проза
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя
|
Ці польская мова, прынятая ў Літве, абазначае ПАЛЯНІЗАЦЫЮ Літвы? Зусім не. Праз палянізацыю мы разумеем псыхічны адыход ад самастойнасьці й незалежнасьці сваёй краіны ды прызнаваньне Польшчы й польскасьці за свае этнічныя вартасьці, а сваю краіну за неразьдзельную частку Польшчы. Такой рэзыгнацыі з самастойнасьці й незалежнасьці Літвы, хоць з’яднанай з Польшчай, не выяўлялі ўсе слаі нашага народу на працягу ўсяе гісторыі: князі, магнаты, паны, шляхта, мяшчане й сяляне. Толькі пасьля паўстаньня 1863 г. пазытывізм, злучаны з польскім мітычным нацыяналізмам ХХ веку, пры нарастаньні нацыянальна-рэвалюцыйнай сьвядомасьці нізоў, спрычыніліся да засьляпленьня нашых верхніх слаёў — паноў й буйнай шляхты — ды некаторых выхадцаў з мяшчанства й сялянства — ды да зрыву са сваім народам, са сваёй гісторыяй, культурай. Гэта й былі ахвяры польскай нацыяналістычнай палітыкі, ахвяры духовага паланеньня, ахвяры палянізацыі. Спрыяльнай умовай да пераходу гэтых людзей на старану Польшчы была ня так мова, як жаданьне зберагчы свае маёнткі, становішчы ці пэрспэктыва спадзяваных выгадаў. Сама мова польская ня была вырашальнай пры пераходзе на польскі бок, бо ж мовай, уласьцівай нашым верхнім слаям у 18-19 стст., была ня польская, а француская. Урэшце кожнаму ведама, што шматлікія народы гутараць адной мовай, але супольная мова не перашкаджае ім абараняць свае самастойнасьці й незалежнасьці. Гэтак было ў глыбейшай мінуўшчыне ў дачыненьні Літвы да Польшчы. А што датычыць вунійных зносінаў між абодвума народамі, то Літва на працягу ўсяго свайго існаваньня аж да захопу яе Масквой у канцы ХVІІІ стагоддзя не дапускала палякаў на раўні з усякімі іншымі чужынцамі да ўладаньня зямлёй, займаньня дзяржаўных і касьцельных становішчаў. Легенда аб тым, быццам цераз хрост у лацінства Ягайлы, а потым Літвы (дадайма — сымбалічны ў Вільні, Лідзе, Троках, Мэрэчы ды яшчэ некаторых мясцовасьцях), адчынілася магчымасьць для надыходу польскага духавенства ў Літву. Гэта толькі легенда, як і сам хрост Літвы, які так баламутна апісаў Длугаш. Дзеля яснасьці справы — некалькі слоў аб ХРОСЬЦЕ ЛІТВЫ. Ставім адразу цьверджаньне: ЛІТВА НЕ БЫЛА ПАГАНСКАЙ, а выдумкі Длугаша і пазьнейшых крыніцаў, гэта мянюшка на праваслаўных і на хрысьціянскую секту багамілаў, якіх называлі маніхэйцамі і катарамі1. Перш за ўсё трэба адкінуць у той постаці, як яна пераказана Дусбургам (ІІІ, с.5, 252), легэнды аб КРЫВЭ — як галоўным сьвятару на падабенства папы Рымскага, якому падпарадкаваныя былі Прусы, Літва й ўся Прыбалтыка з сядзібай у РАМОВЭ (Надравія). Цэнтр гэты пасьля быццам быў перанесены ў раён Дубісы (на Літве), а пасьля ў Вільню ў падножжа замкавай гары, дзе была паганская сьвятыня з сьвятым агнём ЗЬНІЧАМ (Длугаш, Opera omnia, 1877, 438). Так як Дусбург, гэтаксама і Длугаш свае апавяданьні прадстаўлялі не як былі, але як яны хацелі, каб былі дзеля большай славы каталіцтва, у іх разумленьні самай праўдзівай веры хрысьціянскай. Такім чынам ствараюць «паганскія» прыкрасы для Літвы дзеля большай мэтазгоднасьці несенага хрысьціянства. Тагачасныя крыніцы і дакуманты не пацьвярджаюць ні КРЫВЭ, ані паганскага культу ў Вільні за часоў Ягайлы, што так фантастычна размаляваў Нарбут (Dzieje Narodu Litewskiego, I, 226, Vilnia, 1835). Наадварот, так архэалягічныя раскопкі (Галубовіч, 1939-1940) на Крывым горадзе ў Вільні выкрылі на замкавай гары сьляды праваслаўнай цэрквы з ХІ стагоддзя, як і сьведчаньні сучасьнікаў Ягайлы гавораць аб існаваньні паўсюдным у Літве хрысьціянства. Так, кардынал Пётра, біскуп Камарацэнскі, сучасьнік Ягайлы, у сваёй працы: De Manicheis Agapianis in Russia et Lithuania eorumque doctrinae ethnicismo affinitate, 1418 h. (Нарбут, І, 19, 386—394) піша: «Сэктанты маніхэйскія, жывучы ад многіх гадоў паміж літоўскімі паганцамі, ня толькі знаходзілі вялікую свабоду, але ў многіх дамох літоўскіх паноў мелі сваіх вернікаў. Адсюль і вышла, што мала было ў Літве праваслаўных цэркваў усходняга абраду, якія ня былі заражаныя іх блудамі. Мала таго, горнучыся паўсюдна да гэтага хрысьціянства, літоўскія баяры стварылі як быццам новую сэкту, званую літоўскім маніхэізмам. Далей гэтыя фальшывыя хрысьціяне прытарнавалі сваё хрысьціянства вельмі цесна да паганізму, так што цяжка сказаць, ці літоўскае паганства зьмяшалася з хрысьціянствам, ці хрысьціянства зьлілося з паганствам. Цемра духоўных, іх каставасьць у адносінах да грамадзтва, заняпад зьверхняй улады на Русі ды прастата ў абрадах так панізілі ды прыцямнілі гэтую сэкту ўсходняга хрысьціянства, што некаторыя лічылі яе вернікаў хутчэй за паганцаў, чымся за хрысьціян... Былі сярод гэтых літоўскіх катараў сьвятары рускія, якіх ніякі біскуп не высьвячаў на прэсьбітараў, але яны самі, як быццам правам спадчыны, сыны па бацькох, пераймалі гэтыя дастойнасьці. Уцякалі таксама часта чэрнцы (манахі) з Русі ў Літву, а пажаніўшыся з дочкамі літоўскіх сьвятароў, прымалі маніхэйскі абрад ды адпраўлялі божыя службы ў цэрквах. Народ вясковы з навакольля наведваў час ад часу іхнія цэрквы; бальшыня аднак прытрымвалася старога паганства; іншыя зноў аднаго й другога». Пацьвярджаюць існаваньне ў Літве МАНІХЭЙСТВА і крыжакі, адрозьніваючы сярод Літвы «схізматыкаў і катараў», разумеючы, мабыць, пад першымі — праваслаўных, а пад другімі — сэктантаў маніхэйскіх, як напр. (Voigt VI, 244) «weil er die Russen Schismatiker und Ketzer hegt»а). Такім чынам, пад культам КРЫВЭ Дусбурга трэба разумець не паганства, але БАГАМІЛЬСТВА — праваслаўную сэкту, што была апісана асабліва Длугашам і Нарбутам у паганскіх красках. У сэктанскім разуменьні галоўны сьвятар Крывэ ў Дусбурга, з вялікай уладай і аўтарытэтам у межах ЛІТВЫ, можа быць прызнаны за гістарычную праўду разам з сьвятарскаю кастай. Калі й была ў падножжы замкавай гары ў Вільні нейкая сьвятыня пры Ягайле, то гэта магла быць толькі ЦАРКВА багамілаў, якую перарабілі на касьцёл імя сьв. Станіслава. Зьезд у Вільні Ягайлы з кракаўскай сьвітай і духоўнікамі пры ўдзеле Вітаўта ды знатнейшых князёў і паноў Літвы, які адбыўся на пачатку 1387, перш абмяркоўваў пытаньне КАГО хрысьціць, каго лічыць «паганцам» ці на раўні паганца. Пастаноўлена было не змушаць праваслаўных да лацінскага хросту, а хрысьціць толькі сэкту маніхэйскую (Багамілаў) і то толькі ў княствах Віленскім і Троцкім — землях, належачых да Ягайлы, потым ім пераданых Скіргайле. 20 лютага 1387 г. быў выданы ведамы прывілей дзеля заахвочаньня для перайшоўшых ці тых, што пяройдуць на каталіцтва. Трэцяга дня (22 лютага 1387) быў выстаўлены і другі дакумант аб устанаўленьні каталіцкай царквы ў Літве. У ім загадвалася «omnes nacione Lithvanos utriusque sexus... in nostris dominiis Lithvanie et Russie»б) перайсьці на каталіцтва пад страхам прымусу. Забаранялася каталіком жаніцца з русінамі (праваслаўнымі), а калі гэткае жанімства адбывалася, то некаталіцкая старана падлягала насільнаму каталіцкаму хросту. З усяго гэтага лягічна вынікае, што ў Літве здаўных існавала собская літоўская «катарская» (багамільская) хрысьціянская Царква, якая цяпер насільна пераводзілася ў лацінства. Інакш нельга зразумець правільна выражэньня дакуманту: «omnes nacione Lithvanos utriusque sexus». У гэтым часе літоўская дзяржава абымала вялікую «рускую», гэта ёсьць праваслаўную тэрыторыю, на якой таксама сядзелі «ліцьвіны». Якім чынам можна было адрозьніць «русіна» ад «ліцьвіна»? Па мове? То ж абодва гаварылі адной — славянскай, што выразна сцьвярджае сучасьнік, які вывучаў этнічна-рэлігійныя праблемы Літвы й Русі — Анэй Сільві Пікаляміні (Папа Пій ІІ). Жамойць была пад крыжакамі і была хрышчаная пазьней, у 1417 г. Такім чынам, прызнакам для падзелу быў прынцып рэлігійны: Русь — праваслаўныя, Літва або Ліцьвіны ў сэнсе дакумантавага «natione» — сэктанты, вернікі Літоўскай царквы. Ад гэтага часу гэтая царква станавілася КАТАЛІЦКАЙ ды яшчэ абдараванай дзяржаўнымі прывілеямі. Ня выключаная праўдзівасьць звестак Ноўгарадзкага летапісу (ПСРЛ, т. IV, 94-95); Літоўскага Даніловіча (ПСPЛ, т. 17), Сафійскага (ПСPЛ, т. V, 242, 381) аб тым, што Ягайла ў 1387 г. у Вільні казаў двух высокапастаўленых ліцьвіноў пакараць за супраціў на паўторны хрост. Усе летапісы называюць пакараных «ліцьвінамі», не русінамі — тыповым імем на абазначэньне праваслаўных. Значыць, пакараныя мусілі быць сэктантамі, маніхейцамі, катарамі, якія ставіліся пад прымусовы хрост для пераходу ў лацінства каталіцкага Касьцёла. Вось чаму папа Урбан VІ у сваёй пацьвярджаючай бульлі 1388 на заснаваньне Віленскай дыяцэзіі хваліць Ягайлу самымі супэрлятывамі: «Паміж усіх каралёў на зямлі першае месца табе... набожны сыне Альгердаў...» Тож была зьнішчаная небясьпечная для каталіцтва і праваслаўя ГЭРЭЗІЯ, з якой на іншых землях праводзілася доўгае змаганьне. Хутка Вітаўт з Ягайлам павязуць праваслаўнага мітрапаліта Рыгора Цамбляка з біскупамі на сабор у Канстанцыю не на паўторны хрост, але для навязаньня царкоўнай ВУНІІ з заходнім Касьцёлам. Праўдзівае паганства ЖАМОЙЦАЎ мала непакоіла крыжакоў і папаў. Крыжакі праз доўгі час уладаньня Жамойдзяй нікога там не ахрысьцілі ды не зарганізавалі ніводнай парафіі. Зразумелым цяпер становіцца і сымбалічны хрост Літвы цераз пакрапеньне, як у часе звычайнай працэсіі з пакрапеньнем, на што так абрушваліся крыжакі. Тож ведама было, што маніхэйская Літва — хрышчаная, а цяпер праводзіўся сымбалічны акт далучэньня да каталіцкага Касьцёла. Папскія ўлады таксама ня мелі нічога супраць гэтага сымбалічнага хросту Літвы, бо на крыжацкія абвінавачаньні не загадвалі нанава хрысьціць людзей паводля рымскага рытуалу, а высока хвалілі Ягайлу й ягоных памочнікаў. Ня выключана, што сам Ягайла, хоць быў хрышчаны і выхаваны ў праваслаўнай веры сваёй маткай Юльянай (Длугаш, Opera omnia, 378—382), то знаходзіўся пад уплывамі багамілаў2. Ужо ўжываньне свайго імя ЯГАЙЛА аж да паўторнага хросту сьведчыць, што ён быў багамілам-маніхэйцам, а яны прызнавалі за важныя імёны паганскія. Выкарыстоўвалі гэтую дробязь крыжакі перад папскай камісіяй у судовым працэсе за Жамойць. Конрад Цольнер, вялікі магістр, двойчы называе яго «infidelis», «paganus» у сваіх лістох (Narbut, V. dad. V.). Так, у лісьце да папы называе яго: «Saepedictorum Litwanorum INFIDELIUM rex nomine Jagel una cum fratre suo SCISMATICO Skirgal3 et aliorum INFIDELIUM et SCISMATICORUM maxima multitudine...»в). У лісьце да кардыналаў: «Litwanorum rex nomine Jagel adjunctis sibi regibus XI similis perfidie, ac paganorum nec non scismaticorum innumera multidudine...»г). Хоць ёсьць амаль атаесамленьне паняцьця «infidelis» і «scismaticus», то аднак папа разбіраўся ў паняцьцях, таму дзеля мацнейшага адрозьненьня Ягайла залічаны да паняцьця «paganus», бо «schizma» розьнілася ад каталіцтва толькі падзелам юрыздыкцыі. «Paganus» у тыя часы абазначаў і гэрэтыкаў, якія адмаўлялі асноўныя прынцыпы артадаксальных цэркваў: каталіцкай і праваслаўнай. З іншага дакуманту крыжакоў (Narbut, V, dad. II) вынікае, што і Скіргайла раней належаў, мабыць, да сэкты, а пасьля быў маткай прыведзены да праваслаўя. Аб гэтым гаворыць ліст крыжацкага магістра да маткі Юльяны, у якім крыжакі віншуюць, што, дзякуючы яе навукам, Бог паклікаў Скіргайлу «ad lucem»д) хрысьціянства без названьня абраду, ды жадаюць ёй, каб і іншых сыноў вяла да гэтага ж «ad simile inducatis»е). Адсюль вынікае таксама, што сярод «іншых сыноў» быў і Ягайла. Паказваюць на маніхэйскае сэктанства Ягайлы ягоная вера ў дуалізм сілаў, Бога і чорта, якім ён ставіў дзьве сьвечкі ў Познані, каб абедзьве сілы прыдабрыць да сябе (Szajnocha VII, 71). Аней Сільві Пікаляміні называе Ягайлу — natione Tartarus — г.зн. веры катарскай. Што датычыць ліку пераведзеных у каталіцкі Касьцёл ліцьвіноў, то бульля папы Рыгора ХІІ з 25 сак. 1410 г. — гэта значыць, зусім блізкая да так званага хросту Літвы — называе 20.000 душаў. Лік гэты невялікі, відавочна багамільская сэкта хілілася да заняпаду на карысьць праваслаўнай царквы, зарганізаванай у Літоўскую мітраполію Гедымінам у 1316 г. Сцьвярджалі гэта і крыжакі ў 1403 г. (Codex Vitoldi, y Mon. medii aevi hist., t. VI, 999): «Ubi de Litauwica lingua iuxta legem christianam (г.зн. каталіцкага Касьцёла, 1387) baptisatur, unus ibi fortassis bene centum secundum legem rutenicam intencione erunt baptisati et multi de solemnioribus in Lituawia adhuc sunt Ruteni». Дзе з літоўскага абраду (Litauwica lingua) паводле каталіцкага абраду адзін быў хрышчаны, там прыпадала магчыма добрых сто паводле праваслаўнага абраду, якіх трэба было таксама ахрысьціць. Таму многія з знатнейшых у Літве ўсьцяж праваслаўныя. Усяго ў 1387 г. утворана было, апрача каталіцкага біскупства ў Вільні з катэдрай сьв. Станіслава, сем парафіяў: у Медніках, у Мейшаголе, у Вількаміры, у Няменчыне, у Крэве, Гайнаве і Абольчы. Мабыць, у гэтых аколіцах яшчэ трымаліся астаткі праваслаўнай сэкты багамілаў. На Віленскага біскупа быў вызначаны былы сэрэцкі (Малдаўя) бп. францішканец Андрэй Васіла, некалі спавядальнік каралевы Вугорскай Альжбеты, па паходжаньні з зямлі Драгічынскай у Падлясьсі4. Пасьля яго сьмерці (1398), другім Віленскім біскупам быў Якуб Пліхта (1398—1407), таксама радавіты ліцьвін. Толькі трэці Віленскі біскуп — Мікалай (з Гажкова) (1407—1414) і чацьверты — Пётра (з Кустыні, Крак.) (1415—1421) былі па паходжаньні з Польшчы, але абодва яны былі стаўленікамі Вітаўта, калі ён стаўся валадаром Літвы. Ня значыць гэта зусім, што яны выконвалі нейкую палянізатарскую ролю ў Літве, як, напрыклад, абсаджваньне каталіцкіх парафіяў палякамі. Польшча сама ў бальшыні была абсаджана чужынцамі, пераважна чэхамі й немцамі, бо аж да 1400 году ня мела багаслоўскага аддзелу на Кракаўскім універсітэце ды дазволу на гэта ад папы. Ужо ў часе т.зв. хросту Літвы палякі ня мелі нават сваіх некалькі сьвятароў-ксяндзоў, каб удзельнічаць у сымбалічным хросьце Літвы, і Ягайла дзеля гэтай мэты запрасіў чэхаў. Длугаш (HP, ХІІІ, 439) аб гэтым пісаў: «Saltem vobis documento sim, quod a plerisque Bohemis, in jure divino et humano doctoribus, fidei rudimenta, velut novus Christianus, sugebam»ж). Гэта значыць, што Ягайла пасьля паклікаўся, што многа вельмі ў шырэньні каталіцкай веры ў Літве зрабілі шматлікія чэхі, вучоныя ў праве кананічным і сьвецкім дактары, прыбылыя на заклік Ягайлы ў ягоны двор. Сярод іх быў знакаміты Геранім з Прагі, які даваў інфармацыі Анэю Сільвяму Пікаляміняму, пазьнейшаму папе Пію ІІ аб Літве. Як бачым, ад самага пачатку ня было мовы аб нейкай «палянізацыі» Літвы. Дзеля патрэбных духоўных кадраў у Літве была заснавана пры ўдзеле Ядвігі ў Празе Чэскай пры тамтэйшым унівэрсітэце асобная ды спэцыяльная (скарочаная ў навуках) ЛІТОЎСКАЯ КАЛЕГІЯ. Яна была заснавана ў 1397 годзе 20 ліпеня дэкрэтам чэскага караля Вацлава, а ў 1398 годзе пачала навукі. Быў куплены дом за 200 шырокіх праскіх грошаў на Калегію ды ўстаноўленая стыпэндыя на 12 бедных літоўскіх студэнтаў, якія хацелі стацца сьвятарамі ў сваёй бацькаўшчыне. Рост каталіцтва ў Літве спрычыніўся да ўтварэньня ў Кракаве пры унівэрсітэце летам 1400 году тэалагічнага факультэту, ужо пасьля сьмерці Ядвігі. Але і тут была зараз жа адкрытая ЛІТОЎСКАЯ БУРСА для бедных студэнтаў ліцьвіноў. Такім чынам нешматлікае літоўскае каталіцтва ад самага пачатку было забясьпечанае сваім духавенствам.
|
|
|