Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Ф.Рушчыц. Вокладка часопіса
«Wieś Ilustrowana». 1913 год.
Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Гэтую карціну я не бачыла ўжо гадоў пяць ці больш... З таго часу, як нельга стала проста сесці ў ранішні цягнік «Чайка» і праз тры з паловаю гадзіны без візаў, мытнага кантролю апынуцца ў Вільні. Прадчуванне свята ахоплівала адразу, як толькі саступаў з прывакзальнай плошчы на брук віленскіх завулкаў і ўзносіў вочы да барочных вежаў старадаўніх касцёлаў. Быццам талы снег пад промнямі сакавіцкага сонейка, людскі натоўп расцякаўся ручайкамі па вузкіх звілістых вулачках, каб потым на мосце праз Нерыс зліцца ў шырокую раку, якая цякла на гарадскі базар — былую Лукішскую плошчу, — утвараючы там сапраўднае чалавечае мора.

Знакаміты віленскі Казюкас, Казюк... Колькі гадоў запар мінская інтэлігенцыя, студэнты сталічных вузаў разам з першымі прыкметамі надыходзячай вясны адчувалі нейкую ліхаманку... І ў першую суботу сакавіка абавязкова выпраўляліся сяброўскай грамадой на віленскі Казюк — адноўлены ў 80-я гады традыцыйны вясновы кірмаш, на які калісьці сцякалася ўся Віленшчына, Наваградчына, Гарадзеншчына.

Пасярод казюкавага мора заўсёды быў райскі востраў. На ім квітнелі пальмы — вялікія, у чалавечы рост, і зусім маленькія... Кашы пальмаў — на снезе, на прылаўках... Пасярод шэра-белага, да якога прызвычаіліся вочы за зімовыя месяцы, чаканы і радасны выбух колераў, а разам з ім і забыты пах леташніх зёлак уладарна цягнулі да сябе. Ужо рука не трымала вялізнага букету, а жаданне далучыць да яго новыя і новыя адмысловыя вербы-пальмы (здавалася, яшчэ прыгажэйшыя) усё кіравала табою, спыняла зноў і зноў ля кожнага прадаўца.

Ужо потым, па палудні, калі кірмашовая ліхаманка стомлена адпускала ад сябе, мінчукоў можна было здаля ўбачыць і пазнаць у старым горадзе — там-сям на вуліцах, у кавярнях разам з імі красавалі вясновыя салюты каляровых букетаў пальмаў. Перад адыходам мінскага цягніка гэтыя асобныя выбухі фарбаў канцэнтраваліся на платформе віленскага вакзала, каб праз колькі гадзінаў ненадоўга расквеціць начную прывакзальную шэрасць Мінска...

Фарбы віленскіх пальмаў з тых часоў трохі пабляклі, але гэтыя мастацкія дзівосы з простых раслінаў і сёння ўпрыгожваюць сціплыя пакойчыкі маіх сяброў як напамін пра віленскі казюкавы рай, што быў нам такі блізкі...

Шмат чаго змянілася за апошнія гады. Мы цяпер больш ведаем пра сваю краіну, яе гісторыю і культуру. Разумеем, што і віленскія пальмы нам не чужыя. Можа менавіта таму калісьці перажытае на віленскім Казюку адчуванне радасці ад сустрэчы з незвычайнай прыгажосцю было падобным да сустрэчы з чымсьці вельмі родным і блізкім, сваім.

Як і віленскі Казюк — кірмаш у дзень апекуна горада св.Казіміра — пальмы, што вырабляюць у ваколіцах Вільні на Вербніцу, з’ява мясцовая, іншымі словамі — рэгіянальная. Яна магла нарадзіцца толькі тут, у гэтых мясцінах, у наваколлі гэтага незвычайнага горада. З глыбіняў народнага таленту яна была выклікана да жыцця яго патрэбамі, асаблівым пануючым у Вільні духам мастацкасці. Цяжка ўявіць, што дзесьці ў іншым месцы, у іншым прыродным і архітэктурным атачэнні маглі з’явіцца на свет вытанчаныя творы з галінак раслінаў, лугавых, лясных і балотных зёлак, каласкоў збажыны. Падобныя да барочных калонаў віленскіх касцёлаў, яны стылёва родныя мастацкаму духу гэтага незвычайнага горада. Цяжка ўявіць, што ў Вільні, пад мурамі касцёлаў, пад асаблівым разбеленым блакітам тутэйшага неба, на Вербніцу гандлююць галінкамі вярбы з безгустоўнымі папяровымі кветкамі.

Не выпадкова атрымалі гэтыя традыцыйныя атрыбуты святочнага прадвесця Вялікадня назву «віленскія пальмы» ці «віленскія вербы». Без іх прыгажосці нельга ўявіць вясновую Вільню. Ва ўспамінах аб Вільні амаль абавязкова знаходзім старонкі, прысвечаныя віленскім пальмам. На перадваенных фотаздымках віленскіх фатографаў — знакамітага Яна Булгака, Стэфана і Браніславы Зданоўскіх — разглядаем вясковых кабет, дзяўчат, мужчын, якія трымаюць у руках букеты пальмаў, жмурацца пад сакавіцкімі промнямі сонца.

Не звялася гэтая традыцыя ў Вільні нават у гады вайны. 25 сакавіка 1945 года захавальніца Этнаграфічнага музея пры Віленскім універсітэце Марыя Знамяроўская-Пруфераў пісала ў сваім дзённіку: «...Рух у горадзе вялікі... У руках пальмы. Сёння пераважаюць таннейшыя пальмы з ядлоўцу і вярбы, але шмат ёсць і прыгожых, каляровых, зробленых з бяссмертнікаў. ...Кабеты з кашамі сядзяць каля касцёлаў, прадаюць вербы і каляровыя пальмы».

Прайшло паўстагоддзя, але Вільня не страціла гэтай сваёй унікальнай вясновай традыцыі: па-ранейшаму каляровыя пальмы на Вербніцу ператвараюць яе ў віленскі Эдэм.

У Вербную нядзелю ўвесь хрысціянскі свет урачыста ўслаўляе ўваход Хрыста ў Ерузалем. Тыя, хто сустракаў Езуса ў Ерузалеме, у Яго славу зразалі пальмавае вецце і ўсцілалі перад Ім шлях. З даўніх часоў на Усходзе існаваў звычай падобным чынам сустракаць цароў, якія вярталіся з перамогай над ворагам. Зялёнае пальмавае вецце на шляху Хрыста сімвалізавала Ягоную валадарскую існасць.

У паўночных шыротах хрысціянскія вернікі замест пальмы для ўслаўлення Хрыста выкарыстоўваюць вярбу (яна першая пачынае ажываць пасля зімы), а для яе ўпрыгожання бяруць іншыя расліны, якія захоўваюць зялёны колер пад снегам — ядловец, галінкі брусніцаў, барвінак. У славяна-балцкай народнай традыцыі вярба — знак надыходзячай вясны. Першыя расцвіўшыя галінкі вярбы ў руках вернікаў праслаўляюць Збаўцу як Пераможцу смерці, сімвалізуюць перамогу Хрыста над смерцю і ўяўляюць сабой відавочны знак уваскрэсення ўсіх з мёртвых. Таму хрысціяне нашага краю называюць свята не Пальмовай, а Вербнай нядзеляй, Вербніцай. Асвячоныя ў гэты дзень галінкі вярбы па народных уяўленнях маюць цудадзейную сілу захоўваць чалавека і жывёлу ад хваробаў, надаваць тым, да каго яна дакранулася, моц і здароўе. У словах, што прынята пры гэтым усклікаць — «Не я б’ю — вярба б'е. За тыдзень — Вялікдзень!» — спалучыліся катэгорыі мыслення дахрысціянскай і хрысціянскай культураў.

Цяжка дакладна адказаць на пытанне, калі ўзнікла на Віленшчыне традыцыя аздабляць галінкі вярбы разнастайнымі па колеры і фактурах прыроднымі матэрыяламі, надаваць ім мастацкую форму і напярэдадні Вялікадня гандляваць гэтым незвычайным, прыгожым таварам. Відаць, існуе яна тут здаўна, бо звычай асвячэння вербаў у касцёле пісьмова засведчаны ў нашых краях з ХVІ стагоддзя.

К. Русецкі. Партрэт беларускай дзяўчынкі з пальмамі на фоне касцёла св. Міхала.
У ХІХ стагоддзі велікодныя пальмы з раслінаў былі ўжо трывалай часткай віленскага жыцця. Можна сабе ўявіць, як навакольныя сяляне цягнуліся да Вільні напярэдадні Вербнай нядзелі, — пехатою, на конях... Неслі ў руках ахапкі вярбы, везлі кашы, нібы клумбы ў райскім садзе... Найбольш раннім іконаграфічным сведчаннем існавання віленскай традыцыі ўпрыгожвання галінак вярбы з’яўляецца карціна Канутыя Русецкага (1800—1860), на якой мастак стварыў вобраз беларускай дзяўчынкі ў нацыянальнай вопратцы з каляровымі пальмамі на фоне касцёла св. Міхала. Тыя, хто ў 20—30-я гады наведваў Беларускі музей у былых Базыльянскіх мурах, маглі бачыць гэтае невялічкае па памерах (34 х 45 см) жывапіснае палатно. Карціна была створана віленскім мастаком не пазней за 50-я гады мінулага стагоддзя і была вельмі папулярная ў Вільні. Яна мела непасрэднае дачыненне да беларускай культуры: Іван Луцкевіч набыў яе для Беларускага музея (твор унесены ў інвентар жывапісу музея за нумарам 89). Неаднойчы К.Русецкі рабіў паўторы палатна. Адзін з іх знаходзіўся ў Таварыстве сяброў навук, другі належаў віленчуку Ю.Курнатоўскаму. На жаль, падчас перадачы фондаў Беларускага музея ў Мінск у 50-я гады гэты твор разам з іншымі каштоўнымі беларускімі экспанатамі застаўся ў Вільні.

Ф. Рушчыц. Афіша Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі. Вільня. 1913 год.
Ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя выраб пальмаў меў характар саматужнага сезоннага промыслу. У красавіку 1866 г. віленскі «Tygodnik Ilustrowany» адзначаў, што пальмы, аздобленыя кветкамі, маюць у Вільні добры попыт. Абапіраючыся на гэтую публікацыю, польскі вучоны Оскар Кольберг у томе, прысвечаным Літве, сваёй вялізнай працы па этнаграфіі земляў Рэчы Паспалітай, пісаў, што пальмы пачыналі прадаваць у Вільні ўжо з паловы Вялікага посту, а ў Вербную нядзелю каля вялікіх касцёлаў, асабліва пад катэдрай, яны зелянелі тысячамі. «А якая іх разнастайнасць! — усклікаў ён. — ...Набываюць іх амаль усе, нярэдка можна бачыць асобаў, пераважна з рамесніцкага класу, якія нясуць свяціць у касцёл па некалькі пальмаў ці нават па некалькі дзесяткаў».

Важна адзначыць, што ў апісанні гэтага віленскага звычая даследчык удакладніў розніцу паміж гарадскімі пальмамі, зробленымі з папяровых кветак, і вясковымі — з імху, лісцяў брусніцы, лікаподзія, галінак вярбы і іншых раслінаў, якія, як ён піша, нярэдка даводзіцца здабываць з-пад снегу. З іншых крыніцаў вядома, што ў канцы ХІХ стагоддзя выраб каляровых пальмаў з раслінаў адзначаны ў навакольных вёсках каля Беняконь. Пальмы з ядлоўцу і фарбаваных бяссмертнікаў былі зафіксаваны ў 1888 г. таксама ў Коўне.

Па гэтых сціплых звестках можна меркаваць, што традыцыя вырабу пальмаў на Віленшчыне мае вясковыя карані, арганічна паходзіць з народнай культуры. Магчыма, дзесьці ў першай палове ХІХ стагоддзя яна была «інспіравана» з’яўленнем у шырокім гарадскім ужытку каляровай паперы, з якой пачалі вырабляць штучныя кветкі, каб упрыгожваць імі галінкі вярбы на Вербніцу. Замест папяровых кветак сяляне шукалі даступныя і танныя матэрыялы і знаходзілі іх у бліжэйшым наваколлі — у лесе, у полі, на балотах каля вёскі.

З мастацка-рамесніцкага пункту гледжання пальма, створаная з раслінаў, уяўляе сабою сінтэтычны твор народнага мастацтва. У ім спалучаюцца пластычныя і арнаментальныя прыёмы, колеравае і фактурнае вырашэнні, блізкія да іншых відаў народнага мастацтва — ткацтва, разьбы па дрэве, а іх выкананне тэхналагічна роднаснае пляценню з лазы, каранёў, саломы. Іх выкананне заключана ў тым, што асобныя кветкі і травінкі, іх пучкі навязваюць паслойна на галінку, пачынаючы з верху. Гэтай галінкай часцей за ўсё служыць сапраўдная вярба. Але ў пальме яна не самастойны абрадавы атрыбут, а ўжо толькі аснова, на якой ўтвараецца мастацкая кампазіцыя з іншых раслінаў. Стварэнне пальмы патрабуе ад выканаўцы густу, добрага адчування формы, колеравай гармоніі і рытму — усяго таго мастацкага прафесіяналізму, які выхоўваўся ў простым селяніне дасканаласцю прыроднага наваколля і высокай стылёвасцю традыцыйных для вясковага побыту ўжытковых рэчаў.

Мастацкая дасканаласць пальмаў з’яўляецца таксама вынікам прамысловага характару гэтага занятку для сялянаў з ваколіцаў Вільні. Вялікі горад з яго шырокімі магчымасцямі спажывання гэтага сезоннага тавару далучаў да промыслу значнае кола сялянскіх вытворцаў, якое пастаянна пашыралася. Невыпадкова на згаданай карціне К.Русецкага з пальмамі адлюстраваная менавіта сялянка ў хустачцы, світцы, доўгім анадараку з фартушком. Занятак вырабам пальмаў на продаж прыпадаў на зімовы, вольны ад працы ў полі, час. Канкурэнцыя сярод вытворцаў садзейнічала развіццю мастацкага вынаходніцтва ў стварэнні пальмаў, удасканаленню іх формаў і прыёмаў вырабу.

Майстры віленскіх пальмаў на кірмашы. 20-я гг.
Дакладна вядома, што на пачатку нашага стагоддзя віленскія пальмы мелі той выгляд, які знаёмы нам па сучасных вырабах. У 1913 г. іх адлюстраваў на сваіх творах Фердынанд Рушчыц. Рознакаляровыя віленскія пальмы ён змясціў побач з іншымі творамі народнага мастацтва — арнаментаванымі народнымі паяскамі, разьбяной прасліцай на афішы Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі, што адбылася ў Вільні ў верасні 1913 года. Букет пальмаў мастак намаляваў і на вокладцы вераснёўскага нумара часопіса «Wieњ Ilustrowana» (1913 год), які быў цалкам прысвечаны гэтай выставе.

Невыпадкова віленскія пальмы злучаны з імем нашага славутага земляка Фердынанда Рушчыца. У перадваенныя гады ў Вільні іх нават называлі «рушчусоўкамі». Некаторыя мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што менавіта дзякуючы слыннаму майстру яны набылі папулярнасць, перажылі свой рэнесанс. Аднак малаверагодна, што Фердынанд Рушчыц меў непасрэднае дачыненне да пластычнага афармлення гэтых народных твораў, нейкім чынам удзельнічаў у іх мастацкім удасканальванні. Як мастак Ф.Рушчыц быў захоплены гарманічнай прыгажосцю народных пальмаў і апантана іх прапагандаваў. Яго сябра Ян Булгак пісаў у сваіх успамінах: «Ён вельмі любіў нашыя ўзорыстыя тканіны, каляровыя дываны, паяскі і велікодныя пальмы, высока цаніў мастацкае пачуццё народа».

Фердынанд выкарыстаў каляровыя пальмы для аздаблення інтэр’еру згаданай віленскай выставы 1913 года. Лепшыя ўзоры вербачак са сваёй калекцыі ён змясціў на выставе ў якасці асобных экспанатаў. Былі там і віленскія пальмы са збору Паўліны Кончы, вядомай на Віленшчыне дзяячкі народных промыслаў. Сярод іншых экспанатаў яны былі вельмі адметныя і ўспрымаліся не толькі як сімвал гэтай першай буйной выставы беларускага і літоўскага народнага мастацтва, але своеасаблівы сімвал Віленскага краю, у мінулым якога была славутая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, дзе спрадвеку спляліся культуры розных народаў — беларусаў, літоўцаў, палякаў, рускіх.

У перыяд 20—30-х гадоў віленскія пальмы таксама ўспрымаліся як адна з выразных адметнасцяў Віленшчыны, культурных асаблівасцяў гэтага краю, што ўваходзіў тады ў склад Польшчы. Улюбёная ў народнае мастацтва, віленская інтэлігенцыя садзейнічала развіццю гэтага мясцовага промыслу, які не меў аналогій у іншых рэгіёнах Польшчы, і прапагандавала яго. Побач з віленскімі ільнянымі шматнітовымі тканінамі «дымкамі» і «радзюжкамі» віленскія пальмы актыўна займалі сваё месца ў гарадскім інтэр’еры. Іх можна было набыць не толькі на Казюкавым кірмашы ці на Вербніцу. Лепшыя творы гэтага віду народнага мастацтва экспанавалі на выставах, імі гандлявалі ў крамах Базару народных промыслаў у Вільні, у Варшаве, іншых гарадах. Дзякуючы гэтаму каляровыя пальмы ў чорнаглянцавым ці паліваным ганчарным посудзе традыцыйных народных формаў трывала ўвайшлі ў перадваенны побыт інтэлігенцыі.

Знаўцы народнага мастацтва ўжо ў тыя гады адзначалі разнастайнасць формаў віленскіх пальмаў. Сярод пераважаючых акруглых пальмаў вылучаліся таксама плоскія — «лапаткі». Для іх вырабу ўжывалі бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы — цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Майстры мелі досыць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў шырокай каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы пальмаў спецыяльна вырошчвалі, ужываліся расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі — часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колеры.

Па сутнасці віленская пальма з’яўляецца букетам, але кампазіцыя такога букету не вольная, прасторавая, а рэгулярная, набліжаная па законах пабудовы да арнаменту. Геаметрычны, спіральны, лускаваты арнамент выкладваецца ў пэўным парадку з асобных кветак, каласкоў дзікіх злакаў, якія сваім колерам выдзяляюцца на фоне, утвораным з раслінаў іншага колеру. Найбольш часта ў стварэнні формы пальмы ўдзельнічае акруглы каласок-валік цімафееўкі, які сваёй велічынёй (прыкладна да 10 см) задае ёй дзяленне на часткі і іх рытмічнае спалучэнне. Каласок пластычны, і з яго ствараюць рознакаляровыя спіралі, якія чаргуюцца з вянкамі дзікараслінных ці культываваных бяссмертнікаў, суквеццяў піжмы, а таксама шары ці нават ажурныя сэрцы.

Адмысловы букет з раслінаў паўночнага краю невыпадкова блізкі па сваім вобразным падабенстве да сапраўднай паўднёвай пальмы з акруглым ствалом і вярхушкай з пучка лісцяў. У такім мастацкім вырашэнні ён ужо далёкі ад звычайнай галінкі вярбы. Архітыповасць вобраза віленскай пальмы, што надаецца мастацкімі намаганнямі народных творцаў асобным кветкам і травам, уводзіць у далёкі ад звыклай рэчаіснасці свет. Па нашых уяўленнях пальмы растуць у райскім садзе, у нябесным Ерузалеме, пад імі будзе працягвацца пазазямное жыццё праведнага чалавека. Уласцівая пальме форма — прамы ствол, увянчаны пышнаю кронаю — сімвалізуе ўзняцце, узыходжанне, перамогу і адраджэнне. Згадаем біблейскае: «Праведнік цвіце, як пальма...» (Пс 91, 13). Таму форма і каляровасць віленскіх пальмаў маюць сутнасць райскіх вобразаў. Гэта ўжо не проста адухоўленыя анімістычнымі ўяўленнямі галінкі веснавой вярбы, а творы мастацкія, натхнёныя катэгорыямі хрысціянскай культуры і знітаваныя з ёю. Менавіта жыццесцвярджальная прыгажосць, культурная знакавасць, мастацкасць гэтых народных твораў так нас прывабліваюць.

Аднак вернемся яшчэ раз да пытання, чаму менавіта на Віленшчыне нарадзілася гэта з’ява народнага мастацтва? У нараджэнні вербачак, акрамя запатрабаванняў горада, павінен быў прысутнічаць нейкі асаблівы тутэйшы фактар. Падаецца, што прамое дачыненне да віленскіх пальмаў мае тая з’ява, якая яшчэ ў перадваенны час складала адну з характэрных рысаў віленскага жыцця — зялёны кірмаш лекавых зёлкаў. На св. Яна вясковыя кабеты разам з нарыхтаванымі зёлкамі прыносілі ў Вільню свае ўяўленні аб іх магічнай моцы, захаваныя ў народнай свядомасці з паганскай старажытнасці. Хто ведае, можа ўсё гэта таксама ўплецена ў віленскія пальмы? У пальмах спалучаны народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысціянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Таму свянцоную пальму клалі за абразы, каб адагнаць ёю навальніцу, выгнаць на Юр’я жывёліну ў поле, а потым, на Дзяды, аднесці на могілкі.

Цікава, што ў пасляваенны час віленскія пальмы распаўсюдзіліся і па-за межамі Вільні і Віленшчыны. Разам з рэпатрыянтамі яны разышліся па цэнтральных і заходніх раёнах Польшчы, дзе іх пачалі вырабляць у якасці атрыбутаў свята і мясцовыя жыхары. Звярнула на іх увагу Цыпелія — аб’яднанне народных промыслаў Польшчы. Пальмы накшталт віленскіх пачалі тады прадаваць у магазінах Цыпеліі. На варшаўскіх вуліцах на Пальмовую нядзелю гандляры прапануюць тыповыя віленскія пальмы польскага вырабу. А ўсё ж найбольш дасканалыя і разнастайныя пальмы па-ранейшаму можна ўбачыць толькі ў Вільні.

Віленскія пальмы лічацца выключнай з’явай літоўскага народнага мастацтва. Літоўцы нездарма ганарацца імі. Вялізная калекцыя пальмаў захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы. У ёй налічваецца мноства разнастайных узораў народных пальмаў ХІХ і ХХ стагоддзяў.

У тыя гады, калі было нам блізка да Вільнюса і без усялякіх перашкодаў можна было штогод патрапіць на Казюка, мы і ўспрымалі віленскія пальмы як літоўскія. Праўда, памятаю, размаўляючы з іх прадаўцамі на Казюку, нярэдка можна было пачуць беларускія словы. Шкадую, што не занатавала тады імёнаў, назваў вёсак, адкуль прыехалі ў Вільню народныя творцы пальмаў. Зафіксаваны толькі адзін майстра — Юзаф Францавіч Станкевіч з падвіленскай вёскі Краўчуны, які займаўся стварэннем і продажам пальмаў тады ўжо паўтары дзесятка гадоў.

Ніхто з беларускіх этнографаў на той час не зацікавіўся гэтай з’явай народнага мастацтва беларуска-літоўскага памежжа. Можа, не спазніліся мы яшчэ з гэтым? Вядома, што народныя промыслы — справа спадчынная, у ёй існуе пераемнасць пакаленняў. Добра было б разам з літоўскімі калегамі — этнографамі, мастацтва- і мовазнаўцамі — наладзіць сумесную экспедыцыю па віленскім наваколлі, дзе вось ужо другое стагоддзе квітнее гэты рэдкі від народнага мастацтва. Можа дойдзе і да гэтага справа, бо, падзяліўшы мяжою свае краіны, мы ўрэшце пачынаем разумець, што нельга размежаваць нашу агульную гісторыю і культуру, і багацейшыя мы не таму, што не падобныя адзін да аднаго, а таму, што маем агульныя гістарычна-культурныя і мастацкія набыткі.

На нашых выставах народнага мастацтва сярод дэкаратыўных саламяных кветак, якіх не сустрэнеш больш нідзе, акрамя Беларусі, апошнім часам раз-пораз з’яўляюцца дэкаратыўныя кампазіцыі з плеценых саламяных званочкаў, розных пляцёнак у спалучэнні з травамі натуральнай афарбоўкі. Па формах, прыёмах спалучэння яны нагадваюць віленскія пальмы, але маюць нешта асаблівае. Можа, гэты кірунак сучаснай народнай дэкаратыўнай творчасці будзе плённым? Мастацкія запатрабаванні нашых сучаснікаў штурхаюць тых, хто на Вербніцу пад сценамі касцёлаў і цэркваў прадае галінкі вярбы з зялёным ядлоўцам і папяровымі кветкамі, шукаць больш дасканалыя дэкаратыўныя вырашэнні. Выбіраючы сабе святочную вярбу, каб да наступнага свята зберагала ў маім доме здароўе ўсім блізкім, з прыемнасцю адзначаю, што год ад года ў руках прадаўцоў-вернікаў усё часцей сустракаюцца прыгожыя мастацкія кампазіцыі галінак, сухацветаў, розных траваў, саламяных пляцёнак.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY