Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(7)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Юбілей святарства
Сведчанне

«ПРАЗ ТУНЭЛЬ НАДЗЕI»
Мастацтва

ЦУДОЎНАЯ МАЦІ З БОРУ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Постаці
Пошукі і знаходкі
Нашы святыні

ЗАНЯДБАНАЯ СВЯТЫНЯ
Навука

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА
Паэзія

ВЕРШЫ
Пошукі і знаходкі

ЗНАК АСАБЛIВАЙ ПАШАНЫ
Проза

ХЛЕБ. АПАВЯДАННЕ
Архітэктура
Haereditas
Традыцыя

ВІЛЕНСКІЯ ПАЛЬМЫ

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

ЧАЦВЁРТАЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

Пачатак

11. Таямніца прыніжэння

Сёння хачу адказаць на пытанне, чаму Хрыстус дзеля справы адкуплення выбраў лютую і ганебную смерць на крыжы. Мы ўжо ведаем, што Яму трэба было ўвайсці ў краіну смерці дзеля таго, каб вывесці з цемры тых, хто ў ёй знаходзіўся. Але для таго, каб увайсці ў краіну смерці, не трэба ж было паміраць на крыжы. Смерць можа быць прыгожай, можа быць падобнай да сну. Мы ведаем адыходы з гэтага свету, якія асветлены веліччу. Для многіх смерць — гэта момант, калі той, хто памірае, дакранаецца такога шчасця, якога ён не зведаў на зямлі. Гэта можа быць надзвычай прыгожая і ўрачыстая хвіліна. Смерць не павінна быць лютай. Скажам, да прыкладу, тут пра тое, як заснула Найсвяцейшая Панна Марыя. Яе адыход з гэтага свету быў прыгожы.

Хрыстус добраахвотна выбраў страшную агонію, якая працягвалася некалькі гадзінаў. Ён паміраў, распяты на цвіках крыжовага дрэва. Чаму? Можа, патрэбна была настолькі вялікая цана? І такі адказ не задавальняе нас. Адной кроплі Крыві Хрыста хапіла б для прабачэння ўсіх грахоў чалавецтва, бо гэта была кропля Крыві Сына Божага, а яе вартасць не параўнаць ні з якімі скарбамі створанага свету. Дык ці трэба было для гэтага выціскаць апошнія кроплі Крыві з Хрыста? Ці трэба было дзідай даставаць да Яго сэрца? Чаму Бог выбраў настолькі жорсткую смерць для свайго Сына?

Адказ на гэта падае святы Павел у трынаццатым раздзеле першага Паслання да карынцянаў. Гэта любоў запатрабавала менавіта такой, а не іншай смерці Езуса. Хрыстус, шукаючы чалавека, хацеў спаткацца з ім ва ўсіх тых сітуацыях, у якіх чалавек можа апынуцца на зямлі; і адна з іх — пакута, што можа дапяць межаў, якія толькі ў стане вытрываць чалавек. Таямніца пакуты абапіраецца, між іншым, на тое, што яны замыкаюць сэрца чалавека, абцяжарваючы ягоны кантакт з іншымі людзьмі. У пакутах чалавек заўсёды знаходзіцца на адзіноце. Хрыстус у імя любові вырашыў дайсці да кожнага чалавека, які пакутуе, і таму прыняў на сябе найвялікшыя пакуты, якія наогул можна сабе ўявіць, — выбраў агонію на крыжы. Таму ніхто з людзей, нават і тыя, што найбольш пакутуюць, не могуць сказаць: «Бог мяне не разумее». Ён дасканала разумее. У сваёй святарскай працы я шмат разоў пытаў людзей, якія пакутуюць, пра тое, як яны гадзіну па гадзіне патрапляюць цярпець свае страшныя пакуты. Адказ заўсёды быў адзін: «Ён пакутваў больш, чым я». І мне паказвалі на крыж, які вісеў над ложкам альбо стаяў дзесьці збоч яго.

Гэта любоў загадвае шукаць сустрэчы з чалавекам, які пакутуе. Прыгадваецца мне тут японскі фільм, у якім двое закаханых перажылі трагедыю. Яна — сляпая. І паколькі не можа ўвайсці са свайго свету цемры ў свет святла мужчыны, то паміж імі існуе вялікі бар’ер, які перашкаджае іх узаемаразуменню. У імя любові ён вырашае таксама знішчыць свае вочы. Ён робіць гэта для таго, каб знішчыць бар’ер і ўвайсці ў свет яе пакутаў, цемры, калецтва. Гэткі крок дапускаецца ў японскай рэлігіі і культуры. Штосьці падобнае назіраем і ў паходзе Хрыста. Сын Божы прымае ажно такія вялікія пакуты дзеля таго, каб сустрэцца з чалавекам, што пакутуе.

Можам яшчэ знайсці другі аспект. Езус захацеў асвяціць людскія пакуты, калі можна так сказаць, да самага дна. Келіх у Бібліі — сімвал пакутаў, таму Хрыстус захацеў выпіць гэты келіх да самага дна. Мы ведаем, што ўвогуле ў пакутах няма сэнсу, яны — зло. Хрыстус жа, прыняўшы іх добраахвотна, надаў ім збаўленчы сэнс. Гэта ўмяшанне Бога, якое асвячае свет пакутаў і памірання. Таму хрысціянскія мучанікі знаходзяць у Хрыстусавым крыжы сэнс сваёй смерці; у ім яны бачаць сэнс сваіх пакутаў. Яны на гэтым шляху не толькі не знішчаныя, але паўстаюць, растуць, духоўна сталеюць. Езус, надаючы сэнс пакутам як Сын Божы, адкрывае любоў Бога да нас, якую цяжка зразумець чалавечаму розуму, а, прымаючы пакуты як чалавек, аб’яўляе адну з найцяжэйшых формаў любові чалавека да Бога.

Ёсць яшчэ трэці аспект. Хрысту важна было даказаць, што, прымаючы смерць на дрэве крыжа альбо на шыбеніцы, чалавек, нягледзячы на прыніжэнне, не губляе сваёй годнасці. На свеце ёсць вельмі шмат прыніжаных людзей, людзей, раструшчаных прыніжэннем, і ўкрыжаваны Хрыстус працягвае да іх руку, поўную любові, каб не надламаліся. Пан Езус на дрэве крыжа даказаў, што фізічнае знішчэнне і прыніжэнне чалавека не раўназначнае знішчэнню яго годнасці. Трэба нам запыніцца на сцэне Мучэнняў Хрыста, калі жаўнеры плююць Яму ў твар, карануюць цернем, бічуюць як самазванца-караля. Паглядзім на Хрыста, якому для кпінаў укладзены ў рукі трыснёг, а Ён — Сын Божы — адзіны сапраўдны Кароль, не даказвае сваіх правоў. І хаця ўсе тыя, што на Яго плююць, знаходзяцца ў Яго руках, Ён толькі мацней сціскае пададзены Яму трыснёг як знак, што згаджаецца на здзекі. Езус хоча ўсім нам сказаць: «Памятайце, калі будзеце занядбанымі, прыніжанымі, адрынутымі, ваша годнасць ад гэтага ні на кроплю не зменшыцца». Гэта значыць, што збаўленчая любоў салідарная са зганьбаванымі людзьмі.

Мы да такой ступені прызвычаіліся да крыжа, што часта трактуем крыж як аздобу, мастацкую рэч, частку каштоўных упрыгожанняў. Крыж з золата, крыж з косці слановай... Мы ганарымся, што маем прыгожы крыж, і забываем, што крыж быў шыбеніцай. Нас бы вельмі ўразіла, калі б тут, у касцёле, замест крыжа на алтары паставілі шыбеніцу. Але ж гэта праўда. Хрыстус быў вісельнікам. Між іншым, тры стагоддзі хрысціянаў не прызнавалі таму, што для фармалістаў гэта была дзіўная секта, якая збіралася вакол шыбеніцы. Толькі на пачатку ІV стагоддзя крыж перастае быць прыладай смяротнага пакарання. Хрыстус згадзіўся на ганьбу: паміраў не праз адсячэнне галавы, а праз павешанне. Хто не здолее ўбачыць гэтага рэальнага вызначэння крыжа, той ніколі не здолее зразумець Евангелля. Гэта было надзвычай вялікае прыніжэнне. Святы Павел скажа: «Прынізіў сам сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, і смерці крыжовай» (Фел 2, 8). Колькі ж людзей па свеце памірала гэткай ганебнай смерцю і колькі падчас гэткай смерці знаходзілася пры Хрысце? Колькі ж высакародных і цудоўных людзей павісла на шыбеніцы? Трэба ведаць, што Сын Божы выбраў гэтую прыладу добраахвотна і што зганьбаваны чалавек не губляе годнасці. Цяпер, праз гады, шмат людзей, раней прыніжаных, павешаных, расстраляных, рэабілітуюцца, але поўная іх рэабілітацыя заключаецца толькі ў Хрыстусавым крыжы.

Нарэшце апошні аспект. У імя любові Хрыстус хацеў перасцерагчы нас ад моцы і метадаў зла, якімі кіруецца князь гэтага свету. Мог пра тое казаць, але гэтага замала. Сам жа Ён не мог учыніць чагосьці злога, таму што быў чыстай дабрынёй. Ён мог паказаць пакуты і моц дзейнасці зла на іншых, але як Збаўца не мог дапусціць гэтага. Бо колькі разоў з’яўляўся Ён каля змучанага і знішчанага сіламі зла чалавека, столькі ж працягваў яму руку, каб дапамагчы, аздаравіць, збавіць. Яго збаўленчае ўмяшанне адсоўвала магутнасць зла. Аднак у імя любові Ён хацеў нам паказаць, на што здольнае зло. Значыць, Ён згадзіўся, каб зло паказала на Ім усю сваю энергію, каб менавіта Яго знішчыла.

Калі хто хоча лепш пазнаць магутнасць зла і метады яго дзейнасці, той павінен адкрыць старонкі Евангелля і ўважліва, у гістарычным кантэксце прачытаць падзеі Вялікага Тыдня. Там ёсць усё: здрада прыяцеля, звон грошай, палітычныя махлярствы, несправядлівы судовы трыбунал — рэлігійны і грамадзянскі. Хрыстус згадзіўся, каб зло на Ім аб’явіла сваю магутную сілу і метады дзейнасці.

Хрыстус падобны да лекара, які дзеля выратавання мільёнаў людзей ад грознай, яшчэ невядомай хваробы згаджаецца на тое, каб яму прышчапілі тую хваробу, жадаючы паказаць людзям, як яна развіваецца. Робіць Ён гэта з клопатам аб нашым збаўленні.

Вось чаму крыж — самае поўнае аб’яўленне любові, якая дасягае ажно дна пакутаў, якая здольная ўстанавіць кантакт са зняважанымі людзьмі, здольная прысвяціць сябе таму, каб адкрыць магутнасць зла і перасцерагчы ўсіх, хто знаходзіцца ў радыусе яго дзейнасці.

12. Таямніца змёртвыхпаўстання і ўнебаўшэсця

Усё, што да гэтага часу я сказаў адносна таямніцы Божага Сына, які стаўся чалавекам, тычылася шляху, што вёў да нашага збаўлення. Мы разгледзелі таямніцу ўцелаўлення: асвячэння кабеты, сужэнства, жыцця ў Назарэце, працы; прасачылі публічную дзейнасць Езуса, заснаванне Ім Касцёла — усё гэта кіравала да справы збаўлення. Найцяжэйшым крокам на гэтым шляху быў уваход у краіну смерці, але калі б Хрыстус адно ўвайшоў у тую краіну, то быў бы падобны да ўсіх нас. Ён, аднак, змог выйсці з тае краіны і Яго Боская моц адразу выявілася ў цудоўным змёртвыхпаўстанні.

Хрыстус праз тры дні пасля сваёй смерці ажыўляе сваё цела і выходзіць з грабніцы. Гэта тое самае цела, бо мае сляды ад цвікоў; тое ж, бо можна Яго бачыць і дакрануцца да Яго. Хрыстус у Вялікдзень хацеў запэўніць апосталаў, што Ён жыве ў целе, і таму папрасіў чагосьці з яды і на іх вачах з’еў кавалак рыбы. Але змёртвыхпаўсталае цела ўсё ж ужо іншае. Яно не падлягае пакутам, не падлягае смерці і мае зусім іншыя правы. Яно ўжо не належыць часовасці. Смерць ужо не мае над ім улады. Хрыстус — гэта першы чалавек, які пакідае краіну смерці. Яго магіла — першая пустая магіла, у якой жыццё забрала чалавека ад смерці. Гэтая магіла становіцца знакам, што і іншыя магілы ў свеце могуць адчыніцца, а тыя, што спачылі ў іх, змогуць іх пакінуць.

Ніхто з людзей у момант змёртвыхпаўстання Хрыста не быў пры Яго грабніцы. Цуд змёртвыхпаўстання застанецца для нас таямніцаю. Мы не ведаем, як адбылося ажыўленне і пераўтварэнне цела Хрыста, які ляжаў у грабніцы. Але былі сведкі адкрытай грабніцы, былі сведкі пустой грабніцы, а таксама сведкі, якія сустракалі змёртвыхпаўсталага Хрыста. Кажу пра гэта таму, што сам факт змёртвыхпаўстання тычыцца зусім іншага і не можа быць прадметам нашага даследвання. Мы можам адно сцвярджаць, што грабніца была пустая і ад самага пачатку атачалася ўшанаваннем хрысціянаў.

Нарадзілася шмат гіпотэзаў, у якіх спрабавалася натуральным чынам вытлумачыць факт пустой грабніцы Езуса. Напрыклад, даводзілася, што пры землятрусе цела ўпала ў расколіну, якая затым замкнулася зноў. Евангелісты занатавалі, што ў момант змёртвыхпаўстання землятрус быў. І таму сцвярджалі, што грабніца была адчынена, камень адсунуты ад уваходу. Прыхільнікі гэтай гіпотэзы не могуць, аднак, даказаць, як жа сталася, што засталося палотно, у якое было загорнута цела. У другой гіпотэзе сцвярджаецца, што Хрыстус быў у летаргічным сне, а праз тры дні вярнуўся да прытомнасці, сам адсунуў камень і выйшаў з грабніцы. Прыхільнікі яе не могуць, аднак, вытлумачыць, як цяжка паранены чалавек з прабітымі нагамі, рукамі, бокам, чыё цела было бічавана, мог знайсці сілы, каб адсунуць камень, якога не маглі адсунуць здаровыя кабеты, што прыйшлі да грабніцы намасціць Яго цела. Адна з самых ранніх гіпотэзаў унушае выкраданне цела самімі апосталамі. З ёй палемізуе ўжо святы Мацвей у сваім Евангеллі. Усе гэтыя гіпотэзы не вытрымліваюць крытыкі. Факт пустой магілы і сведчанні евангелістаў не могуць быць аспрэчаны.

Адначасна прыгадаем, што Бог выкарыстаў нават ворагаў для таго, каб даказаць верагоднасць змёртвыхпаўстання. Нячаста здаралася, каб грабніцу запячатвалі і збоч прыстаўлялі стражнікаў. Ворагі пастанавілі, аднак, на сваім: пячаць і варта былі пастаўленыя афіцыйна. Усё гэта дапамагае паверыць у факт змёртвыхпаўстання.

Цэлы шэраг сведкаў, пра якіх расказваюць евангелісты, гавораць аб пустой магіле. Святы Павел у Пасланні да карынцянаў сцвярджае, што Змёртвыхпаўсталы Хрыстус з’явіўся перад апосталамі, як і пазней таксама перад натоўпам, што налічваў «пяцісот братоў» (1 Кар 15, 5-6). Пасля змёртвыхпаўстання Хрыстус нейкі час пераконваў апосталаў у факце змёртвыхпаўстання. Наколькі цяжка гэта было, сведчаць адносіны аднаго з іх — Тамаша, які, нягледзячы на тое, што меў сведчанне дзесяці сваіх прыяцеляў, усё ж не паверыў і чакаў, калі асабіста сам сустрэнецца са Збавіцелем. І гэта адбылося адразу праз восем дзён пасля змёртвыхпаўстання.

Апосталы аддалі свае жыцці за праўду, якая сведчыла аб змёртвыхпаўстанні. У сваіх прарочых апавяданнях яны ніколі не абмяжоўваліся пераказам абставінаў смерці Хрыста, але заўсёды праслаўлялі Яго хвалебнае змёртвыхпаўстанне. Таму гэтая праўда — у цэнтры Евангелля. Менавіта такой навіны чакаў чалавек. Ці можна адчыніць магілу? Ці існуе шанец вечнага жыцця? Ці можна перамагчы смерць? На ўсе гэтыя пытанні Хрыстус даў сцвярджальны адказ; Ён перамог смерць і зрабіў магчымым уваскрасенне для нас.

Гэта самы вялікі цуд Хрыста. Адзіны, на якім пабудавана наша вера. Менавіта таму святы Павел напіша: «А калі Хрыстус не змёртвыхпаўстаў, дык дарэмная наша вера і наша абвяшчэнне, а мы годныя большай літасці, чым усе іншыя людзі» (1 Кар 15, 17-19). Чаму менавіта на гэтым факце пабудавана нашая вера? Таму, што ўсе людзі падманваюць, а Адзіны, хто не падманвае, — гэта Хрыстус. Ён прадказаў сваё змёртвыхпаўстанне і змёртвыхпаўстаў, таму па Уваскрослым Езусе можна будаваць жыццё. Паколькі людзі слабыя, то яны ашукваюць нават тады, калі не хацелі б ашукваць. Пабудаваць надзейнае жыццё можна толькі выключна па Хрысту, які настолькі моцны, што можа перамагчы ўсіх непрыяцеляў чалавека разам са смерцю.

Калі б змёртвыхпаўстанне было заснавана толькі і выключна на вяртанні да зямнога жыцця, то ніякім выбаўленнем чалавека яно не было б. Таму адразу ж пасля змёртвыхпаўстання адбылося і ўшэсце Хрыста ў неба. Чалавек Езус Хрыстус на Галгофе пакідае гэты свет і ўваходзіць у краіну смерці. Праз тры дні Ён пакідае краіну смерці і ступае цераз вышэйшыя паверхі розных стварэнняў ажно да пасаду Нябеснага Айца. Выйшаў адтуль як Сын Божы, а цяпер вяртаецца як Сын Божы і Сын Чалавечы. Таму ў Езусе чалавек узнесены над усімі створанымі істотамі.

Таямніца ўнебаўшэсця паказвае нам саму сутнасць збаўлення. Наша збаўленне абапіраецца не толькі на вызваленне нас ад граху і смерці, але і на вынясенне нас ажно да самага Божага дома. Па правіцы Бога засядае чалавек — Езус Хрыстус. Прыйшоўшы ў неба, Хрыстус і кожнаму з нас адкрыў туды дарогу. Кожны чалавек як Яго брат можа прайсці гэты шлях і ўдзельнічаць у вечным шчасці самога Бога.

Першай асобай, якая прайшла гэтым шляхам з душой і целам, была Яго Маці, Найсвяцейшая Панна Марыя. У таямніцы Унебаўзяцця Марыі мы бачым цудоўную надзею, адкрытую для кожнага з нас, надзею ўзнясення чалавека да найвышэйшай годнасці Божага дзіцяці. Гэта таямніца жыцця, да якой мы скіраваныя. Калі паверым у змёртвыхпаўстанне, то можам спаткацца са змёртвыхпаўсталым Хрыстусам у небе. Святы Лявон Вялікі — Папа Рымскі з V стагоддзя — напісаў: «Сын Божы стаўся чалавекам дзеля таго, каб чалавек мог стацца Богам». Гэта вельмі смелая фармулёўка, але ў ёй найлепш паказана таямніца збаўлення чалавека. Мы можам удзельнічаць у шчасці, якое з’яўляецца шчасцем самога Бога.

Пераклад Ірыны Жарнасек.

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY